Званы ў прадоннях азёр
Шрифт:
— Мы калісьці над рэчкаю спявалі. За шэсць вёрст чутна было.
— У чайной не заспяваеш. Вось выедзем давайце на Канаву (гэта старык), будзем у лодках спяваць.
— От, каб даяркі запелі!
Мы так і зрабілі. Пайшлі спачатку ў садова-гародную брыгаду, у плямісты ад сонца, густа-цяністы сад, а пасля паехалі з даяркамі на пасавіска.
Спявалі дарогаю, трымаючыся ў кузаве адзін за аднаго. Спявалі і потым, ля закансерваванага завода, ля загонаў з ільдзістымі брыламі лізунца. Гарачае сонца драбілася ў іх.
Мы ледзь паспявалі ўпраўляцца. Арсень з магнітафонам, Міша з алоўкам, мы з апаратамі, а я яшчэ й з блакнотам.
Галіна Леўчанка спявала, святочна накінуўшы на галаву ліловую газавую хусцінку. А побач хісталася ў такт ёй белая ў кветкі хустка Насты Сысы. Усмешлівая, вастраносенькая, рот, як месячык, вочы смяюцца. I ўжо зусім прыемна было побач з імі бачыць злёгку надзьмутыя губкі ды шырокія чорныя бровы Дуні Скрабейкі. Усе галасістыя, загарэлыя, як негры. Спявалі "Хадзіла сіротка":
Як мы любіліса, То сухія сады цвілы, Як мы перасталі, То й зялёныя сів'ялы.Як слухалі ўсе! Пастух, што толькі прыгнаў каровы, пастух з суровым абліччам слухаў, успершыся грудзьмі на кій, прыкрыўшы вочы.
Міхась Клочка прыяднаўся, уплёў голас, душэўны і густы:
Плакала, рыдала, Лічко пабеліло, Наверно дзеўчына Веночок жалела. Веночок жалела, Усе тайныя рэчы, Касу распусціла На ўсе свае плечы.Наталля Сыса ўступіла за імі, старэйшая крыху за іх. Адразу гожым зрабілася добрае мілае аблічча, задрыжэлі завушніцы-паўмесяцы ў добрай формы вушах:
Ой, жалю мой, жалю, Вялікі пячалю.Яшчэ мужык не вытрымаў. Вастраносік-верабей. I хахалок з-пад кепкі. Іван Шут:
Ой ты, гара, гара, Гара высокая, Што й на тобі, гара, Чотыры сокала.Кожны голас — скарб! Няма кепскіх, каб яны здаровыя былі. Кожны не з горла цісне, а душой спявае. Як мяняецца чалавек, калі спявае! Колькі ў ім адразу вышняй прыгажосці!
Я памагаў карміць цялят, гладзенькіх, як барокавыя анёлкі, і з такімі самымі нявіннымі слівавымі вачыма. Адзін хацеў есці і таму смактаў вуха ў другога. У гэты момант крык пастухоў: карова раджае. Адразу ж грубаватыя мужчынскія галасы:
— На песню лезе.
— От, як спявалі! Ну, салавейкі!
I здаровы рогат.
Гэтыя салавейкі, аднак, цягалі на памост, на вышыню ў тры метры, бітоны літраў на сорак, каб зліваць малако ў малакавоз. Нікому не прыйшло ў галаву, што патрэбна і тут механізацыя.
Зноў слухалі магнітафон і раскокалі здаровы слоік з малаком, узлезшы на лавы і агароджу. Зноў выбух маладога беспрычыннага смеху.
— Шолопуты!
— Усцерабіліса і на лаўкы і на слоікі.
Хапае і на смех, і на песні.
Мылі вёдры ў рацэ і зноў спявалі. Тураваў ім з-за Гарыні каровін рык. Карова-парадзіха лізала цяля па вушах, вачах, мордзе і задаволена мычэла. А цялічка, усяго дзесяці хвілін жыцця, аранжавая, з белай мордай і чырвонымі акулярамі, усё мкнулася ўстаць насустрач гэтым аблокам, сіняму сонцу, мяккаму павеву з ракі.
— Ну, а ты чого ляжыш? Уставай.
Тая ўрэшце ўстала на хісткіх нагах, якія дрыжэлі ўсё менш і менш.
Арсень і я сядзелі на беразе і думалі і гаварылі пра адно. На кожным кроку, нават сярод гэтых, утрапёных, усё часцей і часцей сустрэнеш тое, што яны не любяць сваёй песні або робяць такі выгляд, бо саромеюцца. Дый з кім спяваць? Хлопцы ў арміі, хлопцы ў горадзе. Песня ні з кім не вяжа агульным узбуджэннем, як было. I ўсё менш застаецца ёй абшару сярод родных лясоў.
Радыё і тэлебачанне нясуць песні-аднадзёнкі, міжволі выклікаючы ў людзей захапленне модай і сорам за сваю, "другарадную" песню, якая ціха засынае ў нетрах або патанае на дне азёр.
Трэба хаця б збіраць, выдаваць. Але існуе абавязковасць маршрутаў, калі трэба аб'ехаць пэўную колькасць вёсак, нават калі ведаеш, што ў суседняй вёсцы дзесяткі спевакоў, нават калі тут, у той, дзе ты зараз, можна ад аднаго чалавека запісаць семдзесят, а то і сто.
— Дав-вай маршрут!
I вось з-за нашай безуважлівасці цудоўная наша песня саступае месца нейкай "Ладзе", што, як трызненне, гналася за намі ўсё падарожжа, нейкай "Ладзе", крыклівай і нахабнай, як хам у Луўры, навязлівай, як свіння, што кладзе ногі на стол, песні, якую заўтра забудуць, але якая зрабіла частку сваёй справы, саступіўшы месца такому ж сабачаму трызненню, але на хвіліну адштурхнуўшы сапраўднае, песні апафеозу дрэннага густу, песні, якая не песня, якую, можа, й помніць будуць толькі таму, што пара дубовых галоў (і ў тым ліку я) мелі глупства памянуць яе нядобрым словам.
А непадалёк адсюль, у Фядорах, той жа Арсень запісаў такі жніўны дыямент:
Ой, я жала, не ляжала, Тры снапочкі нажала. А хто зо мною снапка звяжа, Той зо мною спаткі ляжа. Снапка звяжа цеснесенько, Ляжа спаты шчыльнесенько. Снапок звяжа — дай падыме, Спаты ляжа — дай абдыме. Снапок звяжа — памацуе, Ляжа спаты — пацалуе.Ехалі назад. Зноў быў смех. I ўсякія песні і байкі. А вакол цягнуліся хмызы, сухая трава і маленькія астраўкі палескіх дзюнаў, рабрыстых, як мыцельная дошка. Вырваліся, выпаўзлі, чакалі часу, пакуль адамруць песні і лясы.
Арсень раптам глуха ўспомніў, як збіраў з бабуляй зёлкі і як тая сказала:
— Вучыса старой песні. Памром. Ты будзеш яе спяваць, а мне ў зямлі лягчэй будзе.
XIV. Ціхі вечар
Праводзілі Арсеня і Мішу. Спакой разам з вечарам спускаўся на вёску. Усё мацней пачынала тхнуць ад дрэўных шатаў прахалодай, але вулічны пыл быў яшчэ гарачы. На дахах і званіцах ляжала сумнае цёплае святло.
Сядзелі з дзвюма мілымі бабулямі на лавачцы ды гаварылі, вячэрнім чынам, пра тое пра сёе.
Дзядзька ідзе з віламі. Вілы завуцца "быкі". Ад сонца бляха купалоў зазалацілася, заззяла чырвоным золатам. Вечар ясны. Сонца сядае чыста. Заўтра будзе добры сонечны дзень. Камары таўкуць. Будуць яшчэ тысячы сонечных дзён. Будзе сонца.
— Пакажу вам тую вярэньку, дэ хлебець насілы.
Вярэнька дзівосная. З тугой крышкай, плеценая з бяросты так, што не хлеб, а ваду насіць можна.
— З ёю ў школе прадстаўлялі. А калысь яшчэ вялікія для хліба былі. "Шаня" для хліба.
— Бяроста — яна здаровая была, — уступае другая. — Ногы не гніюць. Калысь людзі спакайней жылі. Ані клопату, то й займалыся.
— Са скуры постолы, то ўжо для свята, для храму.
— Но. Уроніш з нагі то — "Ой-ой, храмоў чаравік упаў".
— А як у вас кацатых звецца? Ну, падвірка для падплёту? Спіца? — пытаю я.
— Спіца. А як падплятае — падплітанка. А раменьчыкі сырамятныя — волокы.
— Волокы? — перапытваю незнарок я.
— Волокы, што рыбу ловяць. А тое наставэнь, — паказвае яна.
Паўз нас ідуць хлапчукі з таптухай. У торбе дробныя шчупакі і залаты нябуйны карась.
Кожнае слова дыямент! Як ласкава і родна слухаць яго, ведаць, што ёсць твой корань на гэтай зямлі, што ты свой тут.