Заходнікі
Шрифт:
— А хто пра мяне, пра маіх дзяцей і маці паклапоціцца? Вы? Краіна? Вы глядзіце толькі, як што ўварваць. Ды сыкаеце пры гэтым: маўчыі Не пікні!
— Ты што — не разумееш, як абнясіліла краіну вайна?
— На добры толк вас, балбатуноў, за гэтую вайну трэба на кастры паліць. Шушукалісяшушукаліся з Гітлерам, а потым удвух нас рабавалі, білі, палілі, у зямлянкі загналі… I цяпер душу вытрасаеце, апошняе забіраеце…
— Ты!.. — захліпнуўся ад злосці. — Трымай, дурніца, язык за зубамі! Давай два пуды насенкі, і канец спрэчцы! Паказвай, дзе капец.
— Вунь, за зямлянкай.
Рушыў па ўтаптанай сцежачцы за зямлянку. Сапраўды, паблізу на ворыве па адзін бок — груда зямлі, па другі — куча саломы, а пасярод — яміна. У ёй толькі старая салома. Нават ні аднаго гніляка няма.
Вярнуўся. Напаў:
— Куды перахавала насенку?
— У… — здаецца, хацела са злосці па-простаму, груба сказаць, але не паспела, забіў дых кашаль.
Якраз пад'ехаў сюды на калёсах Мішка. Кураглядаў паклікаў яго пальцам: хадзі-хадзі. А калі той паслухмя-на падышоў, загадаў:
— Ідзі ў зямлянку, правер, ці не схавана там пад палкамі бульба.
Той зніякавеў перад удавою, бадай, самай гаротнай у вёсцы жанчынаю, але ўбачыўшы яго строгі позірк, шыб-нуў у зямлянку і неўзабаве выскачыў адтуль, развёў рукі.
— Няма.
— Абследуй поле, — зноў загадаў Кураглядаў і сам пайшоў за ім. За зямлянку, за дзічкугрушу.
Нідзе ні грудка, ні свежай пляміны. Праўда, вунь воддаль, пры аселіцы, свежая ралля. Рушылі туды. Ага, нядаўна рыдлёўкай перакопана, можа, і соткі дзве зямлі.
Пачаў корпаць, наском бота ў ямінцы. Праз хвіліну-другую выгарнуў наверх трэць разрэзанай бульбіны.
— Бачыў ты! — абурыўся. — Хуценька пасадзіла, каб не даць! Не, нас не акалпачыш!.. — I да Мішкі: — Ідзі бяры рыдлёўку. Выкапаем!
Мішка вытрашчыў вочы: што?
— Чуеш, сабачая морда? — раўнуў на яго Кураглядаў. — Бягом, такую тваю, па рыдлёўку!
Мішка подбегам пашыбаваў да зямлянкі, але калі хацеў узяць рыдлёўку, яго апярэдзіла гаспадыня.
— Размазня! — вылаяўся Кураглядаў на Лявонава. Той стаяў безуважны і курыў, звальваючы ўсё на яго, цывільную ўладу, нібы не бачачы тут ніякага крыміналу.
Дахадзяга Навіцкая замахнулася рыдлёўкай на Мішку — той, закрыўшыся рукамі, адскочыўся. Навіцкая ж пашыбавала з паднятай уверх рыдлёўкай сюды, да яго. Дробны твар яе быў перакошаны, нават звар'яцелы.
— Вон! — залямантавала. — Засяку!
Чорт ёй, раз'юшанай бабе, верыў, возьме і смаляне кантам па галаве!
— Ты кінь гэта, — ён наструніўся. — Ты ведаеш, што такое напад на службовую асобу, якая выконвае дзяржаўныя абавязкі?!
— Рабаўнікі! — не зважала на яго перасцярогу тая. — Сірот зводзіце са свету!
— Апусці лапату! — закрычаў, але гатовы ў любую хвіліну, як і Мішка, адскочыцца. — Не падыходзь! Іначай арыштуем і складзём акт як на тэрарыстку! Здадзім у энкавэдэ!
— Вязі, садзі, як пасадзілі добрых людзей, Грыгарцэвічаў! — Навіцкая па-вар'яцку была смелая. — Я не баюся турмы. Для мяне няма большай турмы, чым тут!
