ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1941

Жнівом
Сонца гладзіць па белай кашулі і цалуе ўсё плечы жняі. Пахінулася жыта — быццам ветры нагнулі — Звоніць зернем, аж рэха ў гаі. Заіскрылася сонца ў сярпе мігатлівым... Над плячамі жняі ж цэлы дзень узлятае вятрамі ўзнятаю грывай даспелае золата жмень. Вечар. Танцуюць, абняўшысь, дзесяткі... Не ўцерпеў і вецер — падняўся, задуў... Дзесь пад лесам на пожні, на гладкай, млеюць цені вячэрніх задум. Гладзіць вецер чало прыпацеўшае, то гуляе з кашуляй жняі, песціць вуснаў даспелых чарэшні дзесь адносячы песню ў палі. Плыве песня цвяцістым узорам дум дзявочых гарачай струёй, калі сэрца разжаліцца зорам і заплача балючай тугой. Аж засне і рассыплецца ў росах, ці задрэмле на хатніх дзвярох... Месяц цені крывыя пакосіць і пакоціцца сам на мурог.
На начлезе
Вецер хвалі ўперад гоне, вербы гне, ходзяць спутаныя коні ў тумане. Буланыя мае коні капытамі ціха звоняць ў сэрца мне. Доўга, доўга ноччу цуднай я не спаў — аганёк на полі блудны вандраваў... Доўга песня салаўіна не сціхала срэдзь галінаў, сярод траў. Доўга, доўга чуў дзявочы з вёсак спеў, аж пакуль рагаты месяц не самлеў... Пакуль хлопцы не паснулі, агонь ветры не раздулі, аж згарэў. Ноч была — як быццам казка сіняя... Пакуль зоры не пагаслі, думаў я, што, чым зоры праз галіны — чараўней глядзіць дзяўчына, ой, мая!.. Ходзяць коні, ходзяць ў раннім тумане... Ўстануць хлопцы ды дахаты пажанем. Вецер хвалі ўперад гоне, яны роднай песняй звоняць ў сэрца мне...

1941

Родная мова
Мова родная, мова дзядоў! Іншай мовы мы сэрцам не чуем. Мілагучнасцю любых нам слоў, быццам музыкай, душу чаруеш. Мы за вокнамі дзень залаты, нашых рэкаў пявучыя хвалі, роднай хаты святыя куты ў гэтай мове раз першы назвалі. Мова наша — буйны цветабой! Пралілася ў ёй першая радасць... Словы матчыны сыпалісь ў ёй, як лісточкі з адцвіўшага саду. Любай песняй старою гучыш з-над калыскі, з гадоў тых дзяцінных; салаўіным разлівам ўначы, звонам хваляў прыткой ручаіны. З-пад вясковых прыветлівых стрэх мілагучна звініш ад світання; бы дзявочы рассыпчысты смех, быццам першае ў сэрцы каханне! Ты — вясною аквечаны луг, шум дубровы магутны, пявучы; непадайны сталёвы ланцуг, што нам сэрцы крывіцкія лучыць! Так балюча і гэтак даўно стогне любы народ ў паняверцы; ты адна толькі ясным прадном нам снуешся праз нівы, праз сэрцы. Святы прадзедаў ты нам адказ, якім слаўна ў харомах гудзела! Ты — як неба, як сонца для нас, быццам наквеццю сад заінелы. Мова родная, мова дзядоў! Іншай мовы мы сэрцам не чуем. Мілагучнасцю любых нам слоў, быццам музыкай, душу чаруеш.

1942

Нёмне
Гэй, Нёмне шырокі, як лён, галубы, мой дружа з гадоў тых дзяцінных! Вясёлы ля берагу, строгі ў глыбі, імклівы, у бегу няўпынны. Праз срэбныя далі хвалюючых ніў і зелень лугоў аксамітных ты грудзі Краіне чароўна абвіў шырокаю стужкай блакітнай. Калі бліснеш хвалі сталёвай луской — ў дзявочых, ў вясёлкавых мроях ты быццам бы рыцар, бы казачны вой ў зялезнай закованы зброі. І часам здаецца — вось ў воблакаў сінь, над соснаў стрункіх верхавіны, бы волат, бы верны зямлі нашай сын, на помач устанеш Краіне. Крывіч ты дастойны, ты волаце наш, калышаш народнае імя! Ніякая недругаў нашых мана нам сэрца твайго не адыме. Калі ж задуменнасць агорне лугі і змораны вецер спачыне — люструешся, стройны, прыгожы, даўгі, як вочы дзявочыя, сіні. Начамі тужліва на неба глядзіш ў сярэбраным блеску крыштальным, а месяц прыходзіць к табе, маладзік, купацца ў запененых хвалях. І сосны, і вольхі, і дуб к табе стаў на бераг круты і адлогі. Бы ў люстры, бярозы калышацца сталь, б’е хваля аб белыя ногі. Калі ж спаўюць шыза цябе туманы, бы пачассем бераг авеюць, — народныя ціха калышаш ты сны ды вольныя думы лялееш. Як дні, безупынна імклівы твой бег; жыццё — твае звонкія хвалі. Народнаю песняй калышам цябе, як колісь дзяды калыхалі. Гэй, Нёмне шырокі, як лён, галубы! Кроў сіняя любай Краіны! Вясёлы ля берагу, строгі ў глыбі, як вочы дзявочыя, сіні!

1942

Нішто так няміла
Нішто так няміла, як хатні агонь, што сэрца астылае грэе. Нішто так няміла, як родны загон, што сам колісь хлебам засеяў. Нішто так няміла, як бацькавы кут, як гул калаўроткаў у вечар; як гоман вясёлы цапоў на таку, як дзедава казка ля печы... Нішто так няміла, як песні у нас, як прадзедаў сівы абычай, аквечаны ў покуці Божы абраз і Маці Святое аблічча. Як мілы, вясёлы дыван на краснох, што тчэ у задуме дзяўчына — румяняцца шчокі манлівай вясной, а рукі — як бель палатнінаў! Пагляне, а вочы — як возера дно! — магло б у іх сэрца ўтапіцца, запутацца ў косы, што русым прадном на плечы сплываюць крыніцай. Нішто так няміла, як шнур нашых хат, гасцінныя нашы парогі, і вербы, што сталі, зялёныя, ў рад ля стрункай, далёкай дарогі. Нішто так няміла, як сівы курган, як славы былой успаміны; калі не шкадуюць нам ворагі ран — папомняць другую хвіліну. Нішто так няміла, як родны наш сцяг, як нашы дзядоўскія гоні; нішто так няміла, як тое дзіця, што сэрцам вітае Пагоню! Нішто так няміла, як чыны братоў, ахвярным акрылены ўздымам; нішто так няміла, як моладзь ў радох, як нашы байцы за Радзіму!

1941

Дзяды
Смалу і дзёгаць ў пушчах дабывалі з старых, вякамі пачарнелых пнёў і мёдам залацістым налівалі рады гліняных, паленых збаноў. Аружжа цвёрдае кавалі сабе самі, вастрылі стрэлы, нацягалі лук, часамі быў аружжам толькі камень ці двое дужых, гартаваных рук. І дзік, і лось, мядзведзь — асілак буры пад сілай рук не раз у лесе паў. Цвярдое ложа пакрывалі скуры, кругом сплывалі з дзераўляных лаў. Як дуб магутныя, адважныя як зверы, адужалі ў лясох суровае жыццё. Перад цяжкою, кованай сякерай паганы вораг заўсягды уцёк. Калі ж дружынаю за стол дубовы селі і кубкі пенным мёдам налілі — не зналі меры буйнаму вяселлю сівыя продкі нашае зямлі. А калі князь агнём раскідаў віці, каб ісці дружна Краю бараніць, — каўшы кідалі з мёдам залацістым, каваць зялеза ды смалу паліць. Пад горды сцяг збіраліся дружыны, грудзямі-мурам ворага спаткаць, нашчадкам імя слаўнае пакінуць ды родных пушчаў недругу не даць. Героям сыпаліся курганы-магілы. Міналі славы поўныя вякі, аж покуль вораг хітры не асіліў Крывіцкі род з-над Нёману-ракі. Не ўзяў нам пушчаў, ветрам калыханых, магутных замкаў, слаўных гарадоў ды не прысвоіў славы на курганах, дзе тлеюць нашых попелы дзядоў. І часта вецер ноччу на магіле азвецца стогнам волатаў сівых: — Мы Край грудзьмі сваімі баранілі, каб ўнук ў няволі, ў сораме заціх? Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі чужак сваёй краінай называў ды слаўна племя мучыў сёння здзекам і нават мове волі не даваў? Так стогнуць сэрцы волатаў магутных, як быццам вецер жалем галасіў, што расце Крывія маладая ў путах ды ўнук аб славе дзедавай забыў.

1941

Краіне
Ці за рокат гучных громаў, што начамі б’юць, ці то за страху з саломы я цябе люблю? Ці за сумную мо долю, за дзяўчат красу, ці за тыя ветры ў полі ў буйную вясну? Мо за тыя навальніцы, бунтам што гудуць, за лязо мо бліскавіцаў, што па хмарах тнуць? Ці за сілу гэтых бураў, што страсаюць сон, ці за ветру спеў хаўтурны, ці за братні стогн? Ці за ўздым бунтарны Нёмну ў скутых берагох, за пярэкліч ноччу цёмнай па старых шляхох? Ці за бор, як расшуміцца, гневам задрыжыць? Ці за зоры-зараніцы, што прыйдуць свяціць? Ці за сэрцы, што аб грудзі рытмам волі б’юць? Ах, за што ж цябе, мой цудзе, як жыццё, люблю?

1942

Калісьці
Плуг згарне для зярняці пасцель, раллю мякка прыгладзяць баронкі, ярына зашуміць, зацвіце на палетках радзімай старонкі. Будуць нівы, лугі зіхацець, слацца ўзорна-цвяцістым абрусам. Сіне-сіне наш лён зацвіце, быццам вочы ўдалых беларусак. Я паволі па сцежцы прайду, каб нагой не стаптаць ні зярняці, ні той бульбы ў зялёным раду, ані траўкі буйной сенажаці.

1941

Было свята
Было свята, нядзеля, ясна зоры гарэлі, пахла мятаю, дзе пад хатаю хлопец з дзеўкай сядзелі. Нешта груша шумела, нешта сэрца нясмела аб каханні тым, верным, маладым, сказаць дзеўцы хацела. Дзе ж той смех дзецюковы? Пагубляў быццам словы... Зоры з месяцам цалаваліся, нат не знаючы мовы... Паказалі паперу — Ісці хлопцу ў жаўнеры... Неўгамоннае сэрца плакала, бо хто ж дзеўчыне верыць? Было свята, нядзеля, вокал стрэлы гудзелі... Лёг мой міленькі пад калінаю, на зялёнай пасцелі... Было свята, нядзеля, ў небе зоры ірдзелі... Ой, пыталася дзеўка ў ночанькі, калі будзе вяселле? Многа нітак спрадзецца, вёснаў шмат разаўецца, — ўсё ж чакаціме дружка мілага дзеўкі вернае сэрца.

1941

Дзяўчына
Заглядзеўся раз на дзяўчыну пан, калі золатам сплылі на каптан, сплылі хвалямі косы льняныя на кашулю ёй палатняную, як цвілі вясной ясна вочанькі ў полі сінімі васілёчкамі. — Будзеш, дзеўчына, будзеш паняю, са мной жыцьмеш у месце каменным, ды рукамі, як лебедзь, белымі, жаць не будзеш больш жыта спелага, рана росамі, мяжой-стужкаю, больш не пойдзеш ты разам з дружкамі. Кінеш прасці лён, нітку белую, кінеш прасніцу із кудзеляю. I не станеш больш ты за кроснамі патыкаць палёў сонца коскамі, ані вечарам, ды задуманым, не разжалішся песняй сумнаю. Кідай, дзеўчына, сіні Нёман свой, кідай, дзеўчына, мілы край вясной. Кідай родную хату бацькаву і юргіні, што расцвітацімуць. Забудзь вочы ты Міхасёвыя — я багацце дам, жыцце новае. Будзеш ў месце жыць, свае слугі мець, ды не будуць там больш бары шумець. Салавей цябе песняй гучнаю не разбудзіць больш ў ноч пахучую... З ветрам дзеравы абдымаліся, нівы буйныя калыхаліся... Толькі дзеўчыны сэрца вернае, не хісталася, быццам дзерава. Не пакінула ракі Нёману, ні лясоў сівых з ціхім гоманам. Сяла роднага, Краю мілага, каб быць паняю, не пакінула. У сяле сваім песняй, словамі сэрца цешыла Міхасёвае.

1941

Толькі вецер
Толькі вецер рана зелень дрэў парухаў — падняліся хмары лёгкім, сінім пухам, паплылі, як гусі, адна за другою і маё дзесь сэрца адняслі з сабою. Адляцела ў вырай з хмараў караванам, з вольнакрылым ветрам па шляху нязнаным. Днём ля сонца кружыць недзе ў паднябессі, а ўначы лялее маё сэрца месяц. Быццам тая перлаў залатая россып, ўжо апалі хмары ў мігатлівых росах ды на родным, пэўна, высахлі загоне... Толькі вецер сэрца безупынна гоне.
Поделиться с друзьями: