Замежная фантастыка
Шрифт:
— Так. Баюся, што і я спачатку палічыла яго за дзіця малпы, — секунду павагаўшыся, адказала яна.
— Кім бы ён там ні быў, а пакуль што ён вельмі шмат зрабіў для нас. Ён жа прынёс славу «Стасіс Інкарпарэйтэд». Мы цяпер на кані, так, мы на кані.
Відаць, яму не цярпелася падзяліцца з кім-небудзь сваім трыумфам, хай сабе нават з ёй, з міс Фэлоўз.
— Як жа вам удалося гэта зрабіць? — спыталася яна, даючы тым самым Хоскінсу магчымасць выказацца.
Засунуўшы рукі ў кішэні, Хоскінс працягваў:
— Дзесяць гадоў мы працавалі, маючы вельмі абмежаваныя сродкі, дабываючы дзе толькі можна літаральна кожны пенс. Мы былі проста абавязаны стварыць адразу нешта эфектнае, хай сабе дзеля гэтага давялося ўсё паставіць на карту. Запэўніваю вас, гэта была катаржная праца. Спроба выклікаць з глыбінь вякоў гэтага неандэртальца каштавала нам усіх грошай, якія ўдалося назбіраць, дзе пазычаючы, а дзе і крадучы, так, так, крадучы. На здзяйсненне гэтага эксперыменту пайшлі сродкі, асігнаваныя на іншыя мэты. Іх мы скарысталі без дазволу. Калі б вопыт не ўдаўся, са мною было б скончана.
— Таму ў доміку няма столі? — перапыніла яго міс Фэлоўз.
— Што вы сказалі?
— Вам не хапіла грошай на столь?
— А! Бачыце, гэта было не адзінай прычынаю. Па праўдзе кажучы, мы не маглі адгадаць дакладны ўзрост неандэртальца. Нашы мажлівасці дакладнага выяўлення асаблівасцей аб'екта, так аддаленага ад нас у часе, пакуль што абмежаваныя, і ён мог аказацца істотаю велізарнага росту, а ў гэтым выпадку нам давялося б мець зносіны з ім на адлегласці, як з пасаджанай у клетку жывёлаю.
— Але паколькі ваша боязь не апраўдалася, вы маглі б цяпер, здаецца мне, наслаць столь.
— Цяпер так. У нас цяпер многа грошай. Усё гэта цудоўна, міс Фэлоўз. — Усмешка не сыходзіла з яго шырокага твару, і калі ён павярнуўся, каб пайсці, здавалася, што нават спіна яго ўсміхаецца.
«Ён даволі прыемны чалавек, як забудзецца і скіне маску адлучанага ад усяго зямнога вучонага», — падумала міс Фэлоўз.
Ёй раптам захацелася даведацца, ці жанаты ён, але, спахапіўшыся, яна адагнала ад сябе гэтую думку.
— Цімі, — паклікала яна, — ідзі сюды, Цімі!
За прайшоўшыя з таго дня месяцы міс Фэлоўз усё больш і больш пачынала адчуваць сябе неад'емнай часткай аб'яднанай кампаніі «Стасіс». Ёй быў дадзены асобны невялічкі кабінет, на дзвярах якога красавалася таблічка з яе імем. Кабінет быў даволі блізка ад лялечнага доміка (так яна называла камеру Стасіса, у якой жыў Цімі). Плацілі ёй цяпер намнога больш, чым спачатку, а ў лялечным доміку наслалі, нарэшце, столь і палепшылі ўнутранае абсталяванне: быў зроблены другі туалетны пакой, і, мала таго, яна атрымала ўласную кватэру на тэрыторыі Стасіса, і часам ёй удавалася нават там начаваць. Паміж лялечным домікам і гэтай яе новай кватэраю правялі ўнутраны тэлефон, і Цімі навучыўся ім карыстацца.
Міс Фэлоўз прывыкла да Цімі настолькі, што нават менш стала заўважаць яго пачварнасць. Аднойчы на вуліцы яна злавіла сябе на тым, што нейкі хлопчык, што трапіўся ёй на дарозе, здаўся ёй надзвычай непрывабным — у яго быў высокі выпуклы лоб і з рэзкімі абрысамі падбародак. Ёй давялося зрабіць над сабой намаганне, каб пазбыцца гэтага наслання.
Куды больш прыемна было прывыкаць да выпадковых наведванняў Хоскінса. Было зусім відавочна, што ён з задавальненнем расставаўся на нейкі час са сваёй роллю кіраўніка акцыянернай кампаніі «Стасіс», якая яго стамляла, і што дзіця, з паяўленнем якога быў звязаны цяперашні росквіт, абуджала ў ім нешта накшталт сентыментальнасці. Але міс Фэлоўз здавалася, што яму было прыемна гутарыць з ёй. (За гэты час яна даведалася, што Хоскінс распрацаваў метад аналізу адбіцця мезоннага промня, які пранікаў у мінулае, яго вынаходніцтвам быў і сам Стасіс. Халоднасць яго была чыста вонкавая, ёю ён спрабаваў замаскіраваць прыродную дабрыню, і — о, так, так — ён быў жанаты.)
Да чаго міс Фэлоўз ніяк не магла прывыкнуць, дык гэта да думкі, што яна ўдзельнічае ў навуковым эксперыменце. Нягледзячы на ўсе намаганні, яна ўсё больш адчувала сябе асабіста далучанай да ўсяго, што адбываецца, і не раз даходзіла да адкрытых сутычак з фізіёлагамі.
Аднойчы, спусціўшыся ўніз, Хоскінс убачыў яе ў такім гневе, што здавалася, яна ў той момант здольная забіць чалавека. Яны не мелі права, яны не мелі права… Нават калі гэта быў неандэрталец, усё роўна гэта быў чалавек, а не жывёла.
Яна сачыла за фізіёлагамі праз адчыненыя дзверы. Ледзь не аслепшы ад гневу, яна прыслухоўвалася да ўсклікаў Цімі. Раптам яна заўважыла побач з сабою Хоскінса.
— Можна ўвайсці? — спытаўся ён.
Злёгку кіўнуўшы, яна заспяшалася да Цімі, які прытуліўся да яе, ашчаперыў яе сваімі маленькімі крывымі і ўсё яшчэ вельмі худымі ножкамі.
— Вы ж ведаеце, што яны не маюць права праводзіць такіх доследаў над чалавекам, — сказаў Хоскінс.
— А я рашуча заяўляю, доктар Хоскінс, што яны не маюць права вырабляць гэта і з Цімі. Вы неяк сказалі мне, што з'яўленне Цімі дало жыццё Стасісу. Калі вы адчуваеце хоць кроплю ўдзячнасці, вы павінны ўратаваць бедака ад гэтых людзей, ва ўсякім разе да той пары, пакуль ён не падрасце настолькі, што пачне хоць крыху больш разумець. Пасля іх маніпуляцый ён не можа спаць, яго душаць кашмары. Я папярэджваю вас, — яе раз'юшанасць дасягнула кульмінацыі, — што я іх больш сюды не пушчу! — Да яе свядомасці дайшло, што яна перайшла на крык, але яна ўжо не валодала сабой. — Я ведаю, што ён неандэрталец, — крыху супакоіўшыся, працягвала яна, — але мы іх у многім недаацэньваем. Я чытала пра неандэртальцаў. У іх была свая культура, і некаторыя з найвялікшых чалавечых адкрыццяў, такія, як, напрыклад, прыручэнне жывёл, вынаходніцтва кола і розных тыпаў каменных жорнаў, былі зроблены менавіта ў іх эпоху. У іх, без сумнення, былі нават духоўныя патрэбы. Гэта відаць з таго, што пры пахаванні яны клалі нябожчыку яго асабістыя рэчы — значыць, яны верылі ў тагасветнае жыццё, магчыма, у іх ужо была нейкая рэлігія. Няўжо гэта не дае Цімі права на чалавечныя адносіны?
Яна пяшчотна паляпала хлопчыка па спіне і адправіла яго ў пакой гуляць. Калі дзверы адчыніліся, Хоскінс убачыў вялікае мноства розных цацак.
Ён усміхнуўся.
— Няшчаснае дзіця заслужыла гэтыя цацкі, — спешна заняўшы абаронную пазіцыю, сказала міс Фэлоўз. — Гэта ўсё, што ў яго ёсць, і ён зарабляе іх тымі пакутамі, на якія яго тут асудзілі.
— Не, не, запэўніваю вас, я нічога не маю супраць гэтага. Я толькі падумаў пра тое, як змяніліся вы самі з таго першага дня. Вы ж былі вельмі незадаволены, што я падсунуў вам неандэртальца.
— Мне здаецца, што я не была такая ўжо незадаволеная, — ціха запярэчыла міс Фэлоўз, але тут жа змоўкла.
— Як вы лічыце, міс Фэлоўз, колькі яму можа быць гадоў? — змяніў тэму Хоскінс.
— Я не магу вам гэтага сказаць з дастатковай дакладнасцю — мы ж не ведаем, як развіваліся неандэртальцы, — адказала міс Фэлоўз. — Калі зыходзіць з яго росту, то яму не больш за тры гады, але неандэртальцы ўвогуле нізкарослыя, а калі ўлічыць характар тых доследаў, якія праводзяцца над ім, то ён, можа быць, зусім перастаў расці. А зыходзячы з таго, як ён засвойвае ангельскую мову, можна заключыць, што яму больш за чатыры.
— Гэта праўда? Я штосьці не заўважыў у дакладах ні слова пра тое, што ён вучыцца гаварыць.
— Ён не будзе гаварыць ні з кім, апрача мяне, ва ўсякім разе цяпер. Ён усіх страшэнна баіцца, і гэта не дзіўна. Ён можа, напрыклад, папрасіць якой-небудзь пэўнай ежы. Больш таго, ён можа выказаць любое сваё жаданне і разумее амаль усё, што я кажу яму. Зрэшты, не выключана, што яго развіццё спыніцца.
Сказаўшы апошнюю фразу, міс Фэлоўз напружана сачыла за выразам яго твару, імкнучыся выявіць, наколькі своечасова закранула яна гэтае пытанне.