Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Званы ў прадоннях азёр

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Усё гэта, што вакол, — Прыпяць і Піна, лясы ласкавыя, паплавы мокрыя, дрэвы раскідзістыя, пчаліныя свепеты на векавых дзічках, няяркае палескае неба, — усё гэта было, мабыць, такім самым, як у часы Уладзіміра, што, паводле падання, заснаваў горад, такім самым, як і ў часы асляплення князя Васілька.

Але чалавек на працягу дзевяцісот (а можа, і тысячы) год не толькі паліў і нішчыў, не толькі ваяваў, забіваў і асляпляў — ён яшчэ і будаваў, старанна ўходжваў гэтую гліністую зямлю, вечна дбаў аб прыгажосці. Зрабіў, урэшце, на гэтай звычайнай зямлі малое дзіва, якім мы па праве можам ганарыцца.

Паліў яго хан Койдан — але жыхары зноў узводзілі вежы з гладкага дубовага бярвення. Паліў яго Нарымунт — але ўзносіўся амаль адразу Андрэем Васілай францысканскі драўляны касцёл. Татары вынішчалі ўсё ў наваколлі, але жыхары не толькі давалі адпор пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага, але і капалі першыя ў гісторыі Палесся каналы (1-я палова XVI стагоддзя).

Гарэў ён у сутычцы Нябабы з Радзівілам, гарэў ад рук ваяводы Валконскага і воінаў Карла XII. Але няўхільна паўставаў, прыўкрашаўся будынкамі, квітнеў працай сваіх майстроў і гандлем. Многа, дужа многа паспеў ён наашчадзіць і назапасіць, нягледзячы на шаблі заваёўнікаў. I гэта назапашанае мы павінны несці асцярожна, на выцягнутых далонях, як чашу з вадой. Старанна гледзячы сабе пад ногі, дзе там-сям зберагліся яшчэ святыя і старажытныя пінскія камяні.

Нам абавязкова трэба было разабрацца, а ці так гэта. Бо калі дагэтуль справа ішла пераважна аб памяці звычаяў, то, што датычыць самога Пінска, тут справа магла ісці, бадай, толькі пра памяць архітэктурную.

Таму трэба было пачынаць з галоўнага архітэктара. Да яго мы і пайшлі ў дзівосны будынак былога калегіума, адзін з лепшых помнікаў грамадзянскай архітэктуры на Беларусі, шматпавярховы, дзіўна велічны барокавы гмах.

Архітэктар яшчэ досыць малады, сімпатычны. Прозвішча Заржэцкі Міхаіл Сігізмундавіч. Тутэйшы, але з дзяцінства амаль усё жыццё пражыў у Маскве. Справу ведае. Але адзін чалавек, калі яго не падтрымлівае грамадскасць, няшмат можа зрабіць.

Справа, гаворачы сцісла, вось у чым. Усе вы са шматлікіх беларускіх і польскіх гісторый архітэктуры ведаеце будынак славутага паезуіцкага касцёла. Дык вось, яго ўжо няма. А гандлёвыя рады XVIII стагоддзя, што ішлі ад яго? Фота іх ёсць нават у падручніку В. Чантурыі. Дык вось, фота ёсць, а радоў ужо таксама няма. А пафранцысканскі касцёл? Калегіум? Гэтыя пакуль што стаяць, але іхняе існаванне — не існаванне, а балансаванне паміж жыццём і небыццём. Дошкі, ва ўсякім разе, з іх зняты. Ахоўныя.

Дзіўныя справы! У паезуіцкім касцёле хацелі зрабіць піўзавод. Выявілася, многа работы па пераабсталяванні. Тады яго, моцны, як дуб, папросту ўзарвалі ў 195З годзе, а ў 1954 разабралі. Тады стала ясна, што разбураны ансамбль і, на аснове гэтага, — калі ўжо ансамбля ўсё роўна няма, — знеслі гандлёвыя рады. Бо яны ж выпалі з агульнага. I вось цяпер пададзена ідэя зрабіць піўзавод у ацалелым пафранцысканскім. Што за піўная кароста?

Калегіум, пасля пераработкі, стаў добрым адміністрацыйным будынкам: пакоі і калідоры прасторныя, высокія, велічныя. Месца хапае на многія і многія ўстановы. Летам прахалодна, узімку, пры паравым ацяпленні, цёпла (а праводзіць яго было цяжка, бо муры ў два метры таўшчынёй). Так-сяк падрамантавалі. Каму шкодзіць яго вонкавы выгляд? Выгляд аднаго з лепшых помнікаў Беларусі.

Абапёрся на магутныя контрфорсы, як на лапы. За пятнаццаць кіламетраў з-за ракі відаць. А яшчэ каб адкрыць ягоныя аркады, выламаць адтуль сучасную цэглу — гэта быў бы палац дожаў. А пад аркадамі зрабіць — ну, хаця б летняе кафэ са старымі сталамі і кутымі свяцільнікамі. Гэта быў бы гонар Пінска і ўсёй Беларусі. Дык не. Прыехаў нейкі таварыш з Мінска, агледзеў усё і заявіў архітэктару:

— Слухайце, стаўце пытанне аб зносе — мы вас падтрымаем. Скрыня нейкая. Адной фарбы колькі выходзіць.

Архітэктару ледзь удалося адгаварыцца. Ледзь удалося адбіць і пафранцысканскі касцёл з мурам ля яго:

— Транспарту шкодзіць. Манастырскі выгляд. I ўваход з вуліцы.

А на самай справе вуліцы хапае. А як не хапае, то зносіць трэба зусім іншае.

Кожная з'ява мае два бакі. "Езуіт" стала словам-сімвалам. Але як бы мы ні ставіліся да езуітаў і да іх тактыкі, трэба, дзеля справядлівасці, прызнаць, што гэта былі самыя адукаваныя людзі свайго часу. Іншая справа, на што яны гэтую адукацыю ўжывалі. Але ў іх былі самыя шматлікія школы і самыя багатыя бібліятэкі з выключна багатым падборам кніг, аж да вальнадумных. Таму з гэтых школ выходзілі не толькі цемрашалы, але і вальнадумцы.

Кнігі, часам найсамыя рэдкія, маглі б служыць і зараз. Але 19З9 год, час безуладдзя, вайны, нарадзіў у калегіуме страшны пажар. Некалькі дзён гарэў будынак, і ў ім палалі сотні кніг. Потым другая вайна з яе разарэннем, і безуважнасць. I вось попел ведаў даўно рассеяўся па зямлі.

I ўсё адно ў некаторых людзей яшчэ бачыў я старыя пергаментныя граматы па-беларуску. Адна з іх была 1592 года. То шукайце ж вы гэта сярэдневякоўе, збірайце яго, захоўвайце ў музеях. Не здымайце дошак аховы, як з Ружанскага палаца і касцёла пафранцысканаў у Пінску, накрыйце палац чарапіцай, і сапраўднай, а не Брэсцкага завода, што пастаяла тры гады ды і асыпалася.

Ды і другі ахараніце. Пабудаваны князямі Дольскімі ў 1595 годзе для братоў-камуністаў (быў і такі манашы ордэн, у якім усё, аж да лыжкі, было агульнае). Трэба зберагчы гэтую барокавую цацачку, якой мог бы ганарыцца любы горад Еўропы, цацачку, на якой таксама няма дошкі.

I цуд драўлянага дойлідства, храм на могілках, дзе ўсё, аж да галерэі, такой тыпова беларускай, абапертай на каменныя слупкі, ёсць радасць і ціхі сум. Дзе званы вісяць між дзвюх ліп, што разыходзяцца з аднаго кораня.

Усё там радасць. I ўсё ў запусценні.

То аднавіце тое, што засталося.

XVII. "Адам быў злеплены з гліны…"

А наступнага дня мы паехалі шукаць народных майстроў. У Моталі — ткачы, у Кужэлічах — пляценне, у Іванаве — інкрустацыя, у Гарадным — ганчары.

Мы паехалі да ганчароў. Суправаджаў нас галоўны мастак фабрыкі мастацкіх вырабаў Алесь Пятровіч Ступак, мажны гэткі, тыповы ўкраінец.

Усё ж гэта было дзіва як хораша! Вёска Хлябы, што спіць у збажыне. I хоць нас кідала, хоць дарога, — не памятаю ўжо, хто гэта сказаў, - была падобная на паласу эксперыментаў гіганцкага дыназаўра, затое абапал яе цвіла шыпшына, трапляліся не зусім яшчэ зарослыя дзюны, а пасля пачаліся і лясы.

Паўла Гмыра з Гараднога не засталі дома. Адны дзеці былі ў хаце з пазелянелай страхою. Пад наглядам малой, як лялька, Тані-сінявочкі. Гэты носік з лёгкай згорбінкай вынюхаў ужо, на наша дзіва, навуку аж цэлых сямі класаў.

Паказала яна нам горшчыкі. I мы, нанюхаўшыся лазеннага водару бярозы, заторкнутай для прыгажосці паўсюль, дзе можна, пагушкаўшы малога ў калысцы, захапілі тую Таню з сабою, выйшлі, стараючыся не наступіць на "цыплюкоў", пасадзілі дзяўчынку ў машыну і пакацілі шукаць тых, хто якраз працуе. Захапілі яшчэ й сівога дзеда Казачка — і яго ў машыну, дый паехалі да Цімахвея Шэлеста, што якраз "крутыў круг".

Поделиться с друзьями: