Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны
Шрифт:
— Не думайце, Бураціна, што калі вы біліся з сабакамі і перамаглі, выратавалі нас ад Карабаса Барабаса і ў далейшым паводзілі сябе мужна, дык гэта пазбаўляе вас ад неабходнасці мыць рукі і чысціць зубы перад ядой…
Бураціна так і сеў: вось табе і маеш! — вылупіў вочы на дзяўчынку з жалезным характарам.
Мальвіна выйшла з пячоры і пляснула ў далоні:
— Матылькі, вусені, жукі, жабы…
Не прайшло хвіліны — прыляцелі вялікія матылькі, запэцканыя пылком з кветак. Прыпаўзлі вусені і панурыя жукі-гнаевікі.
На жыватах прышлёпалі жабы…
Матылькі, уздыхаючы крыльцамі, селі на сцены пячоры, каб унутры было прыгожа і каб зямля, што асыпалася, не трапляла ў страву.
Жукі-гнаевікі згортвалі ў шарыкі ўсё смецце на дне пячоры і выкідвалі іх прэч.
Тлусты белы вусень успоўз на галаву Бураціна і, звесіўшыся з яго носа, выціснуў крыху пасты яму на зубы. Хочаш не хочаш, прыйшлося іх пачысціць.
Другі вусень пачысціў зубы П'еро.
З'явіўся заспаны барсук, падобны на калматае парася… Ён браў лапай карычневых вусеняў, выціскаў з іх карычневую пасту на абутак і хвастом вельмі добра вычысціў усе тры пары чаравікаў — у Мальвіны, Бураціна і П'еро.
Пачысціўшы, пазяхнуў: а-ха-ха, — і пайшоў, перавальваючыся з боку на бок.
Заляцеў мітуслівы, стракаты, вясёлы ўдод з чырвоным чубком, які ўставаў дыбам, калі ён з чаго-небудзь дзівіўся.
— Каго прычасаць?
— Мяне, — сказала Мальвіна. — Зрабіце завіўку і прычашыце, я раскудлачана…
— А дзе ж люстэрка? Паслухайце, душачка…
Тады лупавокія жабы сказалі:
— Мы прынясём…
Дзесяць жаб зашлёпалі жыватамі да возера. Замест люстэрка яны прывалаклі люстранога карпа, такога тлустага і санлівага, што яму было ўсё роўна, куды яго цягнуць пад плаўнікі.
Карпа паставілі на хвост перад Мальвінай. Каб ён не задыхаўся, яму ў рот лілі з чайніка ваду.
Мітуслівы ўдод завіў і прычасаў Мальвіну. Асцярожна ўзяў са сцяны аднаго з матылькоў і прыпудрыў ім нос дзяўчынкі.
— Гатова, душачка…
І — ффрр! — стракатым клубком вылецеў з пячоры.
Жабы зацягнулі люстранога карпа назад у возера. Бураціна і П'еро — хочаш не хочаш — вымылі рукі і нават шыю.
Мальвіна дазволіла сесці снедаць.
Пасля снедання, змахнуўшы крошкі з каленяў, яна сказала:
— Бураціна, мой дружа, мінулы раз мы з вамі спыніліся на дыктанце. Прадоўжым урок…
Бураціна захацелася выскачыць з пячоры — куды вочы глядзяць. Але нельга ж было кінуць бездапаможных таварышаў і хворага сабаку! Ён прабурчаў:
— Пісьмовых прылад не ўзялі…
— Няпраўда, узялі, — прастагнаў Артамон. Дапоўз да клунка, зубамі развязаў яго і выцягнуў бутэлечку з чарнілам, пенал, сшытак і нават маленькі глобус.
— Не трымайце ручку сутаргава і вельмі блізка да пяра, інакш вы выпацкаеце пальцы ў чарніла, — сказала Мальвіна. Узняла прыгожанькія вочы да столі пячоры на матылькоў і…
У гэты час пачуўся хруст галля, грубыя галасы, — міма пячоры прайшлі прадавец лячэбных п'явак Дурамар і Карабас Барабас, які ледзь валок ногі.
На лбе ў дырэктара тэатра лялек чырванеў вялізны гуз, нос распух, барада — касмылямі і выпацкана смалой.
Вохкаючы і адплёўваючыся, ён гаварыў:
— Яны далёка не маглі ўцячы. Яны дзе-небудзь тут, у лесе.
Нягледзячы ні на што, Бураціна вырашае выведаць у Карабаса Барабаса таямніцу залатога ключыка
Карабас Барабас і Дурамар павольна прайшлі міма пячоры.
У часе бою на раўніне прадавец лячэбных п'явак, дрыжучы ад страху, сядзеў за кустом. Калі ўсё скончылася, ён пачакаў, пакуль Артамон і Бураціна не схаваюцца ў густой траве, і тады толькі ледзь-ледзь ададраў ад ствала італьянскай сасны бараду Карабаса Барабаса.
— Ну і даў жа вам хлапчук, — сказаў Дурамар. — Прыйдзецца вам паставіць на патыліцу два тузіны самых лепшых п'явак…
Карабас Барабас зароў:
— Сто тысяч чарцей! Хутчэй у пагоню за нягоднікамі!..
Карабас Барабас і Дурамар пайшлі па слядах уцекачоў. Яны рассоўвалі рукамі траву, аглядалі кожны куст, абмацвалі кожную купіну.
Яны бачылі дымок вогнішча каля карэнняў старой сасны, але ім і ў галаву не прыйшло, што ў гэтай пячоры хаваліся драўляныя чалавечкі ды яшчэ расклалі агонь.
— Гэтага нягодніка Бураціна разрэжу складаным нажом на кавалачкі, — бурчаў Карабас Барабас.
Уцекачы прытаіліся ў пячоры.
Што цяпер рабіць? Уцякаць? Але Артамон, увесь забінтаваны, моцна спаў. Сабака павінен быў спаць дваццаць чатыры гадзіны, каб загаіліся раны.
Няўжо ж пакінуць высакароднага сабаку аднаго ў пячоры?
Не, не, ратавацца — дык усім разам, гінуць — дык усім разам…
Бураціна, П'еро і Мальвіна ў глыбіні пячоры, уткнуўшыся насамі, доўга раіліся. Вырашылі: перачакаць тут да раніцы, уваход у пячору замаскіраваць галлём і, каб хутчэй паправіўся Артамон, зрабіць яму спажыўную клізму.
Бураціна сказаў:
— Я ўсё-такі хачу, чаго б гэта ні каштавала, даведацца ў Карабаса Барабаса, дзе тыя дзверцы, якія адмыкае залаты ключык. За дзверцамі захоўваецца штосьці цудоўнае, дзівоснае. І яно павінна прынесці нам шчасце…
— Баюся без вас заставацца, баюся! — прастагнала Мальвіна.
— А П'еро вам нашто?
— Ах, ён толькі чытае вершыкі…
— Я буду абараняць Мальвіну, як леў, — прагаварыў П'еро хрыплым голасам, якім размаўляюць буйныя драпежнікі, — вы мяне яшчэ не ведаеце…
— Малайчына, П'еро, даўно б так!
І Бураціна кінуўся бегчы па слядах Карабаса Барабаса і Дурамара.
Ён іх неўзабаве ўбачыў. Дырэктар тэатра лялек сядзеў на беразе ручая, Дурамар ставіў яму на гуз кампрэс з лістоў конскага шчаўя. Здалёк было чуваць страшэннае бурчанне ў пустым жываце ў Карабаса Барабаса і сумнае папіскванне ў пустым жываце ў прадаўца лячэбных п'явак.
— Сіньёр, нам неабходна падсілкавацца, — гаварыў Дурамар, — пошукі нягоднікаў могуць зацягнуцца да глыбокай ночы.
— Я з'еў бы цяпер цэлае парася і парачку качачак, — панура адказаў Карабас Барабас.
Прыяцелі павалакліся да харчэўні «Трох печкуроў» — яе шыльда віднелася на прыгорку. Але хутчэй, чым Карабас Барабас і Дурамар, кінуўся туды Бураціна, прыгінаючыся да травы, каб яго не прыкмецілі.
Каля дзвярэй харчэўні Бураціна падкраўся да вялікага пеўня, які, знайшоўшы зернетка ці кавалачак кураняцінай кішкі, ганарліва трос чырвоным грабеньчыкам, шаркаў кіпцюрамі і з трывогаю клікаў курэй на пачастунак: