Заходнікі
Шрифт:
— Ты ненавідзіш мяне?
— Не.
— Паважаеш?
— Ага.
— Ненавідзіш альбо паважаеш?
— Ага.
— Што — ага?
— Ага…
Кураглядаў зноў ударыў Мішку:
— Ненавідзіш. Усе вы, чэрці, ненадзейныя. Калі б не наша сіла, дык вы… А Валю?
— Што — Валю?
— Любіш?
— Ну… — зацягнуў той.
— Што — «ну»? Любіш?
— Не-э.
— Чаму?
— Вы любіце…
Сабраўшы ўсе сілы і апошнюю разважлівасць, Кураглядаў хапіў яго за каўнер, прыцягнуў і ткнуў дулам нагана ў скронь.
— Я нічога не маю з Валяй. Ясна? Мішка задыхаўся, мычэў.
— Ясна? — перапытаў.
— Яс-на.
— Яна — вольная. Добрая дзяўчына. I ты, друг сітцавы, возьмеш яе замуж.
— Не-э.
— Застрэлю гада! — мацней ткнуў наганам. — Тлуміў-тлуміў дзяўчыне галаву, даваў ёй надзею, перабягаў дарогу іншым — і ў кусты? Не дазволю! Антычалавечна і антымаральна! Гавары, сволач, што возьмеш, а то хопіш зараз кулю! Ну!
— Таварыш Кураглядаў…
— Ну-у!!!
— Вазьму, — плаксіва выдыхнуў Мішка.
— Вось так, — Кураглядаў задаволіўся, цмокнуў яго ў шчаку і адпіхнуў. — Заўтра ж запішу вас. Ты, ёлупень, нават не здагадваешся, якая дзеўка табе дастанецца! Адукаваная, пры добрай рабоце. Не тое што лепшая, а нават іншая такая, як Валя, за цябе, таўкача, не пойдзе!
Мішка адчайна скуголіў сам сабе; Кураглядаў яшчэ нейкі час пагудзеў абы-што, у што і сам не верыў, а по-тым пачаў быццам кудысьці правальвацца: боўтне галавой, адключыцца ад усяго — тут жа ўздрыгне, наставіць у цемень наган, пабудзе хвіліну-другую напружаны, а затым зноў бултыхне. Як ні змагаўся, усё ж не ўстояў, здаўся сну. Цяжка мусіў ачомвацца толькі ўжо каля сельсавета — да яго давёз іх, абодвух сонных, кемны конь, а пабудзіў, сцягнуў з брычкі і завалок у хату вартаўнік. Праўда, хоць быў малапрытомны, але нагана і партфеля Кураглядаў з рук не выпусціў, з імі ў абдым-ку зноў упаў у сон ужо на сваім ложку.
15
Сёння, за тыдні два да мая, янкавінскія мужчыны перажывалі своеасаблівае ўзрушэнне: на ўкапаныя ў грунт камяні (па кутах і на пасяродку) пачалі ладзіць тоўстыя, абрэзаныя пілой бярвёны — першы вянок школьнага зруба.
Францішак Грыгарцэвіч (ён сам па сабе камандаваў усімі) укладваў, прымяркоўваў бярвёны з грунтвагаю, а яго пляменнік, Сцяпан, чыркаў алоўкам, пазначаючы, дзе што трэба падрэзаць, падчасаць, дзе высекчы альбо выдзяўбці, — рашылі рубіць не папростаму, як амаль усе рубілі ў вёсцы, а на нямецкі манер, у гладкі вугол. Сцяпан алоўкам і адмыслова зробленым калочкам пазначаў таксама, дзе, як тут казалі, выбіраць драчку — каб бервяно шчыльна легла на бервяно. Абодва, дзядзь-ка і пляменнік, пільна сачылі, як хто рэжа, высякае і выбірае, падпраўлялі тое-сёе сякерай ці долатам, давалі каманду слаць мох, класці бярвёны, падганялі, а потым даручалі выкруціць тэбелем дзюркі і загнаць у іх калоч-кі — змацаваць вянкі, а заадно не спускалі вока з ін-шых — тых, хто часаў вярхоўе на кроквы, з нарэзаных ужо круглякоў драў спецыяльным вялізным нажом стружку, і ўсе ім падпарадкоўваліся. Як самым здольным і спрытным да цяслярскай работы. Ладзілі ўсё, на першы погляд, марудна, не спяшаючыся, але няўхільна, грунтоўна, і к вечару ўжо жаўцеўся зруб на ўзроўні грудзіны з вызначэннем, дзе будуць вокны, дзверы і глухія сцены.
Калі зашарэлася і той-сёй хацеў ужо ісці дадому, Францішак загадаў не адкладаць, а сёння паставіць рыштаванне — каб заўтра з раніцы класці новыя вянкі: хутка трэба будзе сеяць, садзіць бульбу, а там не агле-дзішся, як прыйдзе пара сенакосу, дык часу на будоўлю будзе вельмі мала.
Калі ўчопвалі слупы, падышла паштарка. Высокая, гонкая, заўсёды хмурная Гэля. Прынесла пошту ім, будаўнікам, а таксама хутаранцам. Сёння быў надзвычай хвалюючы дзень для Францішка Грыгарцэвіча: ён атрымаў не толькі раённую газету «Сталинский путь», але і адразу два трохкутнія лісты з вайсковымі штэмпелямі.
Раённую газету стары згарнуў і запхнуў за халявы бо-та (пачытае ўжо дома пры газоўцы, начапіўшы на нос акуляры), а вось што да лістоў, дык не выцерпеў, падаў іх дрыготкай рукой Сцяпану:
— Зірні: ад Адама?
Пачуўшы, што прыйшлі весткі ад Францішкавага сы-на, які першы з вёскі пайшоў служыць у савецкае войска з ахвотаю, падышлі астатнія мужчыны, абступілі іх: кожнаму цікава, што піша зямляк-салдат? Дзе ён? Як яму? Не поруць у вочы, як тут Кураглядаў, ужо толькі за тое, што якраз з гэтых, «панскіх», мясцін, быў пад пана-мі, у акупацыі і ў Германіі?
— Дзе ж ён? — не цярпелася бацьку ўведаць, куды трапіў служыць сын.
— У Хабараўскім краі.
— Ого, куды загналі! Пад Кітай і Японію!
Сцяпан разгарнуў адзін ліст і здзівіўся: напісана не Адамавай рукой, а кімсьці іншым па-руску. Той умее чытаць, пісаць па-польску, бо скончыў да вайны чатыры класы польскай школы, але вось чамусьці сам не напісаў ліст.
«Здравствуйте дарагия папаша, мамаша, братишка и снаха!
С приветам к Вам Ваш сын Адам, рядовой доблестной Советской Армии…»
Сцяпан прачытаў гэтыя радкі — дзядзька таксама не толькі здзівіўся, але нават проста збянтэжыўся. Тым больш, што тут жа Супраневіч, Мішкаў бацька, худы, як хрушч, чарнявы ядавіты мужчына, даў волю свайму языку-жалу:
— Глядзі ты, расеяцужо!
— Што — гэтак сам піша? — схмурыўся Францішак.
— Не, — супакоіў яго Сцяпан. — Не яго рука.
— Сам па-свойму не хоча пісаць… — зноў уставіў свае два грошы Супраневіч.
— Не лезь, Пятро! — абарваў таго Францішка. — Дай паслухаць. Вось пойдзе твой у войска, прышле вестку — дык тады чытай і што хочаш пляці. А цяпер памаўчы. Чытай далей, Сцяпан.
«В первых страках своего пнсьма саабіцаю, что пшпет Вам мой таварніц лнбо желательно пнсать пнсьма дамой по… (некалькі слоў густа замазаначорнай фарбай).
Служу я дарагия мои… (тры радкі далей зноў закрэсленыя). Служба идет харашо. Честно выполняю уставные требования, командиры мной давольны. Освоился, даже присмотрел здеся одну девицу. Работает в медчасти. Говорят что гулящая но ничего, полногрудая, полнозадая, спирт дает н не только спирт…»
— Га-га-га, — зарагатаў Супраневіч.
— Чаго скалішся? — не залюбіў Францішак. — Хіба не разумееш: папрасіў хлопец напісаць па-іхняму, каб хутчэй дайшло пісьмо, а той, скалазуб, такі, як ты, пляце лапці… Не чытай, Сцяпан, гэтага болей, чытай другое.
— Ведама, хлопцы маладыя, дык выдурняюцца, — лісліва апраўдаўся Супраневіч. Але, канечне., разнясе абы-што па вёсцы пра гэты ліст, прыпляце яшчэ нямала сваіх складанцаў.
Сцяпан расклеіў другі канверт. Там, як убачыў на ліс-ціку ў клетачку, таксама было напісана не Адамавай рукою.
«Дзяньдобры, тата, мамуся, Вацік, Галена і Юзік!»
— Во гэта ўжо сам піша! — усцешыўся Францішак.
— I тут не сам, дзядзька.
— Але як чую: яго словы… I парадачны чалавек запісвае за ім.
«У першых радках свайго пісьма хачу сказаць, што я папрасіў аднаго салдата напісаць па-руску, але той насмяяўся. Я не хацеў пасылаць тое пісьмо, але мне не аддалі яго, самі паслалі Вам. Калі будзеце мець на руках, то не верце ніводнаму слову.
Цяпер мне піша наш чалавек, з-пад Маладэчна, які да вайны трохі вучыўся ў беларускай гімназіі…»