Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Галоўнай задачай ордэнаў, і Тэўтонскага, і Лівонскага, як адразу зразумеў назіральны манах, было знішчэнне жамойцкага кліна. Прусы не сёння, дык заўтра стануць даннікамі і прымуць хрысціянства або загінуць. Заставалася Жамойць. Яна перашкаджала зліцца ў адно цэлае ўладанням Рыгі і Марыенбурга. Гэта бачылі і немцы, і самі жамойты. Купцы, якія прыйшлі вялікім абозам з Дзвіны, расказалі Сіверту дужа цікавую гісторыю. На свае вочы бачылі яны, як у адным жамойцкім паселішчы звар'яцелы стары жрэц бегаў па вуліцах, па дварах, у полі і лесе і ўсюды збіраў птушынае пер'е. «Навошта табе яно?» — дзівіліся людзі. Але жрэц маўчаў і ўпарта рабіў сваё. Ен назбіраў цэлую гару рознакаляровага пер'я, абклеіў ім усе хаты, усіх сваіх бліжніх, а таксама найбольш адважных воінаў. «Нашаму народу не пашанцавала, — нарэшце загаварыў ён. — Прадзеды і дзяды нашы пасяліліся там, дзе сёння кладуцца дарогі рыцарскіх коней. Мала сілы ў нас, не справіцца нам з чужынцамі, бо з Цюрынгіі, Саксоніі, з Польшчы і Чэхіі ідзе да іх няспынная падмога. А наш саюзнік і брат літоўскі кунігас Міндоўг гуляе з намі, як з мышшу. То аддасць у кіпцюры нямецкай кошцы, то выхапіць з кіпцюроў. Але я выратую вас. Багі навучылі мяне. Спакойна кладзіцеся спаць, а я ўсю ноч буду паліць святы агонь, маліцца за ўсіх вас і за нашу зямлю. Калі ж устане сонца, усе мы разам з роднай зямлёй пераляцім далёка адсюль, пераляцім у такое месца, дзе няма праклятых рыцараў». Шмат хто смяяўся з яго, жанчыны плакалі, дзеці спрачаліся, у каго пер'е прыгажэйшае. Цэлую ноч, як шалёны, бегаў жрэц вакол вогнішча, нават скакаў у яго, аж чырвонае вуголле пырскала ва ўсе бакі. Увесь час махаў ён рукамі, нібы крыламі. Нарэшце выпіў пітво, настоенае на сямі лясных і лугавых травах, упаў на зямлю і заснуў як забіты. Калі ж прачнуўся, спытаў, не расплюшчваючы вачэй: «Дзе мы? Над воблакамі?» — «У Жамойці», — горка адказалі яму. Тады з дзікім крыкам пабег ён з паселішча і з самай высокай стромы кульнуўся ў раку.

Сіверта ўразіла гэта гісторыя. «Чаму нас так баяцца? — думаў ён. — Ніхто, вядома, не хоча аддаваць сваю веру і волю. Кожнаму чалавеку здаецца, што яго вера самая правільная. І браталюбы з Новагародка так думаюць, і жамойты, і прусы. Але ж сонца — адно. І неба — адно. І некалі трэба зразумець, што гэта непазбежна — адкінуць убок свайго бажка і пайсці ўслед за Хрыстом, бо толькі ён павядзе чалавека праз сінюю бездань часу».

II

Халоднай мокрай восенню, калі зашумела над усёй Прусіяй жоўтая лістота, што валілася з дрэў, Сіверт паехаў у Рыгу. Па загаду самога папы Інакенція IV ён павінен быў сустрэцца з рыжскім епіскапам Мікалаем і аб'явіць яму волю рымскага апостальскага прастола, што з гэтага часу і назаўсёды манахі-дамініканцы будуць апекаваць Лівонію, а не цыстэрцыянцы. Усе іхнія манастыры, усе малельні і святыя сасуды павінны быць аддадзены дамініканцам. Сіверта спачатку напалохаў такі загад. Ен лічыў сябе занадта дробнай птушкай, каб лётаць у высокіх сферах. Але архіепіскап Якаў паручыўся за яго перад Рымам, бо манах спадабаўся яму за час нялёгкага падарожжа ад Ліёна да Прусіі.

Разам з Сівертам паехалі ў Рыгу Морыц і Ніхто, а таксама эскорт з сотні конных капейшчыкаў.

— Калі ўдасца жывымі праскочыць Жамойць, то лічыце, святы айцец, што мы прайшлі па шаўковай нітцы, якая нацягнута над бяздонным калодзежам, — нявесела пажартаваў прыгажун Морыц.

Але Сіверт, як прыроджаны немец, быў чалавек рашучы. Галоўнае для яго было зараз — выканаць загад, і ён бадзёра накіраваўся ў дарогу.

— Мы жывём пад аховай нябёс, — сказаў ён Морыцу. — Я веру, што нам пашанцуе, сын мой, што нас напаткае ўдача, як вецер пад крыло.

Дажджавела неба, шумелі мокрыя лясы, пад коламі фур сыпкі пясок перамолваўся ў густую ліпкую гразь. У некаторых месцах даводзілася дапамагаць коням, бо ў бедных усе жылы трашчалі. Сам Сіверт выходзіў пад дождж, слабым плечуком штурхаў у халодную скураную абшыўку. Перад дарогаю манах купіў сабе вялікага пярэстага сабаку з разумнымі вачамі, якога назваў Сарацынам. Сабака сядзеў, паклаўшы галаву яму на калені, а на прывалах, калі капейшчыкі кідалі абгрызеныя косткі, хапаў іх, закопваў у зямлю.

Спачатку награбаў пясок лапамі, а потым ужо раўняў усёй мордаю. «Сваю салодкую костачку трэба заўсёды з сабой насіць, — думаў Сіверт, назіраючы за сабакам. — Хоць вочы ў цябе і разумныя, але ты дурань з дурняў. Вось зараз паедзем — і прапала твая костачка».

Як заўсёды ў дарозе, знаходзіліся людзі, што любілі і ўмелі апавядаць страшныя гісторыі. Такім аказаўся капейшчык Ганс. Быў ён, як птушынае яйка, увесь абсыпаны бледнымі вяснушкамі.

— Аднойчы прыехаў у заезны дом, што побач з нашай вёскаю, багаты купец, — расказваў Ганс. — Быў у яго цэлы мяшок срэбных дынарыяў, ну, можа, крыху менш. І ва ўсе кішэні дынарыі панасыпаны. Ходзіць купец па двары і ўвесь звініць. Гаспадар з гаспадыняю як убачылі гэта, як пачулі, адразу рашылі забіць багацея. Выкапалі ў садзе глыбокую ямку, каб там яго, забіўшы, закапаць. Ну, вядома, перад сном пояць яго самым п'яным віном, нясуць на стол смажаных курапатак і вараную заечыну. Адным словам, сам імператар не адмовіўся б ад такой вячэры. Ложак заслалі ўсім белым, усім самым чыстым, як быццам шлюбная ноч купца чакае. Выпіў купец, закусіў, але глядзіць на два вокі і на два вухі чуе. Лёг ён спаць і пад белай прасціною намацаў звярыную шкуру. «Для чаго б гэта?» — думае купец. І як быццам нехта шапнуў яму з цемры: «Гэта ж забіваць цябе будуць. А гаспадыня шкадуе бялізну і хоча ўсю тваю кроў на шкуру спусціць». Хуценька схапіў купец сваё адзенне, свой мяшок са срэбрам і пабег з гэтага заезнага двара, нават пра каня забыўся. А гаспадарская дачка Крысціна (я нават з ёю два разы танцаваў) вярнулася дадому позна, бачыць ложак свежазасланы, і лягла ў яго спаць. Ноччу яе бацька разуўся, каб ніякага рыпу не было, падкраўся да ложка і з усяго маху гопнуў па галаве бязменам. І мёртвае цела ў шкуры адразу ў яму пацягнулі. Засыпалі пяском, ляглі спаць, рашыўшы купцовы дынарыі заўтра раніцай пералічыць. «Добры будзе Крысціне пасаг», — радуецца гаспадыня. Ледзьве сонца на неба ўскацілася, пабеглі ў сад, каб кроў, дзе нацякла, усю да кропелькі затаптаць. Глядзяць — а з ямы сіні доччын каснічок тырчыць.

Да Рыгі даехалі без асаблівых прыгод. Толькі аднойчы, спыніўшыся начаваць на беразе невядомай ракі, раніцою ўбачылі ў абшыўцы фуры, у якой сядзеў Сіверт, жалезны дроцік. Пэўна, магутная рука кідала яго, бо так упіўся, што насілу выцягнулі. Ды яшчэ захварэў Ніхто. Пачаў кашляць і дзіка скрыгатаць зубамі. Манах адагнаў ад фуры капейшчыкаў і разам з Морыцам, які ведаў таямніцу Ніхто, уліваў яму ў рот гарачы адвар з высушаных траў і карэнняў. Ніхто, які неўзабаве павінен быў здзівіць усіх чысцейшай латынню, супакоіўся, заціх.

Сіверт быў расчулены, што выздаравеў Ніхто, што варожы дроцік, пушчаны д'ябальскай рукою, патрапіў толькі ў абшыўку, а мог упіцца яму, хрысціяніну Сіверту, у скронь. Ен доўга і горача маліўся, дзякаваў усявышняму і, перад тым як зноў крануцца ў дарогу, выступіў з казанню перад капейшчыкамі і Морыцам. Казань ён закончыў так:

— Хрысціянства — другое жыццё пасля смерці. Рай для добрых, пекла для злых.

Рыгу Сіверт бачыў упершыню, і гэта цвярдыня апостальскай веры на яшчэ ўчора дзікім паганскім беразе ашаламіла яго сваёй веліччу і прыгажосцю. Горда ўзнімаліся пад воблакі хрысціянскія храмы, ад аднаго выгляду якіх соладка замірала сэрца і ўдзячная сляза накочвалася на вочы. Безліч ветразяў — чырвоных, сініх, пярэстых — надзімаў свежы вецер. Як было не ўспомніць епіскапа Альберта фон Буксвагена? Гэта ягонай воляй і цярпеннем, ягоным розумам і гартам былі створаны Рыга і Лівонія. Ды даўно спіць у мармуровай труне неўтаймоўнік-епіскап, а ў доме, які пабудавалі па яго чарцяжу муляры з Готланда, жыве новы рыжскі епіскап Мікалай. Гэты, як даносілі Сіверту дасведчаныя людзі, толькі слабая цень Альберта. «Шуму ад мяне будзе не болей, чым ад мышы», — быццам бы сказаў ён бліжэйшым сваім сябрам, уздымаючы разам з імі кубак з віном. Адзіная ў яго мара — стаць з цягам часу архіепіскапам, атрымаць ад рымскага папы паліум, як сімвал поўнага свяшчэнства. Кажуць, што Мікалай спіць і нават ува сне бачыць паліум — белы ваўняны каўнер, які ўпрыгожваецца шасцю чорнымі крыжамі і надзяецца на святарскую рызу толькі ў час асабліва ўрачыстай царкоўнай службы і толькі ў сваёй епархіі. Робяць яго з воўны свяшчэннай авечкі. Паліум асвячае і ўручае сам папа як знак узвядзення ў высокі сан архіепіскапаў.

Мікалай сустрэў Сіверта з прыязнай усмешкай і з халоднымі вачамі. Але гэта не збянтэжыла манаха. За яго спіною як бы нябачна прысутнічаў папа

Інакенцій IV, што ўжо ўрачыста пераехаў з Ліёна ў Рым. Усе свяціцелі былі за Сіверта, і ён рэзкім голасам абвясціў волю апостальскага прастола. З гэтага часу на першы план у Лівоніі выходзілі дамініканцы. У Мікалая быў кіслы твар.

— Ваша каталіцкая правялебнасць епіскап рыжскі, што мне перадаць святой рымскай курыі? — строга і рашуча, як і належыць пасланцу вышэйшай улады, спытаў Сіверт.

— Мы ў Рызе выканаем волю курыі,— збялеў епіскап. — Ды славіцца гасподзь наш Ісус Хрыстос і прасвятая дзева Марыя.

Трэба было не мець вачэй, каб не ўбачыць варожасці паміж епіскапам Мікалаем і рыжскім ратам 53 і магістрам Лівонскага ордэна Андрэем Стырландам. Яны ніяк не маглі падзяліць захопленую і яшчэ не захопленую зямлю, прыбыткі з гэтай зямлі. Вялікае і нікчэмнае сплялося тут, як заўважыў Сіверт, у адзін вузел.

Замест таго каб сакрушаць паганцаў жалезным бічом, хрысціяне грызлі адзін аднаму горла.

53

Рат — вярхоўны орган гарадскога самакіравання.

Пра ўсё гэта ў прысутнасці мясцовых клірыкаў і ратманаў Сіверт сказаў епіскапу Мікалаю. А потым паехаў з Рыгі ў Вэндэн, сталіцу лівонскіх рыцараў, і тое ж самае паўтарыў магістру Андрэю Стырланду. У магістра ён сустрэў чалавека, якога тры дні назад бачыў у пакоях епіскапа.

— Хто гэта? — пацікавіўся манах.

— Нальшанскі кунігас Суксе, — адказаў Стырланд. — Просіць нашай апекі. Кунігас Міндоўг адабраў у яго замак, зямлю, а самога з сямейцамі выгнаў у чыстае поле.

Стырланд быў высокага росту, з цёмнымі густымі валасамі і маленькім ротам-шчылінай.

— Шмат кунігасаў і баяр бягуць з Літвы, — ахвотна тлумачыў магістр. — Да твайго прыезду, святы айцец, былі ў мяне тры браты-баярыны: Тушэ, Мілгерын і Гінгейка. Іхні старэйшы брат Лінгевін, падвучаны тым жа Міндоўгам, таксама выгнаў іх. І не проста выгнаў, а падбіў мясцовую абшчыну, і тая праз свой копны суд вырашыла правесці гон па следу. Есць у літоўцаў такі звычай. Як за ваўкамі гналіся за баярамі.

— Няўжо Міндоўг такі ўсясільны? — спытаў Сіверт.

— Ен, вядома, не бог, — усміхнуўся Стырланд, — але, калі трэба, можа паставіць пад сваю руку трыццацітысячнае войска. У яго дружынах б'юцца плячо ў плячо літоўцы і русіны. А Русь умее ваяваць. Табе, спадзяюся, вядома, святы айцец, як князь Аляксандр, празваны Неўскім, загнаў пад лёд нашых лепшых рыцараў на Чудскім возеры?

Поделиться с друзьями: