Зорны спеў
Шрифт:
Значэнне сваёй творчасці Максім Танк ацэньвае сціпла — гэта адзін глыток вады, якім можна прагнаць смагу ў гарачы дзень. Паэзія патрэбная рэч, але сёння яшчэ не ўсе ўсведамляюць жыццёвую важнасць яе. Паэт гатоў пагадзіцца з гэтым. Ён не хоча ўгаворваць, а тым больш прымушаць любіць чытаць паэзію. Сціпласць паэта гордая. Адно толькі гарантуе ён — даць чытачу глыток чыстай вады. Наконт чысціні ён не прыме папрокаў. Вышэй за ўсё даражыць мастак праўдзівасцю сваёй песні, жывою душою, укладзенаю ў напевы. Таму і абурае яго, і раздражняе, і смешыць тупая самаўпэўненасць літаратурных мяшчан, гатовых падказваць паэту рашэнні цяжкіх тэм, падказваць дарогі, выбрукаваныя глыжамі банальных, але бясспрэчных ісцін. Паэту вальней дыхаць сярод простых людзей, якія не маюць да яго асаблівых прэтэнзій, лічаць яго проста знаёмым чалавекам, а не якімсьці фокуснікам-паэтам.
Паэтычная праграма Максіма Танка — гэта не сістэма нейкіх правіл, суджэнняў, паняццяў, гэта сістэма шуканняў. А дзе шуканне, там і супярэчлівасці, там і спрэчкі з праціўнікамі, з аднадумцамі, з самім сабою. Параўнайце вершы «Вясновая ода» і «Паядынак». На першы погляд яны пярэчаць адзін другому, даюць розныя адказы на пытанне, служыць ці не служыць паэзіі практычным патрэбам жыцця:
Напэўна, эстэты ды розныя снобы Не згодзяцца з гэтаю одай маёй: Глядзіце — паставіў Пегаса ў аглоблі, Вазіць памагае калгаснікам гной (III, 180).У «Паядынку» сатырычны персанаж, кан'юнктурны паэт Дон Пэдра, стаіць як быццам на той жа пазіцыі, што аўтар у «Вясновай одзе», і за гэта атрымлівае выклік на дуэль. Хіба за некалькі гадоў, што аддзяляюць гэтыя вершы, паэт змяніў погляды на пастаўленую праблему? Не. Паэт ніколі не быў супраць служэння паэзіі чалавеку і грамадству. Розніца паміж ім і Донам Пэдрам у нюансах, таму і спрэчка вырашаецца па-рыцарску. Паэзія павінна служыць чалавеку і грамадству, служачы праўдзе і красе. Іншыя формы служэння ператвараюць паэзію проста ў бяздумную служанку. Там, дзе пачынаецца чышчэнне батфортаў, няма паэзіі. Яснасць уносіць паэт у вершы «Абвяржэнне», заяўляючы: «Мне чалавечае ўсё было блізка». Так, чалавечае, а не кан'юнктурнае, прыслужніцкае. Дон Пэдра не ўлоўлівае гэтых «нюансаў».
Спецыялісты кажуць, быццам паэзія Танка развіваецца ў кірунку класічнай завершанасці формаў. Сам паэт як быццам пацвярджае гэтае меркаванне, заяўляючы:
Перш непакоіўся: Як сваю думку ўпрыгожыць. I, як дзікун той, Стараўся абвешаць яе Цацкамі... (III, 277)Не будзем упадаць у наіўнасць і грэх літаральнасці. Не ўсякую думку прыхарошваў паэт на пачатку творчага шляху. У ранніх вершах гіпербалізаваліся хутчэй пачуцці, чым думкі. Паэт стаяў тады на барыкадзе, душа яго перапаўнялася рамантычнымі парываннямі. Успрыманне свету героем было гарачым, напружаным, але не такім складаным, як сёння. Хоць паэт і заяўляе, што імкнецца «вершу даць строгую форму ракеты», але на справе ён ідзе да ўсё большай і большай мнагастайнасці форм. Зрэшты, гэта азначае максімальнае вызваленне жанравай прыроды лірыкі як славеснага жывапісу пачуццяў. Сказанае можна лёгка пацвердзіць, калі прабегчы вокам змест пасляваенных зборнікаў: чым бліжэй да сённяшняга дня, тым радзей паэт дае загалоўкі вершам, а гэта бясспрэчнае сведчанне росту лірычнай экспрэсіі ў мастацкім самавыяўленні. У найноўшай паэзіі Танка мы сустракаем творы, вельмі розныя па манеры, ступені закончанасці, тэматычнай важнасці. Побач з вершамі, якія нагадваюць народную песню з яе стылізаванымі вобразамі дзяўчыны і хлопца, з паўторамі дэкарацыйных кампанентаў у сюжэце, з рытма-меладычнай каларытнасцю, стаяць зусім іншыя творы — пазбаўленыя меладычнасці, нерыфмаваныя, шурпатыя, моўленыя радкі, у якіх агеньчык паэзіі схаваны пад цвёрдаю шкарлупінаю думкі. Вершы гэтыя нагадваюць сілагізмы або афарызмы, а закранаюць яны такія вострыя грані жыцця, такія трывожныя роздумы сучасніка, што ім не патрэбна строгая форма ракеты, іх змест робіць уражанне выбуху бомбы. Дынамічная рухомасць, уздыбленасць выслоўя, экспрэсія радка і ёсць тут дасканаласцю формы, якая ўтварылася цераз адштурхоўванне ад традыцыйна паэтычнага выказвання:
Званілі: На караблі касмічным Ёсць месца для мяне... Ужо хацеў бы ехаць на ракетадром, Але на хроніку газетную зірнуўшы — ... I ўбачыўшы шмат спраў, Неўладкаваных на Зямлі, Я з жалем зноў да гэтых спраў Вярнуцца мусіў. Бо хоць я не прысутнічаў Пры нараджэнні свету, Але я не хацеў бы сведкам быць Яго апошніх дзён (ХБС, 133).Відавочна, было б з эстэтычнага пункту немэтазгодна спарадкоўваць менавіта гэтыя выслоўі ў рыфмаваныя радкі. Паэт спадзяецца на лёгкасць і дынамізм самой думкі. У «Трактаце аб паэзіі» Танк называе гэтае новаўвядзенне «нялёгкастраўнаю формай» і прадбачыць папрокі ў грахах «супраць традыцыі нацыянальнай». Тым не менш ён ідзе на канфлікт з традыцыяй. Не заўсёды, напэўна, наватворы паэта апраўданы, але пошукі новых сродкаў паэтычнага выяўлення — закон мастацкай творчасці. I тое, што паэт, уступаючы ў шаноўны ўзрост, абнаўляе вобразны арсенал больш смела, чым іншыя маладыя паэты, дзівіць і радуе як праява сілы таленту.
Апошнім часам наша літаратуразнаўства шмат зрабіла, вывучаючы паэтычнае майстэрства Максіма Танка. Паэта хваляць за асацыятыўнасць вобраза, за арыгінальныя прыёмы пабудовы тропа і верша ўвогуле. Стасуючы палажэнні сучаснай паэтыкі да твораў Танка, крытыкі выяўляюць высокі клас майстэрства. Чытаць гэтыя даследаванні цікава і карысна, бянтэжыць толькі часам адна акалічнасць: асобныя крытыкі дэманструюць такую тэарэтычную ўзброенасць успрымання, што пахвала аўтару міжвольна выклікае заклапочанасць. Парадокс у тым, што вялікая складанасць канвенцыі не прадугледжана паэтам. Паэт хоча выказвацца зразумела, ён жа гаворыць з народам, чыё ўспрыманне паэтычнай мовы абыходзіцца без коду асацыятыўнасці, як яго разумее сучасная паэтыка. Відавочна, мера як паказчык гармоніі патрэбна не толькі мастаку, але і нам, яго крытыкам.
Вяртаючыся да пачатку гэтых нататкаў, хачу яшчэ раз развеяць мажлівыя сумненні наконт таго, ці магло ўсё, напісанае тут, прыйсці ў галаву аўтару па дарозе з Брэста ў Моталь і назад. Вядома, не. Шмат што прыйшло раней і толькі выйшла на паверхню як вартае ўвагі ў часе асабістых кантактаў з паэтам. Паездка ў таварыстве паэта — толькі адзін з такіх кантактаў. Яна выкарыстана ў гэтых нататках як прыём для таго, каб наглядна паказаць, што Максім Танк не проста майстар складаць вершы, а выдатны мастак і чалавек.
Мне здаецца, што ў працах такога тыпу не так істотна, калі напісана тая ці іншая старонка, важна тое, ці граматнае і цікавае прачытанне мастацкіх твораў паэта, якое я асмельваюся прапанаваць чытачу, ці з'яўляюцца выказаныя тут ацэнкі і меркаванні прафесійнымі і самастойнымі. Адказ на натуральныя ў нашай прафесіі пытанні можа даць толькі чытач. Пра сябе як аўтара я магу хіба што сказаць — стараўся.
ВЯРТАННЕ ЗОР
Рупная праца беларускіх перакладчыкаў, якія літаральна здымаюць зоркі з неба сусветнай паэзіі, добра сведчыць пра творчую сталасць нашай літаратуры. Нядаўна ім пашчасціла перакласці на родную арбіту першую буйную зорку сваёй нацыянальнай паэзіі. Гэта — паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Патрыятычная паэма была створана ў эпоху Адраджэння на мёртвай сёння латыні. Факт гэты можа здацца сучаснаму чытачу парадоксам, дзіўнаю анамаліяй, хоць на самай справе тут усяго адна з праяў гістарычнай абумоўленасці развіцця і пашырэння мастацкага слова.
Заходняя Еўропа ў сярэднія вякі пісала на мове рымлян амаль усё — вучоныя трактаты і палітычныя дагаворы, палемічныя пасланні і нават эпіграмы, віншаванні. Будзённая латынь, пазбаўленая класічнай чысціні і ўрачыстай святочнасці, атрымала назву вульгаты. Валацужныя паэты-шкаляры, так званыя ваганты, складалі на ёй фрывольныя да непрыстойнасці вершы, абражаючы вушы пана бога і пачцівых слугаў яго ў гарадах і сёлах. Свабодай выказванняў такая латынь не ўступала кожнай жывой мове. Пазней, у часы Адраджэння, ужыванне латыні звузілася. На ёй гаварыла і пісала свецкая і духоўная арыстакратыя, імкнучыся вярнуць мове Гарацыя і Цыцэрона страчаную веліч і бляск. Латынь у гэтую пару заставалася мовай культуры, на ёй стваралася пераважна высокая паэзія, а клопатную штодзённасць пачалі абслугоўваць мовы нацыянальныя, якія па рымскай традыцыі належала б назваць варварскімі. Цераз родныя мовы, аднак, маглі далучацца да культуры і грамадскага жыцця шырокія масы просталюдзінаў, асабліва мяшчан, саслоў'я, якое цяпер вырастала ў магутную грамадскую сілу, здольную ўплываць на гістарычны працэс, надаваць аблічча эпосе.
Лацінская мова «Песні пра зубра» стварае прэцэндэнт, ці не залічыць гэты твор да арыстакратычнай паэзіі. Але як бы мог арыстакратычны твор уваскрэснуць у наш дэмакратычны час?
Сотні гадоў ляжала паэма ў фондах рэдкіх кніг, не часта адчувала цяпло пальцаў нейкага бібліяфіла ці вучонага паэта, але не астыла. Хіба гэта не пераканаўчы доказ мастацкасці?
Да з'яўлення паэтычнага перакладу літаратуразнаўцы не маглі гаварыць пра эстэтычную вартасць паэмы. Літаратура беларускага Адраджэння характарызавалася пераважна імёнамі Скарыны, Буднага ды Цяпінскага. Спадчына гэтых гуманістаў выключна каштоў-ная, аднак трэба лічыцца з тым, што яны выступалі пераважна ў жанрах публіцыстыкі, а найбольш паказальным жанрам літаратуры эпохі Адраджэння была паэзія. Уваскрошаная перакладам «Песня пра зубра» дорыць беларускаму Адраджэнню мастацкую паўнакроўнасць і эстэтычную культуру.
«Carmen de bisontis» — так скарочана гучыць лацінская назва твора — у 1968 годзе была перакладзена на рускую мову вучоным-лаціністам Якубам Парэцкім і таленавітым паэтам-перакладчыкам Язэпам Семяжонам, а на беларускую праз год — самім Семяжонам23. Упершыню паэма друкавалася ў 1523 годзе ў Кракаве, але да нядаўняга часу пра яе ведалі толькі асобныя польскія, чэшскія і нямецкія літаратары ды рускія вучоныя-прыродазнаўцы. У Польшчы і Расіі «Песня» нават перавыдавалася ў XIX стагоддзі. Але на лацінскай мове і маленькімі тыражамі, таму не выйшла з ліку рэдкіх кніг. Паэт Ян Каспровіч пераклаў яе на польскую мову і зацікавіў надрукаванымі ўрыўкамі шырэйшае кола аматараў мастацкага слова. Ён прызнаў «Песню» творам самародным і прыкмеціў уплыў Гусоўскага на творчасць Адама Міцкевіча, асабліва на паэму «Пан Тадэвуш». Сёння ў Полыпчы «Песня пра зубра» разглядаецца не толькі ў спецыяльных навуковых даследаваннях, але і у агульных працах па гісторыі літаратуры. Праўда, усё яшчэ прыкметна неўсталяванасць ацэнак. Так, выдатны літаратуразнаўца Юльян Кжыжаноўскі ў кнізе «Dzieje literatury polskiej», што выйшла ў 1970 годзе ў Варшаве, называе Гусоўскага сярэднім паэтам, мастацкую вартасць паэмы прымае з агаворкамі. У сваёй ранейшай, больш аб'ёмнай кнізе вучоны тлумачыў стрыманасць сваёй ацэнкі тым, што Гусоўскі лішне захапляецца жахлівасцямі, гэта значыць, дапускае пахібы густу, па майстэрству вучоны вышэй ставіць «Раксаланію» Фабіяна Кляновіча24. Даследчык польска-лацінскай паэзіі Мар'ян Плезія цэніць Гусоўскага вышэй: ён называе аўтара «Песні» самабытным мастаком эпічнага складу, хваліць яго за адвагу выяўляць уласныя пачуцці, арыентавацца на рэчаіснасць, а не на кніжныя ўзоры і аўтарытэты25. Даследчык любоўна вышуквае жывінкі нават у царкоўных агіяграфічных творах паэта, напрыклад, у «Жыцці святога Яцэка». Відавочна адно: творчасць Гусоўскага не месціцца ў рамкі польска-лацінскай традыцыі эпохі Адраджэння. Гэта акалічнасць схіляе да пошукаў новых аспектаў аналізу.