Замалёўкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Iду я з лесу дамоў - кошык паўнюткi адных баравiкоў, ажно вывальваюцца. Параўняўся з хатай, у якой гасцююць керчанцы, i быў вымушаны прыпынiцца, бо яны ўбачылi мяне праз вокны i выскачылi на двор - ледзь дзверы з завесамi не знеслi.
– Ай! Ой! Якi цуд! Якi жах! Дзе быў? А мы ж - нi разу! А ты ж кожны раз!..
А потым маладая жанчына слёзна папрасiла:
– Калi не хочаш, каб у мяне разарвалася сэрца, - не хадзi болей пад нашымi вокнамi з такой прыгажосцю! Вельмi прашу - пашкадуй мяне!
Я прыйшоў дахаты, напiўся вады, скiнуў боты i сеў адпачыць на лаўку. Праз дарогу, на лузе збiралi рамонкi дзве дзяўчынкi - Кацюнька i Iрачка. Назбiралi вялiзныя букеты i iдуць ля нашага плота, аб нечым шчабечуць. Пытаюся ў iх, навошта так многа рамонкаў, а яны адказваюць:
– Сёння ж у цёцi Наташы - дзень нараджэння!
Я i рот раскрыў. Цёця Наташа - гэта ж керчанская жанчына, у якой ледзь сэрца не разарвалася ад маiх баравiкоў.
Я падскочыў з лаўкi, нiбы сядзеў на вострым цвiку, схапiў кош з баравiкамi i - подбегам да суседзяў. Заскокваю ў хату i стаўлю ля ног iмянiннiцы свой падарунак:
– З днём нараджэння! Гэта вам!
– i бачу, як вусны жанчыны заквiтнелi радаснай усмешкай, а ў вачах успыхнуў шчаслiвы агеньчык.
"ЖЫДОЎСКАЯ" ГАРА
Толькi я прыехаў на сваiм "карчу" - "Жыгулях" - у Карпiлаўку, як да мяне прыбегла Левандоўская Надзя i залямантавала скрозь слёзы:
– А мой ты братачка! Памажы ж ты мне! А трэба ж ехаць у Лагойск у суд! А з Карпiлаўкi ж у Лагойск можна трапiць толькi праз Менск! А я б адна i праз Менск даехала, а мне ж патрэбны дзве сведкi! А яны ж на аўтобусе праз Менск ехаць адказваюцца - гэта ж за дзень не справiшся...
– i сыпле, i сыпле...
У мяне аж галава закруцiлася ад такога "наскоку".
– Пачакай, Надзя! Што за суд, што за справы ў Лагойску?..
Высветлiлася, што беднай жанчыне, якая ўжо восьмы дзесятак свайго жыцця пачала ўжываць, трэба ехаць у лагойскi суд i даказваць, што чорнае - заўсёды застаецца чорным...
Надзю, калi яна была дзяўчынай, немцы ў сорак трэцiм годзе пагналi ў Германiю - у рабства. Глынула яна гора, аж горка стала на ўсё жыццё...
I вось сёння састарэлай i спрацаванай жанчыне немцы абяцаюць заплацiць некалькi марак за тое, што рабавалi i зневажалi. Але, аказалася, не проста атрымаць той "гасцiнец" - часу прайшло многа, дакументаў анiякiх, сведкi павымiралi - тупай, чалавеча, у суд, даказвай, што ты ў вайну не цукеркi смактаў, а гора гараваў...
Я згадзiўся звазiць былую падняволеную з сынам i двух сведак у Лагойск карона з маёй галавы ад гэтага не звалiцца.
Ранiца выдалася сонечная, ласкавая. Сведкi - знаёмыя мне з дзяцiнства бабы, гаваркiя i цiкавыя, сама Надзя - таксама свайму языку спакою не давала не паездка, а ўзнагарода за "сухое", афiцыйнае гарадское жыццё.
Зрабiла Надзя ў Лагойску неабходную справу, уцiснулiся мы ў маю машыну i коцiм назад.
Толькi мiнулi шашу, што вядзе на Хатынь, як адна са сведак - Настаровiч Таццяна - i кажа, паказваючы ўправа:
– А вось гэта - Жыдоўская гара!..
Мы зiрнулi на мiльгануўшую гарушку i нiчога не разгледзелi, акрамя зубчатага лесу на ёй.
– Што за гара? Чаму так завецца?
– пытаюся ў Таццяны.
Яна адвяла ад лесу памакрэлыя вочы i ўсхвалявана, нiбы гэта было ўчора, расказала пра няшчасных жыдоў - нашых землякоў з Лагойшчыны.
– Памятаю, - з болем выдыхнула Настаровiч, - як немцы забiралi з нашай вёскi жыдоўскую сям'ю з малымi дзецьмi, сярод якiх быў i мой аднакласнiк Мiша. Ён рос вельмi здатным хлопчыкам, iмгненна рашаў самыя складаныя задачы ў класе... I яшчэ ён быў надзвычай вясёлы - увесь час усмiхаўся, быццам адчуваў, што не дасмяецца ў сваiм жыццi... Калi гналi iхнюю сям'ю, - працягвала Таццяна, - Мiша iшоў па-мужчынску маўклiва, з суровым тварам, а яго пяцiгадовая сястра Кларачка ўсцiлала дарогу слязьмi буйнымi... Плакала i iх мацi, прадчуваючы бяду...
Таццяна сама выцерла слёзы i цiха дадала:
– Столькi гадоў мiнула, а Мiша стаiць перад вачыма як жывы... I за што бедных жыдоў знiшчалi, цi ж не такiя яны, як мы, людзi?..
У машыне стала цiха. Вайна - незажываючая рана для тых, хто з ёй сутыкнуўся...
Цiшыню парушыла Левандоўская Надзя:
– Калi разабрацца, мае вы людцы, на чорта мне iхнiя маркi - на той свет я iх забяру, цi што? Мне сёння кiдаюць падачку за знявечанае жыццё, а хто кампенсуе спаленае, знiшчанае, закатаванае?
Я са здзiўленнем зiрнуў на старую жанчыну, якая "прачытала" мае думкi: дзе знайсцi такую плату, якой можна было б заплацiць сiротам за забiтых бацькоў, бацькам - за спаленых дзетак?..
Пытаюся ў Настаровiч Таццяны:
– А што далей было з Мiшам i яго сям'ёй, з астатнiмi жыдамi? Якi iх лёс?
Таццяна сумна адказала:
– Усiх жыдоў з Лагойскай акругi звозiлi на тую гару i расстрэльвалi. Цэлымi сем'ямi, з дзецьмi, нават з немаўляткамi... А гару тую людзi пачалi зваць не таму, што не шкадавалi цi не любiлi жыдоў, а хутчэй за ўсё ад малаадукаванасцi, ад прастаты сваёй...
Вось i я з'ездзiў у Лагойск, нажыў яшчэ адну душэўную рану. Гэтая рана хвалявала, непакоiла, i праз два тыднi я кажу жонцы:
– Хопiць пароцца ў градах, паедзем на Жыдоўскую гару!
Праз сорак хвiлiн падымалiся мы на яе па пахiленых, зарослых травой бетонных усходцах. "Сустракаў" нас за жалезнай агароджай больш чым сцiплы помнiчак, на якiм - туманны тэкст пра тое, што на гэтым месцы ў час мiнулай вайны былi расстраляны "советские граждане"... Нi слова пра жыдоўскую трагедыю, нi паўслова пра колькасць знiшчаных... Жонку душылi слёзы, ды i мне было цяжка слова вымавiць - настолькi гэтая братняя магiла рабiла моцнае ўражанне сваёй сiроцкасцю, запушчанасцю, безабароннасцю перад часам i людской абыякавасцю...
У рэдакцыi лагойскай раённай газеты "Родны край", куды заехалi з жонкай Таццянай, даведваюся, што на гэтай "Жыдоўскай" гары загублены каля дзевяцi тысяч жыдоў... Жах!
Iмчаць па Лагойскай шашы турысцкiя аўтобусы, едуць людзi ў Хатынь схiлiць свае галовы перад попелам ста сарака дзевяцi жыхароў "вогненнай" вёскi, а побач з гэтай шашой, у якiх-небудзь ста метрах ад яе, - спачываюць у малавядомай "Жыдоўскай" гары астанкi дзевяцi тысяч грамадзян нашай Радзiмы жыдоў...
"ПРАДПРЫМАЛЬНIКI"
Чаго толькi не робiць непрадказальны час з людзьмi! Быў слесарам - стаў прэзiдэнтам нейкай там асацыяцыi. Быў касiрам у захудалай краме - стаў банкiрам. Быў... ды хiба ўсiх пералiчыш? Праўда, ад гэтых пераўтварэнняў дзяржаве карысцi - як з казла малака. Але за час перабудовы зрабiлася тое, аб чым пяецца ў адной даволi несур'ёзнай песнi: "Хто быў нiкiм - той стаў усiм!.."
Вось i ў нашым раёне, а дакладней, у сельсавеце, а яшчэ дакладней, у нашай вёсцы, сталi мужыкi чухаць патылiцы - у якi бок падацца, каб не "стаць усiм", а хаця б "збiць" на бутэльку, бо заробак у калгасе меншы, чым у немаўляткi фiчка, а пахмялiцца хочацца кожны дзень. Тут справа вядомая, як пачнуць пахмяляцца, дык так напахмяляюцца, што заўтра зранку зноў "гараць буксы", а каб iх патушыць, трэба вышукоўваць, як кажуць, "нявыкарыстаныя рэзервы". Атрымлiваецца - хочаш не хочаш, а будзеш iсцi ў нагу з часам, узлезеш на "рыначныя рэйкi".