Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залатая дзіда

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Вунь макана — паліца, — тыцнуў рукою Максім, паказваючы на дубінку, вузкую на адным канцы і патоўшчаную на другім.

— Чаго пасталі? Сядайце, — прамовіў Санча.

Лінкан прымасціўся ў куце, на шкурах гуанака, бандыты, як гаспадары, селі на калоды каля ачага, а я, Максім і Алеся прыселі на ложку, каля якога ўзвышаліся тры гліняныя пасудзіны, падобныя на вялізныя бочкі.

Алеся нечакана ўсхліпнула.

— Чаго ты? — пацікавіўся Максім.

Алеся, размазваючы па шчаках слёзы, прагаварыла:

— Дзядзьку Анту шкада.

— Не раві,— зыркнуў на яе Піучэн.

— Даскакаўся твой Анту, — сказаў Кайф.

— Вы… Вы… — прамовіла Алеся.

— Хто мы? — падаўся наперад Чон-чон.

— Кракадзілы вы, — нечакана прагаварыла Алеся. Я думаў, што бандыты ўзлуюцца, а яны зарагаталі. Лінкан падаў голас:

— Хто вам даў права судзіць іншых? Вы не заслужылі. Санча стукнуў рабром далоні па прыкладзе аўтамата:

— Ён даў нам права.

— З гэтым правам вам доўга не пражыць.

— Індзеец з нас збыткуе! — ускочыў Піучэн. Металіст вытрашчыў вочы:

— Я яго застрэлю!

— Не, — сказаў Санча. — Мы зробім па-іншаму. Выводзьце яго з хаціны, а там убачыце.

Піучэн кіўнуў на нас:

— А гэтых?

— Няхай тут сядзяць. Калі высунуцца, страляй без папярэджання.

— Усіх перастраляю, — сказаў Піучэн і звярнуўся да Лінкана: — Уставай, індзеец.

Лінкан устаў. Бандыты вывелі яго з хаціны.

З пасудзіны ў… джунглі

Не чакалі мы, што так павернецца.

— Яны хутка вернуцца? — запытала Алеся.

— Хто ведае, — нявесела сказаў я.

— Паспрабуем уцячы?

— Заблудзімся ў джунглях, — сказаў Максім. Алеся сціснула рукі ў кулачкі:

— Лепей у джунглях блукаць, чым сядзець з бандытамі.

— Максім, навошта нам лезці ў джунглі? — кажу. — Каля берага стаіць плыт. Сядзем і паплывем па рацэ.

— А куды заплывем? — прагаварыў Максім.

— Куды-небудзь заплывем, — кажу яму. — Мажліва, людзей на рацэ сустрэнем ці якое-небудзь паселішча ўбачым. Людзі заўжды каля ракі селяцца.

— Правільна разважаеш, — пахваліў мяне Максім. — Але як з хаціны выбрацца?

— Паглядзі, дзе бандыты, — папрасіла яго Алеся.

Максім выглянуў з хаціны, і адразу ж прагрымела аўтаматная чарга. Кулі ўзбілі пыл каля самых дзвярэй. Максім, охнуўшы, зваліўся пры сцяне. Мы з Алесяй кінуліся да яго.

— Максім, цябе не паранілі? — усклікнула Алеся.

У Максіма белы-белы твар. Ляжыць нерухома, не адзываецца. Я страсянуў яго:

— Максім!

— Што? — ледзь чутна прамовіў ён. Потым паціху прыўзняўся, патрос галавою і здзіўлена сказаў:

— Не застрэліў? А мне думалася, што ён мяне забіў. Выходзіць, за намі сочыць Піучэн, не спускае вачэй з хаціны. Няма як выбрацца.

— Максім, а ты не заўважыў, дзе Лінкан? — спытала Алеся.

— Яго бандыты да рытуальнага слупа прывязалі. Вось што прыдумаў Санча! Прывязалі Лінкана да слупа, каб той пёкся на сонцы. Спадзяюцца, што не вытрымае, скажа, дзе залатая дзіда. Цяпер з яго здзекуюцца, а пасля возьмуцца і за нас. Як жа ўцячы адгэтуль? Няўжо мы не выратуемся? Я зірнуў на тры вялізныя пасудзіны, падобныя на бочкі, якія стаялі каля ложка, і ўсклікнуў:

— Мы выратуемся!

— Як? — запытаў Максім.

Я тыцнуў пальцам на пасудзіны:

— Туды схаваемся.

Алеся шырока раскрыла вочы:

— А калі знойдуць?

— Трэба рызыкнуць, — кажу. — Залезем і шкурамі гуанака накрыемся. Бачыце, колькі іх на ложку ляжыць?

— Хаваемся, — сказала Алеся і залезла ў пасудзіну.

Максім узяў шкуру і накрыў ёю Алесю. Мы з ім пераглянуліся і таксама залезлі ў пасудзіны. Толькі я паспеў прысесці, падціснуць ногі, як на двары пачуліся крокі і ў хаціну ўваліліся бандыты.

— Дзе яны? — адразу ж усклікнуў Санча. Чон-чон у тон яму:

— Няма?

— Шукайце, — прагаварыў Санча. Я сцяўся, затаіў дыханне.

— Дзе ж яны? — зноў усклікнуў Санча.

— Уцяклі. Піучэн правароніў,— прамовіў Кайф.

— Я вачэй не спускаў з хаціны, — стаў апраўдвацца Піучэн.

— Яны ў джунглях. З краёчку сядзяць. Пабаяцца лезці далей. Знойдзем, — прамовіў Санча.

Бандыты выбеглі з хаціны. Толькі цяпер я адчуў, што мяне калоціць, нібыта ў ліхаманцы.

— Антось, — паклікаў Максім.

Я ўстаў, адкінуў шкуру гуанака, вылез з пасудзіны. А Алеся і Максім ужо стаяць каля пасудзін, глядзяць на мяне так, нібы я з таго свету з'явіўся.

— Трэба ўцякаць, — сказаў Максім.

Я ўбачыў на паліцы каля сцяны вялізны нож, схапіў яго і разам з Алесяй і Максімам выбег з хаціны.

З Лінканам

Цела Анту на паляне ўжо не было (відаць, кудысьці завалаклі бандыты), а каля рытуальнага слупа стаяў Лінкан, прывязаны вяроўкаю. Мне здалося, што ён усміхнуўся, убачыўшы нас. Ён аблізнуў перасмяглыя губы, штосьці прашаптаў.

— Крышку пацярпіце. Зараз вызвалім вас. — Я ўзяўся за вяроўку, пацягнуў яе да сябе і паласнуў па ёй нажом.

Лінкан вызваліў рукі, разблытаў вяроўку, скруціў яе. Да яго падбег бура-чырвоны сабака, тоненька заскуголіў. Лінкан пагладзіў яго па спіне:

— Засумаваў без мяне? Ну, не бядуй. Цяпер не разлучымся.

— Трэба ратавацца, — не выцерпеў Максім.

— Бяжыце за мною, не адставайце.

Лінкан накіраваўся на ўскраек джунгляў, мы пабеглі па вузкай сцяжынцы, пасля павярнулі направа, пралезлі праз нейкія калючыя кусты. Лінкан стаў.

— Усё. Яны нас тут не знойдуць.

Не верыцца, што вырваліся, што ўцяклі ад бандытаў. Нядаўна былі палоннікамі, хаваліся ў пасудзінах, а цяпер на волі. Лінкан, вядома, пастараецца нам дапамагчы, не пакіне нас.

— І вас схапілі бандыты? — запытаў Лінкан.

— Схапілі,— кіўнуў галавою Максім. — Мы ў іх былі заложнікамі. Дзядзька Анту казаў вам. Ён не хацеў весці бандытаў сюды, у джунглі. Дзядзька Анту нас ратаваў. Ён добры. Ён і пра вас нам расказваў. І пра ваш народ, пра ваша жыццё ў джунглях таксама расказваў.

Поделиться с друзьями: