Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны
Шрифт:
Бураціна страшэнна захацелася зараз жа пахваліцца, што таямнічы ключык ляжыць у яго ў кішэні. Каб не прагаварыцца, ён сцягнуў з галавы каўпачок і запхнуў яго ў рот.
П'еро ўпрошваў весці яго да Мальвіны. Бураціна пры дапамозе пальцаў растлумачыў гэтаму дурылу, што зараз цёмна і небяспечна, а вось калі развіднее — яны пабягуць да дзяўчынкі.
Прымусіўшы П'еро зноў схавацца пад кусты мімозы, Бураціна прамовіў шарсцяным голасам, паколькі рот яго быў заткнуты каўпачком:
— Шашкажвай…
— Дык вось, — аднойчы ноччу шумеў вецер…
— Пра гэта ты ўжо шашкажваў…
— Дык вось, — працягваў П'еро, — я, разумееш, не сплю і раптам чую: у акно нехта моцна пастукаў…
Сіньёр Карабас Барабас забурчаў: «Каго гэта прынесла ў такое сабачае надвор'е?»
— Гэта я — Дурамар, — адказалі за акном, — прадавец лячэбных п'явак. Дазвольце мне абсушыцца каля агню.
Мне, разумееш, вельмі захацелася паглядзець, якія бываюць прадаўцы лячэбных п'явак. Я ціхенька адхінуў ражок фіранкі і прасунуў галаву ў пакой. І — бачу:
Сіньёр Карабас Барабас падняўся з крэсла, наступіў, як заўсёды, на бараду, вылаяўся і адчыніў дзверы.
Зайшоў цыбаты, мокры-мокры чалавек з маленькім-маленькім тварам, такім зморшчаным, як грыб смарчок. На ім было старое зялёнае паліто, на папружцы віселі абцугі, кручкі і шпількі. У руках ён трымаў бляшаную банку і сачок.
— Калі ў вас баліць жывот, — сказаў ён, кланяючыся, нібы спіна была ў яго зламана пасярэдзіне, — калі ў вас моцна баліць галава ці стукае ў вушах, я магу вам паставіць за вушы паўтузіна найлепшых п'явак.
Сіньёр Карабас Барабас прабурчаў:
— К чорту лысаму, ніякіх п'явак! Можаце сушыцца каля агню колькі ўлезе.
Дурамар стаў спінай да камінка.
Адразу ж ад яго зялёнага паліто пайшла пара і запахла тванню.
— Дрэнна ідзе гандаль п'яўкамі, — сказаў ён зноў. — За кавалак халоднай свініны і шклянку віна я гатовы вам прыставіць да сцягна тузін цудоўных п'явачак, калі ў вас ламата ў касцях…
— К чорту лысаму, ніякіх п'явак! — закрычаў Карабас Барабас. — Ежце свініну і піце віно.
Дурамар пачаў есці свініну, твар яго сціскаўся і расцягваўся, як гумавы. Наеўшыся і напіўшыся, ён папрасіў на люльку тытуню.
— Сіньёр, я сыты і сагрэты, — сказаў ён. — Каб заплаціць вам за вашу гасціннасць, я вам адкрыю таямніцу.
Сіньёр Карабас Барабас пасоп люлькай і адказаў:
— Ёсць толькі адна таямніца на свеце, якую я хачу ведаць. На ўсё астатняе я пляваў і чхаў.
— Сіньёр, — зноў сказаў Дурамар, — я ведаю вялікую таямніцу, яе паведаміла мне чарапаха Тарціла.
Пры гэтых словах Карабас Барабас вылупіў вочы, усхапіўся, заблытаўся ў барадзе, паляцеў проста на спалоханага Дурамара, прыціснуў яго да жывата і зароў, як бугай:
— Шаноўнейшы Дурамар, найдаражэйшы Дурамар, кажы, кажы хутчэй, што табе паведаміла чарапаха Тарціла!
Тады Дурамар расказаў яму наступную гісторыю:
«Я лавіў п'явак у адной бруднай сажалцы каля Горада Дурняў. За чатыры сольда ў дзень я наймаў аднаго беднага чалавека, — ён раздзяваўся, залазіў у сажалку па шыю і стаяў там, пакуль да яго голага цела не прысмоктваліся п'яўкі.
Тады ён выходзіў на бераг, я абіраў з яго п'явак і зноў пасылаў яго ў сажалку.
Калі мы налавілі такім чынам колькі трэба было п'явак, з вады раптам паказалася змяіная галава.
— Паслухай, Дурамар, — сказала галава, — ты перапалохаў усё насельніцтва нашай цудоўнай сажалкі, ты каламуціш ваду, ты не даеш мне спакойна адпачываць пасля снедання… Калі скончыцца гэты непарадак?..
Я ўбачыў, што гэта звычайная чарапаха, і, ніколькі не баючыся, адказаў:
— Пакуль не вылаўлю ўсіх п'явак у вашай бруднай лужыне…
— Я гатова адкупіцца ад цябе, Дурамар, каб ты пакінуў у спакоі нашу сажалку і больш ніколі не прыходзіў.
Тады я пачаў здзекавацца з чарапахі:
— Ах ты, стары плывучы чамадан, дурная цётка Тарціла, чым ты можаш ад мяне адкупіцца? Хіба сваёй касцяной чарапашынай, куды хаваеш лапы і галаву… Я прадаў бы тваю чарапашыну на грабеньчыкі…
Чарапаха пазелянела ад злосці і сказала мне:
— На дне сажалкі ляжыць чароўны ключык… Я ведаю аднаго чалавека, — ён гатовы зрабіць усё на свеце, каб атрымаць гэты ключык…»
Не паспеў Дурамар вымавіць гэтыя словы, як Карабас Барабас залямантаваў з усяе сілы:
— Гэты чалавек — я! я! я! Паважанейшы Дурамар, дык чаму ж ты не ўзяў у чарапахі ключык?
— Вось яшчэ! — адказаў Дурамар і сабраў у маршчыны ўвесь твар, так што ён зрабіўся падобны на вараны смарчок. — Вось яшчэ! Прамяняць найцудоўнейшых п'явак на нейкі ключык… Карацей кажучы, мы пасварыліся з чарапахай, і яна, узняўшы з вады лапу, сказала:
«— Прысягаю — ні ты і ніхто іншы не атрымае чароўнага ключыка. Яго атрымае толькі той чалавек, хто прымусіць усё насельніцтва сажалкі прасіць мяне аб гэтым…
З узнятай лапай чарапаха апусцілася ў ваду».
— Не трацячы ні хвіліны, бегчы ў Краіну Дурняў! — закрычаў Карабас Барабас, паспешліва засоўваючы канец барады ў кішэню, хапаючы шапку і ліхтар. — Я сяду на беразе сажалкі. Я буду ласкава ўсміхацца. Я буду прасіць і маліць жаб, апалонікаў, вадзяных жукоў, каб яны прасілі чарапаху… Я абяцаю ім паўтара мільёна самых тлустых мух… Я буду рыдаць, як адзінокая карова, стагнаць, як хворая курыца, плакаць, як кракадзіл. Я стану на калені перад самым маленькім жабянём… Ключык павінен быць у мяне! Я пайду ў горад, я зайду ў адзін дом, я прабяруся ў пакой пад лесвіцай… Я адшукаю маленькія дзверцы, — міма іх усе ходзяць, і ніхто не заўважае іх. Усаджу ключык у замочную шчыліну…
— У гэты час, разумееш, Бураціна, — расказваў П'еро, седзячы пад мімозай на прэлых лістах, — мне так стала цікава, што я ўвесь высунуўся з-за фіранкі.
Сіньёр Карабас Барабас убачыў мяне.
— Ты падслухоўваеш, нягоднік! — і ён рынуўся, каб схапіць мяне і кінуць у агонь, але зноў заблытаўся ў сваёй барадзе і са страшэнным грукатам, перакульваючы крэслы, расцягнуўся на падлозе.
Не памятаю, як я апынуўся за акном, як пералез цераз плот. У цемры шумеў вецер і хвастаў дождж.