Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Сымон у паэме — рамантычны герой, ён чалавек выключны, мастак-самародак. Але ў гэтага выключнага таленту ардынарны лёс жабрака. На такіх кантрастах, на нечаканых, звычайна злых усмешках долі трымаецца рамантычная задума паэмы.

Калі браць справу шырока і сімвалічна, дык жабрацтва — шматзначная сітуацыя. Лёс перадавой беларускай літаратуры той пары быў фактычна жабрацкі, яе стваральнікі адчувалі сябе беспрытульнымі ў сваім родным краі. Сам Якуб Колас, як мы ўжо казалі, жыў ледзь не на жабрацкім хлебе, калі пачаў у Лунінцы ў лістападзе 1911 года пісаць гэты твор.

Дзве часткі паэмы былі створаны тады на Палессі, трэцяя — паміж Лютаўскаю і Кастрычніцкаю рэвалюцыямі здалёк ад радзімы — у горадзе Абаянь Курскай губерні. Паэт, відаць, лічыў гэтыя тры часткі закончанаю кампазіцыяй, бо даў згоду надрукаваць іх у 1918 годзе ў Мінску асобнаю кніжкай. Чацвёртая і пятая часткі з'явіліся пасля выхаду ў свет першых трох, таму іх трэба лічыць кампанентамі новай ідэйна-мастацкай структуры, да якое прыйшоў паэт у 1918— 1924 гадах. Нас, зразумела, асабліва цікавяць «палескія» раздзелы твора.

Супадзенне жабрацкай долі як асабістага самаадчування з жабрацтвам як грамадскім станам літаратуры паняволенага беларускага народа штурхала творчае ўяўленне Якуба Коласа ў кірунку трагедыйнага, ён уяўляў лёс сучаснага яму беларускага мастака трагічна. Развіваючы кампазіцыю пасля Кастрычніка, які адарыў мастакоў Савецкай Беларусі доляй і воляй, Якуб Колас ацяпліў мінорныя тоны ў першых двух раздзелах, сацыяльна завастрыў вобраз жабрака, ператварыў пастуха Грышку ў Курылу — увогуле ўзмацніў сацыяльную матывіроўку характараў і ходу падзей. Усё гэта падняло ролю рэалістычнай плыні ў кампазіцыі паэмы. У грунце сваім яна. праўда. засталася тым жа рамантычным творам пра цяжкі і пачэсны лёс мастака і мастацтва беларускага асяродя. аднак лёс гэты бачыўся аўтару ўжо не трагічна, а драматычна.

Сымон у Якуба Коласа, падобна як музыка ў Рэдкага,— мастак шырокага профілю: ён скрыпач і паэт. Ёсць у ігранні яго нават чарадзейская сіла. Музыка ачароўвае прыгожую Ганну і лечыць іграннем сваім ад страшнай хваробы. Якуб Колас па-казачнаму трактуе музычнае чарадзейства, сцвярджаючы, што мастацтва здымае жыццёвыя антаганізмы, нясе гармонію, справядлі-васць, дабро і згоду ў жыццё, таму яго ненавідзяць розныя злыдні, якія чыняць хаос і калатнечу.

Цікава выступае Сымон і як паэт. Ён стварае дзве рамантычныя казкі — пра чулы звон і пра цудоўны дубок, а пазней песню пра закаханага ў лілею ляснога жаваранка. Фактычна ўсе гэтыя ўстаўныя алегорыі гавораць пра адно — пра місію мастака і мастацтва ў грамадскім жыцці народа-адраджэнца. У дзвюх першых алегорыях, створаных да рэвалюцыі, Якуб Колас падкрэслівае трагізм становішча мастака ў ахопленым крызісам уласніцкім свеце, гэта: трагізм празмернай чуласці — чулы звон надарваўся, абвяшчаючы праўду людзям,— і трагізм адзінокага гераізму, безразважнай самаахвярнасці ў барацьбе супраць ворагаў жыцця, злыдняў,— дубок пявучы ссеклі пад корань за тое, што ён абуджаў гармонію жыцця.

Няцяжка здагадацца, хоць гэтага яшчэ і не зрабілі даследчыкі, што ўстаўныя легенды неслі функцыю рамантычнага звеставання лёсу галоўнага героя. Уся паэма першапачаткова ўяўлялася аўтару як трагедыя. Аднак гістарычныя перамены ў лёсе народа і народных мастакоў, з аднаго боку, і ўзмацненне рэалістычных тэндэнцый у творчасці Я. Коласа — з другога, прымусілі павесці задуму ад рамантычнай трагедыі да рэалістычнай драмы. Праўда, трагедыйныя па гучанню ўстаўныя кампаненты аўтар пакінуў у творы, але іх роля звузілася: цяпер яны толькі падтрымліваюць рамантычны каларыт, нагадваючы чытачу, што і трагедыйныя ўдары лёсу навісалі над Сымонам. I трагічнае магло б стацца.

Трэцяя алегорыя, складзеная ў 1924 годзе, завяршае паэму, славячы як найвялікшае шчасце мастака-жаваранка свабоднае зліццё з хараством свету.

У разгледжаных легендах засяроджаны стрыжнёвыя ідэі твора. Але ідэйна-эстэтычны фокус паэмы ўтвараюць дзве іншыя легенды.

Адну з іх — пра неслухмяны прамень — расказаў сам аўтар, другую — пра варону-хвальбону — уклаў у вусны жабрака.

Легенда пра свавольны прамень, які, замест таго, каб выконваць калектыўнае даручэнне сонца — ляцець разам з іншымі праменнямі на зямлю і саграваць яе,— аддаў цяпло сваё адзінокай, азяблай сярод пустэлі нябёсаў хмарцы, выклікала найболып нязгоды ў літаратуразнаўцаў. Некаторыя крытыкі 20-х гадоў падыходзілі да гэтай алегорыі з эстэцкіх пазіцый і чулі ў ёй гімн чыстаму мастацтву, абсалютнай свабодзе творчасці і занябеснай красе; нарматыўная сацыялагічная крытыка 30-х гадоў, наадварот,— вычытала тут асуджэнне і пакаранне эстэцкіх тэндэнцый у мастацтве.

Сучаснае літаратуразнаўства прапануе бачыць у Коласавай алегорыі асэнсаванне канфлікту паміж прадвызначанасцю і свабодай мастака (В. Каваленка), ці завастрэнне ўвагі на супярэчлівасці гэтых з'яў (М. Лазарук), або яшчэ шырэй — «дылему аб свабодзе волі і неабходнасці» (I. Навуменка)70!

Я лічу гэтыя трактоўкі верагоднымі, але паколькі сімвалы заўжды мнагазначны, можна прапанаваць і яшчэ адно прачытанне. Прыгадаем, што ў першай рэдакцыі паэмы замест прытчы пра неслухмдны прамень была рамантычная сцэна непаразумення паміж мастаком і слухачамі. Сымон у карчме натхнёна іграў свае імправізацыі, а сяляне не разумелі яго, людзям хацелася традыцыйных народных песень. Замяніўшы ў апошняй рэдакцыі карчомны канфлікт легендай пра неслухмяны прамень, ці не захаваў аўтар тую ж праблему?

Маса паслухмяных промняў, якія па волі сонца сагрэлі зямлю,— увасабленне традыцыйнага народнага мастацтва. Яно складалася ў гушчы патрыярхальна-абшчынных адносін, дзе не выраслі яшчэ індывідуальнасці. Было яно калектыўнае: пела пра рэчы агульныя, абшчынныя — наклікала пагоду і дожджык, памнажала ўраджай, даўгалецце, шчасце...

