Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Будзе вам адпушчэнне ўсіх грахоў,— прачула сказаў ён рыцарам.

Але ў Новагародак ні лівонцаў, ні літоўцаў не пусцілі. Толькі аднаму манаху з ягоным служкам Морыцам дазволілі ўвайсці ў вакольны горад. Пра тое ж, каб ім трапіць на дзядзінец, не было пакуль што і гаворкі.

— Князь Войшалк Міндоўгавіч у ад'ездзе, — растлумачылі Сіверту, хоць дамініканец дакладна ведаў, што той у Новагародку. «Гэты праваслаўны фанатык не хоча са мной размаўляць, — адзначыў сам сабе манах. — Ды нічога — я пачакаю. Крэпасці бяруць не толькі сілай, але і цярпеннем».

З надзвычайнай цікавасцю прыглядваўся Сіверт да новагараджан. У большасці сваёй гэта быў рослы, шэравокі і сінявокі народ. Валасы мелі колеру варонінага крыла і белага лёну. На сваіх палетках сеялі жыта і полбу, пшаніцу з ломкім коласам. Манах каштаваў іхні хлеб — боханы і караваі. Хлеб яму вельмі спадабаўся. Адчувалася, што ён дае сілу. Вырошчвалі новагараджане акрамя хлеба чачавіцу, боб, капусту, моркву, кроп, цыбулю, часнок, каноплі. За гарадскім валам пасвіліся велізарныя конскія табуны, якія належалі князю і баярам. Адразу ж выведаў Сіверт, што мясцовыя хрысціяне са стараннем і руплівасцю ходзяць у царкву, але гэта ніколькі не перашкаджае ім маліцца на сваіх сядзібах богу жывёлін Вялесу.

Пасялілі Сіверта з Морыцам у прытворы 64 храма Барыса і Глеба. Перад гэтым меў гутарку з дамініканцам новагародскі іерэй Анісім. «Хітры чалавек з халоднымі вачамі», — падумаў пра яго Сіверт.

— Як толькі вернецца князь Войшалк, будзеце жыць у княжым цераме на дзядзінцы, — паабяцаў Анісім і пачаў выпытваць пра Рым і Рыгу, пра замірэнне Міндоўга з лівонцамі. Сіверт падрабязна расказваў аб усім, а сам пільным вокам слізгаў па багатым убранстве рызніцы, па срэбры і золаце, па прыгожа аздобленых вокладках кніг Ветхага і Новага запавету.

64

Прытвор — памяшканне перад уваходам у царкву.

Уважліва выслухаўшы Сіверта, Анісім уздыхнуў:

— У цяжкай рабоце праходзіць чалавечае зямное жыццё.

На што дамініканец, строга звёўшы бровы, прамовіў:

— Яшчэ апостал Павел сказаў: «Хто не робіць, той не есць».

Дні тры ці чатыры, якія Сіверт з Морыцам жылі ў царкоўным прытворы, амаль поўнасцю пайшлі на тое, каб выведаць усё магчымае пра Войшалка. Асабліва цікавілі дамініканца тыя сілы, што ўзвялі Міндоўгавага сына на новагародскі сталец. Вось што ўдалося яму выпытаць. Міндоўг ніколі не заваёўваў Новагародак, а быў, калі выгналі яго з Літвы, падручным князем у мясцовага баярства і купецтва. Падпарадкаваўшы з дапамогаю новагараджан Літву, варуцкі кунігас адчуў сілу і захацеў стаць гаспадаром сваіх былых заступнікаў і абаронцаў. Для гэтага спачатку неабходна было скінуць тутэйшага князя Ізяслава Васількавіча, карэнні якога ішлі з роду менскіх Глебавічаў. Ды не Міндоўг нанёс паражку 65 Ізяславу. Узняліся супроць князя купецтва і частка баярства, якія самі хацелі «справаваціся», хацелі, каб гандлёвы шлях з русінаў у немцы быў «чыст», «без рубяжа». Пэўна ж, бралі яны прыклад з Ноўгарада і Полацка, дзе галавой усяму веча. Хто такі там князь? Наёмнік, прыхадзень. Сёння яго ўслаўляюць, хваляць, а заўтра, калі што не так, выганяюць з дзядзінца і пасада. Князь са сваёй дружынаю служыць мужам-вечнікам за кармленне, бо сам бедны, як царкоўная мыш. Пра такіх кажуць: «На назе саф'ян рыпіць, а ў катле трасца кіпіць». Ізяслаў даведаўся аб учыненай супроць сябе змове, закаваў у жалезы зачыншчыкаў і жорстка пакараў іх. Браталюбамі, як сказалі Сіверту, называліся тыя людзі. Ды схапілі Ізяслава ў ягоным цераме, прымусілі ехаць у Свіслач. І самае дзіўнае ў гэтай справе тое, што змоўшчыкаў падтрымаў Ізяславаў сын княжыч Далібор-Глеб. Сын узняў руку на бацьку. Што ж, пра такое дамініканец ведаў. Там, дзе бушуе барацьба за ўладу, сціхае голас роднай крыві. І ў Рыме, і ў Ліёне было такое. Сыны садзілі бацькоў у жалезныя клеткі, знясільвалі голадам, гарачай смалой паілі, як той чорт у пекле. Дзівіла Сіверта іншае. Далібор, калі сагналі са стальца ягонага бацьку, мог сам стаць новагародскім князем, баяры і купцы аддавалі яму княжую шапку, але ён адмовіўся. Прычым адмовіўся на карысць Міндоўга, а потым Войшалка. Гэтага Сіверт не разумеў. Што за белая варона між чорных варон аб'явілася ў Новагародку? Ды за ўладу трэба чапляцца не толькі рукамі — зубамі. Жыццё на зямлі зменлівае. На пярсцёнку мудрэйшага цара Саламона было выразана: «І гэта пройдзе». Нязменная застаецца толькі прага ўлады. Будзь імператарам, каралём, князем да таго часу, пакуль не падпаляць твой дом, пакуль на хрыбце паршывай вадавознай кабылы не вывалакуць цябе, абсмяянага і апляванага, з горада. А гэты княжыч-новагараджанін добраахвотна аддаў уладу. «Не веру, — сказаў сам сабе Сіверт. — Ці бог узяў у яго розум, ці яго сілаю змусілі адысці ўбок, у цень». І адразу ж узнікла ў манаха вярэдлівае жаданне сустрэцца з ваўкавыйскім князем.

65

Паражка — паражэнне.

— Як мне пабачыць князя Глеба Ваўкавыйскага? — спытаў ён у Анісіма.

— Для гэтага трэба паехаць у Ваўкавыйск, — адказаў іерэй. — Але цяпер ты не праедзеш, лацінянін, бо зноў з вайною ідзе на нас князь Даніла Галіцкі з братам Васількам і з сынамі Шварнам і Раманам.

— Мне здаецца, што я трапіў на зямлю бясконцых войнаў,— уздыхнуў Сіверт.

Ён загадаў Морыцу варыць заечыну з бобам. Трэба было цярпліва чакаць той дзень, калі князь Войшалк пакліча на дзядзінец. У тым, што яго паклічуць, дамініканец не сумняваўся. Над Новагародскай зямлёю навісла бяда, і Войшалк, хоча ці не хоча, абавязкова пойдзе на замірэнне з кунігасам Міндоўгам. Ен, Сіверт, пасланец Міндоўга, і таму горды праваслаўны князь Новагародка вымушаны будзе даць яму аўдыенцыю. Чакаючы гэты шчаслівы час, манах са смакам еў заечыну і назіраў спешныя рыхтаванні новагараджан да нялёгкай вайны. З сем'ямі і жывёлаю збягаліся ў горад смерды. Дзень і ноч умацоўваўся вал. Дзень і ноч гарэлі на пасадзе вялікія дымныя вогнішчы. Адтуль чуўся грукат жалеза, конскае ржанне.

— Бяжым адсюль, святы айцец, у Варуту, — калоцячыся ад страху, папрасіў аднойчы Морыц.

«Паслаў жа мне бог палахлівага слугу», — са скрухай падумаў Сіверт, а сам сказаў:

— Князь Даніла дагоніць нас і пад Варутай. Такое прадбачанне дабіла Морыца. Твар пабраўся чырвонымі плямамі, ніжняя губа агідна затраслася. Манаху чамусьці падалося, што зараз Морыц укусіць яго.

— Пайшоў прэч, — строга і злосна загадаў ен. Калі слуга знік, Сіверт сеў у крэсла, выцягнуў ногі

і заплюшчыў вочы. Як брудная вясновая вада, скочвалася з душы стома, каб даць месца блакітнаму, нагрэтаму сонцам, струменю. Дзве зоркі заззялі ў змроку, і былі тыя зоркі філосафамі-прапаведнікамі Альбертам Вялікім і Фамой Аквінскім. Бачыліся спічастыя вокны храмаў, чырвона-сіня-жоўтыя вітражы, гранітныя гарэльефы, лес востраканцовых веж. Бачыўся Ланскі сабор, у якім калісьці так шчыра і натхнёна, праз слёзы, маліўся ён яшчэ юнаком. На шаснаццаці вежах стаіць там шаснаццаць быкоў. Калі ўзводзілі пад неба сабор, калі ў будаўнікоў выцеклі з пякучым салёным потам апошнія сілы, паявіўся аднекуль цудоўны белы бык і дапамог дабудаваць святы будынак. Вось чаму яго сабрацці ўзнесены пад самыя воблакі.

Час у маладосці быў гусцейшы, цвярдзейшы, даводзілася прабівацца праз дні, як праз каменныя сцены. Час хапаў за рукі, звабліва шаптаў на самае вуха: «Паглядзі, якая прыгожая белая шыйка схавана пад змрокам капюшона, якія агністыя чорныя вочы палаюць у зяленіве вінаградніку, паслухай, як пяшчотна спявае тамбурын у смуглых руках. Маленне і пост выдумалі старыя, высушаныя жыццём жанчыны. Зірні на гэтых агідніц з тоўстымі нагамі і жыватамі, з ручаямі маршчын на азызлых чырвоных тварах, з мясістымі бародаўкамі на шчоках і губах. Як яны моляцца, з якой страсцю цалуюць крыж і глядзяць на неба! А некалі ж, чорнавалосыя і чарнавокія, тонкія, як сцяблінкі, з шаўковай пяшчотнай скураю, млелі яны ў абдымках маладых прыгожых рыцараў, пілі пацалункі і віно. Некалі з кветкамі ў пышных прычосках, лянівыя і п'янаватыя, раскошна ляжалі яны ў беламармуровых лазнях, а цемнаскурыя рабы-прыгажуны, сціпла апусціўшы гарачыя вочы, расціралі іх наймякчэйшымі ручнікамі, абпырсквалі духмянымі пахкімі сокамі, абвявалі апахаламі з яркіх птушыных пёраў. Але знясілела, разбурылася плоць, і адразу яны ўспомнілі пра душу, пра Хрыста і ягоную нябесную дзяржаву. Зараз яны аб'яўляюць святатацтвам, смяротным грэхам нават самы сціплы пацалунак. Хрысціянства — рэлігія старых брыдкіх жанчын, якія калісьці былі няўтрымнымі распусніцамі».

Вядома ж, у юначыя гады такое мог нашэптваць на вуха толькі спакуснік-д'ябал. Нездарма Фама Аквінскі ў сваёй тэалогіі адводзіў яму, вярхоўніку дэманскага каралеўства, асобае месца, бо д'ябал валодаў сілаю псаваць надвор'е, чыніць людзям усялякае зло, перашкаджаць тым, што жывуць у шлюбе, выконваць іхнія сямейныя абавязкі. Фама казаў, што памылкова і нават злачынна адмаўляць веру ва ўсёмагутнасць д'ябла. Вера ў д'ябла такая ж свяшчэнная, як і ўсё, чаму навучае каталіцкая царква. Тады, адганяючы прэч агіднае шаптанне, юны Сіверт да поўнай знямогі чытаў малітвы, стаяў на каленях і адбіваў паклоны, пакуль не з'яўлялася перад ім Багародзіца, нібы куст чырвоных ружаў у залатым паўзмроку.

Час у маладосці быў, вядома, гусцейшы. Цяперашні час, як спакойнае халоднае неба з дужа рэдкімі воблакамі. Хапае месца крылу, ляці куды хочаш, але крыло слабое, няўпэўненае, баішся далёкай цвёрдай зямлі, і толькі вера ў Хрыста трымае ў паветры.

Без дазволу ўбег Морыц. Выгукнуў спалохана і радасна:

— Святы айцец, цябе кліча на дзядзінец кароль Войшалк.

— Нарэшце, — рэзка, аж зашумела доўгая чорная сутана, узняўся Сіверт. Ен узяў у рукі святую кніжыцу, апусціў, як і належыць, вочы і нетаропка пайшоў у княжы церам.

— А што мне рабіць? — залямантаваў ззаду Морыц.

— Ідзі за мной, — не азіраючыся, сказаў манах. Войшалк спадабаўся Сіверту і адначасова напалохаў яго. Меў мудры дамініканец вока на людзей, дадзена яму было з першага позірку вызначаць, чым напоўнена душа чалавечая. Калісьці ў навальнічных летніх лясах, у густых ляшчынніках між мноства буйных падружоўленых гарачым сонцам арэхаў ён, яшчэ хлапчук, беспамылкова знаходзіў арэхі з прапалінкаю ад маланкі. Не возьме ў пальцы, а ўжо ведае: гэта гнілюк. І амаль не памыляўся. Людзей ён вымяраў прагаю ўлады, прагаю распусты і жорсткасці. Кожны рыцар, кожны мужчына, калі ён толькі не змярцвелы еўнух, нястомна дамагаецца плоцкай уцехі, жаночага кахання, а значыць, і ўлады, бо самы нікчэмны з мужчын пачувае сябе, абдымаючы паслухмяную каханку, уладаром. Рабства, як лічыў Сіверт, пачалося з таго самага часу, калі Ева, уздыхнуўшы, згадзілася аддацца Адаму.

Цвёрдасць адчуў і ўбачыў у новагародскім князю манах. Гэты, калі трэба, не збаіцца крыві. А напалохала тое, што не змог адразу ж, як прывык, ухапіць глыбінную сутнасць ягонай душы. Як бы з мноства сотаў, напоўненых і салодкім, і горкім мёдам, складалася яго душа.

Войшалк сядзеў на княскім троне — вялікім, аздобленым залатымі і срэбнымі пласцінамі, крэсле. На сцяне над ім з кавалачкаў смальты, з бліскучага дроту, з птушыных пёраў і звярыных шкур быў прыгожа выштукаваны кляйнот 66 Новагародска-Літоўскай дзяржавы — збройны муж на белым кані ў чырвоным полі аголены меч над галавой уздымаў.

66

Кляйнот — герб.

Поделиться с друзьями: