ЖАНРЫ

Замалёўкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Аказваецца, не ўсё тое, што можна рабiць малым, дазваляецца старым.

КУДЫ МЫ IДЗЁМ?

У Менску, у Нацыянальным мастацкiм музеi, некалькi гадоў назад адбылася выстаўка твораў нямецкай мастачкi-авангардысткi. "Сюжэты" ўсiх работ аднолькавыя - сiнiя, жоўтыя, зялёныя ды чырвоныя плямы i палосы перамешвалiся, перакрэслiвалiся. Магчыма, гэта трэба разумець - я не спецыялiст, не зразумеў. Думаў, што назвы карцiн прыадкрываюць завесу таямнiчасцi. Чытаю: "Куды мы iдзём?.." Падыходжу да другой, трэцяй, iншых карцiн - назва тая ж... Зусiм заблытаўся я i пайшоў з залы...

У пяцiдзесятыя - шасцiдзесятыя гады ў калгасах за працу амаль нiчога не плацiлi. Але ўсё ж людзi пачалi пакрысе абжывацца - мелi кароўку, гадавалi аднаго-двух парсюкоў, трымалi курэй, садзiлi бульбу, гароднiну.

Моладзь хоць i гвалтоўна, але затрымлiвалi на зямлi. Здавалася, што жыццё iдзе ўгару, што з кожным крокам, з кожным годам будуць набiрацца моцы i калгасная, i сялянская гаспадаркi. Я быў i сведкам, i ўдзельнiкам тых падзей.

Потым, застаючыся жыхаром сваёй вёскi i няхай блудным, але сынам сваёй зямлi, з горыччу бачыў, як адмiрае вёска, як дзiчэе i гiне зямля.

Як толькi спынiлi гвалтоўнае трыманне моладзi ў вёсцы - моладзь пацягнулася да лёгкага жыцця - у горад. У вёсцы яе нiчога не трымала. Рубель быў i тады не на апошнiм месцы ў жыццi, але дзяржава афiцыйна настойвала на тым, што грошы - зло.

Так. У горадзе былi хоць якiя забавы, быў хоць якi заробак, у вёсцы не было нi забаў, нi рубля. I гэта - адна з галоўных трагiчных памылак, якая паскорыла падзенне будынка, пад якi не паклалi падмурак.

Прайшло сорак год горкiх маiх назiранняў, а ўперад - нi кроку.

Тыя нямногiя мае аднагодкi i людзi больш сталыя з апошнiх сiл трымаюць вёску, не даюць канчаткова рухнуць абяссiленаму i абяскроўленаму сялянскаму побыту. Цi надоўга хопiць сiл?..

А якое дачыненне маюць тыя абстрактныя работы нямецкай мастачкi да нашай змардаванай вёскi? Думаю - прамое.

Калi ў мастацтве маюць права на жыццё i рэалiзм, i авангардызм, i ўсялякi "iзм", то зямля не церпiць "абстракцыянiстаў". Ёй патрэбен толькi прафесiйны рэалiзм.

Гледзячы на абстрактныя адносiны да зямлi i людзей на ёй, мiжволi думаеш: "Куды мы iдзём?"

ТАВАР - ГРОШЫ - ТАВАР

Мiшка (царства яму нябеснае) наведаў пры жыццi суседа Адама (дзякуй Богу, яшчэ жывы).

– Здарова, Адаме!

– Адкуль яно, Мiхаська, тое здароўе?!

– А што будзем рабiць?
– пытаецца Мiшка i ведае, што Адам, як заўсёды, дасць добрую параду.

Адам раiць:

– Здароўе патрабуе дагляду! Яго неабходна пастаянна падтрымлiваць!
– i, падумаўшы, дадае: - Калi ёсць чым падтрымлiваць...

– Ёсць!
– ускочыў Мiшка i дастаў з кiшэнi роўна столькi, колькi каштуе пляшка з "лякарствам". Але грошы са сваёй рукi не выпускае, а папярэджвае суседа: - Ахвярую з адной умовай: пляшку купiш толькi ў маёй Бронi! (Броня яго жонка.)

– Чаму ў яе?
– пытаецца Адам.

– Таму, - тлумачыць Мiшка, - што гэтыя грошы я толькi што "пазычыў" у яе з панчохi i лiчу за абавязак, каб яны вярнулiся роўненька дамоў. Зразумеў?

– Не дурань, дзякуй Богу!
– i Адам падаўся да суседкi.

Броня радасна прыняла ў Адама "навар" i выдала яму запаветную пляшку.

Адам вярнуўся да сябра, i той не ўтрымаўся ад тоста:

– А я ў школе нiяк не мог зразумець Маркса, што гэта за формулу ён прыдумаў: "тавар - грошы - тавар". Сёння бачу, што не зусiм дурны ён быў чалавек!

Цi то дзякуючы Марксу, цi то Мiшкавай кемлiвасцi, але грошы з Бронiнай панчохi кожны дзень спраўна траплялi да Адама, i ён спраўна адносiў iх гаспадынi, абменьваючы на "тавар".

Аднойчы стрэльнула здагадка Бронi ў мазгi, i яна не толькi пералiчыла грошы, але i запiсала iх нумары. Запiсала i жахнулася - яе родненькiя грошы гуляюць туды-сюды, а гарэлка задарма вандруе ў суседнюю хату.

"Ах, так!
– узвiнцiлася яна.
– Ну, я вам пакажу!" - i замест гарэлкi налiла ў пляшку вады. Налiла i ветлiва - Адаму:

– На здароўечка, Адамка! Прыходзь яшчэ!..

Вярнуўся яе Мiшка дамоў збянтэжаны i цвярозы, цыгарку смалiць ды моўчкi пасапвае.

– Што гэта ты сёння, як нашкодзiўшы кот?
– смяецца Броня.
– Няўжо ў Адама зачынiлася крама?

Мiшка збянтэжыўся яшчэ больш i ляпнуў:

– Што я?! Шкада Маркса - не спрацавала яго формула!

ДУРНОТА

Адчыняюцца сенцы, i на ганак выходзiць узрушаная жанчына, адпiхвае нагой худога сабаку i крычыць суседцы:

– Ты чула? Хулiа з Жулiяй пасварылiся i сёння не размаўлялi!

Суседка бразнула аб зямлю вядро з конскiм калам i схапiлася мурзатымi рукамi за галаву:

– Ды што яны, здурнелi?! Учора Рыкарда з Алiвiяй за дзве гадзiны нi разачку не пацалавалiся, а сёння Хулiа i Жулiя пайшлi наперакасяк! Як гэта я прапусцiла такое?..

На вулiцу пачалi выходзiць жанчыны з другiх хатаў.

– Ды што там Хулiа?!
– кiпяцiцца "падмога".
– Вунь Паула наставiла рогi Радрыгасу! Вось гэта дык да!

– А з кiм? З кiм наставiла рогi?
– закрычалi адразу некалькi састарэлых жанчын, якiя ў сваёй маладосцi не ведалi, што гэта такое - "наставiць рогi".

– З Мэйсанам! З кiм жа яшчэ?! Не з Хуанам жа!

– А што Хуан зрабiў табе дрэннага? Ён што, гарод табе стаптаў?

– Ды твой Хуан у параўнаннi з Карласам як чарвiвы казляк побач з баравiком!..

Я стаю, здаецца, у роднай вёсцы i не магу крануцца з месца, каб iсцi ў сваю хату. Куды я трапiў? Цi мая гэта вёска? Дзе я - у Аргенцiне, Бразiлii цi Амерыцы?

Не! Дзякуй Богу, не! Ды i жанчыны гэта нашы, беларускiя, вясковыя. Вунь на iх - драныя ватоўкi, скрыўленыя, стаптаныя, крыху маладзейшыя за iх, боты, кожная мае ў роце два-тры зубы...

Бедныя бабы!.. Затуманiлi iм мазгi розныя бяздарныя тэлесерыялы.

КАЛЮЧАЕ МАСЛА

– I якога ражна трэба майму малаку?!
– скардзiцца гаспадыня суседцы. Здыму смятанку - смятанка густая, палец не лезе, перакулю яе ў бойку, збiваю-збiваю, каб масельца зрабiць...

– I што?
– цiкавiцца суседка.

– А нiчога!
– адказвае гаспадыня.
– Адна сыроватка ў бойцы. А куды што дзяваецца - дзiва нейкае!

– Нячыстая сiла!
– коратка i рашуча заключае суседка.

Поделиться с друзьями: