ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1942

Раніца
Ранне звейнай аснована ймглою, такой лёгкай, як быццам уздох... Крывічанка нат зграбнай рукою так палотнаў не тчэ на краснох! Нат тым лёнам сваім залацістым не патрапіць так лёгка снаваць, як той вэлюм празора-імглісты, што авеяў кругом сенажаць... Сонца ўстане, румянае сонца, твар у чыстай памые вадзе, ды глядзіць, як дзяцюк, праз аконца, сінявокі, разбуджаны дзень. Росы сыпнулі густа на краскі, зазвінелі на межах званкі; ў адказ словы даспелае ласкі шле ім колас зярніста-стрункі. Гэта ранне, румянае ранне! Згорне вецер імглу на палёх, блісне сонца, як тое каханне, прытаіўшыся ў мілых вачох.

1941

Захад
Кацілася ў полымі сонца на захад, на стрыжанай ржышча лягло галаве... Вось быццам хто смелым мастацкім размахам чырвань распырскаў на палатне. Быццам вайна удалі загрымела… Можа, ўстае паднявольны народ, крывёю разлітай сыноў сваіх смелых купляе вызвольны Краіне усход. Не гіне ўсё чырвань... Палае прыгожа… Але не кроў там ужо, не агні, — гэта шырока раскінулі рожы недзе дзяўчаты героям вайны. Паволі ўсё гіне. Ноч наступае. За ценем без шолаху сунецца цень... Ды ноч міне скора. Па ёй рассвітае ясны, скупаны у чырвані дзень.
Вечар
Апаў вечар вокал ціхім сумам, таямніцай непрагляднай лёг, апаў хмарай невясёлых думаў, разаслаўся густа на палёх. А прачнецца вецер над палянай, Дзьмухне ў попел звогненаму дню, залунае месяц над курганам, зоры бліснуць – сугаркі агню. Мякка гнуцца грывістыя травы... Хаты задрамалі, сноў вуаль. Вецер статак хмараў кучаравых, Як пастух, пагнаў па небе ў даль. Ноч санліва хіліцца і вяне, бы падкошаная ў маі сенажаць, толькі зоры збуджаным каханнем, толькі зоры дзіўныя гараць.
Вячэрняя містэрыя
Золатам тканаю рызаю пакрылася неба без хмар. Пацеркі зораў нанізаных вечар кладзе на алтар. Месяц над возерам кадзіць струменямі дымнымі зор. Сыплюцца зоры ў прысадзе на белы дзяўчыны прыпол. Б’юць цені паклоны набожныя, а лятучыя косы бяроз атулілі крыжы прыдарожныя, дзе плача драўляны Хрыстос.

1940

Ноч
Ноч трапечацца, і зоры ярка свецяць, вецер песню запяяў цішэй... Душу ў блядых руках калыша месяц, хістаецца сярод заснулых дрэў. Снуюцца цені па пустой дарозе, адкінуў дышаль Воз на небе ў бок і хмараў сініх болей не развозіць; туман запутаўся над рэчкай у кустох. То тонкі вэлюм свой развесілі русалкі, каб вольна рытмам лебядзіных цел прыйсці, кружыцца, праляцець маланкай, аж пакуль птушкі не празвоняць дзень. Пакуль аж вецер зораў не патушыць, расою не зазвоніць лісце лебяды, з рук месяц пусціць распяяну душу, ноч ногі мокрыя не выцягне з вады.

1940

На струнах Вэлтавы
На струнах хваль іграе вецер сімфоню ночы зорнае. Над глыбінёю дуб развесіў свой цень, бы крылы ворана. У сетку з ясных зор прыбралася ноч, у казачны ўбор, у залацісты дождж. Брыльянтамі на дно апалі, апалі зоры семенем. Калышуць іх на грыве хвалі, а ноч іх сыпле жменямі. Нават не маглі б вочы распазнаць — ці прад намі глыб, ці нябёсаў гладзь. Пад намі неба ўсхваляванае, над намі неба зорнае, сінь золатам размаляваная і тут, і там, узорная. Верыць бы кожны мог, быццам стаўся цуд, быццам неба тут сцелецца ля ног.

Па-над Вэлтаваю

Па-над Вэлтаваю лётаюць, плаваюць кагаркі ў сонечны дзень. Статкамі белымі, быццам вясельнымі, вабяць на бераг людзей. Стрэламі лётнымі, ветру узлётамі ў сінюю шыбаюць высь. Неба ж пад дотыкам стройнае готыкі, пражскае неба дрыжыць. Быццам бы топалі ў сонцам растоплена нашае неба глядзяць. Цветам жа ў маі сады засыпаюць сіняга Нёмана гладзь. Так над Вэлтаваю кружаць і плаваюць кагарак белых віры... З чарам пагоднага неба, як роднага, ўспомніцца Нёман стары.
На могілках
Вецер ціха падняўся з палёў з родным пахам расцвіўшае ліпы; белы ўскружаны рой матылькоў — кволы мак маё сэрца асыпаў. Цішыня, цішыня над душой... Быццам раннем, блядым і нясмелым, нейк атуліцца рэчка імглой, лёгкім воблакам, вэлюмам белым. Ды таёмны, як быццам з магіл, што чыесьці тут тайны укрылі, ціхі жаль над крыжамі застыў, ціхі ўздох на забытай магіле. Белы ўскружаны рой матылькоў — мак расцвіўшы мне сэрца асыпаў... ці рамонак з далёкіх палёў, можа, мёдам пахучая ліпа...
Мяцеліца
Па палёх ды па загонах, па аселіцах, ой, сівая йдзе-гуляе к нам мяцеліца. Туманамі снег пушаны ўсё кудзеліцца, па дарогах, ля парогаў, мякка сцелецца. То жаночым жалем звонкім разгалосіцца, то аб шыбы б’е вузкія, ў хату просіцца. То вясёла адзавецца распяяная, то завабіць з сабой сэрца ў даль нязнаную. Пяе песню, зацягае ўсё тужлівую, чэша вецер, заплятае косы сівыя. Сцеле бурай, засыпае след завеяны, бы у маі матылькамі, снегам сеяным. Наракае, плача, тужыць ноччу цёмнаю, Б’е у вокны, злосна будзіць вёску сонную. Ой, скрыпяць, скрыпяць бярозы, нагінаюцца, перад крыжам пры дарозе, быццам каюцца. Мо, за вёсны з маем тыя распяяныя, Мо, за песні маладыя, за вясняныя. Мо, за шэпты той мяцелі, ой, нязнаныя, за пяшчоты з ветрам кволым, ды за п’яныя.

1941

Вясна
Трэсне лёд пад напорам вады, раскаваныя рэкі, крыніцы зашумяць, быццам смех малады, што не можа, не хоча спыніцца. Птах ўзляціць на спатканне вясны, размахнецца ў блакіце крыламі, ўскружыць голаву запах сасны, быццам хмель яе кружыць часамі. Сонца сыпне касулькі шчырэй, вецер вып’е ваду з каляінаў, разаўецца сцяг доўгі гусей — сцяг вясны маладой над Краінай! Зашумяць на гары ручайкі, бы бурлівае сэрца паэты, праб’юць панцыр зімовы пучкі, стрэльнуць лісцямі, казачным цветам. О, вясняны, нястрыманы бег! Сонца люба, ласкава так грэе... Столькі сілы жывой у табе, столькі ясных, узорных надзеяў!

1941

Лятуць гусі
Лятуць гусі, лятуць шнурам, бы вясняны сцяг, праз туманы хмараў бурых, ў непагоду, праз віхуру, дзе радзімы шлях. Лятуць гусі, лятуць дружна, вернай грамадой, па тым Краі сэрцам тужаць, дзе дзяўчаты белы кужаль сцелюць над ракой. Сіні шлях вачыма мераць, рэжуць сталлю крыл і глыбока, цвёрда вераць, што убачыць родны бераг стане, стане сіл. Лятуць гусі ў Край Радзімы, бы вясна ляціць! Ўжо забыліся пра зіму — будуць днямі маладымі сабе гнёзды віць. Па-над Нёмна шляхам водным вольна пралятаць, у палёх, лясох свабодных свае дзеці ў Краі Родным будуць гадаваць.
Поделиться с друзьями: