Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Званы ў прадоннях азёр

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Каравыя векавыя сосны, каменныя крыжы з паўмесяцам і шасцікутнай зоркай ураслі ў зямлю. У некаторых адваліліся верхнія лопасці. Нібы нехта замшэлы распасцёр рукі. А на распяццях асірыйскія, вавілонскія, бог ведае якія абліччы.

Музыка прымусіла нас кінуць агляд. Звычайныя пахавальныя маршы. Паўздоўж агароджы ішло на новыя могілкі шэсце цыганоў. Дарэмна мы саромеліся. Да нас проста падышлі і папрасілі зняць. I вось мы рассыпаліся, хто па дрэвах, хто на платы.

Наперадзе картэжу — цыган з барадой патрыярха нёс абраз у белым ручніку. За ім ішлі мужчыны, і натоўп іхні быў густа перасыпаны то старымі і змаршчакаватымі, то маладымі, неапісальна прыгожымі цыганкамі. Намісты, хвалі хвалістых сукенак. Завушніцы дрыжаць пад смалянымі хвалямі валасоў. Усё хвалістае, усё яркае, як крыху прыглушаны попелам жар. Кульгавая цыганка цягне нагу ў баку ад картэжу. Нясуць дзяцей. На руках і загорнутых у хусты.

Мора медзі, мора чырвані і сіні. А над усім гэтым — мора сонца. I не верыцца ў смерць, у тое, што ўсё мае пачатак і канец.

Такое крыклівае буянства ашалелых фарбаў мне даводзілася бачыць толькі ў першых каляровых фільмах. У "Салаўі-салоўцы", у "Сарочынскім кірмашы". Нібы ашалелы ландрын.

Ззаду ступае гладкі, як змей, гнеды конь. Вядзе яго здаравенны цыган. Збруя зіхаціць бляскам. На возе тыя, хто не можа хадзіць: паралізаваны стары і сівая цыганка з двума дзеткамі.

— З канём сфатаграфуй. Яго конь. Калі ласка, з канём…

Але вось мора ўлілося ў гусцюшчую зялёную засень могілак і паблякла.

У баку ад магілы на ўзнесеных латах два даўжэзныя вялізныя шатры з грубай мешкавіны. У адным посуд, мыцельнік, кухня, дзесяткі два баб гатуюць талеркі. У другім — доўгі рад сталоў з закуссю і выпіўкай.

Ля магілы галосяць. Спявае хор. Рухаецца чорна-зялёны епітрахіль папа. Сіні, матавы, як ягады ядлоўцу, цягнецца ў праменнях сонца дым ад кадзільніц. І надпіс:

"Базылевіч
Гарасім Ігнатавіч
1928–1968"

Ратаваў беларускую дзяўчынку. Ёй было пятнаццаць. Яму пад сорак.

Якія гордыя, медныя, часам ледзь не індзейскія твары! Вунь хаця б у той, з прамымі вугальна-чорнымі валасамі, што падаюць на плечы, з гарбаносым, крыху шыракаватым абліччам. Або тая маладая зусім і ўжо цывілізаваная крыху. Рухомы твар, пластычныя рухі, белая кісейная кофта і стракатая сукенка. Павярнулася — ну, хоць адразу на сцэну, такая бездань гонару і плаўнасці. Аседлая. Жыве ў вёсцы Хорск. I прозвішча, як ва ўсіх тутэйшых цыганоў, беларускае: Вішнеўская.

Эх, так і пацягнула мяне да іх! Магчыма, мая цыганская кроў.

— А ото цыганскія фатографы.

Гэта на Валянціна і Зянона.

— Бач, і фатографаў сваіх з сабой прывезлы.

"Цыганскія фатографы" збянтэжаны ўкрай, але лазяць паўсюль, ловяць ракурсы, здымаюць. I ёсць што здымаць. I ўсё гэта прыгожа, тэатральна, пластычна ў кожнай "мізансцэне", як балет. I так этнаграфічна, так нязвыкла, і столькі ва ўсіх гэтых звычаях гонару і павагі да традыцый. Трымаюцца іх. I добра, што трымаюцца.

Як бы ні жыў цыган, у якой бы хаце або нават кватэры ні жыў, а праводзяць яго ў краіну Цыганію пад шатром. Пад шатром і пад зорамі або пад дажджом. У далёкі шлях, па якім вечна рыпець колам і вечна ступаць капытам цыганскага каня.

I гэта ў крыві. Вось малая цыганачка штурхае каляску з ледзь меншым за сябе дзіцем. Цяжка на байраках, людзі стаяць на дарозе. I вось раптам яна гартанна, са страсцю тысяч пакаленняў крычыць:

— Чавэло!!!

Ах, гэты разліў, шырокі, нібы ўся нямераная цыганская зямля! Гэты змрочны і маўклівы першы кубак. Не трэба нам тут больш. Знікнем паціхеньку і пакінем іх з горам і з думамі аб апошняй цыганскай дарозе. Вязі, косю, вязі! Свяці яму на ёй начное, цыганскае сонца.

XI. Што такое "бусько"

Што за гарадок! Замест бульбы ў гародах кілім кветак. Механік "Сельгастэхнікі" Максім Рабкоў зрабіў сабе човен-амфібію. Праехаў горадам, плюхнуўся з берага ў ваду дый паплыў на рыбалку. Яшчэ адзін выдумаў для працы на гародзе мікратрактар на трох колах. Чатыры чалавекі можа везці. Сена на ім возіць. Палескія дзеткі на вуліцах паказваюць на нас пальцамі.

— Фоткі павялічваюць.

Палічылі, значыцца, за халтуршчыкаў, бадзячых барыг і бізнесменаў, што тайком ад райфа ходзяць па вёсках і зашыбаюць рублі.

Пад вечар дамовіўся са старшынёй гарсавета і са свяшчэннікам, каб дазволілі зняць інтэр'ер царквы. Дазволілі. Толькі самага каштоўнага, царскай брамы, ужо няма. Знялі і адправілі. Здаецца, у Пінскі музей.

Галава злёгку адурэла ад чалавечага тлуму і гарачыні. А тут яшчэ лётаюць на матацыклах дзяўчаты ў чырвоных і апельсінавых сукенках. А тут яшчэ танцуюць, скачуць пад нагамі цыганяты, просяць у Валянціна:

— Дай, дай, дзядзька, капеечку! Дай, каб ты даехаў да дому! Каб ты сто год пражыў!

Валянцін нешта не дужа хоча жыць да ста гадоў і не хоча даехаць да дому.

Вечарам крыху адпачываем на могілках. Юроўская званіца ў спакойным вячэрнім сонцы ўся аранжавая. I такая ва ўсім гэтым дасканаласць, такі асуджаны спакой адыходзячай старой Беларусі. А ў траве настойлівае: "Фр'ю! Фр'ю! Фр'ю!"

Палескія цыкадкі. Так, на Палессі водзяцца цыкады.

Крыж у мой рост ляжаў ніцма. Каменны. Я з цяжкасцю ўзняў яго і паставіў. Зірнула аблічча. Перакошанае, страшнае аблічча, як у паганскага ідала, вызваленага з зямлі. Грымаса болю, велізарныя, пляскатыя, як ступакі, рыдлёўкі рук. Грудзі звісаюць на тры скупа намечаныя складкі жывата. Тры складкі. Паўкружжам. I ва ўсім гэтым умоўнасць і вышэйшая адначасова рэальнасць.

Ішлі дамоў. На страсе стаяў чырвоны бусел і ляскаў дзюбай. Маленькая дзяўчынка выняла палец з рота і паказала на яго, даверліва ўсміхнуўшыся:

— Гэта бусько, — сказала яна.

XII. Мір вам!

Раніцаю, пасля беганіны, ледзь датаўкліся з дапамогаю сакратара гарсавета Валі ў царкву. Пуста. Пазней даведаўся, што дзеці з урвісаў лазяць сюды гуляць у карты. Гэта б яшчэ нічога, але шыльду аб ахове помніка архітэктуры нейкія два, што прыехалі на "газіку" (і нумар запісаць не паспелі), недзе ў маі паддзелі крыжам, спаролі і павезлі. Пасля мне, праўда, сказалі, што шыльда ўсё адно была напісана "не па правілах" і што яе трэ было замяніць новай. Ну то й замяняйце. Толькі я ў непаразуменні, якія такія "правілы" для такіх шыльдаў. I, галоўнае, тая ж самая карціна ў Пінску, Ружанах, у сотні мясцін. Зняў — і ніякага табе клопату. Як быццам справа ў шыльдзе, а не ў справе.

Што можна ўбачыць у той царкве? Хоры з прымітыўным, дужа беларускім "Маленнем аб чашы"? Па сценах абразы з псеўдараманскімі — фініфць з золатам, як на сурвэтачных колцах пачатку стагоддзя, — акладамі. Цікавае ў іх толькі тое, што гэта ахвяры старых давід-гарадоцкіх цэхаў. Скажам, цэх цесляў ахвяраваў "Нараджэнне" (і цалкам лагічна. Іосіф таксама быў цесля). Або цэх краўцоў ахвяраваў "Пакровы" (і гэта са значэннем, бо пакроў трэба было камусьці шыць). У гэтым мілы наіў.

Абразы на сценах — часткова пэцканіна. Але галава святога Юрыя (не тулава) і "Прынясенне ў храм" з мілым велікавокім абліччам Марыі і строгім тварам Сімяона, на якім важлівасць моманту і адчуванне, што сплываюць апошнія хвіліны, што цяпер можна і памерці, - гэта дабротная работа, якой пад сто год. Калі гэта і не Васняцоў, то нехта з лепшых яго вучняў. Ва ўсякім разе, не горш, а можа, і лепш за яго тварэнні ў Валадзімірскім саборы Кіева.

Поделиться с друзьями: