Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Званы ў прадоннях азёр

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Тут, між іншым, акрамя абразоў шмат карцін, часам дужа старых і каштоўных. Напрыклад, "Зняццё з крыжа і аплакванне". Вернае XVII стагоддзе. Акрамя манеры, цікава яшчэ і тое, што аблічча Хрыста не відаць: твар схілены, на яго ўпалі валасы. Мастак лічыў, што ён няварты гонару, маляваць гэтае аблічча.

Паабапал алтара таксама дзве познія карціны С. Рудзінскага: "Зняццё з крыжа і нараджэнне". Цікавыя яны каларытам. Сапраўдным палескім каларытам. Калі валхвоў мастак апрануў яшчэ ва ўсходнія строі, то астатнія гледачы — сапраўдныя старазаветныя пінчукі ў вясковай вопратцы. Наміткі, світкі — "латухі", шэрыя з чырвонымі паясамі, вярэнькі з бяросты ў руках.

З новых карцін ёсць карціна Альфонса Ромера "Маці божая ў промнях", якой не пасароміўся б кожны першакласны музей.

Ды і абразы ёсць дужа каштоўныя і старыя. На адным — Маці Божай — ёсць вотум 1507 года. Значыць, абраз павінен быў ужо мець славу, а гэта справа доўгая. Значыць, майстар зрабіў яго ў XIV стагоддзі.

Ёсць некалькі дужа добрых работ XVI–XVII стагоддзяў. Напрыклад, два абразы святога Антонія-францыскага. Тут усё дыхае даўнімі вякамі, нават асаблівасці перспектывы. Напрыклад, чым чалавек на абразе далей ад гледача, тым вышэйшага росту робіць яго жывапісец.

Другая рэч мае прысвячэнне ад 1620 года. А ў пачатку XVIII стагоддзя яе ўзялі ў срэбную сукенку, якая — сведчанне таго, што ў чаканшчыкаў і басменных майстроў беларускіх былі залатыя рукі і вытанчаны густ сапраўдных мастакоў.

Да чаго я не люблю варварства! I як яно, на жаль, яшчэ здараецца ў нас… Вось ускрываюць могілкі на Завальнай вуліцы. Труны XIV стагоддзя, доўбленыя з цэльнай калоды і абвітыя бяростай, так званыя корсты, чэрпалі каўшамі экскаватараў і вывозілі на звалку… Вось два п'яныя ўрываюцца ў касцёл і крычаць: "Крышыць усё!" I крышаць. Добра, што абласны цэнтр даў справядлівы і суровы загад: "Судзіць".

Ксёндз, на жаль, дараваў. I неразумна зрабіў. Я б не дараваў нізавошта. Не таму, што такі ўжо крыважэрны. А таму, што быў бы ўрок на будучае іншым. Таму што разьблёныя алтары XVI–XVIII стагоддзяў не толькі стварэнне рук нашых продкаў, а і проста дзіва рук чалавечых, якое належыць не толькі нам. I не на "ачаг цемрашальства" ўзнялі гэтыя два хуліганы свае кіі, а на годнасць народную, на яго мастацтва, на ягоную гісторыю і павагу да мудрасці продкаў.

Але што я? Народ выкажа свае адносіны да такога лаканічней. Заб'е адным словам.

…Студэнты трэслі краты капліцы на могілках, нібы арангутангі ў клетцы. Вартаўніца падышла, паглядзела на іх і сказала адно толькі слова:

— Няшчасныя.

I праўда, няшчасныя.

У такіх ні да чаго няма павагі. Нават да слова. Ім нічога не каштуе перайменаваць Скорбічы пад Брэстам у Дружбу, а Завальную вуліцу ў вуліцу Пабеданосікава.

Але вернемся да прамой нашай справы. Да мастацтва. Да таго вялікага, якога "няшчасным" не забіць. Вернемся ўнутр муроў.

Галоўны алтар пафранцысканскага касцёла ўстаноўлены, як і ўсё тут, аж да канструкцый даху, на магутных — зносу ім не будзе — шматсотгадовых бэльках з сасны і дубу.

Наконт якасцей дубу — распісваць і хваліць не трэба. Але вось як рыхтавалі продкі сасну дзеля такіх мэт, як апоры і перакрыцці. Каб стагоддзі стаяла і не гніла. Зімою выбранае дрэва, — спелае, але не пераспелы семяннік, — туга, з дапамогаю калаўрота, перацягвалі тросам ля самай зямлі і так пакідалі. Дрэва павінна было быць цалкам здаровым, без заганы і пашкоджанняў кары. Цэлы год росту яшчэ быў дадзены яму, і жывіца накоплівалася ў кожнай поры, у кожнай клетцы дрэўнай тканкі. Наступнай зімой дрэва ссякалі і сушылі пад павецямі, даступнае ветру, але недаступнае дажджу. Вычасаны з такога бервяна брус — "уванчос" — быў набрынялы мікраскапічнымі кроплямі смалы аж да цёмна-янтарнага колеру, звонкі, практычна непадуладны тлёну і надзіва цвёрды: цвік забіць цяжка. Урэшце, ніхто тых цвікоў амаль і не забіваў. У месцах злучэння бярвенняў свідравалася дзірка, а пасля ў яе забіваўся драўляны шып. Жалезная ржа, якая так раз'ядае дрэва вакол цвіка, не пагражала канструкцыі.

Ведалі майстры тых часоў і нейкі састаў супраць агню, сакрэт якога цяпер не вядомы. Таму і не дзіва, што пасля пажару драўлянай царквы або касцёла часам згарала толькі абшыўка, а сама будыніна, ад сцен і да шкілета крокваў, заставалася стаяць, толькі злёгку закураная, як фенікс, што выйшаў з агню. На гэта, ясна ж, паказвалі, як на божае дзіва.

Састаў быў, мабыць, дарагі, і пакрыць ім усё было немагчыма. Але дранка на дах нічога не каштавала, як і ўвогуле дрэва ў тыя часы. Дзеля новай абшыўкі трэба было ўсяго толькі некалькі дзён пацюкаць сякерай. I вось за тыдзень-другі будынак зноў бялеў свежымі сценамі і ўзносіўся ўзорным вільчыкам, нібы полымя і не жэрла яго.

Дык вось галоўны алтар і ўмацавалі такімі бэлькамі. Старасвецкай разьбы, двухпавярховы, укрыты скразным танчэйшай работы кіпенем кветак, пялёсткаў, завіткоў. Фігуры на ім часткова маляваныя, часткова залочаныя, але залочаныя, як і ўсё тут, высакародна, з густам і без усялякай крыклівасці.

На адным паверсе — узнясенне Маткі Боскай. Нават вельмі нядрэнная старая копія з Мурыльё: поўная глыбокага і светлага суму туманная сінь цераз густа-сіні плашч жанчыны пераходзіць у радасны, ружова-залацісты, вечны ўсход.

Някепская і ўкленчаная постаць св. Францішка (стыгматызацыя). Шырокія, тоўстыя хлапякі аблокаў. Анёл, што ўзлятае над званіцай. Нагрувашчанне цел і ўзнятых рук. Ва ўсім гэтым простая, крыху прымітыўная веліч і адначасова пышнасць. Хоць і з дрэва.

А фігуры алтара пад столлю з народнымі візарункамі! Дыспрапарцыянальныя, з выразам смешнай журбы або здзіўленай усмешлівасці. Ва ўсім адзін і той жа кранальны прынцып старых нашых майстроў: у статуях святых усё павінна быць "так, як у людзей, ды не так". Вось святая манерна падбірае падол з адной прыгожай ножкі, нібы збіраецца ісці па вадзе. Добра!

З правага боку ад галоўнага алтара першы алтар св. Францішка, таксама ўвесь разьблёны, маляваны, пазалочаны. У ім стары абраз. Сухое, копчанае аблічча нагадвае формамі стары факомскі партрэт. Стыгматызаваныя рукі надзіва ненатуральна маленькія. I добра, што срэбная шата прыкрывае ўсё цела. Бо на астатняй частцы ўжо цяжка што-небудь разабраць, і работа дужа патрабуе ачысткі, каб ізноў заззяць прамытымі, першароднымі фарбамі. I ўсё ж глядзіш на гэтае ягня, падобнае ці то на льва, ці то на сабаку, рахманае, з наіўна закінутай, пяшчотна маленькай галавой, глядзіш на праваленыя ля вачэй, здзіўленыя абліччы "прадстаячых". I рэч пачынае гучаць у душы, як напаўзабытая музыка.

Анёлы на алтары, дый паўсюль, не анёлы, а іранічная радасць. Пухлыя задкі, круглыя пузічкі. Усе яны тоўстыя і надзьмутыя, крыху асавелыя, нібы толькі што добра паабедалі. Мілыя тоўстыя мардахі (некаторыя нават кірпатыя) без усялякай адухоўленасці. Глядзяць на свет божы сіне-цьмяна-каламутна, як малыя шчанючкі, з адной толькі сытай радасцю, што вось до-обра жыць.

Іх, як я ўжо казаў, семдзесят пяць з гакам, і, нягледзячы на агульнасць выразу на абліччы, уже яны розныя. Каб мы былі ўважлівыя, дбайныя і нават скупаватыя гаспадары, каб сотнямі выпускалі альбомы па мастацтву для сябе і турыстаў — патрэбная была б асобная манаграфія-альбом "Анёлы Пінскай катэдры". Дужа каштоўная і патрэбная, дужа цікавая магла б быць рэч.

Поделиться с друзьями: