Жалезныя жалуды
Шрифт:
Сіверт, калі шчыра прызнацца, любіў імператара. Нічога не было ў ім ад дзікага нямецкага звера, якім прылюдна называў яго папа. Фрыдрых адкрыў у Неапалі універсітэт, дзе выкладалі арабы і яўрэі, пабудаваў моцны флот, у якім служылі мусульмане. Але ўдача ўсё часцей адварочвалася ад імператара, усё часцей яго пракліналі ўсе і ўсюды, і Сіверт, як чалавек асцярожны і прадбачлівы, рашыў пераехаць з Неапаля ў Ліён. Фрыдрыху ён сказаў, што хутка вернецца, толькі пашукае новыя саркафагі ў ваколіцах Рыма. Але вяртацца не збіраўся, бо своечасова зразумеў, што на сённяшні дзень папа мацней за імператара. «Няма бядней бяды, чым смутак», — любіў паўтараць ён. Застацца ж у Неапалі з Фрыдрыхам азначала смуткаваць да самай смерці, і не ў сваёй хатняй або манастырскай малітоўні, а ў папскай турме.
У Ліёне Сіверта сустрэлі ласкава. Ен расказаў усім, як цяжка жыць, нават цяжка дыхаць побач з Фрыдрыхам, як часта ён хацеў на простым рыбацкім чоўне вырвацца адтуль. А сам успамінаў фантан-вадамёт, што ў паўдзённую спёку струменіўся ў пакоі ў Фрыдрыха, і біў то падфарбаванай халоднай вадой, то салодкім віном. Жывучы ў Ліёне, ён часта бачыў апошні ўздых людзей на гэтым свеце, а калі ўвайшоў у давер да кліра і папы, то на вуха паміраючым стаўшы на калені, чытаў адыходную. Амаль заўсёды між апошніх слоў тых, што адплывалі ў лепшы свет, ён чуў слова «Рым». Усе яны страсна хацелі разам з папам вярнуцца ў апостальскую сталіцу. У Ліёне ён убачыў цёмныя задворкі чалавечай душы. У папскім палацы, нібы ў гарэме мусульманскіх эміраў, ён сустракаў еўнухаў. Некаторыя з іх яшчэ захавалі палавы інстынкт і, не могучы савакупіцца з жанчынамі, білі іх, кусалі, драпалі да крыві.
Неўзабаве Сіверт заўважыў, што адносіны да яго перамяніліся. «Фрыдрыхаў прыхвасцень», — не раз чуў ён за сваёй спіной. Нянавісць да Гогенштаўфенаў была такая вялікая, што ўсе, хто хоць аднойчы перакінуўся з імі добразычлівым словам, аб'яўляліся асабістымі ворагамі папы. Дамініканец рашыў ехаць з Ліёна, але не знікнуць назаўсёды, а, пабыўшы там, дзе ў бітвах з паганствам і схізмай гартаваўся меч ісціннай веры, са славай вярнуцца назад. Так ён прыбіўся да пасольства легата Якава. Яно накіроўвалася (вось цуд!) у адну з апошніх у Еўропе краіну паганцаў — Прусію.
Легат Якаў з Люціха ехаў паперадзе ў чырвонага дрэва брычцы на лёгкіх рэсорах. Брычку цягнула чацвёрка коней, пакрытых белымі апонамі, на якіх чарнелі святыя крыжы. Побач з брычкай, але ні на крок не апярэджваючы яго, на гнядым танканогім жарабку капыціў пыльныя дарогі Еўропы юны герольд у чырвоным плашчы, са срэбным рогам у руках. На перакрыжаваннях гандлёвых шляхоў і ў вялікіх хрысціянскіх гарадах ён трубіў у рог і звонкім голасам абвяшчаў: «Дарогу папскаму легату Якаву!»
Вернікі адразу падалі на калені, хрысціліся. Некаторыя з жанчын цалавалі сляды колаў ад вазка, у якім ехаў Якаў, потым выкопвалі гэту зямлю, насыпалі яе ў гаршкі і садзілі там кусты пунсовых руж, бо ружа — гэта святая Багародзіца, якая часова ператварылася ў кветку.
Сіверт, апрануўшы чорны дарожны плашч з капюшонам, ехаў за Якавам і за герольдам на муле. Не адстаючы ад манаха, кіраваў вялізнай фурай, запрэжанай караткахвостым біцюгом, ягоны служка Гуга. Эскортам у легата Якава былі пяцьдзесят папскіх конных капейшчыкаў. Аднаго з іх, чарнавусага прыгажуна Морыца, Сіверт вылучыў між іншых і прыблізіў да сябе. Ен распытваў яго пра бацькоў, пра дзяўчыну-каханку, і Морыц, задаволены той увагай, якая аказвалася яму, расказваў пра ўсё, быццам на споведзі. Сіверт любіў такіх прыгожых маладых людзей. Каб ён не быў манахам і не даў зарок бясшлюбнасці, такі пяшчотнашчокі прыгажун, як Морыц, мог бы быць ягоным сынам.
— Святы ойча, — спытаў аднойчы Морыц, — што вязе ў фуры твой слуга Гуга?
Сіверт мог не адказваць на такое пытанне, бо яно было нясціплым і несвоечасовым. Але расчулілася душа.
— Сын мой, — узнёсла сказаў Сіверт, — мы едзем у край бязбожнікаў і веразабойцаў. Там усё будзе не такое, як у нас, нават зямля, цвердзь, створаная Богам, будзе там не такой. Там жывуць паганцы, якіх рэдка асвятляў прамень ісціннай веры. Яны даўно ўжо прайгралі бітву Хрыстоваму воінству, але замест таго каб скарыцца, прыняць святыя таінствы, яны суцяшаюць самі сябе, гаворачы: «Пераможаны ўчора можа перамагчы заўтра». Не буду хаваць ад цябе, сын мой, што ў свой час жыў я пры двары імператара Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Гэты імператар, неаднойчы пракляты папам, і сапраўды — параджэнне пекла. Ен раскопваў старыя магілы і збіраў чалавечыя чарапы. Ен жа надумаўся адбіраць у няшчасных мацярок іхніх дзяцей-немаўлят і трымаць іх у пячоры. Ад самога нараджэння, ад першага мігу, калі дзіця ўбачыла зямное святло, і да дзесяці год трымалі яго ў глухой пячоры. Іх, такіх дзяцей, кармілі, паілі, апраналі, але служкам, якія даглядалі іх, імператар пад страхам самай лютай кары забараніў казаць хоць слоўца. Усё рабілася моўчкі, нібы і служкі і дзеці нарадзіліся ў краіне нямых. Там былі дзеці чарнаскурыя і са скурай белай, быццам снег. Былі і хлопчыкі і дзяўчынкі. Імператар хацеў даведацца, на якой мове загавораць яны, ад нараджэння не чуўшы ніводнага чалавечага слова. У гэтай фуры мой слуга Гуга вязе васьмігадовага хлопчыка, якога я называю Ніхто. Мне яго падараваў сам імператар. Я ўпэўнены, што Ніхто праз два гады загаворыць на мове багоў, на святой латыні.
— Але ж ён чуе гукі жыцця? — спытаў узрушаны Морыц.
— У пячоры каля Неапаля ён не мог нічога чуць, а ў фуры Гуга кожны дзень залеплівае яму вушы воскам.
Ноччу, калі клаліся спаць пад адкрытым небам, калі ззяў Арктур, самая яркая зорка паўночных нябёс, манаху нешта цяжкае і цёмнае гняло душу. Ен ліхаманкава хрысціўся, шаптаў, абліваючыся халодным потам: «Божа ўсявышні, выратуй мяне ад успамінаў». Побач у фуры гугніў ува сне Ніхто. Сіверт прыслухоўваўся — можа, прарэжацца ў гэтым гугненні чалавечае слова. Але чулася нейкая бязглуздзіца.
Ішла па зямлі вясна. Загараліся іскры жыцця пад шкарлупінаю птушыных яек. Дзюбатыя хітрыя вароны ў паўзмроку лавілі каля белых бярэзнікаў майскіх жукоў-хрушчоў.
Чатыры гады назад амаль гэтай дарогай ехаў у мангольскія стэпы папскі пасол Іаан Плана-Карпіні. Ен хацеў падгаварыць манголаў вызваліць ад туркаў труну гасподнюю ў Іерусаліме. Нічога, як ведае Сіверт, у Іаана не атрымалася. Цікава, што атрымаецца ў легата Якава і ў яго, Сіверта?
Праехалі Чэхію, дзе ўладарыў ваяўнічы і рашучы кароль Пшэмысл II Атакар. Гэты Пшэмысл дамогся назалежнасці Чэхіі і марыў з дапамогаю папы давесці межы сваёй дзяржавы да цёплага Адрыятычнага мора.
Шмат пабачыў Сіверт на немалым вяку зямных уладароў і добра помніў словы мудраца: «Правіцель падобен чоўну, а народ — хвалі. Вада нясе човен, але можа і перакуліць яго». Жыццё навучыла манаха своечасова перасаджвацца з чоўна на човен. Быў ён цыстэрцыянцам, але, калі аказалася, што папа любіць дамініканцаў, перайшоў у ордэн святога Дамініка.
У Галічы папскае пасольства вельмі ўрачыста сустрэлі браты-князі Даніла і Васілька Раманавічы. Яны былі вясёлыя, бо тры гады назад у жорсткай бітве пад горадам Яраславам ушчэнт разграмілі войскі ляхаў, уграў і дружыну чарнігаўскага князя Расціслава Міхайлавіча. Уцёк толькі Расціслаў, а ляшскага ваяводу Фларыяна і ўгорскага ваяводу Фільнія ў ланцугах прыгналі ў Галіч. Але заўважыў Сіверт і хмурынку ў вачах у гасцінных князёў. Гаспадары то яны гаспадары на сваёй зямлі, а па ярлык, які дае права на гаспадаранне, трэба ехаць у стаўку татарскага хана, кланяючыся па дарозе татарскім баскакам.
Ад Данілы і Васількі ўпершыню пачуў манах пра Новагародак і Літву. Раней ён быў цвёрда перакананы, што за Галіцка-Валынскім княствам аж да самага мора жывуць прусы або эсціі, як пра іх пісалі даўнейшыя падарожнікі. А Даніла Раманавіч, высокі, шыракаплечы, з хвалістымі цёмнымі валасамі, што спадалі амаль да самых плячэй, сказаў:
— На поўнач ад нас, за Пінескам, ляжыць моцная маладая дзяржава літоўцаў і новагараджан. Князь Міхаіл Пінскі, які зусім нядаўна ў нашай прысутнасці баяўся вочы ўзняць, цяпер з усёй сваёй сілай перакінуўся на іхні бок. Нам ужо робіцца цесна ад такога суседства. Думаю, недалёкі той час, калі галіцкі тур сутыкнецца з літоўскім зубрам.
Манаху Сіверту адразу ж захацелася сваімі вачамі пабачыць яшчэ не вядомую ў Еўропе дзяржаву. Ен быў чалавекам дзеяння і пакляўся сам сабе, што пасля Прусіі абавязкова патрапіць у Новагародак.
Прыехалі ў Кракаў. Дарога з Ліёна да Кракава заняла сем тыдняў. А Сіверту ўсё ўспаміналіся валынскія князі. Іхняга бацьку, князя Рамана, калісьці спакушаў прыняць каталіцтва папа Інакенцій III і за гэта абяцаў аддаць пад яго ўладу ўсю Русь. Вельмі насядалі папскія паслы на Рамана. Тады ён выняў меч і сказаў: «Ці такі меч святога Пятра ў папы? Калі ён мае такі, то можа даваць гарады і землі, але я пакуль што нашу гэты каля бядра і не маю звычкі браць гарады іначай, чым толькі крывёю — па прыкладу бацькоў і дзядоў нашых».