Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Так трапіў дамініканскі манах Сіверт са сваім прыслужнікам Морыцам у лясны горад Варуту да кунігаса Міндоўга, а дакладней, да ягонай новай жонкі чарнавокай прыгажуні Марты.

III

Варуту, пасля таго як яе спаліў Даўспрунк з сынамі, зноў адбудавалі на чорным прысаку. Яшчэ больш магутнымі сталі сцены і надбрамная вежа. Княскі церам пабагацеў, раздаўся ўшыркі, заблішчала ў ім новае срэбра і золата, але не было ўжо там зацемненай патаемнай малітоўні, у якой былая літоўская княгіня Ганна-Паята і сын яе Войшалк любілі размаўляць з Хрыстом. Марта, прыехаўшы з Нальшанскай зямлі ў якасці ўладаркі церама і кунігасавага сэрца, адразу ж загадала зламаць малітоўню, выкінуўшы з яе ўсё начынне, акрамя, вядома, святых абразоў. Гэтыя абразы павезлі ў Новагародак, у храм Барыса і Глеба.

З малалецтва жывучы ў невядомасці і сціплай крыўдлівай беднасці, бо бацька быў звычайным мала-маёмным баярынам, у якога адно багацце — кажух ды меч, прыгажуня Марта марыла аб раскошы і славе, аб усеагульным пакланенні. А што мог ёй даць бацька? «З гэтага баярына вошы дажджом сыплюцца», — выпадкова пачула яна аднойчы, як, смеючыся, казалі пра яго праезджыя рыжскія купцы. Усю ноч яна праплакала, кусаючы душную пярыну. І вось, нібы сонца ў небе, з'явіўся Міндоўг, ваяўнічы і ўдачлівы кунігас, мужчына-зубр з чорна-зялёнымі ўпартымі вачамі. Усё спачатку здавалася Марце сном: і ягонае сватанне, і багатыя дарункі, што аж сляпілі яе, і пераезд у Варуту, у кунігасаў церам. Яна вельмі добра разумела, што ў жаночай прыгажосці дужа кароткае жыццё. Не паспееш азірнуцца, адляціць прыгажосць разам з маладосцю, як адлятае з восеньскіх дрэў крылатае жоўтае лісце.

У цераме новая княгіня завяла надзвычай строгія парадкі. Прыслужніц, маладзенькіх дзяўчат, пакінула тых самых, што хадзілі яшчэ за Ганнай-Паятай. Але кожны міг і на кожным кроку з вялікай асалодай помсціла ім за неіснуючыя іхнія грахі, за тое, што папярэднюю сваю ўладарку яны, як здавалася ёй, больш любілі і шанавалі. За самую нязначную правіннасць, за не вельмі ласкавы або сумнаваты позірк біла іх па шчоках, разрывала сукенкі, цягала за валасы, загадвала хвастаць крапівой або лазой. Калі Сіверт упершыню наведаў церам, сваім пільным дамініканскім вокам ён убачыў мноства прыгожых прыслужніц, якія стаялі на каленях на рассыпанай солі і грэчцы. Некаторыя з іх былі дагала пастрыжаны, замест сукенак на іх былі надзеты грубыя мяшкі з прарэзінамі для галавы і для рук. Надзвычайнай прыгажосці сінявочка стаяла ў куце святліцы на адной назе, праўда, трымаючыся рукой за сцяну. Такое пакаранне перапала ёй за нязграбную, на княгінін погляд, вядома, паходку. Ужо ў час самой аўдыенцыі разгневаная чымсьці Марта раптам пляснула ў ладкі, і адразу ж, выскачыўшы з суседняга пакоя, бухнулася перад ёй на калені светлакосая прыслужніца, сказала, як праспявала:

— Што загадае ўсясіліца наша?

— Падай люстэрка, — пагардліва пазіраючы на яе, загадала княгіня.

Тая, не дыхаючы ад страху, прынесла і трымала перад ёй, стоячы на каленях, прыгожае люстэрка ў залатой аправе. Марта доўга і старанна пазірала на сябе, потым вусны злосна скрывіліся.

— Як ты мяне прычасала сёння, лянівая жывёліна?! Вось тут валасок тырчыць і вось тут!

Нагою, абутай у пазалочаны туфлік, княгіня ўдарыла прыслужніцу ў твар і, паклікаўшы надворных халопаў, загадала тут жа спаласаваць яе нагаямі.

Суразмоўніцай княгіня Марта аказалася вельмі цікавай. «У яе мужчынскі розум», — пачціва думаў манах, калі яна выпытвала пра Ліён і Рым, пра народы, якія жывуць там, дзе заходзіць сонца, пра іх звычаі, адзенне, веру.

Манаху адразу адштукавалі ўтульную хатнюю капэлу, у якой ён мог славіць Хрыста. Разам з ім тут горача маліўся Морыц, які за гэты час пакруглеў, згубіў жмут чорных валасоў на цемені. Усё часцей зазірала ў капэлу княгіня, уважліва слухала малітвы. Астатні ж горад заставаўся паганскі. Паганцам быў, як зразумеў манах, і сам кунігас, хоць і прыняў у Новагародку праваслаўную веру.

Вялікая радасць, якую ён пакуль што старанна хаваў, жыла ў душы ў Сіверта. Надзейныя людзі, а надзейных людзей манах умеў знаходзіць усюды, пад сакрэтам данеслі, што хоча Міндоўг разам з бліжэйшымі сваімі баярамі хрысціцца ў каталіцкую веру. Вось чаму і яго, нікчэмнага манаха, адразу прыкмеціў між палонных і наблізіў да сябе. Цяжкасці вайны, паражэнні, шматлікія варожыя раці, што ішлі на Літву і Новагародак, прымушалі кунігаса ўсё часцей паварочваць позірк у бок апостальскага рымскага прастола. «Слава вам, Бог наш і прасвятая дзева Марыя», — расчулена паўтараў у сваёй капэле Сіверт, з нецярпеннем чакаючы той светлы дзень.

Яшчэ адзін надзвычай цікавы чалавек сустрэўся манаху ў варуцкім цераме. Гэта быў Астафій Канстанцінавіч, разанскі баярын, які ўцёк калісьці ад свайго князя і ад татараў, што знішчылі Разань. Высокі, цёмнавалосы, з доўгім храшчаватым носам, ён меў нейкі свой патаемны ключык да кунігасавай душы. Не такі, якім валодаў Казлейка, а свой. Казлейку Сіверт адразу запаважаў, бо адчуў у ім сілу, якой трэба толькі падпарадкоўвацца. Калі ж пойдзеш напроціў гэтай сілы, абавязкова страціш галаву. Да Астафія Канстанцінавіча ў манаха былі дваістыя адносіны. Гэта таксама быў, калі верыць ягоным словам, пакутнік, чалавек без радні і без радзімы. Сіверт паважаў такіх людзей, бо сам жыў іхнім жыццём. Але ён адчуваў варожасць да былога разанскага баярына як да праваслаўнага схізматыка, што ў любы міг можа падставіць нагу ў няспыннай штодзённай пагоні за кунігасавай душой. Ды Астафій пакуль што памоўчваў, загадкава ўсміхаўся і прыглядваўся да манаха.

Міндоўг тым часам на поўны голас пачаў пагаворваць аб хрышчэнні ў каталіцкую веру. Праваслаўе, прыніжанае ў Кіеве, Разані і Маскве татарамі, было пакуль што бяссільнае, кланялася кожнаму ханскаму баскаку, а кунігас любіў і паважаў сілу. За ўласнае хрышчэнне і за прывод пад апякунскую руку Рыма ўсяго свайго народа Міндоўг разлічваў атрымаць ад папы Інакенція IV каралеўскую карону. Калі ён зробіцца каралём, такім, як і ўсе хрысціянскія ўладары Еўропы, ворагі схаваюць свае мячы, бо нельга, каб хрысціянін ваяваў супроць хрысціяніна.

Войшалк з большасцю новагародскага праваслаўнага баярства і, вядома ж, святар Анісім з храма Барыса і Глеба і слухаць не хацелі пра каталіцтва. Міндоўг не дужа здзівіўся, што русіны не хочуць пакланіцца Рыму. Спрадвеку божае святло ішло да іх з Канстанцінопаля і Кіева. Але сын, родны сын супраць! Ен выклікаў Войшалка з Новагародка ў Варуту, і той паслухмяна прыехаў.

— Чаму супраць мяне, вялікага кунігаса і бацькі свайго, Новагародак бухторыш? — злосна спытаў у Войшалка.

— Таму што нельга мяняць веру, — адважна адказаў сын. — Ты — праваслаўны, як нябожчыца жонка твая Ганна-Паята, як я.

— Нельга мяняць? — пагрозна засоп Міндоўг. — А быць рабом у нікчэмнага Выканта можна? А страціць набытак дзядоў-прадзедаў можна?

Ен раптам ірвануў на сабе зялёную адамашкавую кашулю. Паказаліся бугорыстыя, зарослыя кучаравым цёмным воласам грудзі.

— Маці мая, мяне нарадзіўшы, скуру мне дала. Глядзі на голую скуру маю. Гэта — першая вера мая, адвечная вера прадзедаў. Потым летняе адзенне я апрануў. Гэта руская вера. Апрану зімовы кажух. Гэта будзе рымская вера. А перад смерцю скіну з сябе ўсе чужыя адзежы і зноў вярнуся голы ў лона агню свайго і веры сваёй. Зразумеў?

Міндоўг упрытык падышоў да сына, паклаў яму рукі на плечы, усхваляванымі бліскучымі вачамі, здавалася, працінаў наскрозь. Войшалк зацята маўчаў.

— Прашу цябе, не перашкаджай мне, — глуха выдыхнуў Міндоўг. — Вяртайся ў Новагародак і супакой русінаў. Іхняй дзедаўскай веры я не парушу. І ты заставайся ў праваслаўі. А мне, каб захаваць дзяржаву, трэба позірк свой скіраваць на Рым.

Так і не паразумеліся, не сталкаваліся бацька з сынам. Войшалк паехаў у Новагародак, Міндоўг застаўся ў Варуце. Адразу ж кунігас паклікаў Сіверта, пасадзіў побач з сабою, спытаў:

Поделиться с друзьями: