Залатая дзіда
Шрифт:
— А-а-а! — данёсся да нас голас Траука.
— Туды! Уцякайма туды! — тыцнуў я пальцам, паказваючы на тунель.
А што заставалася рабіць? Папрасіць Траука, каб не чапаў нас? Такога і не ўпросіш, і не ўмоліш.
Мы палезлі ў тунель. Па ім можна было ісці не прыгінаючыся, але навокал стаяла такая цемра, што хоць вока выкалі. Дый сцены ў тунелі мокрыя, слізкія, ліпкія. Непрыемна, калі дакранешся рукою.
Спярша я не адчуваў страху. Уперад гнала толькі адна думка: "Хутчэй. Хутчэй. Траука дагоніць". Пасля стаў баяцца, што наступлю на змяю. Мы ж не ў Мінску, а ў Лацінскай Амерыцы. Тут, як відаць, змеі не толькі ў джунглях. У гэтым сырым, змрочным тунелі някепскае сховішча-прыстанішча для змеяў. Тут, мажліва, яны клубком ляжаць, адпачываюць, затаіўшыся.
— Хлопчыкі, я стамілася. Давайце крыху пастаім, адпачнем, — папрасіла Алеся.
— Можна, — прамовіў Максім. Мы сталі.
— Гэты Траука жывучы як кот, — кажу. — Галава разбітая, а на нас вочы вылупіў.
— Што, калі ён нас дагоніць? — падала голас Алеся.
— Не. З разбітай галавой па тунелі не палезеш, — упэўнена сказаў Максім.
Мы ўжо колькі прайшлі, а канца-краю не відаць. Уваход ёсць, а выхада, мажліва, няма. Шанцуе нам.
— А ведаеце, хто той, у масцы? — прамовіла Алеся. Я натапырыў вушы.
— Хто?
— Санча.
— Ён, — падтрымаў Алесю Максім.
Не толькі мне. але і ім здалося, што голас Страхалюда на голас Санча падобны.
— Не, — сказаў я. — Санча рэвальвера не носіць. У яго…
— Кхе! Кхе! — пачулася ў тунелі.
— Траука! — прарэзліва, нібы перапалоханае птушанё, усклікнула Алеся.
Мы пабеглі па тунелі. Наперадзе пасвятлела. Значыць, непадалёку выхад. Там павінны быць людзі. Значыць, выратуемся.
Алеся ойкнула і прысела.
— Максім! — крыкнуў я. Максім стаў.
— Чаго?
— Нагу падвярнула. Не магу бегчы, — прастагнала Алеся.
Яшчэ адна бяда на нас звалілася. Вядома, мы не пакінем Алесю адну. Але ж што рабіць?
Я зірнуў уперад і ўбачыў у сценах з двух бакоў нейкія вузкія праёмы, падобныя на ўваходы ў манастырскія кельі. Што ж там?
— Максім, бачыш праёмы? — гукнуў я. Максім зазірнуў у бліжэйшы ад яго.
— Тут пакой. А цё-о-мны!
Ззаду: туп-туп-туп… Вядома, хто тупае. Траука. З Алесяй не паспеем уцячы, калі нават на плячах яе панясем.
— Давайце ў гэтым пакоі схаваемся, — махнуў рукою Максім.
З тунеля на… дрэва
Мы прытуліліся да сцяны.
— Навошта мы адпачывалі? — уздыхнула Алеся.
Сапраўды, даадпачываліся. Калі б не стаялі ў тунелі, то цяпер тут не хаваліся б. Мае выхад тунель. Нездарма пасвятлела. Стаялі… Адпачывалі… Хіба ведалі, што Траука так хутка ачухаецца, што пойдзе за намі? А можа, гэта не ён? Можа, хто-небудзь іншы?
— Кхе, кхе, — пачулася зноў.
Зусім побач няўпэўненыя крокі. Так ступаюць, калі ідуць вобмацкам, спатыкаючыся.
Мы сцішыліся. Крокі ўсё бліжэй, бліжэй.
— Тут яны. Чую. Чалавечынкай пахне.
Дык ён не толькі прыслухоўваецца, але і прынюхваецца! Няўжо знюхае, дзе мы?
— Пахне чалавечынкай. Смачна пахне. А можа, яны ўцяклі, дух пасля сябе пакінулі? Усё роўна знайду, даганю. Нядаўна прабягалі. Дух пакінулі. Кхе, — і Траука, спатыкаючыся, павалокся далей.
Ягоныя крокі неўзабаве заціхлі ўдалечыні. Мы нейкі час стаялі, прыслухоўваючыся, а пасля я выдыхнуў:
— Шкада, што якой-небудзь сеткі няма. Накінулі б вампіру на галаву і няхай трапятаўся б, як шчупак.
— Ён і сетку перагрыз бы, — уздыхнула Алеся.
— Што мы яму зробім? — сказаў Максім.
І праўда, што? Хоць ён ростам з карліка, але дужы, як вол. Яго нават Страхалюд ледзь перамог.
— Э-хе-хе-э… — паціху ўздыхнуў я.
— Антось, чаго ты? — пацікавіўся Максім. Я, каб толькі не маўчаць, сказаў:
— У Траука нюх як у сабакі.
— Хлопчыкі, а мне нага не так ужо баліць! — усклікнула Алеся.
— Можаш ісці? — узрадаваўся Максім.
— Магу!
Алеся можа ісці! Дык па тунелі можна вярнуцца ў сутарэнне. А з сутарэння выйдзем на двор. Няхай вампір лазіць тут, няхай нюхае, прыслухоўваецца.
— Максім, давай у сутарэнне, — ледзь стрымліваючы хваляванне, прагаварыў я.
Максім выглянуў з пакоя і адразу ж падаўся назад.
— Што там? — не стрываў я.
— Траука цягнецца.
— Кхе-кхе, — пачулася знаёмае.
Бач ты. Траука ступае ціха, асцярожна. Спадзяецца, што вылезем, што самі трапім у ягоныя рукі. Палюе за намі, што воўк.
Прайшоў, мінуў наш пакой. Вось каб далей пацягнуўся! Не. Стаў. Відаць, прыслухоўваецца, нюхае.
— Дзе ж яны? Пахне челавечынкай! Ох як пахне! — хрыпла прамовіў Траука. — Недзе тут, тут яны сядзяць. Пахне-э…
Зразумела, чаму вампір падаў голас. Ведае, што пачуем. Думае, што выскачым. Страх наганяе. Спадзяецца, што нервы слабыя.
— Сядзяць. Тут сядзяць. Зараз… Зараз вывалаку. З маіх кіпцюроў вам не вырвацца.
Я намацаў у цемры Алесіну руку, узяўся за яе. На руцэ трымціць, часта-часта б'ецца, пульсуе жылачка. Што ж рабіць? А калі крыкнуць: "Мы тут!" Няхай лезе. Будзем біцца.
— Вывалаку! Знайду! — са злосцю прамовіў Траука і патупацеў.
Максім выглянуў, махнуў рукою.
— Бяжым. Ён у суседні пакой павалокся.
Мы, што цені, выслізнулі з пакоя і асцярожна, на дыбачках, пайшлі туды, дзе святло, дзе выхад. Пасля, не стрымаўшыся, пабеглі.
— Уцякаю-уць! — данеслася да нас.
— Ён даганяе! — у роспачы ўсклікнула Алеся.
— Бяжы! — крыкнуў я.
Мы несліся як шалёныя. Відаць, любую перашкоду цяпер адолелі б.
Я не адчуваў страху. Ён як бы пакінуў мяне, застаўся там, ззаду, і гнаў, падганяў, нашэптваючы ў вушы: "Давай, давай!"
Мы мінулі паваротку і заўважылі прыступкі, якія вялі наверх, туды, дзе сонца, дзе людзі, дзе былінкі трапечуцца пад ветрам, дзе наш ратунак.
Узбеглі па прыступках і сталі, бо ўбачылі люк, накрыты рашоткай з тоўстых металічных прутоў.
Алеся прысела на прыступку.
— Максім, давай паспрабуем падняць рашотку, — кажу.
— Не ўцякайце! — пачулася ззаду.
Мы з Максімам уперліся рукамі ў рашотку. Яна зарыпела, прыўзнялася. Падскочыла Алеся, таксама ўперлася рукамі, стала дапамагаць. Нарэшце рашотка, зазвінеўшы, упала на зямлю.