Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Заходнікі

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Душу Кураглядава апёк холад — і ад намёку пра амаральнасць, і ад запытання пра абрабаваныя і неабрабаваныя магазіны. Што — гэты пёс штосьці вынюхаў?

— Хіба гэта кепска, таварыш Мірзоеў? — ледзь знайшоў сілу, каб падаць голас у даволі спакойным, упэўненым тоне.

— Не, не кепска. Але кепска іншае. Апрача вашага і яшчэ аднаго сельсавета, дзе старшыня Курлоў, астатнія магазіны пачышчаныя.

— Відаць, мы здолелі лепш наладзіць ахову вёсак ад бандытаў, таварыш Мірзоеў.

— Я не сказаў бы, што гэта так. Нядаўна мы ўзялі аднаго мацёрага злодзея, што меў сувязь з лесавікамі, дык ён клянецца: некаторыя магазіны ні ён, ні лесавікі не чапалі.

— Дзіўна было б, каб злодзей ва ўсім сумленна прызнаўся, — пачаў браць сябе ў рукі Кураглядаў.

— Згодзен, рэдка які злачынец прызнае сваю віну, — пыхкаў дымам Мірзоеў. — Але пасвойму дзіўна і тое, што вас рабаўнікі чамусьці абыходзяць.

— Вы што — хочаце сказаць, што я і Курлоў, камуністы, партызаны, урэшце, людзі з Вялікай зямлі, хаўруснічаем з мясцовымі бандытамі? — пайшоў у атаку Кураглядаў, палічыўшы, што з такімі пыхліўцамі, як Мірзоеў, трэба паводзіцца па-іхняму — лупіць ім у лоб. Яны паважаюць, нават высока цэняць сілу, смеласць і нахабства.

— Каб я такое падазраваў, то мы з вамі размаўлялі б у іншым месцы і па-іншаму… — Не сумеўся, адрэзаў той. — Я падазраю іншае: ці не правароньваеце вы, ці не чапаюць у вас нічога лесавікі таму, што якраз у вас наладзілі сабе харчовую базу альбо, як тут кажуць, папас? Адпаведна, ці не трэба лепш памацаць некаторых вашых, асабліва хутаранцаў?

— Я згодзен ва ўсім памагаць вам, таварыш капітан, — ужо ўпэўнена прамовіў ён.

— Пра аператыўны план, пра найбольш падазроных і небяспечных тыпаў з вашага сельсавета мы пагаворым асобна. Тым больш што пра таго-сяго з іх у мяне ўжо ёсць матэрыялы…

„Матэрыялы“ на днях падкінуў ён, Кураглядаў. Тое-сёе за сваім подпісам, тое-сёе за подпісам „чалавека з народу“ — Мішкі. На хутаранца Грыгарцэвіча і на яго пляменнікакаваля.

Добра, што закінуў прынаду… — падумаў Кураглядаў, бачачы, што Мірзоеў задаволіўся і збіраецца пакі-нуць іх. — Няхай бачыць гэты каршун, што я таксама пільны, няхай трасе тых і выяўляе: вінаватыя яны альбо не? Чым болей будзе ў яго валтузні з мясцовымі — тым нам будзе спакайней…»

— Ты што, такую тваю, сабе дазваляеш? — Пры ім? — калі Мірзоеў выйшаў, зашыпеў на яго Уладароў, наўмысна груба тушачы ў попельніцы цыгарэціну. — Заданне партыі аспрэчваеш, непачцівы тон размовы з дзяржбяспекай дапускаеш?

— Ды пайшоў ён!.. Каршун!

— Вось іменна: ён — каршун! А ты… Ты — мокрая варона…

— Выскачка! Кар'ерыст!

— Цыц! — абарваў Уладароў і зашаптаў: — Хіба, дурань яловы, не бачыш: ён, а з ім і яго служба не толькі мясцовым, але і нам з табой не зусім вераць? Няўжо не цяміш: мы тады заваюем іхні давер, калі будзем не толькі прынцыповыя, але нават бязлітасныя да ўсіх?! Адпаведна, нам трэба не толькі трубіць у вушы нашы пропаведзі, але і лупіць між вушэй!

— Дык хто ў раёне гаспадар: вы альбо Мірзоеў? Уладароў нервова ўзяў новую цыгарэціну, прыкурыў.

— Спыні распускаць язык! — Папунсавеў. — I ўвогуле… Ты што — зноў завёў шурымуры?

«Данясла ўжо нейкая свалачуга», — непрыемна кальнула яму ў сэрца, але ўсё ж спакойна адмахнуўся:

— Паклёп.

— Кінь! — зазлаваў той, што яго падманваюць. — Сігнал ад вас.

«Хто накляпаў? Навуменкаў? Мішка?»

— Кідай бугайнічаць, імпатэнт! Калі пацвердзіцца чутка, то беражыся: цяпер ужо ліпавай паперкай не прыкрыешся!

— Кажу ж, паклёп, Пятровіч.

— А чаму жонку сюды не клічаш? Я сваю выклікаў.

— Вы тут як за сцяной, а я — у пушчы…

— Бандытаў рана-позна вылавім, нелаяльных перасадзім ці пераломім. А што да горада — дык пачакай, адбудзь пакаранне, заслужы давер. Але толькі не бугаёўствам…

«А сам… — абурыўся ў душы Кураглядаў. — Кажуць, цяпер ціскаеш былую маю сакратарку, Святлану, якую ўладкаваў на працу ў раённую газету».

— Хопіць гуляў, — нібы поп, наказаў Уладароў. — Ты ж — не абы-хто, а наша наменклатура. Адпаведна, павінен дбаць не толькі пра свой, але і пра наш аў-тарытэт.

«Дбаць пра наш знешні бляск… — карцела сказаць земляку-двудушніку, але не, так не скажаш. — Але пачакай, зараз добра пстрыкну і табе па носе…»

— Я паслаў ужо ліст жонцы: каб ехала сюды, — кінуў мімаходзь. — А цяпер дазвольце, таварыш першы сакратар райкома партыі, задаць вам не побытавае, а палітычнае пытанне!

Той набычыўся, аж, здаецца, прыпадняўся яго хіб.

— Як зразумець, што якраз гэтым дываном вы заслалі падлогу ў сваім кабінеце?

— Дыван як дыван, — буркнуў той. — Трафейны. Народныя і партыйныя грошы на' яго не патрачаныя.

— Я не пра гэта…

— А пра што?

— А вы як след апусціце вочы долу, прыгледзьцеся да тэтага трафея.

Той насцярожана падняўся з-за стала, агледзеў край дывана, што быў вольны ад крэслаў.

— Кажу ж, дыван як дыван.

— А вы зірніце пільней, — у меру зларадна і ў меру па-змоўніцку прыставаў Кураглядаў, потым таксама падняўся, паднёс насок бота да аднаго са страшных малюнкаў. — Не бачыце, што тут?

Уладароў нагнуўся ніжэй, а потым прысеў — ту жа дзябёлая шыя яго пачала густа налівацца чырванню. Здаецца, дакраніся іголкай да яе, як вось ужо і да шчок, вушэй, дык з іх пырсне, як з пераспелага памідора. Калі ж падхапіўся на ногі, то твару яго было не пазнаць: вус-ны перакасіліся, у вачах застыў дзікі жах (з гэтага дня ён на ўсё жыццё пачне нервова смыкаць ротам).

Вылаяўся шэптам, потым паказаў дрыготкім паль-цам на ўбачаны малюнак:

— Ты калі заўважыў гэта?

— Сёння.

— Паказваў каму? — пачаў нязграбна адшпільваць гаплік на фрэнчы.

— Не.

— Прашу, Апанас, маўчы! — зірнуў з мальбою. Здаецца, скажы, каб ён, старшы, строгі, стаў на калені, пацалаваў бот, дык і кінецца долу, лізне. — Іначай усім нам… — Правёў далоняй па шыі. — Зразумеў?

Падышоў да свайго стала, узяў графін з вадой, але не мог наліць з яго ў шклянку — толькі, сутыкаючыся, звінела шкло аб шкло. Так і не наліў, паставіў графін на месца.

— Сволач, сука гаспадарнік! — засіпеў, знайшоўшы вінаватага. — Бач, што падсунуў! Міну з мінаў! Падлаўлю на нечым, засаджу! — Павярнуўся, схапіў яго за рукі і затрос. — Дзякуй, Апанас! Я ніколі не забуду тваёй дабрыні. Памагу табе ва ўсіх тваіх бедах.

Кінуўся да свайго сейфа, адчыніў яго і дастаў адтуль, з-за папер, пляшку. У ёй было з большую палову канья-ку. Наліў у шклянкі, адну падаў яму.

— Давай, — хітнуў галавой. — Бяры.

Уладароў першы выпіў, лепш сказаць, глытнуў са сваёй шклянкі адным залпам. Сеў і ўжо ўпэўнена закурыў. Выцер хустачкай пот з лоба.

Поделиться с друзьями: