ЖАНРЫ

Замалёўкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Да гадкоў пяцi яна была дзiця як дзiця - як i ўсе дзецi такога ўзросту: па-свойму прыгожая, тоўсценькiя шчочкi, захапленне ў вочках ад усяго, што яны бачылi, i - бясконцая колькасць пытанняў.

Потым, гадкоў з пяцi, Кацюня пачала не толькi здзiўляцца жыццёвымi з'явамi, а здзiўляць мяне сваiмi адносiнамi да жыцця, да ўсяго, што яе акружае.

Трэба адзначыць, што ўсе мае назiраннi адбывалiся (i адбываюцца) у вёсцы Карпiлаўка, дзе жылi Кацiны дзед i баба. Сёння ў жывых засталася толькi баба Галя.

Вось у гэтую невялiкую вёсачку Кацюню цягне з незвычайнай сiлай. Нарадзiлася ў Менску, а сваёй "малой радзiмай" лiчыць Карпiлаўку. А вядома ж, што многiя вяскоўцы са скуры лезуць, каб лiчыцца "городскими". У Кацi ж свае погляды на жыццёвыя каштоўнасцi. З малых год едзе сюды з бацькамi, з радасцю застаецца тут на ўсё лета i, вiдаць, душой тут спачывае. Каб сказаў, што сяброў цi сябровак тут шмат - дык не. Цi каб ела тут ласункi ды прысмакi таксама не. Звычайныя вясковыя "разнасолы" - бульбiна, пералежаная скварчына, малако...

Дык вось, прыкладна з пяцi гадоў Кацюня пачала цвёрда станавiцца на ўласныя ногi. Куды б нi падалася баба Галя - за ёй, як хвосцiк, Кацюня. Баба у хлеў выкiдваць гной, Каця - за ёй. I не проста стаiць ля яе, а дапамагае, наколькi дазваляюць сiлы. Баба - у гарод, Каця - ужо тут, порацца, праполвае. Баба - кармiць свiней, даiць карову, Каця - пры ёй. Пабяжыць, шчаўя назбiрае, збегае ў лес (адна!), прынясе баравiчкоў, у хаце прыбярэ, нешта мые, штосьцi зашывае... Дзiва! Не Каця, а Папялушка з казкi!

Здаецца, пашлi яе зiмой у лес назбiраць пралесак - прынясе i iх.

Вось так, без прымусу, з радасцю, з лёгкасцю, нават з нейкай патрэбай, Каця бярэ ў свае рукi тое, да чаго не надта хочуць дакранацца i некаторыя дарослыя.

Яна даўно на "ты" з жыццёвымi складанасцямi. Сёння - яна спраўляецца i з канём, i спрабуе касiць, i бярэ сякеру ў рукi - i ўсе свае шматлiкiя справы ўкладвае ў тры словы: "Бабулi трэба ж дапамагаць!"

А якiя цудоўныя цацкi яна вырабляе ды вышывае з рознакаляровых кусочкаў тканiны! Тут i лялькi, i звяркi, i птушкi - у краме падобных вырабаў не бачыў!

Такiя вось летнiя справы ў Кацi. Зiмой жа яна цалкам прысвячае сябе i свой час вучобе, якую спалучае з курсамi па вывучэнню ангельскай мовы. Што ж сур'ёзны чалавек да ўсяго ставiцца сур'ёзна.

У вас можа скласцiся ўражанне, што яна - "хлопчыкападобная" дзяўчынка, якая кампенсуе працавiтасцю недахоп дзявочай чароўнасцi.

О не! Не дай Божа (цi дай Божа) зiрнуць вам на гэту прыгажосць, на гэты цудоўны бутон! Закахаецеся!

Сёння ёй - пятнаццаць! Прыгожая i стройная, ветлiвая i сцiплая, яна заслугоўвае лёсу казачнай Папялушкi, якая спаткала свайго прынца. Калi глядзiш на Кацю, радуецца сэрца - не ўсё дрэнна ў жыццi.

Шчасця табе, чароўная дзяўчынка!

ПАМIЖ НЕБАМ I ЗЯМЛЁЙ

Надышла i мая пара iсцi служыць у войска. Спачатку прызыўная ваенная камiсiя зрабiла заключэнне: "Годзен для службы ў надводным флоце", што выклiкала з майго боку бурлiвую радасць - надта ж мне падабалася марская форма. Тады мяне не засмуцiла тое, што на флоце трэба служыць на год больш, чым у войску, - аж чатыры гады. Карпiлаўскi Пеця Слiжук служыў на флоце, а чым я горшы?

Потым прыйшла павестка, i я апынуўся ў войску - i дзякуй Богу! Тры гады маладога жыцця, няхай i ваеннай няволi - тэрмiн не малы.

Прызвалi мяне з Карпiлаўкi, i пачаўся мой "пачэсны абавязак". Усё было добра, але падчас маёй службы брат Косцiк забраў старых бацькоў з вёскi ў Менск, дзе ён, працуючы токарам, атрымаў у драўляным бараку дзесяцiметровую каморку на Вознiцкiм завулку. I зажылi яны ўтраiх на дзесяцi метрах, як тыя паны на хамутах. Жывуць, перабiваюцца на Косцiкаву мiзэрную зарплату, бо бацькам за дзесяцiгоддзi дармавой працы ў калгасе, згодна савецкiх законаў, дзяржава, замест пенсii, выставiла фiгу (прабачце, не фiгу, а цэлых дзве маме i тату).

Праляцелi тры гады маёй службы, з'еў я не адзiн кацёл салдацкай кашы, i выдаюць мне на рукi прыпiсное пасведчанне, у якiм чорным па беламу, зноў жа, згодна савецкiх законаў, я накiроўваўся туды, адкуль прызваўся, - у Карпiлаўку Лагойскага раёна. Адпаведныя дакументы былi адпраўлены i ў Лагойскi райваенкамат, дзе я павiнен быў стаць на ваенны ўлiк.

Я ў штабе палка паспрабаваў тлумачыць, што за тыя гады, што я служыў Радзiме, сёе-тое змянiлася ў маiм жыццi, што ў Карпiлаўцы мяне нiхто не чакае, але штабныя пацукi адказалi:

– Нiчога не хочам ведаць! Кругом марш!..

I паехаў я на Вознiцкi завулак "нелегалам", i пасялiўся на два з паловай метры, бо дзесяць лёгка дзелiцца на чатыры.

Тады я i не думаў, i не снiў, што сiмвалiчныя i непазбеглыя два з паловай метры чакаюць кожнага ў канцы жыцця. Гэта цяпер я такi разумны, а тады я, аддаўшы Радзiме свой доўг, працягваў любiць яе, лiчыў яе самым дарагiм i неабходным у жыццi. "Ружовыя акуляры" не дазвалялi мне ўявiць, што ёй я не патрэбен. Ёсць я цi не - ёй аднолькава, ёй усё роўна...

Пачалiся мае шматмесячныя i шматлiкiя пакуты. Мне цяжка было зразумець, чаму мяне, не злодзея, не п'янiцу, чэснага чалавека, выганялi адусюль, куды толькi я нi стукаўся. Бралi ў рукi маё прыпiсное пасведчанне i злосна, у адзiн голас абуралiся:

– Чаго ты да нас прыпёрся? Едзь у сваю Карпiлаўку!..

О, я бы з радасцю паехаў туды, але ж там нi сваякоў, нi калгаснай гасадаркi, нiчога, за што можна было б зачапiцца. I ружовыя акуляры пачыналi шарэць...

Калi дзесяць метраў жылой плошчы цярпелi нас, то братава зарплата не вытрымлiвала чатырох чалавек, мы падгаладоўвалi, не кажучы пра тое, што я не мог зняць з плячэй салдацкай робы. А прыбрацца вельмi хацелася - малады ж.

На працу мяне нiдзе не бралi, бо я быў без прапiскi. У казённых абiнетах, дзе я намазолiў вочы, ад мяне кiдалiся ледзь не на сцены, як ад заразнага. У якi бок я нi крануся - усюды была мёртвая сцяна раўнадушша i абыякавасцi. Зноў, як i ў маленстве, мне даставалiся братавы старыя штаны, якiя я "падфасоньваў", даношваў яго кашулi, з дня на дзень мама варыла буракi, бо гэта была самая танная яда.

Зрэдзь удавалася разгрузiць вагон, але i там усталявалiся свае парадкi, склалiся свае брыгады - чужых блiзка не падпускалi...

Поделиться с друзьями: