ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Мінулыя дні

Адцвілі белай яблыні цветам, як начлежныя згаслі агні, адзвінелі, як колас той летам, залатыя над Нёманам дні. Калі з прасніцы ніткай льняною жыццё доля снавала ясней, а пад зорнаю неба красою мучыў сэрца ўначы салавей. Або казкамі вечар цудоўны маніў зорамі душу вясной ці дзявочае сэрца напоўніў аж па бераг нязнанай тугой. Ласкай матчынай сонейка грэла, думкі вецер-пяюн развяваў, калі дзеўку-чаромуху ў белым з пышным клёнам у полі вянчаў. Адцвілі, адцвілі, празвінелі, як начлежныя згаслі агні, недапрадзенай ніткай кудзелі залатыя над Нёманам дні.

1941

Братом-палонным
Ці табе не шкода, браце, родных ніў, тых лугоў, той сенажаці, што касіў? Ці табе не шкода даляў, што маўчаць, ні садоў, што расцвіталі, ні дзяўчат? Ані Нёмну сініх водаў між лясоў, хваляў берагу крутога ў верасох? Ці табе не шкода песняў, што вясной білі ў хвалі напрадвесні, бы вяслом? Ці не шкода табе косаў залатых, ці не сніцца на палосах лён густы? Па вачох не сумна зоркіх, што гараць? Ці не хочаш баразёнкі прыгараць? Ці не рвешся ты душою — адкажы! Ці табе начамі сэрца не дрыжыць па тым краі, дзе радзіўся, дзе ты жыў, дзе каліны расцвіталі на мяжы? Дзе твой след? Мо ветры ў полі замялі, калі гнулі, гнулі голле да зямлі!

1941

Не сумуйце
Не сумуйце, дзецюкі, вясною, на магілы гледзячы сяброў — жалем нашых ранаў не загоіш і цяжкіх не скінеш кайданоў. Не сумуйце, дзецюкі, па сёлах і па вочах кінутых дзяўчат — барацьба ўжо пеніцца, як солад, маладыя воклікі гучаць. Не сумуйце, дзецюкі, па долі, не хілеце гордай галавы, бо не з жалю, толькі з ранаў, болю, воля толькі родзіцца з крыві. Не сумуйце, дзецюкі, начамі — ўжо не дасца спутаць вольны дух! Мы былі і будзем Крывічамі ад хваль Угры аж па сіні Буг!

1942

Ой, пайду
Ой, пайду, пайду я ды ў старонку тую, дзе мая дзяўчына ўсё па мне сумуе... Дзе начамі вецер песні, казкі бае, дзе матуля тужыць, мяне выглядае. Дзе над роднай хатай ціха дуб нагнуўся... Ой, пайду, пайду я, касой размахнуся!.. Пакашу атаву, пакашу я зелле, — шыкуй, дзеўка, скрыню шыкуй на вяселле! Прыдбай, дзеўка мёду — за наш Край чароўны, за тваё здароўе вып’ю чару поўну! Ворагам на ганьбу — вып’ю я другую! Трэцюю — за ніўку сваю дарагую. А калі спяеш мне ціха нашу песню і дасі мне вуснаў спелыя чарэсні, — я за іх, за косы у чырвонай стужцы, аддам душу, сэрца табе — беларусцы! Дык чакай, галубка, я прыйду, вярнуся! Ні цябе, ні Краю свайго не зракуся!

1941

Адказ
— Скажы, скуль ты, хлопча? — З зямлі беларускай, стуль, дзе льецца Нёман мігатлівай стужкай. Дзе лугі буйныя, ураджайны землі, дзе старыя вербы ля гасцінцаў дрэмлюць. Дзе лясы, бы ў казцы — ўсё з дубоў адвечных; дзе у нетры пушчаў глянуць небяспечна. Я з краіны слаўнай, з гарадоў прыгожых, што не зналі колісь цьмы чужой, варожай. Родны сцяг наш горда уздымаўся ўгору ад балтыйскіх хваляў аж па Чорна мора! Ў маім краі казкі, сівыя курганы; там зрадзілась песня вешчага Баяна. Выпілі вякі ўжо нат з Нямігі воду — славу нашых продкаў засланіла воддаль. Але ўсё ж я горды нашых сэрцаў сілай, мы падымем славу з курганоў-магілаў. Бо мы хочам волі горача і цвёрда, бо мы хочам славы для Пагоні гордай!

1941

Князь Усяслаў Чарадзей
Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе, срэдзь семені зор адзінокі; вось, быццам гуляе шчупак па вадзе, ныраючы ў хвалях глыбокіх. Арол, гэтак ўзбіўшысь пад воблакаў сінь, магутны сваёй адзінотай, аб шэрай нізіне забудзе зусім, паднебным упіўшыся лётам. У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей змагаецца з духам бурлівым, і ўздох гладзінёю калыша грудзей, бы вецер даспелаю нівай. Ён думаў не можа цяжкіх ўгаманіць, тугі сваёй ўцешыць да краю; і гордае князева сэрца баліць, ды сон ад вачэй адлятае. З вязніцы сумнай на княжы пасад яго увесь Кіеў паклікаў — ён ўсё ж з панавання ні з волі не рад — не хоча той чэсці вялікай. Мілейшыя сэрцу парогі сваі, пасад свой і тыя дружыны, з якімі хадзіў у цяжкія баі, баронячы межаў Айчыны. Мілейшы той Полацкі край дарагі і пушчы з пахучай жывіцай... Нядаўна Нямігі ціхой берагі крывёю зліліся крывіцкай. Там мужных ваяраў ляжаць чалясы — хто ж гоіць крывіцкія раны тады, калі князь, першы Полацка сын, чужацкія носіць кайданы? І хоць над Нямігу склака груганоў не раз ўжо зляталася ў госці — ўсё ж князева сэрца начамі дамоў ўсё клічуць байцоў сваіх косці. Ўжо цемень радзее, ўжо зоры ўцяклі і знік бляды месяц за імі — князь ўсё яшчэ чуе зямлі сваёй кліч ды з думамі б’ецца цяжкімі. Ён чуе, як рвецца Дзвіна ў берагох, бароў сваіх гоман адвечны, ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох шуміць ўсхваляванае веча. Цвіце ужо неба, як тыя ляны, і дзень ўжо над Кіевам сіні — князь слухае сэрцам — б’юць, звоняць званы у полацкай роднай святыні. Нядарам казалі, што князь — чарадзей... Хто ж, духам прабіўшы прасторы, у Кіеве чуў бы, як звон свой гудзе, хто б знаў, што ён сэрцу гавора? Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх і духа магутныя чары, каб чуць, як у полацкіх гордых мурох у звон святой Зофіі ўдараць. Агнём палымяным трэ край свой кахаць, трэ вырасці з ніваў, загонаў, каб славу, багацце — ўсё кінуць, аддаць за кліч свайго роднага звона...

1941

Забэйдзе-Суміцкаму
Ты запеў нам песню аб барох сасновых, аб пахілых ў полі сумных дзесяткох, аб цудоўных межах з цветам васільковым, што здаюцца часта на чужыне ў снох. Ты запеў нам песню аб бярозе белай, як ў зялёнай хусце стройная стаіць, і аб тым, як явар уначы нясмела аб сваім каханні лістам шалясціць. Ды як ціха вецер лісцямі з бярозы засыпае сумна незабыты след, што пакінуў кажны з нас там на дарозе, як ішоў ды з хаты ў непрыхільны свет. Аб радзімай вёсцы запяяў нам песню, матчыную песню запяяў не раз, і аб тым, як птушкі кажнае прадвесне прывітанні з сэрца там нясуць ад нас. Хай з тваёю песняй, хай шляхом гусіным размахнецца сэрца ды ляціць туды, дзе астаўся след наш ў родных каляінах, дзе мы пагублялі смех наш малады.

1941

О, Краіна
О, Краіна шчасця, родная матулька, о, Краіна ясных, незабытых дзён! На шырокім свеце не найду прытулку, не прывыкну сэрцам да чужых старон! Тэхніка, культура ды чыёсь багацце не ўзварушаць сэрца маяго мацней — ў ім цвітуць, красуюць нашы сенажаці, ды калыша вецер клёнам весялей. Вышынёю вежы быццам хмарам грозяць, з каменю палацы задзіўляюць свет... Мне ж мілей наш шэры камень пры дарозе, дзе адпачывае пасівелы дзед. Цудоўныя паркі, сеяныя травы ды шнуры даўгія стрыжаных алей... Даражэйшы сэрцу лес наш кучаравы, сцежачкі у полі цягнуцца мілей. Летам сонца збожжа цудна пазалоціць, закалыша вецер каласамі ніў, засумуе бусел на пустым балоце, быццам сваё шчасце, летучы, згубіў. Ды чуваць, як песня серабраным раннем паплыве па рэчцы з хвалямі вады... Часам разальецца збуджаным каханнем, або замяцеліць ўздымам маладым. Кажуць, што Ты зрэб’е носіш у нядзелю, кажуць, што Ты носіш лапці на нагах... Для мяне Ты грудзі палатном усцелеш — расцвіцеш калінай на буйных кустах. Прыбярэшся ў зелень, краскамі заманіш, ўвосень ніжаш гусі ў тоненькі ланцуг, то атуліш вочы вэлюмам туманаў, быццам бы дзяўчына, едучы к вянцу. Заварожыш Нёмнам, рэкамі сваімі, засмяешся ў сонцы збожжам залатым... Закалыша сэрцам верным Тваё імя, ціхаю малітвай, водгуллем святым. О, Краіна шчасця, родная матулька, о, Краіна ясных, незабытых дзён! На шырокім свеце не найду прытулку, не прывыкну сэрцам да чужых старон!

1940

На чужыне
Як бы добра ні жылося недзе на чужыне — будзе ўсё ж шумець калоссем ў сэрцы Край наш сіні. Будзе сніцца раннім сонцам, што ўстае з пасцелі, і на рэчках па старонцы туманы кудзеліць. Будзе пахнуць, як пакосы, скошаныя ўчора, што блішчаць у ранніх росах вытканым узорам. Рэчак стужкай мігатлівай, родным пабярэжжам, васількамі нашых ніваў, чабаром на межах. Будзе клікаць, зваць начамі песняў адгалосам, што гуляюць ды з вятрамі па даўгіх палосках. Што сумуюць ды за тымі, хто ўдалі ад Краю успамінам аб Радзіме сэрца пацяшае. Будзе клікаць лес шумлівы, стройныя паляны, ды затужыць сіратліва вецер на кургане. Сэрцам матчыным Краіна, серабраным жытам, будзе зваць начамі сына чарай недапітай...
Дзявочыя думкі
Не баюся парным летам ў полі жыта жаць! Там сінеюць межы цветам, ціха шчасцем недапетым травы шалясцяць! Не баюся рана, рана сіні лён палоць! Ўстане сонца з-за кургану — засмяюся, выйду, гляну сонцу насупроць! Не баюся грэбці травы, бегаць па расе, хоць злы вецер для забавы, часта пасмам залацяным, косы растрасе! Люблю кужаль свой шырокі ля ракі бяліць! Там, дзе вербы гнуцца вокал, прывядзе мой мілы сокал коніка паіць... Бягуць хвалі раннім раннем, серабром звіняць... Колькі сіл дзявочых стане, буду радасна, з каханнем, з песняй працаваць! Ты ж цвіці, цвіці, мой Краю, макам на мяжы! Я табе аддам, што маю, — іншай радасці не знаю, як цябе любіць!

1941

Мой лён і сны
Кволы лён мой напіўся расы,— быццам з воблакаў сіні наліўся. Буду ткаць дываны, паясы для таго, хто мне ўночы прысніўся... Будзе кужаль за снег той бялей, пояс ўзорны, як межанька наша; пазірацімуць людзі ў сяле, калі мілы яго падпаяша!.. Няхай, змыты дажджамі, расце, хай сінее у ранні імглістым, так высокі, як тое трысце, як той шоўк — так мяккі2, валакністы! Мама кажа: — Ты зрэб’е аснуй! — яно болей патрэбнае ў хаце. А мне хочацца толькі вясну ды палі свае родныя ткаці. Кажа мама: — Вось світкі няма! — за сукно трэ, дачушка, узяцца... Ах, сукно вытча мама сама — там жа ўзорам палі не ірдзяцца! Вельмі шэрае тое сукно — я ж хачу ткаць вясёлкі і краскі; аснаваць так прадно за прадном, каб дыван быў, як родная казка! Так цвяцісты, як нашы лугі, як палі з васільковаю грывай; быццам Нёман шырокі, даўгі, быццам хвалі яго, мігатлівы. Ты ж расці, валакністы мой лён... Апалю цябе рожавым раннем, спраду, вытку дзявочы свой сон, аснаваны гарачым каханнем! Ўсё, што цешыць, і ўсё, што баліць, на палотны узорам раскіну: хвалі, краскі, калоссе, палі — ўсю красу наймілейшай Краіны!..
Поделиться с друзьями: