Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залатая дзіда

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Дзядзька Анту, вас іншапланецяне забралі,— кажу. — Хіба вы не чулі, што яны прылятаюць да нас?

Анту як адрэзаў:

— Нгенечэн мяне забраў.

— А залатая дзіда ў правадыра Лінкана засталася? — пацікавіўся Максім.

— Ніхто не верыць мне, — са скрухай сказаў Анту. — Калі расказваю ў горадзе, то ўсе смяюцца. А мапучэ не ўмеюць хлусіць. Закон продкаў не дазваляе нам хлусіць.

Я паверыў, што ў правадыра Лінкана залатая дзіда, што далі яе яму іншапланецяне. Ніхто ж не ведае, на якой планеце яны жывуць. Мажліва, там гэтулькі золата, што ходзяць па ім. Дык хіба цяжка зрабіць залатую дзіду?

— Ведаеш, чаму іншапланецяне далі правадыру Лінкану залатую дзіду? — звярнуўся я да Максіма.

— Чаму?

— Яна для іх як арыенцір.

— Але, — падхапіла Алеся. — Мажліва, у ёй знаходзяцца нейкія невядомыя нам прыборы, якія падаюць сігналы іхнім лятальным апаратам. Каб тыя не збіваліся з курсу.

— Чаму ж іншапланецяне менавіта мапучэ аддалі залатую дзіду? — запытаў Максім.

— Ведалі, што мапучэ будуць яе берагчы, што не павязуць у іншае месца на якую-небудзь выставу. Залатая дзіда для іншапланецян пастаянны арыенцір. Зразумеў? — сказаў я.

— Зразумеў,— буркнуў Максім.

— Не верыце мне. Тым, хто не нарадзіўся ў джунглях, цяжка зразумець нас, — паціху сказаў Анту.

Нядобра, што мы пры ім гэткую гаворку завялі. Усё-ткі пакрыўдзілі. Мне хацелася сказаць Анту штосьці добрае, цёплае, каб не крыўдаваў, ды з калідора данесліся гучныя воклічы.

— Ці не вампір Траука ў гасцініцы? — усклікнула Алеся.

— Зараз праверу, што там, — Анту ўстаў з крэсла, адчыніў дзверы і выйшаў на калідор.

Мы моўчкі пераглянуліся. Няўжо сапраўды нядаўна Траука, як назваў вампіра Анту, тупацеў каля нашых дзвярэй?

Папугай на водных лыжах

Нудна цягнуўся час. Нарэшце ў пакой увайшоў Анту. Мы ў адзін голас усклікнулі: — Траука?

— Злавілі Траука. Вось і радуюцца ў гасцініцы.

— Хто злавіў? — апярэдзіўшы мяне і Алесю, запытаў Максім.

— Нейкія чужыя людзі. Да гэтага іх у горадзе не бачылі. Яны самі сказалі, што злавілі Траука. Сказалі, што хутка пакажуць яго.

— Вось каб хоць адным вокам глянуць на яго! — вырвалася ў мяне.

Алеся аж прыжмурылася.

— Хочаце паглядзець, як папугай катаецца на водных лыжах? — усміхнуўся Анту.

Ці мажліва такое? Каб праехаць на водных лыжах, трэба трэніравацца. Спартсмены-вадналыжнікі не адзін год трэніруюцца. А тут папугай — птушка. Птушкам толькі на галінках сядзець.

— Папугай? На водных лыжах? Не веру, — сказаў я.

— Хадзем на наша возера. Паглядзіце, — сказаў Анту. Калі мы выйшлі з гасцініцы, Алеся пацікавілася:

— Дзядзька Анту, а тыя людзі, што злавілі вампіра, не баяліся, што ён іх пакусае?

— Пэўна ж, баяліся. Ён хітры, падобны на кажана-крывасмока.

— Хіба ёсць кажаны-крывасмокі?

— Ёсць. Яны на жывёлін нападаюць. Разцамі пракусваюць скуру і з ранкі п'юць кроў. Зубы-разцы ў іх вострыя, што брытвы.

— А дзе яны водзяцца? — запытала Алеся.

— У джунглях.

Кажаны-крывасмокі ў джунглях водзяцца. Пашанцавала, што туды нас не павезлі.

Перагаворваючыся, мы непрыкметна прыйшлі на тое возера, пра якое казаў Анту. Яно было тут жа, у горадзе. Вакол возера, цесна збіўшыся, стаялі людзі.

Мы праціснуліся праз натоўп. Па возеры на мініяцюрных лыжах куляй ляцеў папугай, учапіўшыся дзюбай за трос, прымацаваны да маленькай маторнай лодкі.

— Ну й малайчына! — запляскала ў ладкі Алеся. І вакол запляскалі, закрычалі:

— Трымайся, какаду!

— Не памачы лапы!

— Ні пуху, ні пер'я!

— Хто кіруе маторнай лодкай? — запытала ў мяне Алеся. Сапраўды, хто? Маторная лодка імчыцца, апісваючы кругі, быццам сама сабою, быццам нячыстая сіла яе нясе.

— Маторная лодка з дыстанцыйным кіраваннем, — сказаў Максім.

— З дыстанцыйным? — здзівілася Алеся. Максім тыцнуў пальцам, паказваючы ўлева.

— Вунь на беразе мужчына. Ён ёю кіруе.

Воддаль ад нас, шырока расставіўшы ногі, стаяў чарнявы мужчына. У ягоных руках была невялікая скрыначка з кнопкамі, рычажкамі. Мужчына, не зводзячы вачэй з маторнай лодкі, націскаў на кнопкі, пераключаў рычажкі. Маторная лодка насілася, што шалёная.

Я шчоўкнуў пальцамі.

— Какаду — майстар спорту міжнароднага класа.

— Заслужаны майстар спорту, — сказаў Максім. "Заслужаны майстар спорту" какаду ляцеў над вадою.

Цяпер я не думаў ні пра кажаноў-крывасмокаў, ні пра вампіра Траука.

Маторная лодка павярнула да берага. Імчыцца. Вось-вось урэжацца ў бераг. Не, спынілася каля самага берага. Чарнявы ўзяў папугая, пасадзіў сабе на плячо.

Людзі кінуліся да яго. Анту, я, Алеся і Максім таксама пабеглі туды.

Вось ён, "заслужаны майстар спорту" какаду. Пазірае на людзей, то ў адзін, то ў другі бок паварочвае галаву. Раптам, адкрыўшы дзюбу, як закрычыць:

— Чаго вочы вылупілі?

Я спярша не скумекаў, што гэта пра нас, пра ўсіх. Пасля дайшло, калі людзі на розныя галасы зарагаталі:

— Ха-ха-ха… Гы-гы-гы…

І какаду, як відаць, перакрыўляючы, загыгыкаў:

— Гы-гы-гы…

Вакол яшчэ мацней зарагаталі:

— Га-га-га…

Чарнявы чамусьці падышоў да Анту.

— Разумны мой папугай? Анту прыцмокнуў языком.

— Яшчэ які!

— Мяне зваць Санча, — сказаў чарнявы.

— А мяне Анту.

— Гэта ты пра залатую дзіду ўсім расказваеш? Анту апусціў галаву.

— Ніхто мне не верыць.

— Дзядзька, гэта вы вампіра злавілі? — вытыркнуўся наперад Максім.

— А гэта хто? — спытаў Санча і паказаў на мяне, Алесю і Максіма.

— Яны здалёку, з іншай краіны.

— З іншай? — працягла прагаварыў Санча.

— Вы доўга свайго какаду трэніравалі? — нясмела запытала ў яго Алеся.

— О-о! Ён яшчэ не на такое здатны. Ен нават да дзесяці ўмее лічыць, — прамовіў Санча і гучна сказаў: — Адзін!

— Два, тры, чатыры, пяць, шэсць… — пачаў лічыць какаду.

Людзі загаманілі. Хтосці зацягнуў песню. Яе падхапілі. Усе як адзін паддаліся нейкай незразумелай мне весялосці. Ці не таму, што некалькі дзён стрымлівалі яе, насілі ў сабе, напалоханыя вампірам?

Поделиться с друзьями: