ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

— Чаму?

— Кожнаму дзіцяці патрэбна пэўная стымуляцыя, а Цімі жыве тут, як у адзіночным зняволенні. Я раблю яму ўсё, што мне па сіле, але ж я не ўвесь час каля яго, акрамя таго, у мяне няма мажлівасці даць яму ўсё, што яму трэба. Я хачу сказаць, доктар Хоскінс, што яму трэба гуляць з якім-небудзь іншым хлопчыкам.

Хоскінс паволі схіліў галаву.

— На жаль, мы маем усяго толькі аднаго такога хлопчыка. Беднае дзіця!

Пачуўшы гэта, міс Фэлоўз адразу памякчэла.

— Вы ж любіце Цімі, праўда? — Было так прыемна ўсведамляць, што яшчэ нехта мае да дзіцяці цёплыя пачуцці.

— Вядома, — адказаў Хоскінс, на секунду страціўшы самакантроль, і за гэты кароткі міг ёй удалося заўважыць у яго вачах стомленасць.

Міс Фэлоўз адразу ж адкінула намер давесці свой план да канца.

— Вы выглядаеце вельмі стомленым, доктар Хоскінс, — са шчырым спачуваннем сказала яна.

— Вы так думаеце? Я пастараюся выглядаць больш бадзёра.

— Мне здаецца, што «Стасіс Інкарпарэйтэд» не дае вам ні хвіліны спакою.

Хоскінс паціснуў плячыма.

— Ваша праўда. У аднолькавай ступені ў гэтым вінаватыя жывёла, расліны і мінералы, якія цяпер ёсць у нас. Дарэчы, міс Фэлоўз, вы, мабыць, яшчэ не бачылі і нашых экспанатаў.

— Праўду кажучы, не… Але зусім не таму, што мяне гэта не цікавіць. Я ж была вельмі занятая ўвесь гэты час.

— Ну цяпер жа вы ўжо больш свабодная, — падпарадкоўваючыся нейкаму раптоўна прынятаму рашэнню, сказаў Хоскінс. — Я зайду па вас заўтра раніцою ў адзінаццаць і сам усё вам пакажу. Вам гэта падыходзіць?

— Цалкам, доктар Хоскінс, я буду вельмі рада, — усміхнуўшыся, адказала яна.

Ён кіўнуў, усміхнуўся ў адказ і выйшаў.

Увесь астатак дня міс Фэлоўз у вольны ад работы час штосьці сама сабе напявала. І сапраўды ж, хоць нават сама думка пра гэта здавалася ёй надзвычай дзіўнай, але ж усё гэта было падобна… амаль падобна на тое, што ён прызначыў ёй спатканне.

* * *

Абаяльны і прыязны, ён з'явіўся на другі дзень дакладна ў назначаны час. Замест звыклага рабочага халата яна надзела на гэты раз сукенку. Дарэчы будзе сказаць, даволі старамоднага крою, але тым не менш ужо многа гадоў яна не адчувала сябе такой прывабнай.

Ён сказаў ёй некалькі стрыманых кампліментаў, і яна прыняла яго ўхвалу ў такой жа стрыманай манеры, падумаўшы, што гэта цудоўны пачатак. Аднак адразу ёй прыйшла ў галаву другая думка: «А ўласна кажучы, пачатак чаго?»

Каб адагнаць ад сябе такія думкі, яна паспяшалася развітацца з Цімі, паабяцаўшы яму, што хутка вернецца.

Хоскінс павёў яе ў новае крыло будынка, дзе яна да гэтага часу ні разу не была. Тут яшчэ захаваўся пах, уласцівы новым, толькі што збудаваным памяшканням. Аднекуль даносіліся прыглушаныя гукі, якія даволі яскрава сведчылі пра тое, што будаўнічыя работы яшчэ не скончаны.

— Жывёла, расліны і мінералы, — зноў, як і напярэдадні, вымавіў Хоскінс. — Жывёла знаходзіцца тут — гэта найбольш яркі з нашых экспанатаў.

Уся ўнутраная частка будынка была падзелена на некалькі памяшканняў, кожнае з якіх уяўляла сабой асобную камеру Стасіса. Хоскінс падвёў яе да агляднага акна адной з іх, і яна зазірнула ўнутр. Істота, якая паўстала перад яе позіркам, здалася ёй спачатку чымсьці накшталт пакрытай лускою курыцы. Пагойдваючыся на двух худых лапках, істота гэтая бегала па камеры, імкліва паварочваючы з боку на бок зграбную птушыную галаву. На невялікай галаве дзіўнай істоты быў касцяны нарост, падобны на пеўнеў грэбень. Пальцападобныя адросткі кароткіх пярэдніх канечнасцей безупынна сціскаліся і растульваліся.

— Гэта наш дыназаўр, — сказаў Хоскінс. — Ён тут ужо некалькі месяцаў, і я не ведаю, калі мы зможам расстацца з ім.

— Дыназаўр?

— А вы чакалі ўбачыць гіганта?

Яна ўсміхнулася, і на яе шчоках паявіліся ямачкі.

— Мне здаецца, што некаторыя менавіта так іх сабе і ўяўляюць. Я ведаю, што існавалі дыназаўры і невялікіх памераў.

— Паверце, што мы імкнуліся дастаць менавіта маленькага дыназаўра. Звычайна яго ўвесь час вывучаюць, але цяпер, відаць, яму далі перадыхнуць. З яго дапамогай удалося зрабіць сякія-такія адкрыцці. Так, напрыклад, ён не цалкам халаднакроўная жывёліна. Ён валодае здольнасцю, праўда, недасканалай, падтрымліваць унутраную тэмпературу цела вышэй за тэмпературу навакольнага асяроддзя. На жаль, гэта самец. З таго самага часу, як ён паявіўся тут, мы не спыняем спроб зафіксаваць другога дыназаўра, які можа аказацца самкай, але да гэтага часу нам не шанцавала.

— А навошта патрэбна менавіта самка?

У вачах у яго мільганула яўная насмешка.

— У такім выпадку ў нас з'явілася б даволі рэальная мажлівасць атрымаць аплодненыя яйкі, а значыць, і дзяцей дыназаўра.

— Ах, так.

Ён павёў яе да аддзялення трылабітаў.

— Перад вамі прафесар Дуйэн з Вашынгтонскага ўніверсітэта, — сказаў Хоскінс. — Ён спецыяліст па ядзернай хіміі. Калі мяне не падводзіць памяць, ён займаецца выяўленнем ізатопнага саставу кіслароднай вады.

— З якою мэтаю?

— Гэта дагістарычная вада. Ва ўсякім выпадку, узрост яе вызначаецца, прынамсі, паўмільярдам гадоў. Ізатопны састаў дазваляе вызначыць тэмпературу акіяна ў тую эпоху. Самога Дуйэна трылабіты не цікавяць, іх анатаміраваннем займаюцца другія вучоныя. Ім пашанцавала: ім патрэбны толькі скальпелі і мікраскопы, тым часам як Дуйэну даводзіцца дзеля кожнага доследу ўстанаўліваць складаны мас-спектрограф.

— Але чаму? Хіба ён не можа?..

— Не, не можа. Яму нічога нельга выносіць з гэтага памяшкання да таго часу, пакуль існуе хоць нейкая мажлівасць пазбегнуць гэтага.

Тут былі таксама сабраны ўзоры першабытнай расліннасці і абломкі скал — гэта і былі расліны і мінералы, пра якія раней Хоскінс успамінаў. У кожнага экспаната меўся свой даследнік. Усё гэта нагадвала музей, які ажыў і стаў цэнтрам актыўнай навуковай дзейнасці.

— Усё гэта пад вашым непасрэдным кіраўніцтвам, доктар Хоскінс?

— Ды не, міс Фэлоўз, дзякаваць Богу, у мяне вялікі штат супрацоўнікаў. Мяне цікавіць толькі тэарэтычны бок праблемы: сутнасць Часу, тэхніка мезоннага выяўлення аддаленых у часе аб'ектаў і таму падобнае. Усё гэта я ахвотна памяняў бы на метад выяўлення аб'ектаў, аддаленых у часе менш чым на дзесяць тысяч гадоў. Калі б нам удалося пранікнуць у гістарычную эпоху…

Яго перабіў нейкі шум у адной дальняй камеры, адкуль пачуўся чыйсьці высокі злосны голас. Хоскінс нахмурыўся, на хаду папрасіў прабачэння і паспешліва пайшоў туды.

Шпарка, як толькі магла, міс Фэлоўз амаль бягом кінулася за ім.

— Няўжо вы не можаце зразумець, што мне неабходна было закончыць вельмі важную частку маіх доследаў? — крыкліва пытаўся пажылы мужчына з рэдзенькай бародкай на чырвоным твары.

Служачы ў форме, на лабараторным халаце якога былі вышыты літары «СІ» («Стасіс Інкарпарэйтэд»), сказаў Хоскінсу:

Поделиться с друзьями: