Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны
Шрифт:
— Ко-ко-ко!
Бураціна падаў яму на далоні крошкі міндальнага пірожнага:
— Частуйцеся, сіньёр галоўнакамандуючы.
Певень строга зірнуў на драўлянага хлапчука, але не ўтрымаўся і дзеўбануў яго ў далонь.
— Ко-ко-ко!..
— Сіньёр галоўнакамандуючы, мне трэба было б прайсці ў харчэўню, але так, каб гаспадар мяне не заўважыў. Я схаваюся за ваш цудоўны рознакаляровы хвост, і вы даведзяце мяне да самага камінка. Добра?
— Ко-ко! — яшчэ з большым гонарам вымавіў певень.
Ён нічога не зразумеў, але каб не паказаць, што нічога не зразумеў, важна пайшоў да адчыненых дзвярэй харчэўні. Бураціна схапіў яго пад крылы за бакі, прыкрыўся яго хвастом і на кукішках прабраўся на кухню, да самага камінка, дзе мітусіўся лысы гаспадар харчэўні, круцячы на агні ражны і скавародкі.
— Пайшоў прэч, старое булённае мяса! — крыкнуў на пеўня гаспадар і так паддаў нагой, што певень:
— Ку-дах-тах-тах! — з роспачным крыкам вылецеў на вуліцу да псрапалоханых курэй.
Бураціна, незаўважаны, шмыгнуў міма ног гаспадара і прысеў за вялікім гліняным збаном.
У гэты час пачуліся галасы Карабаса Барабаса і Дурамара.
Гаспадар, нізка кланяючыся, выйшаў ім насустрач.
Бураціна залез у гліняны збан і там прытаіўся.
Бураціна даведваецца пра таямніцу залатога ключыка
Карабас Барабас і Дурамар падсілкоўваліся смажаным парасём. Гаспадар падліваў віна ў шклянкі.
Карабас Барабас, абсмоктваючы парасячую нагу, сказаў гаспадару:
— Дрэнь у цябе віно, налі хіба мне вунь з таго збана! — і паказаў косткаю на збан, дзе сядзеў Бураціна.
— Сіньёр, гэты збан пусты, — адказаў гаспадар.
— Хлусіш, пакажы.
Тады гаспадар падняў збан і перакуліў яго. Бураціна з усяе сілы ўпёрся локцямі ў бакі збана, каб не вываліцца.
— Там нешта чарнеецца, — прахрыпеў Карабас Барабас.
— Там нешта бялеецца, — пацвердзіў Дурамар.
— Сіньёры, скула мне на язык, прастрэл мне ў паясніцу, — збан пусты!
— Калі так, стаў яго на стол — мы будзем кідаць туды косці.
Збан, у якім сядзеў Бураціна, паставілі паміж дырэктарам тэатра лялек і прадаўцом лячэбных п'явак. На галаву Бураціна пасыпаліся абгрызеныя косці і скарынкі.
Карабас Барабас, выпіўшы шмат віна, падставіў да агню бараду, каб з яе капала наліплая смала.
— Пакладу Бураціна на далонь, — выхваляючыся, гаварыў ён, — другой далонню плясну, — мокрае месца ад яго застанецца.
— Нягоднік цалкам гэтага заслугоўвае, — пацвярджаў Дурамар, — але спачатку яму добра было б паставіць п'явак, каб яны выпілі ўсю кроў…
— Не! — стукаў кулаком Карабас Барабас. — Спачатку я адбяру ў яго залаты ключык…
У размову ўмяшаўся гаспадар, — ён ужо ведаў пра ўцёкі драўляных чалавечкаў.
— Сіньёр, вам няма чаго стамляць сябе пошукамі. Зараз я паклічу двух кемлівых малайцоў, — пакуль вы падмацоўваецеся віном, яны хутка абшукаюць увесь лес і прыцягнуць сюды Бураціна.
— Добра. Пасылай малайцоў, — сказаў Карабас Барабас, падстаўляючы да агню вялізныя падэшвы. І паколькі ён быў п'яны ўжо, дык на ўсё горла заспяваў песню:
Дурны і рахманы
Мой народ драўляны.
Уладарнік лялек —
Вось хто я, каб зналі…
Грозны Карабас,
Слаўны Барабас…
Лялькі прада мною
Сцелюцца травою.
Нават і на кралю
Біч не мае жалю,
Біч у сем хвастоў,
Біч у сем хвастоў.
Як махаць ім стану —
Мой народ слухмяны
Песенькі спявае,
Грошыкі збірае
У маю кішэнь,
У маю кішэнь…
Тады Бураціна змененым голасам завыў з глыбіні збана:
— Адкрый таямніцу, няшчасны, адкрый таямніцу!..
Карабас Барабас ад нечаканасці гучна ляснуў сківіцамі і вылупіўся на Дурамара.
— Гэта ты?
— Не, гэта не я…
— Хто ж сказаў, каб я адкрыў таямніцу?
Дурамар верыў у забабоны; апрача таго, ён таксама выпіў шмат віна. Твар у яго пасінеў і зморшчыўся ад страху, нібы грыб смарчок.
Гледзячы на яго, і Карабас Барабас заляскаў зубамі.
— Адкрый таямніцу, — зноў завыў таемны голас з глыбіні збана, — інакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны!
Карабас Барабас паспрабаваў усхапіцца, але не мог нават і прыўзняцца.
— Яку-ку-кую та-та-таямніцу? — спытаў ён, заікаючыся.
Голас адказаў:
— Таямніцу чарапахі Тарцілы.
Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвісла сківіца.
— Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? — нібы вецер у коміне ў асеннюю ноч, правыў голас.
— Адкажу, адкажу, замоўкні, замоўкні! — прашаптаў Карабас Барабас. — Дзверы — у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камінкам…
Толькі ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар.
— Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сіньёр, хоць самога чорта…
І ён паказаў на лісіцу Алісу і ката Базіліо, якія стаялі на парозе. Лісіца пачціва зняла стары капялюш.
— Сіньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, і мы аддадзім вам у рукі нягодніка Бураціна, не сыходзячы з гэтага месца.
Карабас Барабас залез пад бараду ў кішэню камізэлькі, выняў дзесяць залатых.
— Вось грошы, а дзе Бураціна?
Лісіца некалькі разоў пералічыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавіну кату, і паказала лапай:
— Ён у гэтым збане, сіньёр, у вас пад носам…
Карабас Барабас схапіў са стала збан і раз'юшана шпурнуў яго на каменную падлогу. З чарапкоў і кучы абгрызеных костак выскачыў Бураціна. Пакуль усе стаялі, разявіўшы раты, ён, як страла, кінуўся з харчэўні на двор проста да пеўня, які ганарліва разглядаў то адным вокам, то другім здохлага чарвячка.
— Гэта ты мяне выдаў, стары катлетны фарш! — злосна выцягнуўшы нос, сказаў яму Бураціна. — Ну, цяпер імчы што маеш духу…
І ён моцна ўчапіўся ў яго генеральскі хвост. Певень, нічога не разумеючы, растапырыў крылы і кінуўся бегчы на цыбатых нагах. Бураціна — у віхры — за ім, — з гары, цераз дарогу, па полі, да лесу.