ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

— Не можаце? — разгубіўшыся, усклікнула міс Фэлоўз.

— Дык я ж толькі што вам усё растлумачыў. У нас не было ніякай надзеі знайсці другога неандэртальца яго ўзросту, на такую неверагодную ўдачу нават разлічваць няма чаго. А калі б нам і пашанцавала, дык зусім неразумна было б памнажаць рызыку, трымаючы ў Стасісе яшчэ адну чалавечую істоту.

— Але ж вы мяне не так зразумелі, доктар Хоскінс, — адклаўшы ўбок лыжку, рашуча сказала міс Фэлоўз. — Я зусім не хачу, каб вы перанеслі ў наш час яшчэ аднаго неандэртальца. Я ведаю, што гэта немагчыма. Але ж можна прывесці ў Стасіс другое дзіця, каб яно гуляла з Цімі.

— Дзіця чалавека? — Хоскінс быў агаломшаны.

— Другое дзіця, — адрэзала міс Фэлоўз, адчуваючы, як імгненна ўся яе прыхільнасць да доктара Хоскінса змянілася варожасцю. — Цімі — чалавек!

— Мне гэта нават у галаву не прыходзіла.

— Чаму? Чаму вы не падумалі менавіта пра гэта? Што ў гэтым кепскага? Вы вырвалі дзіця з яго эпохі, асудзілі яго на вечнае зняволенне, дык няўжо вы не адчуваеце сябе ў даўгу перад ім? Доктар Хоскінс, калі ёсць у гэтым свеце чалавек, які па ўсіх паказчыках, акрамя біялагічнага, можа лічыцца бацькам гэтаму дзіцяці, дык гэта вы. Чаму ж вы не хочаце зрабіць яму такую драбніцу?

— Я — яго бацька? — спытаўся Хоскінс, неяк няўклюдна падымаючыся з-за стала. — Калі вы не пярэчыце, міс Фэлоўз, я правяду вас назад у Стасіс.

Яны моўчкі вярнуліся ў лялечны домік. Ніхто з іх не сказаў больш ні слова.

* * *

Калі не лічыць выпадковых, мімаходзь кінутых позіркаў, прайшло шмат часу, пакуль ёй зноў удалося сустрэцца з Хоскінсам.

Іншы раз гэта яе засмучала, але калі Цімі бываў асабліва маркотны ці моўчкі па некалькі гадзін стаяў каля акна, за якім амаль нічога не было відаць, яна з абурэннем думала: «Які ж ён дурны, гэты чалавек!»

Цімі гаварыў з кожным днём усё больш свабодна і правільна. Праўда, ён так і не змог цалкам пазбавіцца ад уласцівай яму з самага пачатку некаторай невыразнасці ў вымаўленні, у якой яна знаходзіла нават своеасаблівую прывабнасць. У хвіліны хвалявання ён іншы раз па-ранейшаму прыцмокваў, але і гэта здаралася ўсё радзей. Мабыць, ён паступова забываўся пра тыя далёкія дні, што папярэднічалі яго з'яўленню ў нашым часе.

Па меры таго як Цімі падрастаў, цікавасць да яго фізіёлагаў ішла на спад, затое цяпер ім пачалі больш займацца псіхолагі. Міс Фэлоўз не ведала, хто з іх выклікае ў яе найбольшую непрыязнасць. Са шпрыцамі было скончана — уколы і выкачванне з арганізма вадкасці спыніліся, яго перасталі карміць паводле спецыяльнай дыеты. Але затое цяпер Цімі, каб атрымаць ежу і ваду, даводзілася пераадольваць перашкоды. Ён павінен быў падымаць масніцы, адсоўваць знарок пастаўленыя рашоткі, торгаць за шнуры. Удары слабага электрычнага току даводзілі яго да істэрыкі, і гэта прыводзіла яе ў адчай.

Яна не хацела больш звяртацца да Хоскінса — кожны раз, калі яна думала пра яго, перад ёй усплываў яго твар, які ён быў у тую раніцу на снеданні. Вочы ў яе заплывалі слязьмі, і яна зноў не магла ўтрымацца, каб не падумаць: «Дурны, дурны чалавек!»

І вось аднойчы каля лялечнага доміка зусім нечакана пачуўся яго голас — ён клікаў яе.

Папраўляючы на хаду халат, яна няспешна выйшла з дома і, раптам збянтэжыўшыся, спынілася, убачыўшы перад сабой зграбную жанчыну сярэдняга ўзросту. З-за светлых валасоў і бледнага твару незнаёмая выглядала вельмі кволаю. За яе спіною, моцна ўчапіўшыся за спадніцу, стаяў круглатвары, з вялікімі вачыма хлапчук гадоў чатырох.

— Дарагая, гэта міс Фэлоўз, сястра, якая даглядае хлопчыка. Міс Фэлоўз, пазнаёмцеся з маёй жонкаю.

Няўжо гэта яго жонка? Міс Фэлоўз уяўляла яе зусім іншай. Хаця чаму б і не? Такі чалавек, як Хоскінс, дзеля кантрасту мог выбраць сабе ў жонкі кволую істоту. Мажліва, гэта было якраз тое, што яму было трэба…

Яна прымусіла сябе прыязна ўсміхнуцца.

— Добры дзень, місіс Хоскінс. Гэта ваш… ваш малыш? (Гэта было ўжо поўнай нечаканасцю. Яна магла ўявіць сабе Хоскінса ў ролі мужа, але не бацькі, за выключэннем, вядома, таго… Яна раптам адчула на сабе змрочны позірк Хоскінса і пачырванела.)

— Так, гэта мой сын Джэры, — сказаў Хоскінс. — Джэры, павітайся з міс Фэлоўз.

(Ці не падкрэсліў ён слова «гэта»? Ці не хацеў ён даць зразумець, што гэта яго сын, а не…)

Джэры крыху падаўся наперад, не выпускаючы, аднак, матчынай спадніцы, і прамармытаў прывітанне. Місіс Хоскінс відочна спрабавала зазірнуць цераз плячо міс Фэлоўз у пакой, як бы чакаючы знайсці там нешта надзвычай цікавае.

— Ну, што ж, зойдзем у Стасіс, — сказаў Хоскінс. — Уваходзь, дарагая. На парозе цябе чакае крыху непрыемнае адчуванне, але гэта хутка пройдзе.

— Вы хочаце, каб Джэры таксама ўвайшоў туды? — спытала міс Фэлоўз.

— Вядома. Ён будзе гуляць з Цімі. Вы ж гаварылі, што Цімі патрэбны таварыш у гульнях. Можа, вы ўжо забыліся пра гэта?

— Але… — у яе позірку адбілася найвялікшае здзіўленне. — Ваш хлопчык?

— А чый жа яшчэ? — са злосцю сказаў Хоскінс. — Хіба не гэтага вы дабіваліся? Хадзем, дарагая. Уваходзь жа.

З відавочным намаганнем падняўшы Джэры на рукі, місіс Хоскінс пераступіла парог. Джэры захныкаў — відаць, яму не спадабалася тое, што ён адчуў пры ўваходзе ў Стасіс.

— Дзе ж тая істота? — тонкім галаском спыталася місіс Хоскінс. — Я не бачу яе.

— Хадзі сюды, Цімі! — паклікала міс Фэлоўз.

Цімі выглянуў з-за дзвярэй, утаропіўшыся на нечаканых гасцей. Мускулы на руках у місіс Хоскінс прыкметна напружыліся.

Павярнуўшыся да мужа, яна спыталася:

— Ты ўпэўнены, Джэральд, што ён не небяспечны?

— Калі вы маеце на ўвазе Цімі, дык ніякай небяспекі, — тут жа ўмяшалася міс Фэлоўз. — Ён спакойны і паслухмяны хлопчык.

— Але ж ён дзі… дзікун.

(Вось яно што! Гэта вынік усіх газетных гісторый пра хлопчыка-малпу.)

— Зусім ён не дзікун, — з націскам вымавіла міс Фэлоўз. — Ён спакойны і разважлівы ў той ступені, у якой гэтага можна чакаць ад пяцігадовага дзіцяці. Вельмі велікадушна з вашага боку, місіс Хоскінс, дазволіць вашаму хлопчыку гуляць з Цімі, і я з усёй адказнасцю прашу вас не трывожыцца.

— Я не ўпэўненая, што згаджуся на гэта, — з раздражненнем сказала місіс Хоскінс.

— Мы ж ужо абмеркавалі гэтае пытанне, дарагая, — сказаў Хоскінс, — і я думаю, нам няварта ўзнаўляць нашу спрэчку. Спусці Джэры на падлогу.

Місіс Хоскінс паслухалася. Хлопчык прытуліўся да яе спінаю і ўтаропіўся на Цімі, які ў сваю чаргу не спускаў з яго вачэй.

— Цімі, хадзем сюды, — паклікала міс Фэлоўз, — ідзі, не бойся.

Цімі паволі ўвайшоў у пакой. Хоскінс нахіліўся, каб адчапіць пальцы Джэры ад матчынай спадніцы.

— Адыдзі крыху назад, дарагая, дай дзецям пазнаёміцца.

Хлопчыкі апынуліся тварам у твар. Нягледзячы на тое, што Джэры быў маладзейшы, ён быў вышэйшы за Цімі на цэлы дзюйм, і на фоне яго зграбнай фігуркі і прыгожа пасаджанай прапарцыянальнай галавы гратэскнасць аблічча Цімі раптам кінулася ў вочы, амаль як і ў першыя дні. У міс Фэлоўз задрыжалі вусны. Першы загаварыў маленькі неандэрталец.

Поделиться с друзьями: