Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Ледзь не ўсе польскія даследчыкі лічаць Гусоўскага выхадцам з Беларусі. Дакладнасць адлюстравання жыцця нашага краю пацвярджае такое меркаванне. Але справа не толькі ў гэтым. Так бачыць свет і так ацэньваць жыццё, як гэта зроблена ў паэме, мог не проста жыхар Беларусі, а яе адданы сын. Верагодна, што рэчка Уса або назвы паселішч Налібоцкая Уса, Усоўшчына далі прозвішча Мікалаю Гусавяніну — Гусоўскаму, але яго характар і асобу, бясспрэчна, узгадавала родная глеба — прырода, гісторыя і звычаі Беларусі. Заманліва паставіць паэму ў рэчышча грамадскай і літаратурнай явы беларускага Адраджэння.

Заказ мецэната

У 1518 годзе, калі славуты палачанін Францыск Скарына, узброены доктарскімі дыпломамі, зарукай і грашыма віленскага бургамістра Якуба Бабіча, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі Беларускай бібліі з надзеяй узварухнуць грамадскую думку суайчыннікаў, з Кракава ў Італію ехала каралеўскае пасольства на чале з Плоцкім біскупам Эразмам Цёл-кам, каб схіліць папу Лявона X да стварэння кааліцыі хрысціянскіх дзяржаў супраць турак і татар, якія па-гражалі польскай Кароне і асабліва саюзнаму з ёю Вялікаму княству Літоўскаму. У свіце пасла аказаўсл зямляк Скарыны, чалавек таксама адукаваны і даравіты, улюбёны ў родны край і гатовы ахвярна служыць яму працай і талентам. Насіў ён імя самага папулярнага ў народзе святога, апекуна збажыны і гавяды — Міколы.

Гісторыкі кажуць, што польскі кароль Жыгімонт Стары дазволіў Эразму Цёлку падабраць для пасольства самых лепшых сакратароў дзяржаўнай канцылярыі. Сярод гэтых абраннікаў Мікола Гусоўскі не значыцца. Ён, відаць, быў на службе ў біскупа даўно, можа, з тае пары, калі той не насіў яшчэ пурпуровай мантыі, а ўзначальваў вялікакняжацкую канцылярыю ў Вільні. Біскуп-дыпламат паходзіў з мяшчанскага роду, гэта відаць нават па прасцецкім прозвішчы, а зайшоў так высока, бо меў выключныя здольнасці і авалодаў навукамі. Такія людзі звычайна ўмеюць прыблізіць да сябе здольных паплечнікаў і падначаленых. Мікалай Гусоўскі, у кожным разе, пасаваў да такога абранніка, ён даказаў неўзаюаве, што мог стаць кімсьці большым, чым сакратаром або нават кансультантам пасла па справах Вялікага княства Літоўскага і сваёй радзімы Беларусі.

Выпадак надарыўся нібыта сам сабою. Аднойчы дыпламаты забаўляліся боем быкоў на арэне рымскага цырка. У самы разгар відовішча хтосьці з пасольскае світы сказаў, што яму прыгадалася нешта знаёмае — паляванне на зубра. Гусоўскі падхапіў размову і расказаў пра свае паляўнічыя прыгоды. Апавяданне зацікавіла саноўнікаў не менш, чым арэна. Сам папа Лявон X, заядлы паляўнічы, звярнуўся да Эразма Цёлка з просьбай дастаць яму чучала гэтага звера. Біскуп адправіў ганца ва ўладанні Радзівіла, а Міколу Гусоўскаму загадаў «паўтарыць расказанае ў форме песні».

Нялёгкая справа — прыўзняць жывую гутарку да высокага гучання паэмы. Свецкая і духоўная арыстакратыя тагачаснай Еўропы густавала ва ўзнёслых радках Гарацыя, Віргілія, Авідзія і ад сучасных паэтаў патрабавала вучонасці, ведання класічных узораў і прынцыпаў, умення паднімацца да іх. Мікола Гусоўскі не мог ігнараваць тагачасных эстэтычных патрабаванняў і крытэрыяў, але свежы поспех яго жывога расказу ў знатных слухачоў спакушаў паэта «застацца сабою». Расказваючы паляўнічыя гісторыі, гэты бывалы ўжо чалавек па рэакцыі субяседнікаў мог упэўніцца, які важкі быў яго жыццёвы вопыт. Паэт меў аказію праверыць эстэтычную вартасць той асабістай і нацыянальнай адметнасці, якую ён увасабляў. Наспявала рашэнне не мудраваць, а даверыцца памяці сэрца, пакласці прыём успамінаў і расказаў у аснову будучай паэмы, яе сюжэта, кампазіцыі, стылю.

Памяць паэта звычайна захоўвае найбольш яскравыя ўражанні. У часе ўспамінаў як бы сам сабою праходзіць мастацкі адбор, і калі асоба мастака багатая, арыгінальная, то яму, бывае, хопіць сумленна паставіцца да перажытага, каб сам працэс творчасці навёў на выбар галоўнага, тыповага і атрымалася абагульненне жыцця. Канешне, палёт творчай думкі заўжды падтрымліваюць густы той эпохі ці асяроддзя, у якім мастак жыве, эстэтычныя ідэалы, праграмы і каноны. I чым лепш распрацавана сістэма правілаў, тым больш будуць яны абмяжоўваць творчую свабоду, бо ўся эстэтыка мінулага гістарычна абмежавана. Толькі ў пераломныя часы, на стыках эпох, на зломах традыцый узрастала новае, самабытнае. Паэма Гусоўскага лішні раз пацвярджае гэта.

«Песня пра зубра» захавала стылёвы каларыт вуснага расказу-гутаркі, адрасаванага слухачу. У стылі паэмы ёсць шмат чаго ад гутарковай жывасці казак, былін і дружынных прамоў з іх шчырай прастатою і непасрэднасцю зносін. Можна лічыць гэту размоўнасць адгалоскам сярэдневяковай літаратуры, дзе творы звычайна разлічваліся на вуснае чытанне і калектыўнае праслухоўванне. Аднак жа ў цэлым паэма як малюнак жыцця, арыентаваны на рэчаіснасць, належыць да новай эпохі — Адраджэння.

Сказавая форма патрабуе ад аўтара ўводзіць, акрамя аб'ектывізаваных характараў і малюнкаў жыцця, прынамсі два суб'ектыўныя вобразы: апавядальніка і ўяўнага слухача. У нашым выпадку апавядальнік і слухач— людзі далёкіх краін, прадстаўнікі розных культур і мастацкіх традыцый. Каб зразумець адзін аднаго, ім трэба дамовіцца, прыняць нейкія агульныя прынцыпы зносін. Гусоўскі прапануе пакласці ў аснову паэтычных зносін праўду і сэнсоўнасць — прынцып рэалістычны, рэнесансавы. Для аўтара гэта азначала добраахвотнае адрачэнне ад нацыянальнай радзімнай фальклорнай традыцыі, дзе асновай мастацкасці была фантастыка, выдумка, легенда, язычніцкае абагаўленне свету. Ці мажлівай была такая ахвяра?

Пафас шчырае праўды захоплівае паэта з першых радкоў, дзе ён адкрываецца як чалавек дзіўнага лёсу: у маладосці паэт быў спраўным і, у межах адпушчана-га чалавеку, адважным лаўцом, потым лёс зрабіў яго кніжнікам, даў пазнаць летапісы роднага краю і кнігі антычных пісьменнікаў, прывёў на двор біскупа, «вялікага мужа». Аўтар перажыў прыгоду жыцця якраз на меру бурнай эпохі Адраджэння, ён гэта ведае і не праміне выпадку расказаць пра сябе.

Мастак, яго чалавечы і грамадзянскі лёс часта апы-наецца ў кампазіцыйным цэнтры твора, адцясняючы тытульны эпічны вобраз зубра і зубрападобных князёў. Амаль выключна з тэксту паэмы нам дасталіся біяграфічныя звесткі пра аўтара, яны скупыя, але іх дастаткова, каб скласці пэўнае ўяўленне пра Міколу Гусоўскага — сына лясоў, які стаў сынам навук, і палюбіць яго за суровае, поўнае небяспечных выпрабаванняў юнацтва паляўнічага, за вопыт жыцця асвечанага мужа, які ўмее высакародна і мудра цаніць чалавека.

Мікола Гусоўскі ўдзячны мецэнату, які вывеў яго ў людзі, далучыў да культуры, але, у глыбіні душы, дзесьці скардзіцца на яго за тое, што саноўнік звёў яго, прастака, з роднага краю. Адважны лавец, сын лясоў пакутуе ад зменнасці свайго лёсу, прагне ранейшай прастаты і суровай інтэнсіўнасці жыцця. Яго паэму можна разглядаць як унутраны парыў злучыць разарванае жыццё, злучыць у думках, у фантазіі. Творчасць — тое ж паляванне, справа цяжкая, рызыкоўная, але і вартая мужчыны. Хіба паспрабую?..

Трэба злаўчыцца рукой, што да лука прывыкла, Спрытнасць сваю праявіць і ў пісьменстве прыгожым. З бояззю нейкай, прызнацца, са страхам душэўным Пёрка нязвыклае ўзяў, адчуваю: пад ношай Гэтай бязважкасці ніц упаду, бесталанны, Бо, не адолеўшы страху, не здзейсню іх волі. З гэтым сумненнем буджу я крыніцу натхнення: Воля сіньёра — для служкі закон непарушны, Так што тут спроба мая, а рашэнне — чужое. (7)

Чытач тут можа паціснуць плячыма: «Дзівак-чалавек гэты Мікола Гусоўскі, цяжка зразумець яго: ці ён рамеснік, што выконвае заданне сіньёра-заказчыка, ці паэт, які творыць паводле ўласнага натхнення?» Сам Гусоўскі не бачыў супярэчнасці ў гэтым маналогу. Адною нагою стаяў ён яшчэ ў сярэдневякоў'і, таму быў пэўны, што аўтарытэт знакамітага заказчыка пераходзіць і на майстра. Без аўтарытэтаў ён не можа абысціся, але абмежавацца аднымі аўтарытэтамі ўжо не хоча. Яму смялей брацца за пяро, адчуваючы за сабою маральны аўтарытэт апекуна, але аснова смеласці ў тым, што ён знае справу, пра якую трэба пісаць. Веданне справы цэніць дзелавіты рэнесансавы Захад, і паэт наш не такі прастак, ён ведае, як здабыць італьянскага чытача:

Поделиться с друзьями: