ЖАНРЫ

Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны

Талстой Аляксей Мікалаевіч

Шрифт:

Усе звяры, птушкі і насякомыя дружна накінуліся на ненавісных паліцэйскіх сабак.

Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнія цёткі і маленькія вожычкі згортваліся ў клубкі і з хуткасцю кракетнага шара білі іголкамі бульдогаў у морду.

Чмялі, шэршні з налёту джалілі іх атрутнымі джаламі. Сур'ёзныя мурашкі не спяшаючыся залазілі ў ноздры і там пускалі ядавітую мурашыную кіслату.

Жужалі і жукі кусалі за пупок.

Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап.

Матылькі і мухі шчыльным воблачкам таўкліся перад іх вачыма, засланяючы святло.

Жабы трымалі напагатове двух вужоў, гатовых памерці геройскай смерцю.

І вось, калі адзін з бульдогаў шырока разявіў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кіслату, стары сляпы вуж кінуўся галавой наперад яму ў горла і вінтом пралез у страўнік.

Тое ж здарылася і з другім бульдогам: другі сляпы вуж кінуўся яму ў пашчу.

Абодва сабакі, сколатыя, зджаленыя, падрапаныя, — задыхаючыся, пачалі бездапаможна качацца па зямлі.

Высакародны Артамон выйшаў з бою пераможцам.

Тым часам Карабас Барабас выцягнуў нарэшце з велізарнага рота калючую шышку.

Ад удару па цемені ў яго вылезлі на лоб вочы. Хістаючыся, ён зноў схапіўся за ствол італьянскай сасны. Вецер развяваў яго бараду.

Бураціна заўважыў, седзячы на самай верхавінцы, што канец барады Карабаса Барабаса, падхопленай ветрам, прыклеіўся да смалістага ствала.

Бураціна павіс на суку і, дражнячыся, запішчаў:

— Дзядзечка, не дагоніш, дзядзечка, не дагоніш!..

Саскочыў на зямлю і пачаў бегаць вакол сасны. Карабас Барабас, выставіўшы рукі, каб схапіць хлапчука, пабег за ім, хістаючыся, вакол дрэва.

Абабег раз, вось-вось ужо, здаецца, і схапіў сагнутымі ў крук пальцамі хлапчука, які ўцякаў ад яго, абабег другі, абабег трэці раз…

Барада яго абкручвалася вакол ствала, шчыльна прыклейвалася да смалы.

Калі барада скончылася і Карабас Барабас упёрся носаму дрэва, Бураціна паказаў яму доўгі язык і пабег да Лебядзінага возера — шукаць Мальвіну і П'еро.

Змардаваны Артамон на трох лапах, падкурчыўшы чацвёртую, шкандыбаў за ім кульгавым сабачым трушком.

На полі засталіся два паліцэйскія сабакі, за жыццё якіх, відаць, нельга было даць і здохлай сухой мухі, і разгублены доктар лялечных навук сіньёр Карабас Барабас, шчыльна прыклеены барадой да італьянскай сасны.

У пячоры

Мальвіна і П'еро сядзелі на сырой цёплай купіне ў чароце.

Зверху іх прыкрывала павуцінавая сетка, засмечаная крыльцамі стракоз і высмактанымі камарамі.

Маленькія блакітныя птушачкі, пералятаючы з чарацінкі на чарацінку, з вясёлым здзіўленнем паглядалі на дзяўчынку, якая горка плакала.

Здалёку даляталі страшэнны лямант і віск, — гэта Артамон і Бураціна, відаць, дорага прадавалі сваё жыццё.

— Баюся, баюся! — паўтарала Мальвіна і лісточкам лопуху ў роспачы закрывала мокры твар.

П'еро спрабаваў суцешыць яе вершамі:

Мы на купінцы сядзім

І на кветачкі глядзім,

Жоўтыя, бліскучыя,

Да чаго ж пахучыя.

Будзем жыць мы лета

На купінцы гэтай,

Жыць адны мы будзем —

На здзіўленне людзям…

Мальвіна затупала на яго нагамі:

— Вы мне абрыдлі, абрыдлі, хлопчык!.. Сарвіце свежы лопух, — хіба ж не бачыце — гэты ўвесь прамок і ўвесь на дзірках.

Раптам шум і віск удалечыні заціхлі. Мальвіна павольна пляснула рукамі:

— Артамон і Бураціна загінулі…

І кінулася тварам на купіну, у зялёны мох.

П'еро бесталкова затупаў каля яе. Вецер ціха пасвістваў мяцёлкамі чароту.

Нарэшце пачуліся крокі. Бясспрэчна, гэта ішоў Карабас Барабас, каб груба схапіць і засунуць у свае бяздонныя кішэні Мальвіну і П'еро. Чарот расхінуўся, — і з'явіўся Бураціна: нос — тырчком, рот да вушэй. За ім накульгваў падрапаны Артамон з двума клункамі цераз спіну…

— Бач ты іх — захацелі са мной біцца! — сказаў Бураціна, не звяртаючы ўвагі на радасць Мальвіны і П'еро. — Што мне кот, што мне лісіца, што мне паліцэйскія сабакі, што мне сам Карабас Барабас — цьфу! Дзяўчынка, узлазь на сабаку, хлапчук, трымайся за хвост. Пайшлі…

І ён мужна пакрочыў па купінах, локцямі рассоўваючы чарот, — вакол возера на той бок…

Мальвіна і П'еро не адважыліся нават спытаць яго, чым закончыўся бой з паліцэйскімі сабакамі і чаму за імі не гоніцца Карабас Барабас.

Калі дабраліся да таго берага возера, высакародны Артамон пачаў скуголіць і кульгаць на ўсе лапы. Трэба было зрабіць прывал, каб перавязаць яму раны. Пад вялізнымі карэннямі сасны, якая расла на камяністым пагорку, убачылі пячору. Туды зацягнулі клункі, і туды ж запоўз Артамон.

Высакародны сабака спачатку аблізваў кожную лапу, потым працягваў яе Мальвіне. Бураціна раздзіраў Мальвініну старую кашулю на бінты. П'еро іх трымаў, Мальвіна перавязвала лапы.

Пасля перавязкі Артамону паставілі градуснік, і сабака спакойна заснуў.

Бураціна сказаў:

— П'еро, марш да возера, прынясі вады.

П'еро паслухмяна паклыпаў, мармычучы вершы і спатыкаючыся, па дарозе згубіў вечка і прынёс вады толькі на дне чайніка.

Бураціна сказаў:

— Мальвіна, збегай назбірай галля для вогнішча.

Мальвіна з дакорам паглядзела на Бураціна, паціснула плечыкам і прынесла некалькі сухіх сцяблінак.

Бураціна сказаў:

— Вось насланнё з гэтымі добра выхаванымі…

Сам прынёс вады, сам назбіраў галля і сасновых шышак, сам расклаў каля ўвахода ў пячору агонь, такі шумлівы, што захісталіся галінкі на высокай сасне. Сам зварыў какавы на вадзе.

— Жыва! Сядайце снедаць…

Мальвіна ўвесь гэты час маўчала, сцяўшы губы. Але цяпер яна сказала — вельмі цвёрда, дарослым голасам:

Поделиться с друзьями: