Замалёўкi (на белорусском языке)
Шрифт:
А бульбачка ж была з храсткамi - нядоўга чакаць маладой...
– Не вешай носа, матка!
– супакоiў старэйшы сын.
– У наступныя выхадныя, магчыма, i табе пасадзiм бульбу - сёння ж няма часу. Справы!.. Ды i сярэдзiну ломiць...
Цяжка было чуць састарэлай мацi, якая перанесла горы гора, прайшла праз мора пакутаў, выхавала дзяцей, як яны называюць яе "маткай". Слова "мама" - ад Бога, ад самых глыбiнь жыцця, i... чамусьцi гэта слова перасталi выгаварваць вусны яе родных дзяцей. Адцуралiся яны ад самага першага ў сваiм жыццi слова... А не так яшчэ даўно нават нявесткi, зазiраючы ёй у вочы i адначасова - у кубёлак, называлi яе "мамай". Няўжо, каб прагучала слова "мама", пад яго трэба класцi кавалак сала цi каўбасу?..
Пакуль гэтая гаркота апякала сэрца старой жанчыны, селi ў машыны дзецi з унукамi, i толькi пыл з-пад колаў шугануў у бабулiны памакрэлыя вочы.
Доўга i нерухома стаяла яна ля мяжы, якая аддзялiла ад яе дзяцей, якая балючай ранай пралягла па сэрцы...
У КОЖНАГА - СВАЁ
Споўнiлася часопiсу "Полымя" цi то семдзесят, цi то семдзесят пяць гадоў, не памятаю. Сяргей Законнiкаў, галоўны рэдактар часопiса, запрасiў i мяне:
– Будзе сцiпла, але пасядзiм, пагутарым, па чарцы кульнём...
Падвялi "палымянцы" свае вынiкi, пагаварылi аб справе, абмеркавалi планы, i перайшлi мы да "неафiцыйнай" часткi.
У невялiчкiм пакойчыку паставiлi адзiн да аднаго два сталы, "заабрусiлi" iх паперай i на гэтую ж паперу расклалi бутэрброды - тоненька парэзанае сала, пакладзенае на лустачкi хлеба, i нейкая каўбаса. Тут жа - распалавiненыя яблыкi i, канешне ж, гарэлка. Як той казаў, вяселле справiць можна.
Было нас прыкладна чалавек з пятнаццаць, i сярод iншых - Iван Шамякiн i Нiл Гiлевiч.
Налiлi па чарцы i, пасля кароткага тосту - глыкнулi. Паласкавела! Ядзiм сала з хлебам, грызём яблычкi.
Законнiкаў, будучы гаспадаром, i кажа:
– Выбачайце, што гэтак сцiпла, без талерак i вiдэльцаў...
– Нiчога! Нiчога!
– загаманiлi ўсе.
– Няхай сабе так, ды каб часцей было!
Тут адна са знакамiтасцяў гiстарычна-павучальна зазначае:
– Ведаеце, сябры! А пасля ж вайны вось гэтак i было - клалi сала на хлеб, бралi рукамi i елi. Якiя там талеркi ды вiдэльцы!..
Душу маю, пасля ягоных "скаргаў", запоўнiла цемра пасляваенных успамiнаў... О-о, каб нам тады, у першыя пасляваенныя гады, ды з'есцi кавалачак сальца! Цi хоць бы скарыначку хлеба!
Што ж, кожнаму дасталося сваё...
ЗАСЛУЖЫЎ - СПАЖЫВАЙ!
Чым можна ўзнагародзiць чалавека за сумленную працу?
Пералiчвайце ўзнагароды хоць да заканчэння вякоў, а адной узнагароды ўсё ж не назавеце. Не дадумаецеся!
Што тыя грошы! Што тыя рэчы! Што тыя паперы з партрэтам самага чалавечнага чалавека! Дробязi!
Ёсць такi падарунак, унiкальны, адзiны ў свеце, якi атрымаў мой тата i якi сёння захоўваецца ў мяне.
Перад тым як падысцi да таямнiчай узнагароды, зраблю невялiчкi ўступчык.
Вядома, што калгаснiкам за працу не плацiлi пенсiю. Не плацiлi, i ўсё тут. Не плацiлi пенсiю i маiм бацькам - такая была ў нас дзяржава.
I вось калi бацькоў, спрацаваных i хворых, забраў у Менск да сябе брат Косцiк i ягонай зарплаты не хапала нават на яду, тата пайшоў шукаць сабе работу. Ён яе i знайшоў - уладкаваўся вартаўнiком на заводзе "Прамбурвод".
Тата, як i ўсё сваё папярэдняе жыццё, аднёсся да новых абавязкаў сумленна, з адказнасцю. Ён нiколi не спазняўся на працу, не пiў, пiльна ахоўваў тэрыторыю завода, усе пабудовы i жалязякi.
Другiя вартаўнiкi маглi i напiцца, i спалi на прахадной да ранiцы, пакуль iх не будзiлi рабочыя, а тата старанна выконваў свае абавязкi.
I вось начальства заўважыла "перадавiка" i вырашыла ўзнагародзiць чалавека, каб той адчуў шчырасць i шчодрасць кiраўнiцтва. Прымай, чалавеча, падарунак, спажывай! Калi ўжо калгас цябе абрабаваў, дык тут сталiчная шарага ўсё кампенсуе i маральна, i матэрыяльна!
Паслалi тату ў фотастудыю, каб ён сфатаграфаваўся i прынёс у прафком фотакартку.
Тата зноў жа добрасумленна выканаў загад начальства, прынёс згаданую фотакартку ў прафком, спадзеючыся, што яе будуць чапляць на нейкую Дошку пашаны. Гэта ж быў тады сацыялiстычны гонар - ледзь не Нобелеўская прэмiя.
Якое ж было яго здзiўленне, калi праз некалькi дзён ягоную ж фотакартку яму ж урачыста ўручылi ў прафкоме. Папляскалi ў далонi i выпхнулi тату за дзверы.
Праўда, на адвароце фотакарткi з'явiўся надпiс з круглай пячаткай. Прыводжу яго даслоўна:
"За добросовестный труд и хорошую трудовую дисциплину наградить именной фотографией.
Директор завода Масловский
Председатель профкома Барташевич
4.XI.67".
Дзе яшчэ ў свеце дадумаюцца да такога?!
ПЕРШЫ ГРОМ
У маленстве амаль усе мы баялiся грымотаў ды перуноў. Думаю, што i ў дарослых асляпляльныя маланкi ды навальнiчныя выбухi не выклiкаюць у душы асалоду.
I вось, каб супакоiць малечу, дарослыя раiлi нам: "Як толькi пачуеце першы гром - хуценька куляйцеся праз галаву!"
Мы спраўна кулялiся, сумяшчалi карыснае з прыемным i адчувалi, што наступныя грымоты пужалi нас меней. Вось такi псiхалагiчны фактар дапамагаў нам, зусiм малым i даверлiвым, пераадольваць страх.
Маланкай прамiльгнула амаль усё жыццё, i год за годам сустракаеш першы гром спакойна i без страху. Шчыра кажучы, я i забыўся пра тыя дзiцячыя куляннi па траве. Забыўся, але нечакана быў вымушаны пра iх успомнiць.
Прыехаў я ў траўнi з Менска ў Карпiлаўку, згрузiў свае клункi ў хату, узяў хлеб i пайшоў да суседкi - праведаць. Адчыняю дзверы, вiтаюся, кладу хлеб на стол i распытваю пра здароўе, пра справы. Яна, у сваю чаргу, распытвае мяне пра мае справы, запрашае сесцi. Калi я глянуў на суседку, ажно ў яе пад вокам "лiхтар" гарыць. Такi сiнячышча, аж вока заплыло. Хто ж ёй засвяцiў гэтак? Муж яе памёр, а болей у хаце нiкога няма.
Раблю выгляд, што нiчога не заўважаю, бо пра такое не пытаюцца.
Тут яна сама ўсмiхаецца i паказвае пальцам на сваё вока:
– Гэта ж учора быў першы гром, каб яму заняло!
Я здзiўлена гляджу на "лiхтар" i нiяк не магу скумекаць, якое дачыненне мае першы гром да падбiтага вока.
Тады суседка, якой ужо пад семдзесят гадоў, тлумачыць:
– Гэта ж я, старая дурнота, пачуўшы першы гром, выскачыла на двор i кульнулася праз галаву. Ды так бразнулася, што каленам ледзь вока не высадзiла...