Жалезныя жалуды
Шрифт:
— Князь Войшалк звар'яцеў! — крычалі яны. — Новагародак ён аддаў галічанам, а сам пабег на Афон, на Святую гару, каб там замуравацца ў пячоры! Хочам князем Глеба Ваўкавыйскага!
Пажары былі ў вакольным горадзе. Там можна было ўбачыць нязвычнае. Дзяўчаты і маладзіцы, ратуючы ад пажару жытло, галяком выскоквалі на двор, са збанам малака ў руках тройчы аббягалі свой дом, а потым лілі малако ў агонь. Гэткім чынам хацелі ўлагодзіць уладара агню Жыжаля. Але ці мала было малака, ці не захацеў прыняць Жыжаль ахвяру, а толькі выгарала, зеўрала велізарным чорным пісягом амаль палова ўсіх будынін.
З падземнай вязніцы вызваліў Курыла Валун браталюба Алехну, на ўласных плячах вынес пад няяркае зімовае сонца.
— Сняжок, — як дзіця, узрадаваўся Алехна, убачыўшы тонкі белы кілім, што засцілаў зямлю, дрэвы і дахі. Дрогкай, амаль празрыстай далонню ён нашкроб са сцяны жменьку сырога снегу, пачаў нюхаць яго, а потым прагна есці, нібыта быў гэта дзіва які смачны заморскі прысмак.
Прыбегла Лукера, пачала цалаваць брата. Прыклыпаў з вакольнага горада стары, ужо зусім сівы залатар Іван. Пабачыў прыніжэнне і горкую бядоту свайго любімага сына, былога прыгажуна і разумніка, бяссільна заплакаў і меў, калі пільна прыгледзецца, асалоду ад такіх слёз.
— Не плач, бацька, — усміхнуўся старому Алехна. — Бачыш, я жывы. І галаву маю не адгрызлі ў падзямеллі пацукі.
Ен, пахістваючыся, устаў на ногі, крыкнуў аслабелым голасам:
— Новагараджане! Людзі! Вось і зноў я бачу вас. Каб вы ведалі, якая гэта радасць для мяне.
Яму далі вялікі чарналакавы канфар 80 . Браталюб дробнымі глыткамі піў віно. Ружавелі шчокі. Іскрыліся вочы.
— Не ідзіце пад валынян і галічан, бо яны ўжо самі татарскія рабы, — гаварыў Алехна. — З Літвою будзьце. Толькі так захаваеце свой дом і сваю душу.
80
Канфар — кубак для віна.
— Але Войшалк збег у манастыр! — закрычалі з усіх бакоў.
— Есць Міндоўг.
— Есць князь Глеб Ваўкавыйскі,— рэзка перапыніў браталюба Курыла Валун і дадаў са шкадаваннем: — Дарэмна я цябе выпусціў на белы свет з-пад зямлі.
Ды Алехна не пачуў, а можа, зрабіў выгляд, што не пачуў Курылавых слоў. Воля, віно і белы снег, што сляпіў вочы, зрабілі немагчымае — браталюб уваскрэс проста на вачах. Побач былі сястра і бацька, побач і вакол яго быў Новагародак, спалены, пакалечаны, але, як заўсёды, нязломны, за плячамі засталіся агідныя мярзотныя сцены вязніцы, і Алехна, шырэючы ў плячах, нібы вырастаючы над натоўпам, натхнёна гаварыў:
— Магутную дзяржаву бачу. Сваімі шчытамі яна заслоніць вас і вашых дзяцей ад чужынцаў. Нібы чароўны кубак святой Ядвігі, дзяржава гэта ператворыць гнілую ваду паражэнняў у салодкае віно перамог. Веру, што не выведзецца наш корань і не загіне наш род. Новагараджане! Людзі! Дапамажыце мне сесці на каня, і ўсе, хто хоча, ідзіце за мной. Я пакажу вам тое, што вы павінны ўбачыць, калі жадаеце жыцця і працвітання Новагародку.
Курыла Валун у вялікім здзіўленні слухаў палкія словы браталюба. За што толькі душа ў целе трымаецца, а бач яго, як загаварыў.
Падвялі каня, пасадзілі Алехну, і, абточаны з усіх бакоў вялікім шумлівым натоўпам, ён накіраваўся з дзядзінца на вакольны горад. «Нібы князь едзе», — раздражнёна думаў Курыла Валун. Але, ловячы шчаслівы позірк Лукеры, адчуваючы ўсеагульнае ўзрушэнне народу, харобры асілак абачліва маўчаў, ехаў следам за браталюбам. Раптам у мільгатні людскіх твараў Курыла Валун прыкмеціў таго, каго менш за ўсё можна было чакаць у такім месцы — княскага дружынніка Веля. Той выторкваў галаву з натоўпу, прагна глядзеў на Лукеру.
— Стой! — закрычаў Курыла Валун. — Стой, выжаль заечы 81 !
Ад грамавітага поклічу ўздрыгнулі ўсе, хто быў непадалёку ад Курылы, і шмат каму падумалася, што так раве мядзведзь, паранены стралой у самае вока.
— Стой! — зноў крыкнуў Курыла.
Толькі адзін Вель здагадаўся, каму пасылае свае гнеўныя словы чалавек-вежа, і, вядома ж, не стаяў на месцы. Ен ірвануўся праз натоўп, локцямі і кулакамі прабіваючы сабе дарогу.
Курыла Валун зразумеў, што на кані не вельмі разгонішся ў такім цясноцці, саскочыў з сядла і пабег за Велем. Ногі ў Курылы былі даўжэйшыя, паветра ў грудзі ён набіраў больш. Але Веля ратаваў жах. «Дагоніць — у адзін міг косці разбярэ», — думаў дружыннік пра Курылу Валуна і бег, джгаў з усіх сіл. Ды вельмі хутка стаміўся. Якраз на дарозе ўстала толькі што пабудаваная каменная вежа. Высячыся з паўночнага боку дзядзінца, яна як бы збірала ў адзін кулак увесь новагародскі земляны вал. Доўга не раздумваючы, Вель сігануў у вежу, пабег па дубовых прыступках на верхні ярус. Чамусьці падалося, што Курыла Валун не захоча дзерціся следам і шукаць яго там. Усюды ляжалі падрыхтаваныя для адбіцця варожай аблогі кучы камянёў, агромністыя бярвенні-каткі, якія кідаюць на галовы непрыяцеляў у час штурму. Вель узляцеў на самы верх, затаіўся. Сэрца трапятала, білася ў грудзях, як злоўленая ў цянёты перапёлка. Знізу цяжка забухалі частыя рашучыя крокі — Курыла Валун бег следам. Вель у смяротнай тузе глянуў праз вузкую байніцу. Зямля, пабеленая снегам, была далёка — не скокнеш, быццам кот з дрэва. Тады Вель схапіў халодны камень-галыш, уплішчыўся ў няроўную шурпатую сцяну вежы, перастаў дыхаць. Калі расчырванелы і ўпараны Курыла Валун, здзьмухваючы з вусоў гарошынкі поту, вытыркнуўся на верхні ярус, Вель гопнуў яго каменем па галаве. Ен біў у скронь, уклаў ва ўдар усю сілу, але круглы слізкі галыш крутнуўся ў самы апошні міг у руцэ. Вось чаму Курыла Валун устояў на нагах, толькі заматаў галавой. Тоненькі цурок чырвонай крыві пырснуў на зледзянелыя дубовыя дошкі.
81
Выжаль заечы — сабака для палявання на зайцоў.
— Ах ты, аторва смярдзючая, — сказаў Курыла Валун, плюнуў і схапіў Веля за глотку.
Дружыннік малаціў яго кулакамі па галаве, драпаў шчокі, але не слабелі жалезныя абцугі пальцаў, і нарэшче Вель, млява кіхнуўшы, аддаў богу душу. Курыла Валун, цяжка дыхаючы, наскроб са сцен вежы снегу, вымыў рукі і твар. Потым падышоў да байніцы, зірнуў уніз. Чорная людская ручаіна цякла з дзядзінца.
Алехна прывёў натоўп у вакольны горад на бацькаву сядзібу. Жвава кульнуўся з каня, пайшоў па хрусткім снезе разам з Лукерай да паўзямлянкі, якая тулілася за домам. Такіх паўзямлянак з печамі-каменкамі нямала было ў вакольным горадзе.
— Кандрат, адчыняй, — гучна сказаў Алехна і грукнуў у нізкія цёмныя дзверы дубовай калатушкай, што вісела на вузкім рэмені.
— Які Кандрат? — захваляваўся, зашумеў натоўп. — Няўжо Алехнаў прадзед? Дык казалі ж, што ён даўным-даўно на Афон пайшоў.
Колькі часу ні гуку не даносілася з паўзямлянкі. Быццам там усе вымерлі ці наогул ніхто ніколі не жыў. Ужо некаторыя з натоўпу, кпліва пасміхваючыся, пачалі адыходзіць з залатаровай сядзібы.
— Зжыў Алехна розум у княскай вязніцы, — казалі амаль усе, прытым казалі тыя, хто шчыра любіў Алехну і браталюбаў.
Тады і Лукера грымнула ў дзверы калатушкай. На гэты раз у паўзямлянцы як бы нешта зашамацела, скрыгочучы, адчыніўся знутры засоў, і на парозе ўстаў высокі і шыракаплечы стары з белай і пушыстай, як снежны сумёт, барадой. На ім быў скураны дзе-нідзе прапалены фартух. Яркімі блакітнымі вачамі ён прыязна глядзеў на людзей.
— Куеш, дзед Кандрат? — спытаў Алехна, абняўшы старога.
— А як жа? Кую, — адказаў Кандрат.
Убачыўшы Лукеру, паяснеў тварам, радасна заўсміхаўся, пачаў гладзіць ёй валасы доўгімі цвёрдымі пальцамі. Тут толькі самыя мазгавітыя з новагараджан здагадаліся, што на сядзібе залатара Івана і ягонага сына Алехны ўвесь гэты час працавала патаемная коўніца, у якой стары Кандрат («Бяссмертны Кандрат!» — выгукнуў нехта з захапленнем) выштукоўваў жалезныя жалуды.
— Пакуль бог душу не возьме, буду рабіць святую справу, — паказваючы поўную жменю такіх жалудоў, бачачы, што ўсе дужа задаволены яго работаю, казаў стары. — У мяне быў памочнік, малалетак Грышка. Ды збег ад смуроду і агню. І зараз я адзін тут жыву. Крычнае жалеза рыхтую ў дымарцы, па каменных формачках яго разліваю, а потым даводжу на шпараку 82 і тачыле.
А па сядзібе, па ўсёй вуліцы ўжо неслася:
— Бяссмертны Кандрат!
— Бяссмертны Кандрат!
82
Шпарак — невялікае кавадла для кавання дробных вырабаў.