Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залатая дзіда

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Эй, ты, — звярнуўся да Траука Страхалюд, як назваў я пра сябе чалавека ў масцы. — Сядай.

Траука сеў на крэсла, якое ляжала бокам. Страхалюд прысеў воддаль. Усё-ткі баіцца Траука, не давярае яму. Чаму ж разам спрагліся?

— Не стаміўся? — запытаў Страхалюд.

— Не, мяне ногі добра носяць, — пахваліўся Траука. Страхалюд ляпнуў рукою па калене.

— Яны ў цябе як у сабакі.

Голас знаёмы. Здаецца, недзе нядаўна чуў яго. Дзе ж?

— Ты чаму маску адзеў, калі ў скляпенне спускаліся? — прамовіў Траука.

— Мне трэба было яшчэ і жалезныя пальчаткі надзець. Шкада, што няма іх у мяне.

Усё-ткі знаёмы голас. Падобны на голас… Санча?

— Чаго маўчыш? Заняло? — запытаў страхалюд. Траука паплямкаў тоўстымі губамі і сказаў:

— Не даспадобы я табе?

— Табе толькі ў конкурсе прыгажосці выступаць, — зарагатаў страхалюд, выняў з кішэні апельсін і кінуў Траука.

Той злавіў яго, абгрыз шкуру зубамі, каўтнуў, пэўна, не пражаваўшы, плямкнуў губамі.

— Яшчэ хачу.

— І-і-і…— тоненька піскнула Алеся.

— Нехта пішчыць, — усхапіўся Траука.

Зараз яны правераць, хто пішчаў. Куды ж уцякаць? Калі падыдуць да нас, трэба з разгону пад ногі кінуцца. Пакуль будуць мітусіцца, хоць Алеся ўцячэ, выратуецца. Сказаць ёй, каб не марудзіла?

Я зірнуў на Максіма. Паказвае вачыма. Маўляў, сядзі. Цяжка выседзець. Падмывае ўскочыць.

— Мыш пішчыць. Сядай, — прамовіў Страхалюд.

Траука сеў. А Страхалюд, закінуўшы нагу за нагу, прагаварыў:

— Што, нядаўна на жанчыну напаў? Траука бліснуў на яго вачыма.

— Я яе толькі ўкусіў.

Ну і ну! Укусіў… Быццам яблык. Дык ён нібы звер, які ашалеў.

— Напалохалі цябе? — запытаў Страхалюд.

— Мужчыны ішлі. Пабаяўся я. Уцёк.

Дрыгацяць плечукі ў Алесі. Ніяк не супакоіцца. Дый хіба тут супакоішся? І ў самога сэрца б'ецца. Здаецца, вось-вось з грудзей выскачыць.

— Выходзіць, мужчыны цябе напалохалі. А калі б скруцілі?

Траука гучна засоп носам.

— Я іх пакусаў бы.

— Зубы павыбівалі б.

— Не даўся б. Мне не ўпершыню.

— Вельмі ж ты смелы. Я табе што нядаўна казаў? Каб ціха сядзеў, каб не высоўваўся.

Траука шчоўкнуў зубамі.

— Не магу стрымацца.

— Глядзі ў мяне! Я і не такіх ламаў,— патрос кулаком Страхалюд.

— Чаго ж ты мяне прывёз у гэты горад? Сам казаў, што добра заплаціш, калі хоць некалькі чалавек пакусаю.

— У гэтым горадзе я хацеў узяць банк. Хацеў, каб ты мне дапамог. Была ў мяне адна задумка. Таму і прывёз цябе. Кармлю, клапачуся.

— Ты казаў, каб я нападаў на людзей, а цяпер не дазваляеш, — усклікнуў Траука.

— У мяне планы змяніліся. Траука стукнуў кулаком па крэсле.

— У цябе свае планы, а ў мяне свае.

Страхалюд, вымаўляючы асобна кожнае слова, прагаварыў:

— Хачу папярэдзіць: не высоўвайся. Калі яшчэ раз пачую, што на некага напаў, то…

— То што? — не даў дакончыць Траука.

— Па галоўцы не пагладжу. Траука прыўстаў.

— Сядзець! — рэзка, як аддаюць каманду, крыкнуў Страхалюд.

Сварацца. Няма між імі міру. Ну і няхай сварацца. Нам гэта на руку. Цяпер не стануць натапырваць вушы, прыслухоўвацца.

— Не дазваляеш? — віскнуў Траука.

— Сядзець! — зноў крыкнуў Страхалюд.

Траука імгненна апусціўся на крэсла і лісліва сказаў:

— Чаго нервуешся? Я магу і пасядзець. Сядзець лепей, чым стаяць. Не трэба злавацца.

Страхалюд закінуў нагу за нагу.

— На мяне хацеў накінуцца, пачвара? Траука шмаргануў носам.

Страхалюд дастаў з кішэні рэвальвер, паклаў на калені.

— Што мне цяпер рабіць? — апусціў галаву Траука.

— Сядзі і не высоўвайся. Табе ўжо сказана.

— А калі не вытрываю і зноў каго-небудзь пакусаю?

— Тады кулю ў лоб.

Вунь ён як. Свайго хаўрусніка не шкадуе. А калі б нас убачыў, то пэўна перастраляў бы.

— Чаму кулю? Я ж табе патрэбны. Ты сам казаў,— прамовіў Траука.

— Пакуль патрэбны. Запомні.

— Запомню, — сказаў Траука і скокнуў на Страхалюда.

— Я болей не магу, — усхліпнула Алеся.

— Маўчы, — сказаў Максім.

— Не магу-у…

— Алеся, памаўчы, — папрасіў я.

А Траука, паваліўшы Страхалюда, стараўся зубамі дацягнуцца да шыі. Усё бліжэй, бліжэй ягоныя клыкі. Вось-вось дарвецца. Страхалюд намацаў рэвальвер, які ўпаў з каленяў, прыўзняў яго, цэлячыся ў Траука. Вампір стукнуў локцем па рэвальверы, і ў тое ж імгненне прагучаў стрэл. Куля, высекшы са столі іскры, са свістам праляцела над намі.

— Загрызу-у!.. — віскнуў вампір.

Страхалюд, злаўчыўшыся, стукнуў яму каленам у жывот. Траука, сагнуўшыся, упаў на бок. Страхалюд ускочыў і рукаяткай рэвальвера даў яму па галаве. Траука перавярнуўся на спіну, падкурчыў ногі.

— Здох. Туды табе і дарога, — прагаварыў Страхалюд і, схаваўшы рэвальвер у кішэню, выйшаў з сутарэння.

Па тунелі

Мы сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, а непадалёку ляжаў вампір Траука. Ён і раней, як вядома, наводзіў на нас жах, а цяпер, беспрытомны, нерухомы, быў яшчэ страшнейшы. Мы глядзелі на яго, баючыся вымавіць слова. — Трэба ўцякаць адгэтуль, — нарэшце прамовіў Максім.

— Не магу… Я так не магу-у… — заплакала Алеся.

— Не плач, — пачаў я, каб супакоіць яе.

Мы вылезлі з-за ложка і пайшлі, ступаючы нібы па тонкім лёдзе. У мяне ў грудзях усё трымцела, калацілася. Так, мабыць, калоціцца рухавік трактара, калі працуе на самых высокіх абаротах.

Я зірнуў на Траука. Ляжыць, выскаліўшы жоўтыя шырокія зубы. Ускудлачаныя валасы ў крыві.

— Ну й зубы ў яго! Сапраўдныя кусачкі! — усклікнуў Максім.

— Гэтымі кусачкамі не толькі руку, але і нагу адкусіў бы, — дрыготкім голасам прамовіў я.

— Ён варушыцца! — усклікнула Алеся.

Сапраўды, Траука ўзварухнуўся, павёў на нас вачыма, нешта прамармытаў і прыўзняўся. Мы пачалі адступацца назад. Неспадзявана пад нагамі нешта трэснула, і мы зваліліся ў нейкую яму, у якой ляжала ці то сена, ці то салома, ці яшчэ што. Хіба разгледзіш у цемры?

— Вы жывыя? — запытаў Максім.

— Я жывы. Жывы я, — кажу яму. — А што з Алесяй?

— Я тут, — прамовіла яна.

Я прыгледзеўся. З яміны кудысьці ўдалеч вядзе шырокі тунель.

Поделиться с друзьями: