Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Далібор моцна абняў Рамуне. Яна падатна прыгарнулася да яго. Сваімі вуснамі ён сустрэў яе вусны, цвёрдыя і халаднаватыя. Зверху шумеў Зніч і глядзела цёмнае хмарыстае неба. Колькі часу стаялі яны так, нібы зліўшыся ў адну істоту, літоўская князёўна і ваўкавыйскі князь.

— Піва без хмелю, алей без солі, конь без хваста, жанчына без дабрачыннасці аднолькавы кошт маюць, — сказала раптам Рамуне, вызваліўшыся з Даліборавых абдымкаў.

Вялікі сум быў у голасе.

— Ты аб чым, Рамуне? — спытаў Далібор і зноў моцна пацалаваў яе, пальцамі асцярожна пачаў гладзіць ёй шчокі і бровы.

Рамуне ўся як бы ўспыхнула знутры. Вочы зрабіліся вільготна-мяккія, іскрыстыя. Агонь і ранішняя раса, бляск месяца і срэбра азёрнай хвалі — усё было ў гэтых дзіўных вачах.

Далібор адчуў, як часта забілася, затрапятала ў яе сэрца. З болем і адчаем яна пачала цалаваць яго, і цёплыя слёзы каціліся па шчоках.

— Не плач, галубка, — шаптаў Далібор.

Ішла з-пад ног зямля, збівалася, перахоплівалася дыханне, праз адзежу і праз холад восеньскай ночы пёк агонь яе маладой дзявочай скуры.

— Хадзем за мной, — прашалясцелі, як у гарачым тумане, словы Рамуне.

У цёмным дамку жраца на вузкай дубовай лаве яны аддаліся адно аднаму, зліліся ў каханні, як зліваюцца звонкія вясновыя ручаі. Гэта быў паднябесны ўзлёт сэрцаў, згода рук, вачэй і вуснаў…

— Аддаюць мяне за галіцкага князя Шварна, ці, як яго яшчэ называюць, Свараміра Данілавіча, — лежачы на Даліборавай руцэ, горка сказала Рамуне. — Былі ўжо сваты. Праз сядміцу-другую паеду з абозам.

— Але ж мы ваюем супраць галічан! — горача ўсклікнуў Далібор. — Я адаб'ю цябе ў дарозе. Я нападу на абоз. Я ж ведаю, што ты не хочаш за Шварна.

Ен ускочыў, нахіліўся над ёй.

— Ты ж не хочаш за галічаніна, за Свараміра. Рамуне ласкава і адначасна ўладна закрыла яму рот цёплай маленькай далонню.

— Хачу, — ціха сказала пасля маўчання. — Ты ж таксама жаніўся на ваўкавыйскай князёўне.

Яна ўстала, пачала апранацца. Нават не зірнуўшы на сваё багатае ўбранне, у якім выйшла насустрач Далібору, нацягвала грубую каляную кашулю вайдэлоткі. Рухі былі вялыя, бязвольныя.

— Я ж ведаю, што ты не хочаш, — апалым голасам яшчэ раз прамовіў Далібор.

— Дзяржаве патрэбен мір, — суха сказала Рамуне. — Так гаворыць бацька, а я заўсёды веру яму. Калі я пайду за Шварна, спыніцца вайна, перастануць паміраць у сечах воі. І ты таксама будзеш жывы.

Яна пагладзіла Даліборавы валасы.

— А яшчэ я гатова хоць у балота бегчы, абы не бачыць гэту поскудзь Марту, мачаху. Не магу глядзець на яе, не магу дыхаць побач з ёю. О, каб была жывая мая маці!

Далібор зноў пачаў цалаваць яе.

— Ведаеш, чаму цябе паклікала, чаму цноту дзявочую табе аддала? — мякка адхілілася ад ваўкавыйскага князя Рамуне. — Таму што кахала і кахаю цябе, і там, у чужой старане, заўсёды буду помніць нашу сустрэчу. Скажы, ты таксама будзеш памятаць мяне?

Яна пільна-пільна зазірнула ў вочы Далібору. Усхваляваны князь толькі моўчкі хітнуў галавой, а потым сказаў, глытаючы даўкі камяк у горле:

— Буду. Клянуся табе. Ты для мяне, Рамуне, як святая пакутніца Ірына.

— Раскажы пра Ірыну, — адразу папрасіла Рамуне, паклаўшы яму галаву на плячо. — Я ведаю, што ты любіш чытаць старыя пергамены. Раскажы.

— Слухай, — прытуліў яе да сябе Далібор. — У паганскага караля, што ўладарыў у градзе Мегідскім, нарадзілася прыгажуня-дачка Пеленопія. Кароль загадаў сваім муралям збудаваць багаты высокі стоўп і пасяліў у ім дачку да таго самага часу, пакуль яна зможа ўступіць у шлюб. Толькі птушак бачыла каралеўна. Але аднойчы была ёй дзівосная відзежа, і нябесны голас абвясціў, каб прыняла яна хрышчэнне, а залатакрылы анёл шапнуў ёй на вуха яе хроснае імя — Ірына. У той дзень, калі кароль знайшоў дачцы жаніха, яна разбіла паганскіх балванаў і адмовілася прынесці ім ахвяру. Разгневаны Лікіній загадаў раздушыць родную дачку калясніцай. Але конь вырваўся са збруі, адгрыз каралю руку, і той памёр. Потым конь загаварыў чалавечай моваю, пачаў славіць Ірыну. Яна ўваскрасіла бацьку. Лікіній прыняў хрышчэнне і выракся каралеўства. Ды прыйшла бяда — на іхнюю зямлю напаў кароль Седзекій. Ен кінуў Ірыну ў яму з гадзюкамі, але тыя не прычынілі пакутніцы шкоды, і тады Седзекій загадаў люта катаваць яе.

Далібор адчуў, як уздрыгнула Рамуне, мацней абняў дзявочыя плечы.

— Ды піла, якой павінны былі перапілаваць Ірыну, зламалася, вада пацякла міма кола, да якога яе прывязалі. Людзі закідалі Седзекія каменнямі, і ён памёр. Дзесяць тысяч яго вояў загінула ад мяча анёла. Тады пачаў помсціць Ірыне Саваах, сын Седзекія. Але агонь не схацеў датыкацца да цела пакутніцы, а распалены медны сасуд у выглядзе быка, куды хацелі запіхнуць Ірыну, ператварыўся ў быка жывога. Саваах звар'яцеў і загадаў епарху, каб той забіў яго. А Ірына папрасіла людзей занесці яе ў поле і пакласці ў мармуровую труну. Калі ж праз тры дні зноў прыйшлі на тое месца, труна была пустая — бог пераклаў Ірыну ў рай.

Далібор змоўк. Не дыхала Рамуне. Вецер нёсся над начным капішчам, і былі чутны цяжкія ўдары аб сцены. Пырскі дажджу і камячкі снегу лупцавалі ў малюсенькае акенца.

— А Зніч гарыць, — прашаптала раптам Рамуне, і вочы былі шчаслівыя. — Ведаеш, чаму не збаялася я на святым месцы аддацца нашаму каханню? Таму, што Пяркунас ахоўвае каханне. «Дрэннае семя ўзыходзіць і без сяўбы», — вучыў наш мудрэц Ішмінтас. А мы з табою, князь Далібор, добрае семя хацелі пасеяць. Праўда?

— Праўда, — замілавана гледзячы на яе, адказаў Далібор, а потым з болем у вачах пачаў прасіць: — Не едзь да Шварна. Як падумаю, што ты ляжаш з ім на шлюбны одр…

Ен скрыгнуў зубамі.

— Не едзь. Я сёння ж украду цябе. Я кіну ўсё, каб быць з табой.

Рамуне строга пазірала на яго, маўчала. Пачуліся лёгкія асцярожныя крокі — ішла вайдэлотка.

— Я ненавіджу твайго бацьку! — закрычаў Далібор. — Ен ненаедны звер. Дзеля ўлады ён праглыне родных дзяцей.

Рамуне маўчала.

— Я ненавіджу і Войшалка, твайго брата, — шалёна звузіўшы вочы, ужо не крычаў, а шаптаў Далібор. — Святара, які нават ува сне бачыць сябе каралём Новагародка, Літвы і Жамойці.

Рамуне маўчала. Увайшла вайдэлотка. Твар быў мокры ад дажджу і снегу.

V

Меч ярасці, які прынеслі Міндоўгавы ворагі пад сцены Варуты, ужо не мог скрышыць новую дзяржаву славян і літоўцаў, што нарадзілася ў вялікіх пакутах, у агні і крыві. Нішто ў гісторыі не бывае выпадковым. Так як ручаі і рэкі цякуць са сваіх узвышшаў у свае моры, так і народы, памыляючыся, прыносячы шматлікія ахвяры, знаходзяць той шлях, магчыма, той адзіны шлях, па якім неабходна ісці, бо правільна сказаў калісьці мудрэц: «Жыццё сваё здзяйсняць мы павінны самі». Гэта тычыцца і кожнага чалавека і кожнага народа, малога або вялікага.

Пярун, магутны ўладар нябесны, якому Бялбог уручыў нябесны молат, каб весці вечную барацьбу супраць Чарнабога і ягонай д'ябальскай раці, аб'яднаўся з Пяркунасам. Гэта калі гаварыць моваю міфаў і святароў. А ў зямным рэальным жыцці вайсковая сіла літоўскіх князёў (у першую чаргу Міндоўга і Войшалка), пад рукой у якіх была цудоўная, вельмі моцная на той час конніца і апалчэнні сялян-пешцаў, злілася з сілай і магутнасцю Белай Русі, значна больш развітай у эканамічных і прававых адносінах. Тут, у Новагародскай і Полацкай землях, былі непрыступныя крэпасці, багатыя гарады, ураджайныя нівы, спрактыкаваныя рамеснікі і энергічныя купцы, вельмі моцны клас баяр-феадалаў. Тут спрадвеку пісаліся і перапісваліся кнігі, працавалі славутыя дойліды, збіралі пад сваё крыло не толькі фанатыкаў і аскетаў, але і дапытлівых разумных мужоў цэрквы і манастыры. Фанатыкі і аскеты нішчылі сваю плоць, свой дух у глухіх скляпеннях, камянелі і звярэлі, называючы нават вошай з клапамі «жэмчугам божым». Тыя ж, хто меў чэпкі розум, узіраліся з цесных келляў у будучыню сваёй зямлі і свайго народа. Для таго каб не трапіць пад татарскага каня, каб не скарыцца тэўтонскаму мячу, быў адзіны шлях — з'яднаць свае сілы з суседняй Літвой. Вось чаму і адбылося такое з'яднанне.

Поделиться с друзьями: