Зорны спеў
Шрифт:
Піліп Пестрак асабіста падхапіў і прадоўжыў місію Якуба Коласа як рэвалюцыянера і мастака Палесся ў новых умовах, ён стаў нашчадкам Сымона-музыкі і Андрэя Лабановіча, іх сінтэзам і грамадзянскім завяршэннем.
Аб'яднаць паэта і барацьбіта ў адным вобразе ўдалося Янку Брылю. Праўда, яго Алесь Руневіч вырас у спецыфічных умовах антыфашысцкага руху ў часе другой сусветнай вайны.
Думаючы над лёсам і працягам літаратурнай спадчыны Якуба Коласа, хочацца сказаць: вялікія творы дапісвае само жыцце.
Родная цётка Піліпа Пестрака Тадора Кульгавеня ўспамінае пра дзяцінства пляменніка спрэс, як бы думала не пра яго, а пра Сымона-музыку:
«Сям'я была вялікая, тулілася ў курнай хатцы, і нараджэнне адразу двух новых едакоў сустрэлі не вельмі радасна... Праз год памёр адзін з двайнятак, а Піліпка неяк выкачаўся. Як падрос, памятаю, усё прасіў у дзеда: «Дзедачку, дзедачку, спляці пастолікі — пайду ў школу».
А родзічы будучага пісьменніка лічылі грамату раскошай і лішнім клопатам для мужыка, дома яго застаўлялі няньчыць малодшых дзяцей або пасвіць худобу.
«Бывалі дні,— прыгадвае цётка Тадора,— што прыйдзе Піліпок са школы, а ў хату баіцца зайсці... Начаваў у клуні. Але школу не кідаў»73.
Адвечная мужыцкая песня. Бясконцыя злыбеды вясковай галечы. Пацешкі лёсу над адоранымі душамі. Талент Піліпа Пестрака выратавала ад духоўнай загібельні вайна і надыходзячая рэвалюцыя. Яму, як і Сымону-музыку, давялося пакінуць родную хату, толькі вандраваў ён разам з бацькамі. Вайна выгнала многіх жыхароў Палесся ў бежанства. Тады ўжо Піліп Пестрак меў закончаныя пяць аддзяленняў Бусяжскага двухкласнага народнага вучылішча, шостае канчаў у Максімаўцы Бузулукскага павета. Вайна дапамагла трынаццацігадоваму падлетку атрымаць пасаду памочніка бухгалтара ў сялянскім банку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ён прадоўжыў вучобу ў Бузулукскай гімназіі, а пасля Кастрычніка — на рабфаку ў Новай Маскве Самарскага ўезда і ў 1920 годзе паступіў у Самарскі універсітэт, на эканамічнае аддзяленне. Далей перспектывы жыцця паблытаў цар-голад. У 1921 годзе разам з сям'ёю вярнуўся Піліп Пестрак у родныя Сакаўцы і нечакана стаў грамадзянінам буржуазнай Польшчы. Пасля шырокіх мажлівасцей, якія давала працоўнай моладзі Савецкая ўлада, юнак балюча адчуў вяртанне да «разбітага карыта». Не мог ён змірыцца з адчужанасцю ад грамадскага жыцця. Душа пратэставала супраць вяртання ў стары свет, поўны нядолі і паніжэння. З гэтых настрояў і пачаўся Пестрак як паэт і рэвалюцыянер, выразнік дум і мар паняволенага краю. Ён абраў сабе літаратурную клічку Звястун. Звястун змагання, свабоды і будучыні.
У 1924 годзе Піліп Пестрак падаў голас як паэт. Гэта супала з уступленнем яго ў падпольны камсамол, з непамыснаю спробай перайсці граніцу ў СССР, з першым арыштам.
Ён адчуваў сябе сялянскім сынам, якога вёска Заходняй Беларусі паслала памнажаць нацыянальную думку. Тады шлях у паэзію вёў цераз рэвалюцыю. З Палесся ступіў на гэты шлях не адзін Пестрак, быў ужо Анатоль Альшэўскі, бліскучы партыйны публіцыст, паплечнік Веры Харужай, які дзейнічаў пад псеўданімам Юрка Пружанскі. Праўда, яго літаратурныя здольнасці найбольш поўна праявіліся ў пісьмах да родзічаў, якія жылі ў Картуз-Бярозе. Пісьмы як пісьмы — не публікаваліся, і пра талент Юркі Пружанскага шырокі чытач у Заходняй Беларусі мала што ведаўпублікаваліся, і пра талент Юркі Пружанскага шырокі чытач у Заходняй Беларусі мала што ведаўпублікаваліся, і пра талент Юркі Пружанскага шырокі чытач у Заходняй Беларусі мала што ведаў74. Мікола Засім — другі Пестракоў зямляк і пабрацім па пяру — прыйшоў у літаратуру крыху пазней, недзе ў канцы 20-х гадоў. Тое ж трэба сказаць і пра ўкраінскага паэта Аляксандра Гаўрылюка, які ў пачатку 30-х гадоў стаў сакратаром Дамачоўскага райкома КПЗБ, адным з кіраўнікоў Кобрынскага паўстання, а ў другой палавіне — аўтарам славутай паэмы пра канцлагер у Картуз-Бярозе. Піліп Пестрак быў першы пісьменнік з ліку тых, каго выдала рэвалюцыйная Брэстчына.
Заходнебеларуская прэса скупа і глуха гаварыла пра яго. Нават прагрэсіўныя газеты толькі зрэдку паведамлялі, што не могуць змясціць яго твораў або што змясцілі не самыя моцныя з ліку надасланых, бо баяцца ўступіць у канфлікт з законамі аб друку, часам рэдакцыі прасілі прабачэння за пераробкі найбольш вострых мясцін. Так, газета «Сялянская праўда» пісала 8 кастрычніка 1924 года: «Пестраку ў Сакаўцах. На жаль, дзеля незалежных ад нас прычын надрукаваць не можам». Гэта першае ўпамінанне прозвішча Пестрака як пісьменніка ў друку. Пазней, у 1933 годзе, растлумачваючы аднаму з пачынаючых паэтаў сутнасць паэзіі, рэдакцыя «Беларускай газеты» раіла арыентавацца на верш Звестуна «Зорка міргае слёзна» як на ўзор: «Таго, што сказана ў ім, напэўна, у карэспандэнцыі не выкажаце. У гэтым асаблівасць паэзіі»75. Увогуле так яно і ёсць, хоць і газетныя допісы могуць несці мастацкі элемент.
У той жа «Сялянскай праўдзе» шмат матэрыялаў з Косаўшчыны. Некаторыя напісаны па-мастацку, не выключана, што тут пахадзіла пяро таго ж Піліпа Пестрака. У допісе пра клопаты селяніна Юліся Гембара з вёскі Падстарынне, такога ж бежанца, як і сям'я Пестракоў, чытаем: «Каторы ўжо год ідзе, як прыехаў в Расіі, і дагэтуль прыходзіцца гніць у зямлянцыю. I на тым свеце ў зямлі і на гэтым у зямлі»76. Яшчэ вастрэйшая на слова інфармацыя пра паліцэйскі разгул на Косаўшчыне: «Пры вобысках шукалі якойсьці адзення — мабыць, портак пана Даўнаровіча... Але нас гэта не цікавіць. Цікавіць тое, што гэтых, ні ў чым не павінных ахвяр бяруць, садзяць да «коз», «пак», пытаюць, катуюць»77. У іншым допісе той жа аўтар — Маленька Пташка — выкрывае варожасць школьных улад і нянавісць польскіх настаўнікаў-шавіністаў да беларускай мовы. «Яснавяльможны пан навучыцель з вёскі Грыўда,— іранічна тытулуе настаўніка карэспандэнт,— заяўляе: хутчэй я абрасту шэрсцю, як гарыла, чым буду вучыць па-беларуску»78.
Калі гэтыя іскрынкі вобразнасці выйшлі не з-пад Пестраковага пяра, дык гэта, можа, хіба сведчыць, што на Косаўшчыне быў яшчэ адзін невядомы літаратар. Пестрак жа і сёння мог бы падпісацца пад гэтымі творамі, настолькі сугучны яны яго характару і душэўнаму пафасу.
Вершы Піліпа Пестрака 1924 года, пра атрыманне якіх сігналіла «Сялянская праўда», не захаваліся. Самы ранні па часе мастацкі твор Пестрака «Наперад, гэй!». У бібліятэцы АН Літоўскай ССР ёсць яго рукапіс, датаваны 20 чэрвеня 1926 года, у сучасных жа зборніках друкуецца другая рэдакцыя верша, створаная ў маі 1928 года. Першая дата больш красамоўная: летам 1926 года Піліп Пестрак адбыў вайсковую службу, уласным вопытам спасціг войска, тую палітычную сілу, якая ў маі зрабіла дзяржаўны пераварот і дала дыктатарскую ўладу Пілсудскаму. Вярнуўшыся на радзіму, Пестрак уступіў у КПЗБ, а неўзабаве стаў прафесійным рэвалюцыянерам. Яго верш — закліковы твор, праграма вызваленчай барацьбы. Скіраванасць імкненняў на «шлях асветы» тлумачыцца працай аўтара ў косаўскім павятовым аддзеле Таварыства беларускай школы. З літаратурнага боку верш цікавы пераклічкаю з эстэтычнымі традыцыямі Купалы і Коласа, перайманнем характэрнай для іх рэвалюцыйнай сімволікі:
Да родпых ніў пальецца спеў З прызывам ўсіх да працы, Дагэтуль шчасця хто не меў, Пайдзі яго шукаці. I з гучным звонам зашуміць Наш лес многавяковы — Там сонца праўды заблішчыць, Асвеціць пушчы сховы.Рамантычная таямнічасць, што ў гэтым выпадку засцерагае маналог ад рыторыкі, стане з часам скразною рысай паэзіі Піліпа Пестрака. Яна акажацца сугучнай яго натуры максімаліста і прафесіі рэвалюцыянера-падпольшчыка, чалавека заканспіраванага і загадкавага.
Першае партыйнае даручэнне Піліпу Пестраку было заняць пасаду скарбніка ў косаўскав павятовай управе Беларускай сялянска-рабочай Грамады. Гэта было незадоўга да таго, як дыктатура Пілсудскага, акрэпшы пасля путчу, апусціла на нацыянальна-вызваленчы рух беларусаў свой цяжкі кулак. Грамада была аб'яўлена арганізацыяй падрыўной і забаронена. Паліцыя на месцах пачала груба разганяць яе гурткі, канфіскоўваць партыйную маёмасць. На рэпрэсіі ўрада грамадаўцы масава адказалі пратэстам. У Косаве, у Целяханах і ў Песках пад Брэстам 3 лютага 1927 года прайшлі дэманстрацыі. Самая вялікая, косаўская, дэманстрацыя была расстраляна паліцыяй. Пад кулямётнымі чэргамі лягло шасцёра актывістаў Грамады, дзесяткі іншых былі паранены. Паліцыя арыштавала ўвесь склад косаўскай павятовай управы. За арганізацыю беспарадкаў апынуўся ў пружанскай турме і Піліп Пестрак.
Пачынаючы з гэтага часу пра яго жыццё больш можна даведацца з паліцэйскіх ды судовых архіваў, чым з іншых крыніц, нават з успамінаў яго землякоў. Гэта зразумела: ідэалагічныя работнікі партыі тады асабліва высока ацэньваліся органамі бяспекі. Палескі ваявода ў справаздачы на імя міністра ўнутраных спраў 22 верасня 1928 года так ахарактарызаваў яго: «Піліп Пестрак з Сакаўцоў з'яўляецца віднейшым арганізатарам і дзеячам КПЗБ. Сцісла заканспіраваны, кіруе камсамольскаю секцыяй у Косаўскім павеце... Пры вобыску ў яго знойдзены сшытак з вершамі «Ворагам» і лістоўка ЦК БСРГ.
...У сучасны момант трымае сувязь з Акруговым бюро ТБШ у Слоніме, з'яўляецца членам РК КПЗБ у Галіку, арганізаваў на месцы акцыю з выпадку міжнароднага юнацкага дня, прыступіў да аднаўлення ў павеце кампартыі, разбітай у лютым — сакавіку»79. Усё гэта мела месца адразу ж пасля таго, як следчыя органы, пратрымаўшы тры месяцы на допытах, выпусцілі яго да суда на волю. Нават у гэты крытычны час П. Пестрак актыўнічаў. Косаўскі павятовы стараста заўважыў у справаздачы аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў павеце, што 20 студзеня 1929 года ў Косаве мае адбыцца павятовы з'езд ТБШ, на якім «вядомы камуністычны дзеяч Піліп Пестрак выступіць з дакладам на тэму «Кааперацыя і яе задачы». Далей падаецца план будучага даклада: «Падзел насельніцтва на культурныя і некультурныя нацыі. Ступень культуры беларускага народа. Кароткі гістарычны нарыс эканамічнага ладу Еўропы (рабства, прыгон, капіталізм). На чым грунтуецца капіталістычны лад і яго заганы. Ідэал кааперацыі. Аддзелы кааперацыі, роля грамадска-выхаваўчага аддзела»80. Прыведзеныя тэзісы паказальныя: у асобе Піліпа Пестрака рэвалюцыя на Палессі атрымала тэарэтычна падрыхтаванага байца. Даклад Піліпа Пестрака развівае ідэю кааперацыі ў шырокай рамантычнай трактоўцы Ігната Канчэўскага, які лічыў яе ідэальнай формай чалавечай сябрыны. Зразумела, П. Пестрак асэнсоўвае крытычна сябрыну Канчэўскага, ён ставіць яе на сацыяльны грунт і ачышчае ад утапічнай суб'ектыўнасці, уласцівай мысленню публіцыста БРА.