Але нечакана, ці то адумалася, ці то не асмелілася ўдарыць чалавека, апусціла рыдлёўку і абмякла. Нават больш — адчаілася ад таго, што магла ўчыніць у шале. Аб'язджаючы далоньмі па чаранку, апусцілася долу, заплакала. Аж затрэсліся худыя плечы.
— Божа! Чаму, нашто такія пакуты?! Жылі, усе былі здаровыя, было што абуць і з'есці, а гэта… Хоць жыўцом у магілу кладзіся…
— Масква слязам не верыць, — сказаў цвёрда. — Маеш ці не маеш, а каб два пуды бульбы здалаі Пазыч, украдзі, але здай!
Чула ці не — ён не далытваўся, абышоў і падаўся да вуліцы.
— Стаіш, як… слуп! — накінуўся на Лявонава, які ўжо нервова даставаў з пачка новую цыгарэціну. — Не запыняеш замаху на кіраўніка!
— Баба, удава… — алраўдаўся той. — Плача гэтак…
— А мне напляваць! Мне трэба здаць ад сельсавета не меней пяцьсот пудоў бульбы. Не здам — мала партбілет пакладу ці з пасады пайду, у закратаваным вагоне на лесапавал альбо ў руднік паеду… I табе, гэткаму добранькаму, не паздаровіцца!
— Паверце, людцы добрыя, няма ні бульбіны, — заныла побач старая і, ведаючы, што нічога не пачуе, вяла сваё: — А на дачку не майце зла. Яна добрая, талковая, але ёй цяжка без гаспадара. Яна ж адна і на дзяцей, і на мяне.
Кураглядаў ведаў: гаварыць, спрачацца са старой — пераліваць з пустога ў парожняе, мякчэць, а то і расчульвацца звыш меры. Не толькі ім адным цяжка, усім цяпер нялёгка. Але калі трэба найперш дбаць пра вялікае, дык трэба. Ён адвярнуўся ад жанчыны, закурыў.
— Большыя дзеці ў школу не хадзілі зімой, не было чаго абуць, — зайшла збоку, гула тая. — Лес во гніе, няма каму яго да ладу давесці. Можа, калі абудуюцца людзі, дык паможа хто…
— Куды цяпер паедзем? — зморшчыўся ад жаласнай старой, як ад назойлівай мухі, Лявонаў.
— Ты сваё тут давядзі да канца, — адказаў Кураглядаў.
— Што?
— Што-што! А яшчэ правапарадак! Арыштуй маладзейшую!
— Як? — вылупіў той вочы. — Ці трэба звязвацца з бабаю-ўдавою!
— Хіба не бачыш: уся вёска за намі назірае? Цяпер такі момант, што нельга і бабе даць узяць верх! Над намі, над уладай!
Лявонаў слухаў.
— Завядзі ў сельсавет, складзі пратакол спробы замаху на жыццё старшыні сельсавета, — павучыў Кураглядаў. — Няхай усе ведаюць: за такое будзе суровая кара! Пазвані ў раён: везці туды ці прыстрашыць і адпусціць.
Лявонаў пачухаў патыліцу, зморшчыўся: але, праў-да, трэба ўжыць свае паўнамоцтвы. Падаўся да дзёрзкай гаспадыні гэтага двара. Тая цяпер не агрызалася, не нападала, паслухмяна паднялася і паволі, апусціўшы галаву, паклыпала перад ім. Да зямлянкі, а пасля і да сельсавета.
— Пакліч, Апанас, сведак, — сказаў яму Лявонаў. За аднаго сведку, падумаў ён, будзе верны Мішка.
Яшчэ дваіх гукнуў — найбліжэйшых суседзяў.
Лявонаў павёў «тэрарыстку» ў свой, участкоўскі, пакой, а Кураглядаў падаўся ў свой кабінет з адчуваннем, што сёння ў яго надзвычай важны паядынак з Янкавіна-мі і што гэтую, на першы погляд, побытавую, а на самай справе палітычную сутычку трэба толькі выйграць. Гэты выйгрыш высока ўзвысіць яго, змусіць усіх дрыжэць перад ім. Людзі паважаюць найперш сілу, цвёрдую ўла-ду; іхнія абурэнні, затоены гнеў — дробязі, адмысловы клопат для Мірзоева. Вынюхваць, падслухоўваць і вы-пытваць чужыя думкі і пачуцці, размовы. Каб душыць крамолу ў зародку.