Жалезныя жалуды
Шрифт:
Чорныя валасы ваўкавыйскага князя ўжо прыхоплівала ранняя сівізна. Твар завастрыўся, скура на шчоках зрабілася амаль карычневая, так абпалілі яе сонца і вецер. Вочы строга пазіралі з-пад прыпухлых ад частага бяссоння павекаў. У Новагародку пакінуў Далібор сваіх сямейцаў: жонку — княгіню Еўдакію, дачку нябожчыка Усеваладкі, і трохгадовага сына Збыслава. У Ваўкавыйску ж, дзе ён княжыў ужо не адзін сонцаварот, сядзеў зараз галіцкі княжыч Леў Данілавіч. Жорсткі бой даў Далібор галічанам, валынянам, полаўцам і яцвягам каля Услоніма на рацэ Шчары. Біліся два дні. З яловага лесу, працуючы пад покрывам ночы, збудавалі ваўкавыйсцы і ўслонімцы тын вышынёю ў паўтара сажня, сталі за ім. Дарэмна Даніла Галіцкі з братам Васількам, з сынам Львом і сватам Цягакам, з паслом кунігаса Таўцівіла баярынам Рэўбам хадзіў на прыступ. Толькі горы мёртвых сваіх вояў наклаў. Тады выйшлі наперад яцвягі з князем Анкадам, пачалі кідаць рогціцы 68 і стрэлы, абкручаныя падпаленай саломай. Якраз у твар ваўкавыйсцам і ўслонімцам падзьмуў моцны вецер. Яловы тын успыхнуў, загарэўся з вялікім трэскам і гудам. Вецер нёс вогненныя галавешкі на Далібораву дружыну. У гэты час каля тысячы конных полаўцаў лёгка пераправіліся цераз Шчару і ўдарылі ў спіну. Нездарма Шчара на мове літоўскіх прашчураў азначае Вузкая. На рацэ ўжо станавіўся, чапляўся за травяністыя берагі першы лёд, ярка бліскучы і тонкі, нібы бярозавы ліст. Коні стэпавікоў выскачылі са Шчары, абсыпаныя ад капытоў да шыі кавалачкамі гэтага лёду. Пры святле пажару здалося, што ўсе яны ў зіхоткіх кальчугах. Далібор адступіў у бок Новагародка, страціўшы сотні дзве людзей. Асабліва балюча перажыў ён смерць свайго старога настаўніка ляха Косткі. Вельмі мужна біўся лях. Рухнуў пад ім конь, прабіты яцвяжскімі рогціцамі, прыдушыў Костку. Але лях, сабраўшыся з сілаю, узняўся на ногі, адбіваўся двума мячамі.
68
Рогціца — дроцік.
— Пераходзь да нас! — крыкнуў яму Леў Данілавіч. — Будзеш у мяне ваяводаю!
— Я служу Новагародку і князю Далібору, — адказаў Костка.
Нарэшце полаўцы кінулі валасяны аркан, зноў звалілі ляха на зямлю. Але ён, ужо лежачы, паспеў успароць брухавіну некалькім стэпавікам. Разлютаваныя полаўцы білі яго рукаяткамі бізуноў, цвёрдымі вострымі наскамі ботаў, паўжывога зацягнулі ў ханскі шацёр і там пасадзілі на кол, змазаны барановым тлушчам.
Пасля сечы над Шчараю Даніла Галіцкі з сынам Львом прыпыніўся ў Ваўкавыйску, каб даць хоць трохі адпачыць сваім расшкуматаным Даліборам палкам. Яшчэ аднаго свайго сына, Рамана, з полаўцамі і яцвягамі паслаў на Гародню.
Далібор, перавёўшы дых у Новагародку, сустрэўшыся з Войшалкам, рушыў на дапамогу Варуце. З найбольш блізкіх людзей ішлі з ім ваявода Хвал, меднік Бачыла. Замест халопа Найдзёна, які, спалохаўшыся вайны, адпрасіўся конюхам у глухую наднёманскую весь, ваўкавыйскі князь наблізіў да сябе, зрабіў сваім целаахоўнікам-слугою маладога Курылу Валуна. Гэта быў блакітнавокі здаравяк, высачэннага росту, з цёмнымі кучаравымі валасамі. Ад сілы меў ён васемнаццаць сонцаваротаў зямнога жыцця, а ўжо ўсе людзі на берагах Росі, Шчары і Нёмна ведалі пра яго. Далібор упершыню ўбачыў Курылу, калі ўмацоўвалі ваўкавыйскі вал. Халопы, смерды і дружыннікі секлі лес, капалі гліну, цягнулі камяні, абляпіўшы іх, як мурашкі. І вось прыйшоў на вал чалавек, які нёс агромністы шматпудовы камень.
— Хто гэта? — здзіўлена спытаў Далібор, пазіраючы на незвычайнага незнаёмца.
— Гэта наш Курыла Валун, — адказаў, вітаючы асілка, меднік Бачыла. — Як нарадзіўся, далі яму імя Курыла, а як падрос і пачаў валіць з ног сваіх адналеткаў і сталых мужчын, сталі зваць Валуном.
— Адкуль у цябе такая сіла? — спытаў меднік у Курылы Валуна. — Што ты еў, як малы быў?
— Рэпу і грыку 69 ,— светла ўсміхнуўшыся, адказаў Курыла Валун.
— А казалі, што ты мядзведжую кроў піў,— не адставаў Бачыла.
69
Грыка — грэчка.
— Навошта? — зноў усміхнуўся Курыла. — Мяне матуля малаком паіла.
— Эх, Курыла, Курыла — вялікая сіла, — штурхнуў яго плечуком меднік.
Ды Курыла Валун стаяў незварушна, як скала. Ен трымаў на плячах камень, а здавалася, трымае вязанку сухога галля.
— Куды класці камень? — спакойна спытаў ён.
— Нясі на самы верх вала, — хітра прыжмурыўшыся, загадаў Бачыла.
Блакітнавокі асілак лёгка закрочыў туды, дзе завіхаліся муралі і каменясечцы. Адразу ж пасля гэтага Далібор паклікаў Курылу ў свой церам, шчодра пачаставаў, выпытаў усё пра ягоны род і ягонае малалецтва. Быў Курыла Валун з ваўкавыйскіх купцоў, але бацьку ягонага, калі ішоў з абозам, забілі галаўнікі. Маці, засумаваўшы па мужу, памерла, і Курыла застаўся адзін, бо не даў яму бог братоў і сясцёр. Як амаль кожны магутны целам чалавек, быў ён мяккасардэчны, чуллівы, гуляючы ў лузе, крыло нікчэмнай страказе не мог абарваць. Рос спачатку павольна. Праўду кажуць, што паспешліва рвецца пад сонца толькі пустазелле, а садовая яблыня марудна набірае сілу.
Ды раззлавалі, раз'ятрылі маладога ціхуна вакольныя людзі, можна сказаць, суседзі. Іхнія дзеці, дражнячы, называлі яго дурным купецкім выпладнем. Даўно заўважана, што дзеці-малалеткі вельмі жорсткія і ім абавязкова трэба мець поруч з сабой некага слабага, безабароннага, каб на гэтым небараку штодзень спаганяць сваю жорсткасць. Дзеці, як і належыць дзецям, былі маларослыя, а Курыла, іхні равеснік, рос угору, нібы гонкі дубок, і гэта таксама вельмі злавала іх. Вясною яны любілі кідаць у Курылу варонінымі і вераб'інымі яечкамі. Але самы балючы і непапраўны ўдар чакаў юнага асілка, калі ён прыйшоў аднойчы на магілу сваёй маці. У глыбокім сумным одуме сеў ён каля магілы і раптам убачыў такое, ад чаго пачарнела ўваччу. З грудка вільготнага жоўтага пяску, пад якім у каменнай труне ляжала маці, тырчаў ружовы, агідны сваёй яркай ружовасцю свіны лыч. Курыла аж задыхнуўся ад нечаканасці, ад вострай крыўды і гневу. Ен упаў на калені, пачаў ліхаманкава, ломячы пазногці, разграбаць пясок і выцягнуў з яго ладнаватага ўжо смярдзючага парсюка. Закрыўшы рукамі твар, пабег Курыла з могільніка, рухнуў у густую глухую траву, дзе цьмяна блішчалі затоеныя лугавыя жабкі, і яго зблажыла. Яму вымотвала кішкі, здавалася, вырывала сэрца з грудзей. Адляжаўшыся ў траве, апаласнуўшы твар дажджавой вадою з лужыны, у якой расла жоўтая пухнатая лотаць, ён узяў камень, пайшоў на пасад і, як толькі ягоныя адвечныя ворагі пачалі крыўляцца, паказваць язык, цяжка шпурнуў у іх каменем. З таго часу і прачнулася ў купецкім сыне ягоная незвычайная сіла. Увесь скарб, які застаўся пасля бацькі, ён ахвяраваў на царкву. Сабе толькі купіў добрага каня, багатае сядло і жалезную кальчугу. Ваўкавыйскія кавалі зрабілі яму адмысловы кій 70 паўпуда вагою. З гэтым кіем пачаў Курыла Валун браць удзел у «полі», аб'язджаючы на сваім кані Новагародскую зямлю, заязджаючы ў Менскае княства і нават у Полацкае. «Поле» — гэта паядынак, двубой, які праводзіўся па рашэнню суда людзьмі, што люта варагавалі між сабою. Паколькі ворагаў у кожнага хапала, «поле» было даволі частае, асабліва ўвосень. Збіралі людзі плады зямныя, пілі хмельны мёд і, прыпомніўшы крыўды ад суседзяў і несуседзяў, ішлі да мясцовага князя ці баярына, які валодаў правам мясцовага суда. Старыя, святары і малалеткі шукалі звычайна наймітаў, што маглі б, атрымаўшы немалое срэбра, біцца за іх. Курыла Валун і быў адным з такіх наймітаў. Слава аб ягоным страшным удары і вялікай адвазе кацілася над Россю, Шчарай і Нёмнам, дасягаючы да Віслы і Дняпра. Вось якога чалавека сустрэў Далібор.
70
Кій — баявы молат.
Курыла Валун ехаў на сваім гнядым кані следам за князем. Цёмныя, не прыкрытыя ні шлемам, ні аблавушкай, валасы шкуматаў вецер. Адпаліраваны да люстранога бляску кій цяжка вісеў уздоўж левага сцягна. За халявай чырвонага, добра-такі растаптанага, бота горда тырчала касцяная лыжка. Гэта лыжка мела доўгую жалезную ручку, у якой Курыла прасвідраваў дзірку, каб пры патрэбе можна было павесіць сваё адзінае багацце на крук або гвозд.
Побач з Курылам Валуном ехаў меднік Бачыла. Шчокі ў медніка былі ружовыя. Яго аж распірала ад ганарлівасці — гэта ж ён, а не хто іншы, знайшоў і прывёў у княжую дружыну славутага асілка. У паходзе меднік як бы апекаваў Курылу Валуна. Калі надараўся прывал, борзда скочваўся з каня, бег у бліжэйшы лес, валачыў адтуль сушняк і распальваў вогнішча.
— Ты, Валунок, сядзі. Я сам, — лагодна казаў ён, дастаючы з-за пазухі крэсіва і выбіваючы іскру.
Крэсіва ў медніка было важнецкае, з фігурнай бронзавай ручкай у выглядзе дзвюх кіпцюрастых драпежных птушак, якія клявалі чалавечую галаву.
— Сам зрабіў,— хваліўся кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму меднік.
Так і ехала гэта тройца: паперадзе маўклівы заклапочаны князь, ззаду Курыла Валун і Бачыла.
Вельмі розныя, непадобныя былі яны знешне, але той, каму б удалося хоць на міг пранікнуць у іхнія думкі, здзівіўся б, бо думалі яны пра адно і тое ж — пра жанчыну, вядома, кожны пра сваю. Бачыла ўспамінаў жонку, якая з дзецьмі засталася ў Новагародку. «Птушаняткі вы мае шэранькія», — звычайна казаў ён жонцы і дзецям. Далібор пакутліва думаў пра Рамуне. З таго самага часу, калі жаніўся ён на ваўкавыйскай князёўне, калі нарадзіла яна яму сына, не аднойчы спрабаваў Далібор забыць светлавалосую літоўку, дзікаватыя чорна-зялёныя вочы, гнуткую звабную паставу, ды нічога не атрымлівалася. Як прырасла яна да душы. Ен разумеў, што грэх яму, сямейніку, нават у думках трымаць чыстую, не аблагоджаную мужчынам дзяўчыну, але зноў і зноў трызнілася Рамуне. Нездарма гавораць людзі: «Каюся, ды за тое ж хапаюся». Курыла Валун, незварушна седзячы на кані, прыгадваў дужа прыгожую незнаёмку, якую напаткаў учора на дзядзінцы Новагародка. У яе былі вельмі сумныя вочы і заплаканы аж сіняваты твар. Поруч з ёю ішоў княжы дружыннік, таксама надзіва прыгожы, час ад часу нахіляўся да вузкага дзявочага пляча, нешта шаптаў, прыжмурваючы бліскучыя прагныя вочы, у маленькае ружовае ад халоднага ветру вушка. Курыла Валун, сам не разумеючы чаму, адразу ж неўзлюбіў дружынніка. Захацелася неяк зачапіць яго, паджучыць, раззлаваць, каб потым можна было ляснуць цераз увесь лоб жалезным кіем. Ды ўсмешлівы дружыннік нават не зірнуў на Курылу Валуна.
— Хто гэта? — спытаў, уколаты такой няўвагаю, Курыла ў захутанай ва ўсё чорнае бабулькі, адной з тых бабулек, якія ведаюць і помняць усё.
— Вель, княжы дружыннік, — прашамкала тая пустым сухім ротам. — А з ім залатарова дачка Лукера.
— А чаму Лукера такая невясёлая?
— Сам у яе спытай, — з нечаканай злосцю адказала старая, але адразу памякчэла, згледзеўшы разгубленасць і пакору на твары ў маладога асілка. — Брата яе ў княжай вязніцы 71 трымаюць.
71
Вязніца — турма, цямніца.
І, пэўна, знайшоўшы свежыя вушы, якія маглі цярпліва і бясконца слухаць, расказала Курылу Валуну пра залатара Івана, пра Алехну і браталюбаў, пра пакуты, што цярпелі і церпяць яны з-за нечай чорнай здрады. Курыла ўважліва лавіў кожнае слова. Як вогненныя зярняты, падалі словы ў душу і прарасталі вялікай шкадобай да прыгажуні-дзяўчыны, для якой лепшыя сокі лепшых пладоў горкія, бо ўжо не першы сонцаварот не бачыць у цямніцы сонца родны брат.
— Я дапамагу ёй! — узрушана выгукнуў Курыла Валун.
— У яе ўжо ёсць памагаты, — унікліва сказала старая, цыўкнуўшы вачамі на дружынніка Веля.
Успомніўшы гэтыя словы, Курыла Валун цяжка ўздыхнуў і крутнуўся ў сядле.
— Што з табою? — адразу ж запытаў Бачыла.
Ен ужо ўсіх і самога сябе прызвычаіў да думкі, што з'яўляецца апекуном маладога асілка. Варта было Курылу кашлянуць, ад'ехаць трохі ўбок ад княжай раці, як Бачыла, нібы трохвокі змей, быў побач, пільна пазіраў у твар. Такая залішняя клапатлівасць пачала раздражняць, і Курыла Валун суха адказаў: