ЖАНРЫ

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Дэфо Даніэль

Шрифт:

Аднойчы я забраў з гнязда птушанят і прынёс іх дадому, каб выкарміць і прыручыць. Я многа патраціў на іх часу, але як толькі яны падраслі і ў іх падужэлі крылы, яны паляцелі адно за адным. Магчыма, аднак, гэта адбылося таму, што я не меў для іх адпаведнага корму.

Пасля гэтага выпадку я нярэдка забіраў птушанят з гнязда, таму што яны былі вельмі смачныя і з іх можна было прыгатаваць цудоўны абед.

За гэты час я зрабіўся сапраўдным сталяром і дзейнічаў сякераю і рубанкам ужо з вялікім майстэрствам.

Але ўсё ж былі і такія рэчы, якія я так і не здолеў змайстраваць. Напрыклад, бочачкі. У мяне было, як я казаў раней, дзве ці тры бочачкі з карабля, якія маглі паслужыць мне ўзорам, але колькі я ні біўся, хоць і патраціў на гэта некалькі тыдняў, у мяне нічога не атрымалася. Я не здолеў ні ўставіць дно, ні падагнаць настолькі шчыльна клёпкі, каб яны не прапускалі вады. Так я і кінуў гэту сваю задуму.

Вельмі цяжка было абыходзіцца без свечак. Здаралася, што, як толькі змеркне (змяркала а сёмай гадзіне), я вымушаны быў класціся ў пасцель. Я часта ўспамінаў той кавалак воску, з якога мы разам з Ксуры рабілі свечкі ў час нашых вандровак каля берагоў Афрыкі. Але воску ў мяне не было, і адзінае, што я мог прыдумаць, гэта выкарыстаць тлушч тых коз, якіх я страляў на паляванні. І я сапраўды змайстраваў сабе свяцільнік з казінага тлушчу: каганец зляпіў уласнаручна з гліны і як мае быць высушыў яго на сонцы, а кнотам мне паслужыла старая канапляная аборка. Каганец гарэў вельмі цмяна, куды горш, чым свечка з воску. Да таго ж ён вельмі мігаў і раз-пораз патухаў.

Аднойчы, будучы заняты ўсімі гэтымі справамі па ўладкаванню свае гаспадаркі, я шукаў нейкую патрэбную мне рэч у сябе на складзе і раптам наткнуўся на невялікі мяшэчак з ячменем; гэта быў той самы ячмень, які мы везлі на караблі нашым гусям і курам. Усё збожжа, якое яшчэ заставалася, было з'едзена пацукамі; так ва ўсякім разе мне здалося, калі я зірнуў у мяшэчак: мне здалося, што там адна труха. Мяшэчак спатрэбіўся мне на порах, я вынес яго на двор і вытрас непадалёку ад пячоры.

Гэта было незадоўга ад таго, як пачаліся ліўні, пра якія я казаў ужо ў сваім дзённіку. Я даўно забыў пра той выпадак, я нават не памятаў, дзе я вытрасаў мяшок.

Але вось прайшло з месяц, і я ўбачыў пад гарою, ля самае пячоры, некалькі зялёных парасткаў, якія толькі што выбіліся з зямлі. Спачатку я падумаў, што гэта якая-небудзь туземная траўка, якую я раней не заўважаў. Але мінула некалькі дзён, і я са здзіўленнем убачыў, што зялёныя сцяблінкі (іх было штук дзесяць — дванаццаць, не болей) закаласіліся і хутка аказаліся каласамі звычайнага ячменю, які расце ў нас, у Ангельшчыне. Немагчыма перадаць, як усхвалявала мяне гэта адкрыццё. Ад радасці я ледзь не страціў розуму: у першы момант мне здалося, што здарыўся цуд і ячмень вырас сам па сабе, без насення, каб падтрымаць маё жыццё ў жудаснай пустыні.

Гэта недарэчная думка так мяне ўзрушыла, што я заплакаў. І «цуд» на гэтым не скончыўся: хутка паміж каласамі ячменю паказаліся сцяблінкі другой расліны, а менавіта рысу: я іх лёгка пазнаў, бо, калі жыў у Афрыцы, часта бачыў рыс на палях.

Я не толькі быў упэўнены, што гэты рыс і гэты ячмень пасланы мне самім богам, які клапоціцца, каб я не памёр з голаду, але не сумняваўся ў тым, што на выспе мне прызапашана яшчэ нямала такіх каласоў. Я аблазіў усе куточкі сваёй выспы, агледзеў усе лагчынкі і пагорачкі, але нідзе не знайшоў ні рысу, ні ячменю.

Толькі тады, нарэшце, я ўспомніў пра мех з птушыным кормам, які я высыпаў каля свае пячоры.

У тым мяшку былі зярняты, з якіх і выраслі гэтыя каласы. «Цуд» тлумачыўся вельмі проста!

Можаце ўявіць сабе, як старанна я сабраў каласы, калі яны паспелі (гэта здарылася ў канцы ліпеня). Я падабраў з зямлі ўсе да адзінага зярняткі і схаваў іх у сухім надзейным месцы. Увесь ураджай першага года я вырашыў пакінуць на насенне: я спадзяваўся, што з цягам часу ў мяне збярэцца такі запас збожжа, што яго будзе хапаць мне і на насенне і на хлеб.

Аднак толькі на чацвёрты год я здолеў адсыпаць на ежу частку зярнят, ды і то вельмі нязначную. Справа ў тым, што ў мяне прапаў амаль увесь ураджай ад першага пасеву: я кепска разлічыў час, пасеяў перад самай засухай, і многа насення ў мяне не ўзышло. Але пра гэта я раскажу ў свой час.

Апрача ячменю, у мяне вырасла, як я ўжо казаў, дваццаць ці трыццаць сцяблін рысу. Рыс я сабраў гэтак жа рупліва, пакінуўшы ўвесь першы ўраджай на насенне. Потым, калі рысу сабралася дастаткова, я спёк з яго не тое каб хлеб (мне не было ў чым яго пячы), а хутчэй праснакі, якія замянялі хлеб. Праўда, праз нейкі час я ўсё ж прыдумаў спосаб, як пячы хлеб.

Але вяртаюся да свайго дзённіка.

14 красавіка. Агароджа была зусім скончана і завалена знадворку зямлёй. Я глуха забіў уваход, таму што вырашыў дзеля бяспекі заходзіць і выходзіць па прыстаўных лесках, каб знадворку нельга было здагадацца, што за агароджай схавана чалавечае жытло.

16 красавіка. Скончыў лескі. Пералажу цераз сцяну і кожны раз падымаю лескі за сабою. Цяпер я агароджаны з усіх бакоў. У маёй крэпасці дастаткова прасторна, і пранікнуць сюды можна толькі цераз сцяну.

Аднак на другі дзень пасля таго, як я канчаткова замураваў сваю агароджу, здарылася адна падзея, якая страшэнна мяне напалохала; уся мая праца ледзь не прапала марна, ды і сам я ледзь застаўся жывы.

Вось як усё адбылося.

Я чымсьці быў заняты на дварэ, за палаткай, ля самай пячоры, як раптам са столі пячоры, з краю, якраз над маёй галавой, пасыпалася зямля і пярэднія палі, якія я паставіў, каб змацаваць скляпенне, абваліліся са страшэнным трэскам. Я вельмі напалохаўся, але не зразумеў, што адбылося. Мне здалося, што скляпенне абвалілася, як гэта здаралася і раней, таму што была рыхлая глеба.

«Калі я застануся тут, — падумаў я, — мяне засыпле новым абвалам. Трэба хутчэй уцякаць адсюль, каб на мяне не абвалілася гара!»

Я схапіў лескі і пералез цераз сцяну.

Не паспеў я ступіць на зямлю, як зразумеў, што прычынай абвалу гэты раз быў землятрус. Зямля хадзіла ў мяне пад нагамі, і на працягу некалькіх хвілін здарылася тры такіх моцных штуршкі, што магло рассыпацца самае моцнае збудаванне. Я бачыў, як ад скалы, што высілася над морам, раптам адкалолася вяршыня і абвалілася з такім грукатам, якога я не чуў ні разу за ўсё сваё жыццё.

Усё мора страшэнна бушавала і пенілася, і мне здаецца, што на моры падземныя штуршкі былі куды мацнейшыя нават, чым на выспе.

Нічога падобнага раней я не чуў і не бачыў і таму зараз быў страшэнна здзіўлены і ўзбуджаны. Ад ваганняў зямлі ў мяне пачалася марская хвароба, як ад карабельнай гайданкі. Мяне пачало ванітаваць. Мне здавалася, што я паміраю.

У гэты час са страшэнным грукатам абвалілася скала. Да мяне вярнулася свядомасць, і мне прыйшла ў галаву страшэнная думка: што здарыцца са мною, калі на маю палатку абваліцца гара і назаўсёды пахавае ўсе мае рэчы, маю ежу — усё, без чаго я не здолею пражыць? І сэрца зноў замерла.

Поделиться с друзьями: