Залатая дзіда
Шрифт:
Нарэшце выбраліся на грудок, селі зняможаныя. Санча, азірнуўшыся, патрос кулаком.
— Праклятыя жабы!
Па джунглях
Накінуліся бандыты на Анту.
— Знарок завёў у балота? — вызверыўся Санча.
— Яго трэба бізуном! Бізуном! — ускочыў Кайман.
— І кулькамі прастрэліць, — падхапіў Металіст.
— Я з-за яго ледзь кулямёт у балоце не ўтапіў! — залямантаваў Чон-чон.
— Давайце галавой уніз паставім, — прапанаваў Кайф.
— І кіем па голых пятах. І кіем! — дадаў Піучэн.
А Анту маўчыць, нават не глядзіць на іх. У другі бок галаву адвярнуў. Мажліва, знарок завёў бандытаў у балота. Шкада, што яны адтуль ногі вынеслі.
Нарэшце Анту, як відаць, надакучыла слухаць лаянку. Ён устаў:
— Трэба вам у горад вярнуцца. Будзе лепей для вас. Яшчэ болей узбурыліся бандыты. Крычаць, кулакамі размахваюць.
— Цішэй, — падняў уверх руку Санча.
Бандыты сцялі кулакі, зыркаюць на Анту, што галодныя ваўкі.
— Індзеец, ты доўга будзеш нас за нос вадзіць? — запытаў Санча.
— Вы самі сябе за нос водзіце, — адказаў Анту.
— Я не жартую.
— Джунглі — не горад. Гэта вам не па асфальце хадзіць. Тут… — пачаў Анту.
Санча перапыніў яго.
— Без цябе ведаем, дзе асфальт, а дзе без асфальту. Ты нам зубы не загаворвай. Вядзі, як дамовіліся.
Анту паціснуў плячыма.
— Што вам трэба ад мяне?
Санча схапіў за руку Максіма, пхнуў яго. Максім упаў і жаласна прагаварыў:
— Дзядзечка-а…
Санча наставіў на Максіма аўтамат.
— Індзеец, зараз застрэлю хлопчыка. Лічу да трох. Максім глядзеў на яго шырока расплюшчанымі вачыма.
— Не страляйце-э! — не сваім голасам закрычала Алеся.
— Адзін, — пачаў лічыць Санча.
— Хопіць здзекавацца! — усклікнуў Анту. Санча апусціў аўтамат.
— Ты павядзеш нас?
— Праз балота мы не пралезем. Вернемся назад. Прыйдзецца плысці па рацэ. Іншай дарогі я не ведаю.
— Даўно б так, — усміхнуўся Санча.
Я падбег да Максіма, дапамог яму ўстаць. Санча скамандаваў:
— Хадзем.
Расцягнуўшыся ланцужком, мы прабіраліся праз джунглі. Тут магутныя дрэвы, шырока расхінуўшы свае кроны, стаялі воддаль адно ад аднаго. Я ведаў, як называюцца некаторыя з іх — бачыў на малюнках у падручніку геаграфіі, але тут сустракаліся і зусім невядомыя.
Я дакрануўся рукою да нейкай ружовай кветкі, і руку апякло, што агнём.
— Ай! — усклікнуў я.
— Чаго ты? — азірнуўся Анту.
— Апякла, — тыцнуў я пальцам, паказаўшы на гэтую ружовую пякучку.
— Гэта фанціхулітра, — сказаў Анту.
— Няўжо яна пячэцца? — не паверыў Максім.
— Правер, — кажу яму.
— Ну і праверу. — Максім дакрануўся да фанціхулітры, айкнуў, як і я.
— Пячэцца? — пытаюся ў яго.
— Яшчэ як, — сказаў ён.
Раптам у кустах, паўз якія мы праходзілі, нешта затрашчала, а пасля пачуўся тупат. Спачатку мне падумалася, што на нас нападае гіганцкая змяя. Але ж ног у змяі няма, так што тупацець яна не магла.
Анту нас супакоіў:
— Не бойцеся. Дзікая свіння — пекары — пабегла. Яна ў кустах адпачывала, а мы яе напалохалі.
Незвычайная, своеасаблівая прырода вакол нас. Ды няма радасці — яе адабралі бандыты.
Скарпіёны
Не толькі Алеся, але і бандыты стаміліся.
— Адпачывайце, — скамандаваў Санча. — Даю паўгадзіны на адпачынак. Мы селі на траву.
Чамусьці зашчымела на душы. Вось-вось слёзы навернуцца на вочы і капнуць на далонь. Я прыкусіў губу, адвярнуўся.
— Сумуеце? — парушыў маўчанне Анту.
— Дзядзька Анту, як уцячы ад бандытаў? — шэптам запытала Алеся.
Я зірнуў на бандытаў. Сядзяць, надзьмуўшыся, што сычы. Чаму такія незадаволеныя, такія злосныя? За ўвесь дзень ані разу не ўсміхнуліся. Зыркаюць, буркаюць, шчэрацца.
— Паспрабуем уцячы, — прамовіў Анту.
— Дзядзька Анту, праўда, што вашы токі перад боем вешалі на шыю плоскі камень, падобны на сякеру? — запытаў Максім.
Анту павярнуўся да яго.
— Токікуру?
— Гэтакі камень называецца токікура? — запытала Алеся.
Анту кіўнуў галавою.
— Але, токікура. Токікурай змагаюцца з ворагам і душы нашых памерлых вялікіх токі. Здараецца, што ў час гэткіх завоблачных бітваў токікура падае на зямлю разам з маланкай. Калі яна набліжаецца да зямлі, то пачынаецца такая вялікая бура, што пад ветрам стогнуць, ломяцца векавыя дрэвы. Токікура — зброя нашых памерлых вялікіх продкаў. Яна жывым токі дае сілу і мужнасць.
— У час вайны ўсе вашы мужчыны змагаліся? — пацікавілася Алеся.
— Усе як адзін. Каму ж, як не мужчынам, бараніць зямлю і звычаі?
— І доўга будзем па джунглях бадзяцца? — перапыніў нас Чон-чон.
— Не даспадобы? — буркнуў Санча.
— Чаго мне радавацца? Сядзім у джунглях, як звяры. Многія цяпер на моры адпачываюць. А тут нават жабаў трэба баяцца, — са злосцю прагаварыў Чон-чон.
— Хіба вы першы раз узялі ў рукі аўтаматы? Я памятаю, як каля вашых вушэй свісталі кулі. Тады вы былі мужчынамі, а цяпер сталі бабамі. Не пазнаю я вас.
— Надакучыла ўсё гэта. Хочацца па-людску пажыць, — сказаў Чон-чон.
— Не апускай нос. Пажывеш, калі забярэм залатую дзіду. На ўсіх хопіць золата.
Бач ты. Санча кажа сваім сябрукам, што шмат золата атрымаюць. А ці надоўга яго ім хопіць? Прагуляюць, праматаюць. І да гэтага, як відаць, мелі немалыя грошы. Прагулялі, цяпер у іх пустыя кішэні. Нездарма аказаліся тут.
— Глядзіце! — тыцнуў пальцам Кайф, паказваючы на выварацень, які ляжаў непадалёку.
Я падняў галаву і ўбачыў, што там б'юцца два скарпіёны. Выгнуўшы кручком хвасты, на канцах якіх былі шыпы, яны адчайна размахвалі клешнямі.