I вось гэтаму традыцыйна-фальклорнаму калектыўнаму тыпу мастацкай творчасці паэт супрацьпаставіў новы тып — творчасць індывідуальную, прафесійна-аўтарскую. Яна жыве не традыцыяй, не знешняю воляй сонца, а кіруецца асабістаю воляй мастака, яго вольным выбарам. няма патрэбы даводзіць, наколькі жыццёвай была гэтая праблема для маладой беларускай літаратуры. Фенамен Рэдкага засведчыў, што нават у самой традыцыйнай народнай творчасці вырасталі парасткі новага, індывідуальнага, аўтарскага мастацтва. Літаратура беларуская магла стаць нацыянальнай і сапраўды сучаснай толькі пры ўмове, што яе стваральнікі сыдуць з арбіт безасабовай творчасці, стануць індывідуальнасцямі, мастакамі новага тыпу, якім пад сілу самастойна тварыць у рэчышчы агульнай народна-гуманістычнай і патрыятычнай місіі мастацтва.

Усё гэта новае і незвычайнае. А дзе новае, там супярэчлівасці, там канфлікты. Промень быў пакараны за творчую інідыятыву, за праяву індывідуальнасці, хоць фактычна не сышоў са шляху агульнай праметэеўскай місіі мастацтва — саграваць свет. Драма промня — гэта рамантычная драма непамернай душэўнай чуласці. Чуласць на пакуты зямлі мелі ўсе промні, сыны сонца, а гэты быў чулы яшчэ і на пакуты адзінокіх нябесных істот. Трэба самому быць індывідуальнасцю, каб спасцігнуць пакуты другога індывіда. Падобная звышчуласць таксама была ўласціва цудоўнаму звону, і той заплаціў за яе вечнаю нематой. Звышчулы дубок загінуў пад тапарамі злыдняў. Промень асуджаны на вечнае блуканне паміж небам і зямлёй. Чым заплаціць Сымон?

Выгнаннем Сымона, яго жабрацкімі вандраван-нямі і прыгодамі Колас падкрэслівае думку, што вялікае прафесійнае нацыянальнае мастацтва не зможа развіцца ў дробнаўласніцкай вёсцы з яе мізэрнымі мерамі жыцця, з панылаю ўпрэжанасцю земляроба ў работу для чорнага хлеба. Каб стаць нацыянальным мастаком, таленавіты сялянскі сын павінен, як той лісток, адарвацца ад роднага дрэва і ўзляцець у паднябессе сусветнай культуры. Мажліва, калісь ён вернецца назад, стаўшы мастаком, а мажліва, і не — як той прамень, ачараваны красуняй-хмаркаю, будзе лунаць у бязмежных прасторах жыцця.

Першыя часткі паэмы маюць шмат рамантычных нечаканасцей і парадоксаў. Хіба не парадокс тое, што самым заядлым уласнікам аказваецца жабрак. Яго маёмасць — «вузялок там, за бокам», торбачка нажабраваных срэбных манет, але жабрак сквапна хавае гэты казачны скарб ад Сымона, палохае смяротнымі закляццямі, пякельным агнём. Яшчэ болып парадак-сальнасці ў тым, што жабрак, цялесны і духоўны галетнік, зрабіўся панам над мастаком, над яго духоўнымі скарбамі. Каб панаваць над Сымонам, жабрак імкнецца забіць у хлапчука індывідуальнасць, прытупіць пачуццё годнасці, асудзіць парыванні да вяршынь жыцця. Гэтаму служыць прытча пра варону-хвальбону, у якой пакорнасць лёсу абвяшчаецца адвечнай заканамернасцю жыцця. Уласніцкую, нявольніцкую мараль жабрак хоча навязаць мастаку. Ён душыць Сымона матэрыяльна, не дае музыку грошай, без якіх ва ўласніцкім свеце няма элементарнай свабоды дзеянняў. Каб падтрымаць у падлетка ўсё ж нейкі тонус жыцця, жабрак падманвае яго цацанкай-абяцанкай купіць новы каптан. Усё тут нібы ў вялікім дзелавым свеце ўласніцтва, толькі здробнена, як на тым камарыным вяселлі, пра якое пяе жартоўная песня. Але ў паэме ўсё сур'-ёзна, рамантычна сур'ёзна, парадаксальна.

Поделиться с друзьями: