Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

З шматлікіх рыб, засяляючых Міжземнае мора, адных я назіраў адносна доўга, другіх бачыў мімаходзь, а трэціх — з-за хуткасці нашага бегу не бачыў зусім.

Няхай-жа будзе мне дазволена апісваць іх у адпаведнасці з гэтай фантастычнай класіфікацыяй — яна правільней перадасць мае мімалётныя ўражанні.

У ярка асветленых электрычнасцю водных таўшчынях віліся вузкія, у метр даўжынёй міногі, якія плодзяцца амаль ва ўсіх морах. Калючкаватыя скаты, дасягаючыя чатырох метраў у даўжыню пры двух-трох у шырыню, з шурпатай скурай, усеянай у маладых асобін тонкімі і ў старых — буйнымі вострымі калючкамі, з белым жыватом і карычневай са светлымі плямамі афарбоўкай спіны, — паласкаліся ў вадзе, нібы вялікія хусткі, знесеныя цячэннем. Іншыя разнавіднасці скатаў мільгалі перад нашымі вачыма і знікалі з такой шпаркасцю, што я не мог праверыць, ці заслужылі яны дадзеную ім старадаўнімі грэкамі назву марскіх арлоў, альбо да іх больш падыходзяць зняважлівыя клічкі пацукоў, жаб і кажаноў, якімі іх надзяляюць сучасныя маракі. Сельдзевыя акулы, якія належаць да сямейства дэльфінавых акул, асабліва небяспечных для рыбакоў, спаборнічалі з намі ў хуткасці. Мы бачылі таксама марскіх лісіц, — рыб, якія належаць да атрада акул, даўжынёй у чатыры і болей метраў і з’яўляюцца самымі хітрымі з марскіх жывёл; спіны і бакі іхнія цёмна-блакітныя, ніжняя частка цела — белавата-плямістая.

Далей нам трапляліся дарады з сямейства спаравых рыб; некаторыя з іх дасягалі ста трыццаці сантыметраў у даўжыню; дарады блішчэлі ў сваёй срабрыста-блакітнай вопратцы, якая рабілася яшчэ больш прыгожай ад жоўтай афарбоўкі іхніх плаўнікоў; гэтыя каштоўныя рыбы, уласцівыя ўсім прэсным і салёным вадаёмам — рэкам і азёрам, морам і акіянам, — жывуць ва ўсіх кліматах, пераносяць усялякія тэмпературы і, ведучы свой род ад першых жыхароў зямлі, сучаснікаў вялікіх геалагічных працэсаў, захавалі ўсю сваю першабытную прыгожасць.

Раскошныя бялугі, даўжынёй дзевяць-дзесяць метраў, заглядвалі ў акно салона і, не маючы сілы змагацца з намі ў хуткасці, адставалі, паказваючы блакітную спіну з маленькімі карычневымі плямамі: бялугі падобны да акул, але яны слабей за іх; большую частку жыцця яны знаходзяцца ў моры, а напрадвесні заплываюць у рэкі, змагаючыся з цячэннямі Волгі, Дуная, По, Рэйна, Луары і Одэра; яны жывяцца селядцамі, макрэллю і іншымі невялічкімі рыбамі. Калісьці злоўленую бялугу з урачыстасцю неслі да стала вялікага рымскага гастранома Лукула.

Але з усіх жыхароў Міжземных вод лепш за ўсё я пазнаёміўся з тунцамі, спіна якіх афарбавана ў чорна-сіні колер, грудны панцыр — у блакітны, а бакі і бруха — шэраватыя з срабрыста-белымі плямамі. Аб тунцах расказваюць, што яны ідуць побач з караблямі, хаваюцца ў іхняй цені ад гарачых праменняў трапічнага сонца, і яны не абверглі гэтага сцвярджэння, суправаджаючы «Наўтылус», як некалі праваджалі караблі Лаперуза. На працягу доўгіх гадзін яны ні на сантыметр не адставалі ад «Наўтылуса».

Я залюбаваўся гэтымі рыбамі, нібы спецыяльна створанымі прыродай для ўдзелу ў хуткасных спаборніцтвах, — з маленькай вузкай галавою, з верацёнападобным целам у тры і нават чатыры метры даўжыні, з моцнымі груднымі і раздвоенымі хваставымі плаўнікамі. Яны плылі, пастроіўшыся правільным трохкутнікам, як зграі некаторых пералётных птушак. Гэты строй дазваляў старадаўнім народам сцвярджаць, што тунцы ведаюць геаметрыю і элементы стратэгіі.

Аднак «вучонасць» не выратоўвае тунцоў ад праследвання правансальскіх рыбакоў, паважаючых іх так-жа высока, як і жыхары старадаўніх Прапанціды і Іспаніі, і гэтыя цудоўныя рыбы слепа і шалёна сотнямі тысяч гінуць кожны год у марсельскіх нератах.

Пералічваю толькі для памяці тых з Міжземнаморскіх рыб, якіх ні Канселю, ні мне не ўдалося бачыць. Гэта электрычны і сапраўдны вугры, мільгаўшыя каля нас, як здань; траска, печань якой дае каштоўны лекавы прадукт; трыглы, якіх паэты называюць рыбай-лірай, а маракі — рыбай-свістуном, галава якой мае трохкутныя палоскі, нагадваючыя інструмент старадаўняга пяўца Гамера; трыглы-ластаўкі, плаваючыя з хуткасцю птушак, назву якіх яны носяць; хімеры з гладкай скурай, афарбаванай у пераліўчатыя залаціста-жоўтыя, бурыя і белыя колеры; раскошныя палтусы, гэтыя марскія фазаны, з жоўтымі плаўнікамі, усеянымі чорнымі кропкамі, верхні бок якіх — левы — афарбаваны бура-жоўтымі і мармуровымі плямамі; нарэшце залацістыя султанкі, сапраўдныя марскія райскія птушкі, за якіх рымляне плацілі па дзесяць тысяч сестэрцый, каб за сталом мілавацца зменамі афарбоўкі іхняга цела, — ад рубінава-чырвонага колеру жыцця да бледна-белага колеру смерці.

Калі мне не ўдалося назіраць ні спінарогаў, ні марскіх канькоў, ні рыбы-месяца, ні кузаўкоў, ні селядцоў, ні бычкоў, ні марскіх яршоў, ні губанаў, ні мечаносаў, ні ферынак, ні іглы-рыбы, ні анчоусаў, ні сотні іншых відаў рыб, уласцівых Міжземнаму мору, дык вінаваціць трэба ў гэтым не мяне, а тую незвычайную хуткасць, з якой «Наўтылус» імчаўся сярод гэтых густазаселеных вод.

Што тычыцца марскіх сысуноў, дык мне здалося, што ў той час, калі мы праходзілі каля Адрыятычнага мора, я заўважыў двух кашалотаў, затым некалькі дэльфінаў і, нарэшце, з паўтузіна цюленяў, празваных манахамі і сапраўды падобных на манахаў-дамініканцаў, толькі ростам у тры метры.

Са свайго боку Канселю ўдалося ўбачыць гіганцкую чарапаху — шырынёй у шэсць футаў, — на паверхні шчыта якой ён заўважыў сем уздоўжных узвышшаў, альбо робер. Я вельмі шкадаваў, што не бачыў сам гэтай чарапахі, бо, мяркуючы па апісанню, гэта павінна была быць скурыстая чарапаха — досыць рэдкая, выміраючая цяпер разнавіднасць.

З зоафітаў мне на працягу некалькіх секунд удалося назіраць прыгожы экзэмпляр галеалярыі, якая прыклеілася да шкла акна салона. Гэта было разгаліненае ажурнае валаконца, танюсенькія галінкі якога перапляталіся ў надзвычай тонкім малюнку, з якім не магла-б спрачацца па тонкасці ніводная мярэжніца Фландрыі. На жаль, я не мог злавіць гэты дзіўны экзэмпляр.

Магчыма, што я так і не ўбачыў-бы ў Міжземным моры больш ніводнага зоафіта, каб увечары гэтага дня, 16 лютага, «Наўтылус» раптам не прыпыніў свайго ходу. Вось якім чынам гэта здарылася.

Мы праходзілі між Сіцыліяй і Тунісам. У гэтым вузкім месцы марскае дно раптам падымаецца. Тут праходзіць верхавіна падводнага хрыбта, пласт вады над якой дасягае амаль семнаццаць метраў, тады як з абодвух бакоў ад гэтага месца глыбіня складае, прыкладна сто семдзесят метраў. «Наўтылусу» прышлося рухацца з асцярогай, каб не напароцца на гэты падводны бар’ер.

Я паказаў Канселю па карце гэтую граду падводных скал.

— З дазволу гаспадара скажу, што гэты хрыбет здаецца мне перашыйкам, злучаючым Еўропу з Афрыкай, — зазначыў ён.

— Ты слушна гаворыш, сябар мой, — сказаў я, — ён перагарадзіў усю Сіцылійскую пратоку. Даследванні Сміта паказалі, што некалі між мысам Адар і Марсалай гэтыя сухазем’і злучаліся палоскай цвёрдай зямлі.

— Калі, — пачаў Кансель, — у які-небудзь дзень вулканічны штуршок зноў падыме з вады гэтыя перашыйкі…

— Гэта наўрад, Кансель, — спыніў я яго.

— З дазволу гаспадара я скончу сваю думку: калі гэта ўсё-ткі здарыцца, дык мне шкада будзе беднага Лесепса, уклаўшага столькі працы, каб перакапаць Суэцкі перашыек!

— Вядома, Кансель; але ты можаш не хвалявацца, — гэтага не здарыцца! Сіла падземнага агню паступова змяншаецца. Вулканы, такія шматлікія ў першыя часы існавання зямлі, цяпер адзін за адным згасаюць; падземная гарачыня слабне; тэмпература падглебавых пластоў зямлі з века ў век зніжаецца, на няшчасце для нашай планеты, для якой гэтая гарачыня — крыніца жыцця…

— Аднак сонца…

— Аднаго сонца недастаткова, Кансель. Ці можа яно вярнуць цеплыню трупу?

— Паколькі мне вядома — не.

— Дык вось, мой дружа, у адзін нешчаслівы дзень зямля зробіцца ахладзеўшым трупам. Яна будзе бязлюднай, такой самай бязлюднай, як месяц, які даўно ўжо страціў сваю жыццёвую цеплыню.

— Праз колькі вякоў гэта здарыцца? — запытаў Кансель.

— Праз некалькі соцень тысяч гадоў, — адказаў я.

— У такім разе мы яшчэ паспеем скончыць сваё падводнае падарожжа, калі толькі Нэд Лэнд не ўмудрыцца да тэрміну спыніць яго.

Поделиться с друзьями: