Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Нёман, — выдыхнуў нарэшце Далібор, і яны спынілі коней над маўклівай ракою.

Яна была не дужа шырокая і глыбокая, а зараз, пад ільдом і снегам, і зусім выдавала шчуплай, сціплай, але яна была калыскай двух народаў, і пакуль жывуць гэтыя народы, у іхніх песнях будзе жыць і яна. З вялікім хваляваннем глядзелі Далібор і Войшалк наўкол, быццам нечага чакалі, быццам жывы магутны голас вось-вось павінен быў прагучаць, пракаціцца ў маўклівай снежнай прасторы.

— У цябе ёсць жалезны жолуд? — раптам спытаў Далібор.

— Есць, — адказаў Войшалк.

— Давай абмяняемся імі і нацельнымі крыжамі, каб на ўсё жыццё стаць братанічамі.

Вочы ў Войшалка заблішчалі. Ен усё зразумеў і з радасцю згадзіўся. Княжычы злезлі з коней, абмяняліся жалудамі і крыжамі, тройчы пацалаваліся і пайшлі на Нёман. Там, на самай сярэдзіне, яны апусціліся на калені, рукамі пачалі разграбаць снег, пакуль не заззяў чысцюткі лёд. Мячамі яны прасеклі, прадзяўблі ў лёдзе палонку, зачэрпнулі Даліборавым шлемам і зрабілі па глытку марозлівай, аж трашчалі зубы, вады. Да самага свайго канання яны не забудуць гэты дзень. І як бы не давялося ім памерці — на руках у сваіх родных або ў сядле ў час бітвы, за хмельным сталом або ў катавальні — святая нёманская вада ніколі і нідзе не дасць ім зрабіцца сляпымі і глухімі, забыць сваю зямлю.

Стомлены зімовы дзень схіляў ледзяное крыло, пачыналіся прыцемкі. Княжычы не адважыліся супраць ночы рабіць трыццаць вёрст назад да Новагародка. Насеклі лапніку, хмызу. Потым Далібор дастаў з дарожных торбаў-сакваў звярыную шкуру. Пад густымі маладымі елкамі ўтапталі снег, наклалі лапнік, зверху паслалі шкуру. Далібор чэкнуў крэсівам, выбіў іскру, і неўзабаве засвяцілася ў цемры невялікае цяпельца. Яны працягнулі да яго рукі, пальцы сутыкнуліся над агнём, і гэта было як бы яшчэ адным знакам, што душы іхнія парадніліся.

Не ўпершыню начавалі княжычы, новагародскі і літоўскі, у лесе, у полі, але заўсёды між свайго войска, у гушчыні людзей, сёння ж яны засталіся сам-насам з маўклівасцю дрэў і маўклівасцю неба. Пэўна, іх ужо даўно шукалі ў Новагародку і ў Міндоўгавым стане. Яны ж нібы закалыханыя зімовым лесам, сядзелі твар у твар, і здавалася, што не будзе канца гэтай незвычайнай ночы. Яны бачылі, як збіраліся на начлег цецерукі — з усяго лёту ныралі ў гурбы і клаліся спаць пад снегам. Потым, ужо на зломе ночы, непадалёку пачуўся прарэзлівы, нібы дзіцячы крык. Гэта заяц, упаўшы на спіну, усімі чатырма лапамі адбіваўся ад нейкай буйной белай птушкі.

Далібор глядзеў праз полымя на Войшалка, усё часцей замест літоўскага княжыча бачылася яму Рамуне. Яны, брат і сястра, былі падобныя тварам, толькі Войшалк меў цямнейшы волас. Далібор цёр кулакамі вочы, срэбныя бліскаўкі скакалі наўкол, здавалася, кружыўся лес, агонь. Галава ўпала на калені, і ён заснуў.

Раніцай княжычаў пабудзіла галёканне, крыкі. Вершнікі прабіваліся да іх скрозь снег. У пярэднім Войшалк з вялікім здзіўленнем і незадавальненнем пазнаў Казлейку.

— І тут — ён! — да болю сціснуў Войшалк рукаяць мяча.

Міндоўгаў шапатнік злез-скульнуўся з каня, адвесіў княжычам вельмі глыбокі паклон, стаў з непакрытай галавой перад Войшалкам.

— Па слядах знайшоў? — жорстка спытаў у яго Войшалк.

— Па слядах, — сказаў Казлейка. — Бяда вялікая, княжыч, напаткала ўсіх нас.

— Якая? — схапіў яго загрудкі Войшалк. — Гавары! З кунігасам бяда?

— Няма больш на свеце светлай княгіні літоўскай, а тваёй маці мудрасардэчнай Ганны-Паяты.

— Маці няма?

Войшалк пабялеў, глядзеў на Казлейку, як на самае страшнае, самае агіднае стварэнне, што прыпаўзло праз ноч, праз снег дзеля таго, каб і тут, у гэтым ціхім схоўным лесе, зрабіць яму, Войшалку, балюча.

— Што з маці? — апалым голасам спытаў княжыч.

— Конь капытом ударыў княгіні проста ў скронь, і княгіня памерла на руках у кунігаса.

— Конь? Які конь? — з непаразуменнем і слязьмі ў вачах пазіраў Войшалк то на Казлейку, то на Далібора.

— Конь дружынніка Гінтаса. Каня ўжо забілі разам з яго мярзотным гаспадаром.

«Зязюля, — адразу ўспомніў Гінтаса Далібор. — Як ён баяўся тады, у лесе, што яго пакарае кунігас».

— Конь… Гінтас, — казаў між тым пабялелы Войшалк і раптам ярасна кінуўся на Казлейку.

— Навошта ты прыехаў сюды, павук душы?!

Казлейка пакорліва схіліў галаву. Войшалк спыніўся ўпрытык з ім, сціснуў рукамі свой лоб, у пакуце заплюшчыў вочы.

— А можа, капытом ударыла Марта? — сказаў ён раптам, і вочы заблішчалі.— Ты ведаеш, павук, Марту? Бачыў яе? Яна, вядома ж, маладая, маладзейшая за тваю нябожчыцу княгіню.

Ен упаў каленьмі ў снег.

— Божа, пакарай усіх, хто хоць адным пальцам крануў яе. Разбі іх сваім гневам, як у пракаветны час разбівалі млекасосцаў аб каменне. Зрабі, каб іхнюю чорную кроў спілі п'яўкі. Няхай яны сваімі галовамі б'юцца аб кожны пень у лесе. Божа, няхай іх сажрэ гліна і гразь.

Казлейка ўважліва пазіраў на Войшалка, потым даў знак рукою сваім спадарожнікам. Яны асцярожна ўзялі княжыча пад пахі, асцярожна пасадзілі на каня.

— Забіце Жэрнаса! — крычаў Войшалк. — Натапчыце яму чэрава жалезнымі жалудамі, каб ён лопнуў! Ты — Жэрнас! — павярнуўся ён раптам да Казлейкі.— Які ў цябе агідны лыч!

Далібор з дапамогаю літоўцаў зноў ссадзіў княжыча з каня. Войшалка паклалі на звярыную шкуру, і Далібор браў жменямі снег, студзіў яму лоб. Неўзабаве Войшалк заціх, заснуў. Так яго і павезлі ў Новагародак, соннага, прывязаўшы шкуру між двух коней.

У глыбокім смутку ехаў следам за сваім сябрам Далібор. Дужа баяўся ён, каб гарачка-агнявіца не ўзяла Войшалкаў розум, але на паўдарозе літоўскі княжыч прачнуўся, сеў у сваёй шкуры-калысцы, загадаў:

— Каня мне!

І як толькі падвялі каня, лёгка ўскочыў у сядло, моўчкі паехаў паперадзе ўсіх. Нават Далібору не сказаў ні слова.

І Міндоўгаў стан, і ўвесь Новагародак былі ў вялікай жалобе. Княгіню Ганну-Паяту, як прыроджаную хрысціянку, адпявалі па хрысціянскаму абраду. Іерэй Анісім, ва ўсім чорным, разам з усім сваім клірам спяваў святыя псалмы, хадзіў вакол дубовай труны-корсты, махаючы кадзілам. Але казалі на дзядзінцы і ў вакольным горадзе, што ўначы прыбягалі з пушчы, з глухога буралому нейкія людзі, ці то мужчыны, ці жанчыны, у кашлатай поўсці, у рознакаляровых пер'ях, і спрабавалі танцаваць вакол нябожчыцы. Ды святы пах воску і ладану не дужа напалохаў іх. Адагнаў жа іх ад труны іерэй Анісім. Ен адважна ўзняў залаты крыж і тройчы сказаў:

— Адыдзі, згінь, сатана!

Праўда гэта ці небыліца, ніхто так і не даведаўся. Сам іерэй глыбакадумна маўчаў, кашчавай загарэлай рукою гладзіў сваю пушыстую бараду.

Далібору ніяк не выпадала вока на вока сысціся з Войшалкам. Ды ён і не спрабаваў гэта рабіць, бачачы тое лютае гора, што абрынулася на сябра, бо людзі паміраюць часта, а маці памірае толькі раз.

Ганна-Паята ляжала прыгожая, нікому ўжо, акрамя бога, недасяжная.

— Свечку жыцця паляць з двух канцоў,— ціхім голасам чытаў над ёй з жоўтага старога пергамена Анісім.

Поделиться с друзьями: