ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

— Прафесар Адэмеўскі з самага пачатку быў папярэджаны, што гэты экспанат будзе тут толькі два тыдні.

— Я тады яшчэ не ведаў, колькі часу зоймуць мае доследы, я не прарок! — узбуджана выкрыкнуў Адэмеўскі.

— Вы ж разумееце, прафесар, што мы валодаем даволі абмежаванай прастораю, — сказаў Хоскінс. — Таму мы вымушаны час ад часу мяняць свае экспанаты. Гэты абломак халкапірыту павінен вярнуцца туды, адкуль ён да нас прыбыў. Вучоныя чакаюць новых экспанатаў.

— Чаму ж я не магу атрымаць яго ў карыстанне? Дазвольце мне забраць яго адсюль.

— Вы ведаеце, што гэта немажліва.

— Вам шкада аддаць мне кавалак халкапірыту, гэты няшчасны пяцікілаграмовы абломак? Але чаму?

— Нам не па кішэні звязаная з гэтым уцечка інфармацыі, — злосна закрычаў Хоскінс. — І вы гэта вельмі добра ведаеце.

— Справа ў тым, доктар Хоскінс, — перапыніў яго служачы, — што насуперак правілам прафесар спрабаваў вынесці мінерал і ледзь быў не прарваў Стасіс.

На імгненне ўсе змоўклі. Павярнуўшыся да вучонага, Хоскінс холадна спытаўся:

— Гэта праўда, прафесар?

Адэмеўскі няёмка кашлянуў.

— Бачыце, я не думаў, што гэта нясе нейкую шкоду…

Хоскінс працягнуў руку і рвануў за шнур, які свабодна вісеў на вонкавай сцяне камеры, пра якую толькі што гаварылі.

У міс Фэлоўз, якая якраз у гэты момант разглядала нічым не прыкметны кавалак каменя, за які ішла такая гарачая спрэчка, ажно дыханне сціснула — у яе на вачах камень імгненна знік. Камера апусцела.

— Мне вельмі шкада, прафесар, — сказаў Хоскінс, — але выдадзены вам дазвол на вывучэнне розных аб'ектаў у Стасісе анулюецца назаўжды.

— Ды пачакайце.

— Паўтараю, мне вельмі шкада. Вы парушылі адно з нашых сама важных правіл.

— Я падам скаргу ў Міжнародную Асацыяцыю…

— Скардзіцеся каму хочаце. Вы толькі пераканаецеся, што ў выпадках, падобных на гэты, ніхто не прымусіць мяне адступіць.

Ён дэманстратыўна адвярнуўся ад прафесара, які ўсё яшчэ пратэставаў, і, яшчэ белы ад гневу, сказаў міс Фэлоўз:

— Вы не адмовіцеся паснедаць са мной?

* * *

Ён правёў яе ў тую частку кафетэрыя, якая была адведзена сябрам адміністрацыі. Ён павітаўся са знаёмымі за столікамі і спакойна адрэкамендаваў ім міс Фэлоўз, якая адчувала сябе ў гэты момант страшэнна няёмка. «Што яны падумаюць?» — думка гэтая не давала ёй спакою, і яна з усяе сілы старалася прыняць па магчымасці дзелавы выгляд.

— Доктар Хоскінс, у вас часта здараюцца такія вось непрыемнасці? — спыталася яна, узяўшы відэлец. — Я маю на ўвазе выпадак з прафесарам.

— Не, — з намаганнем адказаў Хоскінс, — такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзіцца спрачацца з ахвотнікамі вынесці са Стасіса той ці іншы экспанат, але да сённяшняга дня ніхто яшчэ не спрабаваў зрабіць гэтага.

— Мне помніцца, як вы аднойчы казалі, што з гэтым звязаны вялікі расход энергіі.

— Слушна. Мы, вядома, пастараліся ўлічыць такую мажлівасць, бо такія выпадкі яшчэ будуць паўтарацца, і ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергіі, разлічаны на пакрыццё ўцечкі пры непрадугледжаным вынасе са Стасіса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусім не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страціць гадавы запас энергіі. Шкода ад страты такой колькасці энергіі прымусіла б нас на доўгія гады адкласці далейшае ажыццяўленне планаў пранікнення ў глыбіні часу… Апрача таго, вы можаце сабе ўявіць, што здарылася б, калі б прафесар быў у камеры ў той момант, калі збіраўся прарваць Стасіс?

— А што б з ім адбылося?

— Бачыце, мы эксперыментавалі на жывых прадметах і на мышах — яны бясследна знікаюць. Мы лічым, што яны вяртаюцца назад, у глыбіні часу, іх як бы захопліваюць тыя аб'екты, якія імгненна пераносяцца ў той час, з якога іх мы вынялі. Таму нам даводзіцца як бы на якар ставіць тыя прадметы, знікненне якіх са Стасіса нам непажадана. Што да прафесара, дык ён адправіўся б проста ў пліяцэн разам з кавалкам каменя і апынуўся б там у тым самым часе, з якога мы гэты камень дасталі, плюс тыя два тыдні, што ён быў у нас.

— Як бы гэта было жахліва!

— Запэўніваю вас, што лёс самога прафесара мяне мала трывожыць: калі ён здурнеў на такі ўчынак, дык туды яму і дарога, гэта паслужыла б яму добрым урокам. Але вы толькі ўявіць сабе, якое ўражанне зрабіла б гэта на публіку, калі б факт яго знікнення стаў шырока вядомы. Дастаткова людзям толькі даведацца, што нашыя доследы настолькі небяспечныя, як нас адразу ж пазбавяць сродкаў.

Хоскінс эфектна пстрыкнуў пальцамі і пачаў панура калупаць відэльцам ежу.

— А вы не маглі б вярнуць яго назад? — спыталася міс Фэлоўз. — Такім самым спосабам, якім вы спачатку атрымалі гэты камень.

— Не, таму што, як толькі прадмет адпраўляецца назад, ён ужо больш не фіксуецца, калі толькі далейшая сувязь з ім не прадугледжваецца загадзя, а ў дадзеным выпадку ў нас не было на гэта ніякіх падстаў. Ды і ўвогуле мы ніколі гэтага не рабілі. Каб знайсці прафесара, трэба было б узнавіць першапачатковы кірунак пошукаў, а гэта ўсё роўна што закінуць вудачку ў акіян, каб злавіць адну пэўную рыбіну. О Божа, калі я думаю пра ўсе меры перасцярогі, якія мы прымаем, каб уберагчыся ад няшчасных выпадкаў, я вар'яцею. Кожная асобная камера Стасіса мае сваё прыстасаванне для прарыву — без гэтага нельга, бо ўсе яны фіксуюць розныя прадметы і павінны спыняць свае функцыі незалежна. Апрача таго, ні адзін такі прыбор не ўводзіцца ў дзеянне да апошняй хвіліны, прычым мы старанна распрацавалі адзіна мажлівы спосаб прарыву патэнцыяльнага поля Стасіса — дзеля гэтага трэба таргануць шнур, асцярожна выведзены за дзверы камеры. А каб гэты прыбор спрацаваў, трэба прыкласці значную фізічную сілу, так што тут недастаткова выпадковага руху.

— Скажыце, а… ці не ўплывае на ход гісторыі такое перамяшчэнне аб'ектаў з мінулага ў сёння і наадварот? — спыталася міс Фэлоўз.

Хоскінс паціснуў плячыма.

— Калі падыходзіць да гэтага з тэорыі, то на ваша пытанне можна адказаць станоўча, але ў сапраўднасці, калі выключыць надзвычайныя выпадкі, гэта не мае для развіцця гісторыі ніякага значэння. Мы ўвесь час нешта выводзім са Стасіса — малекулы паветра, бактэрыі, пыл. Каля дзесяці адсоткаў энергіі траціцца на кампенсацыю звязанай з гэтым уцечкі. Але нават перамяшчэнне ў часе адносна вялікіх прадметаў выклікае змены, якія сыходзяць на нішто. Вазьміце хоць бы гэты халкапірыт з пліяцэна. За яго двухтыднёвую адсутнасць якое-небудзь насякомае магло застацца без прытулку і загінуць, што, у сваю чаргу, магло пацягкуць за сабой цэлую серыю перамен. Нашы матэматычныя разлікі паказваюць на тое, што гэта самазатухальныя змены, якія з часам робяцца ўсё менш значнымі, і паступова ўсё зноў прыходзіць да нормы.

— Вы хочаце сказаць, што прырода сама запаўняе страты?

— Да пэўнай ступені. Калі вы перанесяце чалавека з другой эпохі ў наш час ці, наадварот, адправіце яго назад у мінулае, то ў апошнім выпадку шкода будзе больш істотная. Калі вы зробіце гэта са звычайным, простым чалавекам, дык рана ўсё-такі можа загаіцца сама. Мы штодзень атрымліваем мноства лістоў з просьбаю перанесці ў наш час Аўраама Лінкальна, ці Магамета, ці Леніна. Гэта, вядома, здзейсніць немажліва. Нават калі б нам удалося іх выявіць, то ў гэтым выпадку перамяшчэнне ў часе аднаго з тварцоў гісторыі чалавецтва нанесла б такую каласальную шкоду рэчаіснасці, якую немагчыма было б нічым кампенсаваць. Існуюць метады, якія дапамагаюць нам рабіць адпаведныя разлікі, якія, у сваю чаргу, вызначаюць, ці не занадта вялікія будуць змены ў развіцці пры перамяшчэнні таго ці іншага аб'екта ў часе, і мы робім усё, каб нават не наблізіцца да гэтае мяжы.

— Значыць, Цімі… — пачала была міс Фэлоўз.

— Не, у гэтых адносінах з ім усё добра. Наша рэчаіснасць у поўнай бяспецы. Але… — ён кінуў пранізлівы позірк на яе. — Не, нічога. Учора вы сказалі мне, што яму трэба мець зносіны з дзецьмі.

— Так, — міс Фэлоўз радасна ўсміхнулася. — Я не думала, што вы звярнулі ўвагу на маю просьбу.

— Ну чаму ж? У мяне да дзіцяці сама цёплыя пачуцці, і я цаню вашы да яго адносіны. Усё гэта мяне цікавіць, і я зусім не збіраўся замоўчыць гэтае пытанне, не растлумачыўшы вам, як ідуць справы. Цяпер я выканаў гэтую задачу, вы бачылі, чым мы займаемся, вам вядомыя цяпер да пэўнай ступені тыя цяжкасці, якія нам даводзіцца пераадольваць, і вы павінны зразумець, чаму пры ўсім жаданні мы не можам забяспечыць Цімі кампаніяй яго равеснікаў.

Поделиться с друзьями: