ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

І ўсё ж той красавіцкі дзень павінен застацца ў аналах айчыннай архівістыкі. Сем мяхоў геніюшаўскага архіва, літаральна вырваныя з рук зэльвенскіх чыноўнікаў, правезеныя праз лясны міліцэскі заслон, былі ўрэшце дастаўленыя ў Акадэмічную бібліятэку. У яе прытульных сценах некалькім пакаленням геніюшазнаўцаў праца забяспечаная.

О, гэтае ні з чым незраўнанае, трапяткое пачуццё, калі ты развязваеш тасёмкі чарговай архіўнай справы, адкладаеш убок чысты ліст карыстальніка (твой подпіс на ім будзе першым) і… Што цябе чакае? Якія знаходкі падаруе табе архіўная сховань гэтым разам? Унікальны дакумент, рэдкі фотаздымак, невядомы твор?

У гэтым двухтомніку 72 вершы друкуюцца ўпершыню. Безумоўна, тое надае вагі першаму збору твораў Ларысы Геніюш. А колькі тамоў будзе ў яе будучым Поўным зборы твораў – можна прадказваць толькі прыблізна. Пяць, дзесяць, пятнаццаць?.. Спадчына Ларысы Геніюш – як калодзеж: на паверхні толькі некалькі цыбравінаў, астатнія – на глыбіні. І чым глыбей зачэрпнеш, тым чысцейшае і смачнейшае пітво…

Ганаруся вашай залатой паэтычнай жылачкай,” – пісаў у 1967 годзе Ларысе Геніюш літаратурны кансультант “Гродзенскай праўды” Васіль Быкаў, чыя сусветная слава яшчэ толькі замігцела на даляглядзе. Ён ужо тады беспамылкова адчуў тую глыбінную, прыхаваную жылу, якая калісьці выбухне неастылым за дзесяцігоддзі гейзерам паэзіі. Час гэты прыйшоў. І час гэты будзе працягвацца доўга.

Сапраўдны талент – ён заўсёды шчодры. Пушкін падараваў Гогалю ідэю “Рэвізора” і “Мёртвых душаў”. Дзевяць з дваццаці трох строфаў верша Адама Міцкевіча “Паніч і дзяўчына” напісаныя (ананімна) ягоным сябрам Антоніем Адынцом. Ларыса Геніюш падказала Караткевічу сюжэт апавядання “Сіняя-сіняя”. Пра што ўдзячны Уладзімір Сымонавіч па-сыноўску сардэчна згадваў у адным са сваіх лістоў у Зэльву.

Што да эпісталярнай спадчыны самой Ларысы Геніюш, то яна здзіўляе і колькасна, і якасна. У гісторыі сусветнай літаратуры я не ведаю другога такога пісьменніка, які гэтак жа шчодра выдаткоўваў бы свае душэўныя сілы ў эпісталярным жанры, як тое рабіла Ларыса Антонаўна. Ёю напісаныя тысячы лістоў сябрам па ўсім свеце.

Калісьці ў лагеры геніюшаўскія вершы вязні называлі глюкозай – яны дапамагалі перажыць доўгія гады змушанага безрадзім’я, той патрыятычны авітаміноз, які ўзмоцнена насаджаўся савецкай уладай паўсюль, а ў Гулагу – асабліва. Глюкозай беларушчыны, відавочна, былі і лісты Ларысы Геніюш, якія многім суайчыннікам не далі ўпасці ў адчай і беспрасветны смутак. Як у амаль дарэшты ссавечанай Беларусі, гэтак і ў свабодным свеце, несвабодным, аднак, ад працэсаў асіміляцыі.

Чытаеш, напрыклад, перапіску Ларысы Геніюш і Зоські Верас і толькі дзіву даешся: як гэтыя дзве бабулі падтрымлівалі на духу, кажучы па-царкоўнаму, духоўна акармлялі дзесяткі і дзесяткі людзей, якія да іх звярталіся!

Ларыса Геніюш магла дзе-небудзь на палях ліста сябру ці сяброўцы дапісаць некалькі вершаваных радкоў – як бы ненарокам, як бы неабавязковым дадаткам. Але чалавек чытаў ліст і разумеў, што ў ім дадатак, а што галоўнае.

Галоўнае запаміналася без перачытванняў, гучала афарыстычна-запаветна:

Дабро ў жыцці – як перамога над чорным апрамеццем зла. Дык будзем жа часцінкай Бога, Ягонай праўды і святла!

Ларыса Геніюш умела “серед лиха співати пісні”, як выславілася ў вершы “Contra spem spero!” Леся Украінка. Дарэчы, з яе сястрой беларуская паэтка пасябравала ў Празе – некалькі гадоў жылі ў адным доме. Пані Аксана Косач нават перадрукоўвала на сваёй машынцы тастамент Васіля Захаркі, паводле якога яе суседка пераставала быць толькі паэткай і рабілася палітычным дзеячом, хай сабе і ў сімвалічным урадзе.

Напачатку юбілейнага 2010-га – Года Ларысы Геніюш – мы сядзелі і размаўлялі з яе унукам Міхасём у занесенай снегам вёсачцы пад Беластокам. У печцы патрэсквалі дровы, са сцяны на нас глядзела маладая, у модным капялюшыку, бабуля, а перада мною на стале ляжаў зборнік “На чабары настоена” з яе апошнім аўтографам: “Адыходзячы пакідаю, Міхасёк, Табе маю любоў і благаслаўленне. Ларыса Геніюш. Гродна, больніца. 22.3.83 г.”.

Я спытаўся ў свайго цёзкі – які галоўны жыццёвы ўрок атрымаў ён ад свае бабулі? (Мы запісвалі перадачу для радыё “Свабода”, і мне хацелася пачуць нейкі арыгінальны адказ.) Але ў адказе прагучалі два звычайныя словы: бабуля наказвала ўнуку – трымайся праўды!

Праўдзе не патрэбныя пстрычкі парадоксаў.

Праўду не закапаеш і не сашлеш у Гулаг.

Ларыса Геніюш перамагла – праўдай.

Міхась Скобла.

Ад родных ніў (1942)

* * *
Уздымам сэрц нашых шуміць Белавежа, як дні нашых сёлаў, так Нёман плыве... Уроду палеткаў тнуць поясам межы, адвечныя сосны гудуць ў бараве. Там нашыя песні, там наша багацце, там жытняе мора, магілы дзядоў і родныя хаты, і людзі, як брацці, і казкі, і слава мінулых часоў. Крывіч там стагоддзі загон свой старожа, а звычаі, мова жывуць з году ў год... Там Край, быццам казка старая, прыгожы, удалы і верны Краіне народ. Нічога, што позна у свет мы выходзім, нічога, што ўчора пакінулі плуг,— нам крыўду стагоддзяў ліхіх нагародзіць гарачым уздымам акрылены дух. Калі для нас волі жаданай світанне цудоўнаю блісне над краем зарой,— ад Угры па Буг мы спаткаць яго ўстанем ўсёй дружнай, вялікай, Крывіцкай Сям’ёй.

1941

Там толькі
Там толькі хочацца, хочацца жыць, дзе родныя, сумныя далі, дзе поле узорнай раўнінай ляжыць, калышацца жытняю хваляй. Дзе Нёман дастойны шырока плыве, дзе пушчы шумяць аб мінулым, а ў замках, курганах легенда жыве і песня дзядоў не заснула. Дзе нашы дзяўчаты — юргіні ў саду, расцвіўшыя кветкі у маі, із песнямі лён залацісты прадуць, узорамі бель патыкаюць. Дзе цягнуцца вежы святынь угару, крыжамі ўпіраюцца ў неба, а моцныя рукі папары аруць, каб нівы пакрыліся хлебам.
Краю мой
Краю мой родны, краю мой мілы, цудны, узорны, ад ніў залаты, хто цябе ўквеціў пушыстай калінай, краскамі, лесам засеяў густым? Пушчы, палеткі, лугі, сенажаці, быстрыя рэкі, прасторы азёр, — нехта рассыпаў вялікім багаццем вечныя скарбы ў цудоўны узор. Калі табе золатам сонца разлітым магутныя грудзі асыпле кругом, а неба атуліць туманам-блакітам, быццам анёлак празорым крылом, і вецер бяроз тваіх косы даўгія расчэша, рассыпле па белых камлёх, а грушы-красуні страсе снегавыя, цвет белы пасее на зелень палёў, а буйныя травы нагне, то падыме, зазвоніць аб лісце задуманых дрэў, акордамі ўдарыць, як май, маладымі, пад Нёмна вясною бурлівы напеў, — дык радасцю, шчасцем душа замірае і хочацца сэрцам, рукамі абняць, свой край наймілейшы, аквечаны маем, дзе краскі, дзе Нёмана хвалі звіняць. Дзе птушка у неба высокім палётам вабіць да сонца ў блакіты з сабой, ўзыходзіць, мацнее з сялянскага поту зярнё, вырастае ў калоссе вясной. Краю мой родны, краю мой мілы, калыска дум ранніх, вясёлкавых дзён, краю дзядоўскіх курганных магілаў, — ты сэрцу так мілы, як міла жыццё. Сніцца ты будзеш і клікаць з чужыны, да сёлаў сваіх і да хаты старой, пахучых палеткаў буйной канюшыны і песняў дзявоччых, спавітых тугой. Чало плуг жыцця, можа, ў боразны зрэжа, Мо, голаву іней пакрые гадоў, — у сэрцы ж не звянуць зялёныя межы, туга не аслабне да родных кутоў.

1941

Мой родны кут
Мой родны кут, мой ціхі дом, дзе ў голле дрэў, аб сцены ніў, пад сумны спеў буйным крылом паўночны вецер звонка біў. Мой родны кут, — на твой спамін бушуе кроў, а ў сэрцы гар, а ў сэрцы боль, бо з ніў, з далін урок мяне туманны чар. I ў ясны дзень, і ў ноч без зор душа, як птах, пад гоман дум ляціць на шлях, дзе песняй бор калыша долі нашай сум. Мой родны кут, квяцісты луг, — пад шумы вольх прыйдзе ўначы, як ціхі ўздох, мой верны дух на вечны сон к табе спачыць. Пад ветру шум, Пад буры кроз, пад гоман хат, хто сэрцам жыў, ў вясняны чад хто ў полі рос, той не пакіне родных ніў.
Поделиться с друзьями: