Зорны спеў
Шрифт:
У стылі рэнесансавай паэтыкі з яе ўстаноўкамі на дакладнасць і яснасць апісаны выгляд зубра, яго будова, пастава, спрыт. Рэліктавы волат, цар пушчы толькі здаецца непаваротлівым і грузным, на самай справе ён, бы віхар, імпэтны і жвавы. Паказваючы зубра ў руху, у дзеянні, паэт даходзіць да натуралістычных дэталяў:
З месца рванецца і ў момант, закінуўшы перад Аж да хваста, перахопіць на рогі ляпёшкі I растрасе, каб слядоў па сабе не пакінуць. (18)Прыступаючы да палявання, паэт, нібыта медык на кансультацыі, раіць гэты занятак як лякарства ад усіх чыста недамаганняў цела і духу: заўчаснага старэння, кволасці, палахлівасці і нудоты. Паляванне апісана так дэталёва, што хоць перанось у падручнікі. Недарма паэму Гусоўскага біёлагі і паляўнічыя прызналі раней, чым гісторыкі літаратуры. Мастак склаў з дзесяткаў бачаных ім здарэнняў панарамную карціну: тут і ловы шляхецка-княжацкія, і мужыцкія, і каралеўскія. На першы погляд крыху назаляе таўталагізм адпраўных сітуацый: раз'ятраны волат-зубр і насупраць яго дружына смелых паляўнічых. Але паўтор тут апраўданы задумай: так жа было, так яно ўрэзаласл ў памяць і ўвайшло ў свядомасць расказчыка. Страхотлівы дынамізм бясконцых сутычак з волатам пушчаў павінен пераканаць чытача, што паляванне на зубра не забаўка і не проста забойства, а барацьба, рыцарскі занятак, проба смяротнай небяспекай. Той, хто не дрыгне,— здасць экзамен на годнасць рыцара:
Веліч хвіліны! Стаяць яны, храбрыя з храбрых, Тварам да смерці, з надзеяй на гонар і славу. Дражняць, клінкамі махаючы: ну, нападай жа! Бліскае сталь ад узмахаў, аж свішча паветра. (65—66)Рэалістычныя апісанні набіраюць новага каларыту і сілы ў суседстве з кампанентамі, створанымі на аснове фальклорнай ідзалізацыі. Спракаветная магічная заклінальнасць дзесьці нават бярэ верх над рэнесансавай разумнай яснасцю і хоча кіраваць творчымі намаганнямі паэта. Як шчыры хрысціянін, Гусоўскі адхрышчаецца ад небяспечнай спакусы, а памяць дзяцінства падшэптвае паданні, навязвае чарадзейныя ўяўленні:
Часта з трывогаю думаеш: чым растлумачыць Сілу, што ў нас надаецца замовам і травам, Песні і магіі слова? Адказу не знойдзеш I мімаволі згаджаешся: мы яшчэ дзеці Ў свеце хрышчоных і верым у казкі Медэі. (25)Ідэалізуючы звера на казачны манер, паэт прыпісвае яму вышэйшыя маральныя пачуцці і грамадзянскія рысы характару. Цар лясоў становіцца сапраўдным царом. Сілач між звяроў, нястомны і чуйны, ён ніколі не нападае першы, «толькі праніжа вачыма, аж дрыжыкі проймуць», «кемлівы звер па прыродзе». Але як рыцар пальчатку, прымае зубр любы выклік пры адной толькі ўмове: змагацца чэсна, без хітрыкаў і падману:
Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнік; Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна — Сілай на сілу, урожкі, і мужнасць на мужнасць. Гэта павер'е жыве ў нас ад веку да веку: Лічаць, што рыцар пушчанскі адправіцца ўпрочкі З тых запаветных урочышчаў, дзе ў паядынках З ім сустракалася часта не дужасць, а хітрасць — Будуць там пасткі, засады ці стрэлы з мушкетаў. (32)Каб не выклікаць падазрэння, што ён сам забабонны язычнік, паэт перастрахоўваецца агаворкамі:
Я ж не прыхільнік здагадак і розных фантазій, Тое пяру давяраю, што сам неаднойчы Бачыў, праверыў, зрабіў — свой мазолісты вопыт. (32)Аднак жа рацыяналістычныя адносіны да рэчаіснасці пясняр засвоіў толькі ў сталым узросце, ухваліў іх ісціну розумам, а не сэрцам. Розум, як вартаўнік, сочыць за паэтычнай фантазіяй, а тая заносіць песняра ў таемны, дзівосны, прывабны з дзяцінства свет народных легенд і павер'яў. I ён ідзе за голасам сэрца, каб сцвердзіць маральную каштоўнасць таго казачнага лзычніцкага свету.
Зубры жывуць стадам-абшчынай, кіруюцца спрадвечным ладам: важак здабывае права на ўладу ў пая-дынках, пераможца не распраўляецца з сапернікам, не помсціць пераможанаму, абы сышоў з гурту і хай пры-жываецца ў іншай «дзяржаве». Калісьці так пакідалі землі Жамойці літоўскія князі, уцякаючы ад гневу сапернікаў, і прыжываліся ў славянскіх землях. Нядаўна М. Ермаловіч выказаў меркаванне, што такім шляхам трапіў на княжы пасад у Наваградак легендарны Міндоўг. Адсюль вёў ён войны са сваімі крыўдзіцелямі, ствараючы Вялікае княства Літоўскае.
Зубрыны гурт ва ўяўленні Гусоўскага — мадэль ідэальнага калектыву, нават трамадства, нейкая багатырская дружына, якая кіруецца прынцыпамі вайсковай дэмакратыі. У гурце — роўнае права на ўладу, натуральная залежнасць слабых ад дужых і строгі абавязак дужых ахоўваць усіх, аддаваць свой вопыт і сілу на агульную карысць і дабро:
Тыя ж паданні сцвярджаюць, што трон верхавода Дарма і ў іх не даецца, а вока за вока. (19)Цікава адзначыць, што Гусоўскі ідзе тут за паданнямі і павер'ямі, хоць яны пярэчаць вопыту лаўца. Паляўнічы не мог не бачыць, што важакамі ў зубрыных стадах з'яўляюцца самкі, а не самцы. Але гэты матрыярхат, відаць, нельга было выстаўляць напаказ, жадаючы выдаць зубра за рыцара. I паэт, дзе толькі можна, падкрэслівае згуртаванасць і разумнасць зубрынай сям'і-дружыны, структура якой у яго апісанні стала патрыярхальнай:
... Там у іх выручка: гуртам за кожнага ў статку, Кожны ж — за гурт і за ўсіх, беспарадкаў — ніякіях. Дужы са слабым уладай дзяліцца не стане. Права царова над статкам на пашы і ў спрэчках Даў яму вопыт, набыты магутнаю сілай. (20)Народныя павер'і, фальклорная ідэалізацыя ў паэме з'яўляюцца не толькі стыхійнаю праявай нацыянальнай традыцыі, а сродкам мастацкага мадэлявання ідэалу жыцця. Туга па гераічнай еднасці асобы і грамадства надае вобразу зубрынага статка і карцінам паляўнічых сутычак эпічнае ўзнёсла-рамантычнае гучанне і глыбокі надтэкст.
Узор гераічных характараў і адносін узяты паэтам з народных павер'яў пра зубра, з летапісаў і легенд роднага краю, асэнсоўваецца ў самым вялікім аўтарскім адступленні, якое прысвечана Вітаўту і яго часу.
«Песня» дае два вобразы ўладароў Вялікага княства Літоўскага — Вітаўта і Сігізмунда. Сігізмунд — сучасны паэту «бацька бацькаўшчыны», здавалася б, павінен заняць пярэдні план. А выйшла наадварот. Мімаходзь толькі паказаў мастак Сігізмунда як смелага паляўнічага, які першы кідаецца на раз'юшанага звера, парываючы за сабою лаўцоў. Сказаўшы, што асабісты ўдзел караля ў паляўнічым спаборніцтве аніяк не шкодзіць яго славе і годнасці, паэт прыпыніў сябе на паўслове і паабяцаў апець вялікую справу пануючай асобы другім разам, калі будзе мір, спакой і вольны час. Такі ход, на першы погляд, здаецца незразумелым, бо, акрамя ўсяго іншага, Сігізмунд Стары быў прыхільнікам рэнесансавай гуманістычнай культуры. Сам Эразм Ратэрдамскі хваліў яго мецэнацтва, а прыдворны паэт Кшыцкі вуснамі Рэчы Паспалітай заяўляў: «Маю такога ўладара, што больш знатнага не знайсці на свеце». Прыяцель Кшыцкага Ян Дантышэк уторыў яму: «Гэта муж, у якім можна бачыць згустак адных высокіх якасцей». Іншы прыдворны пясняр захоплена ўскрыкваў, што пры Сігізмундзе «дзікая Сармацыя (Польшча) стала другою Грэцыяй ці Італіяй». Чаму ж наш зямляк адклаў такую аказію? Можа, таму, што яму не хапала свецкай аглады? Але ж мы яго бачылі дастаткова працёртым, праніклівым і эрудыраваным. Справа, відаць, у ідэйнай пазіцыі Гусоўскага.
Сігізмунд Стары адступіў ад традыцыйнай палітыкі сваіх продкаў, якія наводзілі парадак у дзяржаве, абапіраючыся на шляхту. Ён зрабіў апорай улады магнат'аў і выклікаў крызіс даверу ў шляхты, заслужыў клічку «сенатарскага караля». Канфлікт гэты ў трыццатыя гады прыме форму адкрытага шляхецкага бунту «ракошу» і прывядзе да так званай «курынай вайны», а покуль што ў Рэчы Паспалітай шырыўся рух за «экзекуцыю правоў», г. зн. за строгае выконванне каралём усіх законаў і прывілеяў, якія даравалі шляхце яго папярэднікі. Апазіцыю шляхты узначальвау прымас Ян Ласкі, дарэчы, зацяты праціўнік Эразма Цёлка. Барацьба за «вольнасці шляхецкія» перакінулася і на Вялікае княства Літоўскае, дзе самавольства магнатаў не мела граніц. Сігізмунд стаяў на сваім. Толькі ў 1529 годзе ён даруе славуты «Статут Вялікага княства Літоўскага» — звод законаў, які меўся рэгуляваць адносіны паміж магнатамі, шляхтай і «персонай гаспадарскай», а выбарныя земскія суды прыйдуць на месца замкавых ажно ў палове стагоддзя. Шляхту Вялікага княства Літоўскага ў яе спрэчках з каралём і магнатамі падтрымлівала каралева Бона. Не выключана, што з надзеяй на заступніцтва ёй менавіта прысвяціў сваю паэму Гусоўскі. У кожным разе ідэалам вярхоўнага ўладара ён аб'явіў не Сігізмунда, а Вітаўта — пазіцыя ў лепшым сэнсе прынцыповая і для свайго часу прагрэсіўная. Паступіць так недыпламатычна, знаходзячыся ў складзе дыпламатычнай місіі, мог або наіўны прастак, або сапраўдны буйны паэт.