Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Пчалу? — здзівіўся Далібор.

— А ты што думаў? Каня кожны ўбачыць, а вось пчалу…

І Усеваладка хвацка падкруціў цёмны вус.

— Чалавек я набожны, — хваліўся ён. — Калі вечарам забудуся памаліцца і перахрысціць падушку, бачу дрэнныя сны.

— Як жа можна забыцца пра малітву? — падсміхнуўся над ім Далібор. — Малітва як голад — абавязкова пра сябе напомніць.

— Праўду кажаш, княжыч, — згадзіўся Усеваладка і зноў паджучыў-падахвоціў сам сябе да пахвальбы. — Дачка ў мяне, князёўна Еўдакія, чыстае золата. Разумніца, якіх свет не бачыў, рукадзельніца. Сама з дзеўкамі-чалядніцамі тчэ, вышывае, кухарыць. Ды і сыны ў мяне дужа галавістыя.

Але не пашанцавала балаку-гаваруну Усеваладку. У першай жа сутычцы з дружынаю Таўцівіла конь панёс яго проста ў самую гушчу ворагаў, і на вачах у ваўкавыйскіх вояў тыя пасеклі яго на шматкі. Так першы і апошні раз сустрэўся Далібор са сваім магчымым цесцем.

Смерць Усеваладкі патаемна ўзрадавала князя Ізяслава. Разам з усімі праліў ён слязу над нябожчыкам, што прыняў пакутніцкую смерць ад рукі паганцаў, а сыну адразу ж пасля гэтага сказаў:

— Як возьмем Варуту, паедзеш з дружынай і ваяводам Хвалам не ў Новагародак, а ў Ваўкавыйск. Там сталец пусты. З божай і з маёй дапамогаю станеш князем Глебам Ваўкавыйскім.

Чым глыбей Міндоўг з Ізяславам уваходзілі ў Літву, тым з большай ярасцю нападалі на іх яе абаронцы. Давялося, каб аблегчыць хаду войску, кінуць цяжкія катлы і парокі. Перад кожным боем Міндоўгавы дружыннікі спешваліся з коней, абкружалі крыніцу і жменямі або шлемамі пілі з яе ваду. Хрысціяне з Новагародскай зямлі ў гэты самы час высока ўзнімалі выявы Хрыста, білі аб шчыты мячамі, спявалі «Багародзіцу». Ідучы ж у бой, воі Новагародка, Услоніма, Ваўкавыйска, Здзітава і Турыйска крычалі: «Слава!» І толькі гародзенцы крычалі: «Нёман!» Назва гэтай слаўнай ракі азначае на пракаветнай крывіцка-дрыгавіцкай мове «край», «канец», бо яшчэ за памяццю дзядоў іхнія дзяды, паміраючы, казалі: «Нёман майго жыцця прыйшоў».

Войскі ішлі на Варуту, а наўкол у самай сваёй сіле бушавала вясна. Крот, адчуваючы цяпло і сонца, капаў бліжэй да зямной паверхні, і ўсе лужкі, усе паляны былі ў светла-жоўтых бугарках. Ратуючыся ад паводкі, беглі на травяністыя выспы і пясчаныя выдмы пацукі, мышы, зайцы, лісы. Вечарам у лясах мацней за ўсіх птушак крычаў дрозд-рабіннік.

Далібор, едучы паперадзе малодшай новагародскай дружыны, неадступна думаў аб Рамуне. Яна з малымі Руклюсам і Рупінасам сядзіць зараз у Новагародку, чакае войска з паходу. Як хацелася яму хоць краем вока зірнуць на літоўскую князёўну. Ці помніць яна пра яго? Чаму так заведзена ў жыцці, што жаніцца ў большасці выпадкаў трэба не па сваёй волі і жаніцца на нелюбімых? А каханкі, за якіх бы сэрца аддаў, душу не пашкадаваў, ідуць у чужыя палаты, у чужыя ложкі, у чужыя рукі.

Захоплены такімі думкамі, Далібор і не заўважыў, як ад'ехаўся ад сваёй дружыны і ўбіўся ў строй новагародскіх пешцаў. Тут ішло апалчэнне кавалёў, броннікаў, сырамятнікаў, муралёў і рознага іншага рукадзельнага люду. Каня схапілі за аброць, і вясёлы голас крыкнуў, здалося, пад самым вухам:

— Княжыч!

Далібор аж уздрыгнуў. Перад ім стаяў меднік Бачыла, у меднай (сам выкаваў!) шапцы, у доўгай, дзіравай на спіне кальчузе, з доўгім вастрадзюбым кап'ём у руцэ.

— А я гляджу і думаю: ці не княжыч гэта? — смеючыся, казаў Бачыла і крочыў, трымаючыся за Даліборава стрэмя. — А брат твой дзе?

— Някрас таксама сеў на каня, — узрадаваўся знаёмцу Далібор. — Ен разам з Косткам у Міндоўгавай дружыне.

— Вялікая сіла люду ідзе, — прыцмокнуў языком меднік.

— І кроў вялікая будзе, — сказаў Далібор.

— Кроў?

— А як жа? Вайны без крыві не бывае. Не толькі Таўцівіл з Эдзівідам супраць нас. Татарскі хан Кульпа вядзе конніцу на Менск. Калі не ўстаяць мяняне, можа ўдарыць па Новагародку.

Пры такіх словах княжыча Бачыла глыбей насунуў на галаву сваю медную шапку, ускінуў на плячо кап'ё.

Ішлі раць на раць, меч на меч. Слупы чорнага дыму ўставалі над зямлёй. Трашчалі над пушчамі і балотамі навальніцы. Святло маланак, здаецца, сцёбала па вачах. Шумела, раўла, ручаямі ляцела з неба навальнічная вада. Стомлены вой здымаў з галавы шлем, набіраў вады з краямі, піў і не мог напіцца. Аднойчы вечарам заззялі ў небе над зямлёй два велізарныя вогненна-чырвоныя крыжы, якія раслі з аднаго кораня. «Гэта Новагародак і Літва, — казалі, хрысцячыся, бывалыя людзі.— Яны павінны злучыцца. Бачыце — у іх адзін корань». «Але ж Літва паганская, — не згаджаліся няверы. — Мала што Міндоўг з купкаю баяр хрысціўся». «Яна будзе хрысціянскай», — адказвалі ім.

Ішоў у сечу Далібор, думаючы пра Новагародак, светлакосую Рамуне. У глухой цямніцы сядзеў Алехна, успамінаў браталюбаў, мёртвых і жывых, спрабаваў рукамі гнуць халодныя краты і ўсё часцей чуў ува сне звонкі незвычайны голас, які абвяшчаў яму і ўсяму свету: «Чалавек павінен жыць не законам галоднага ваўка, а законам жытнёвага поля». Міндоўг з вялікай лютасцю выганяў з Літвы сваіх ворагаў, нават калі гэта былі ягоныя пляменнікі. Войшалк марыў збудаваць манастыр над Нёманам, каб ішло адтуль святло вучонасці, святло біблейскай мудрасці. Жэрнас, пахудзеўшы за вясну, няўтрымна бегаў па пушчах, уздымаў, гуртаваў балотную раць, каб потым па крыві сваіх аднародцаў зноў ісці пад свяшчэнны дуб і жэрці жалуды. На прасторах Заходняй Еўропы грымела крывавая бязлітасная вайна паміж германскімі імператарамі Гогенштаўфенамі і папствам.

І было ўсё гэта ў лета 6754-е 49 ад стварэння свету.

Частка другая

I

На прасторах Заходняй Еўропы грымела ў гэты час крывавая бязлітасная вайна паміж германскімі імператарамі Гогенштаўфенамі і папствам. Папы, ратуючыся ад сваіх ворагаў, хаваліся ў горадзе Ліёне, і іх можна было лічыць і рымскімі і ліёнскімі. А пачалося ўсё вельмі даўно, пачалося з таго, што ў канцы ліпеня 1167 года войска германскага імператара Фрыдрыха І Барбаросы пад началам двух епіскапаў у рыцарскіх даспехах пасля жорсткай васьмідзённай аблогі ўварвалася ў Рым. Тысячы трупаў немцаў і рымлян валяліся на вуліцах. Папа Аляксандр III уцёк з Рыма. Імператар Фрыдрых Рудабароды хадзіў па захопленай папскай сталіцы, піў віно са сваімі воінамі, абдымаўся і цалаваўся з імі. Ен, пэўна ж, адчуваў сябе новым Цэзарам. Ды здарылася нечаканае і страшнае. Тое, што не маглі зрабіць адборныя папскія рыцары, зрабіў за два-тры дні нейкі нікчэмнейшы мікроб — у Рыме пачалася эпідэмія. Немцы паміралі адзін за адным, быццам іх валіла з ног нябачная вострая каса. Сінія твары, мутныя вочы, уздутыя жываты, слізь і смурод — вось што заставалася ад вясёлых пышнацелых здаравякоў. Акрамя простых воінаў сканалі ў нечуваных пакутах імперскі канцлер, кёльнскі архіепіскап Райнхальд, сямёра палкаводцаў Барбаросы.

49

Лета 6754-е — 1246 год.

І горды Фрыдрых, пераможца Мілана і Рыма, праз некалькі дзён бясслаўна ўцёк, абматаўшы твар змочанай у чырвоным віне кашуляй.

Рымскія папы, вядома ж, адразу аб'явілі, што за іх заступіўся сам Хрыстос, наслаўшы мор на бязбожнікаў. Але радасць, як вельмі часта здараецца, была нядоўгая. Зноў пачалася вайна, яшчэ больш упартая і бясконцая. У чэрвені 1244 года новы папа Інакенцій IV, ён жа генуэзскі граф Сінібальда Фіеска, апрануўшы ці то манаскае, ці то жаночае адзенне, цудам выслізнуў з Рыма, які штурмам брала войска Фрыдрыха II Гогенштаўфена, унука таго самага Фрыдрыха І Барбаросы. Куды было бегчы Інакенцію IV? Вядома ж, у Ліён. Там, у Ліёне, у 1249 годзе, сумуючы па апостальскім горадзе Рыме, папа сабраў XIII Усяленскі царкоўны сабор. На саборы гаварылі аб крыжовым паходзе ў Палесціну і вызваленні Іерусаліма, які захапілі туркі, аб лёсе Лацінскай імперыі і Канстанцінопаля, пад сценамі якога стаялі грэка-візантыйскія атрады на чале з

імператарам Нікейскай імперыі Іаанам Ватацам. Ратавацца ад манголаў вырашылі такім чынам: на ўсіх сцежках і дарогах, што вялі ў Еўропу, сабор прапанаваў паставіць варту, выкапаць ямы, збудаваць сцены і вежы.

I ўсё ж сама больш гаварылі, як і чакалася, пра імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і адначасова сіцылійскага караля Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Яго зноў, у які ўжо раз, адлучылі ад царквы. Самыя ўсходнія епархіі рымскай каталіцкай царквы былі ў Прыбалтыцы — у Лівоніі і Прусіі. І вось туды, у Прусію, а затым, магчыма, і ў Літву вясною 1249 года ехала з Ліёна пасольства ад папы Інакенція IV на чале з легатам Якавам. Гэты Якаў, чалавек, як можна меркаваць, рашучы і разумны, неўзабаве стане папам Урбанам IV, а пакуль што ён ехаў у далёкую Прусію, у адваяваны ў прусаў горад Кірсбург, які наўзабаве будзе называцца Хрыстбургам, каб імем папы прымірыць тэўтонскіх рыцараў з тубыльцамі. У гэтым жа пасольстве ехаў негаваркі задумлівы чалавечак, буйнатвары і з плоскімі ступнямі, манах-дамініканец Сіверт. Усяго год назад Сіверт жыў у Неапалі, у палацы самога Фрыдрыха II Гогенштаўфена і лічыўся ягоным задушэўным сябрам. Часта за мармуровым абедзенным столікам на дваіх, застаўленым цудоўнымі вінамі, вазамі з вінаградам, персікамі і арэхамі, яны, імператар і манах, вялі ўсхваляваныя шчырыя гутаркі пра старадаўніх філосафаў, пра Рым не сённяшні, а той, вечны, нятленны, дзе жылі Цэзар і Брут. Якраз перад гэтым каля імператарскага палаца садоўнікі, перасаджваючы дрэва, наткнуліся ў зямлі на цудоўны беласнежны саркафаг, у якім ляжала, як жывая, забальзаміраваная гадоў шаснаццаці дзяўчына незвычайнай прыгажосці. Збегліся ўсе прыдворныя, усе слугі. Прыйшлі да саркафага і Фрыдрых з Сівертам. «Якая прыгажосць, — шэптам сказаў Фрыдрых. — А гэтай жа дзяўчыне ўжо болей тысячы гадоў». Прамовіўшы такое, імператар пабляднеў і закрыў рукой вочы. Затым загадаў у дальнім канцы саду тайна закапаць цудоўную мумію, якую народ назваў фанчулаю.

Поделиться с друзьями: