Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

Раздзел дзесяты

Падводныя капальні

На другі дзень, 20-га лютага, я прачнуўся вельмі позна. Начная экскурсія так стаміла мяне, што я праспаў да адзінаццаці гадзін.

Я хутка апрануўся і выйшаў у салон: мне дужа хацелася даведацца аб кірунку «Наўтылуса». Прылады паведамілі мне, што ён па-ранейшаму ідзе на поўдзень з хуткасцю дваццаці міль у гадзіну і на глыбіні ў сто метраў.

Кансель зайшоў у салон. Я расказаў яму аб нашай начной экскурсіі. У гэты час рассунуліся акяніцы, і ён мог убачыць частку затануўшага сухазем’я.

«Наўтылус» ішоў усяго на якім-небудзь дзесятку метраў ад «глебы» Атлантыды. Ён імчаўся наперад, як паветраны шар над зямной раўнінай; але вярней было-б параўнаць нашыя адчуванні з уражаннямі пасажыраў кур’ерскага поезда, якія разглядаюць пралятаючыя міма пейзажы з акна вагона.

Перад нашымі вачыма мільгалі фантастычныя абрысы скал, лясоў, хмызнякоў, перайшоўшых з расліннага царства ў мінеральнае; награмаджэнне каменняў і адломкаў будынкаў, пакрытых каўрамі з асцыдый, анемонаў, даўгіх стаячых ніцей водарасцяў; нарэшце груды лавы, нямыя сведкі дзейнасці падземнага агню.

У той час, як гэтыя дзівосныя малюнкі мільгалі перад намі, вырваныя з цемры праменнямі пражэктароў «Наўтылуса», я расказваў Канселю аб атлантах і Атлантыдзе, існаванне якой было цяпер абсалютна бясспрэчным для мяне. Але ўвага Канселя была нечым адцягнута; ён слухаў мяне безуважліва. Неўзабаве я зразумеў, чым тлумачыцца яго абыякасць да гэтай вялікай загадкі гісторыі: каля нас праносіліся рыбы, а калі Кансель бачыў іх, ён пагружаўся ў нетры класіфікацыі і ўвесь астатні свет не існаваў для яго. Мне не заставалася нічога іншага, як спыніць апавяданне і разам з ім заняцца іхтыялагічнымі даследваннямі.

Але рыбы Атлантычнага акіяна мала чым адрозніваліся ад ужо бачаных намі ў іншых акіянах. Гэта былі велізарныя скаты, даўжынёй у пяць метраў і з такой мускульнай сілай, што яны могуць выскокваць з вады; розныя віды акул, у тым ліку адна зялёная з сінім адценнем, даўжынёй пятнаццаць футаў, з вострымі трохкантовымі зубамі. Дзякуючы сваёй афарбоўцы, падобнай на колер марской вады, яе амаль не відаць у хвалях. Тут былі яшчэ цёмна-карычневыя саргі з пароды спаравых рыб, асетры, падобныя бачаным намі ў Міжземным моры, ігла-рыба з доўгім, нібы трубка, лычам, афарбаваная ў светла-буры колер з цёмна-бурымі папярочнымі палосамі. Гэтыя рыбы выгіналіся ў вадзе, як сапраўдныя вужакі.

Сярод касцістых рыб Кансель адзначыў марскіх драконаў, яшчэ маючых назву марскіх скарпіёнаў, якія лічацца атрутнымі рыбамі. Сапраўды, калючкі на спіне і на галаве дракона маюць па дзве баразёнкі; па гэтых баразёнках, калі калючкі ўстромяцца ў цела ворага, у рану ўліваецца атрутная слізь. Драконы афарбаваныя ў шэравата-чырвоны колер, які пераходзіць на спіне ў карычневы, а на жываце — у белаваты. Усё цела дракона пакрыта чарнявымі няяснымі плямамі. Далей Кансель бачыў залатых макрэлей, афарбаваных у раскошны залацісты колер з сінім металёвым адценнем, прыгожых скумбрый; лунных рыб, або лампрыд, падобных на дыскі і надзіва прыгожа афарбаваных: верхні бок — сіні, краі фіялкавыя, бруха ружовае, а плаўнікі каралава-чырвонага колеру.

Але назіранне за гэтымі разнастайнымі ўзорамі марской фауны не перашкаджала мне ў той-жа час цешыцца раўнінамі Атлантыды. Часамі капрызныя зломы марскога дна прымушалі «Наўтылус» змяншаць хуткасць. Тады ён лавіраваў са спрытнасцю сапраўднай рыбы ў падводных завулках. Калі лабірынт узгоркаў рабіўся непраходным, карабель падымаўся ў верхнія пласты вады, як аэрастат, і, пераскокнуўшы праз перашкоды, зноў працягваў свой хуткі бег на некалькіх метрах над дном. Гэтае плаванне было прыемным падарожжам, падобным да падарожжа на паветраным шары, з тою толькі розніцай, што наш «шар» быў паслухмяны кожнаму руху рукі стырнавога.

Каля чатырох гадзін па поўдні характар дна, пакрытага тванню, перамешанай з закамянелым галлём, стаў патроху змяняцца. Цяпер дно было пераважна камяністае, засыпанае кангламератамі, вулканічным туфам, нацёкамі застылай лавы і серкаватымі абсідыянамі. Я падумаў, што мабыць раўніна канчаецца і тут пачынаецца гарыстая мясцовасць. І сапраўды, неўзабаве я ўбачыў, што гарызонт на поўдні перагароджаны высокім горным бар’ерам, як відаць, зусім непраходным, бо верхавіны яго гор павінны былі выступаць з вады над узроўнем акіяна. Гэта быў бераг сухазем’я, або бераг якога-небудзь вострава — магчыма, аднаго з астравоў Зялёнага мыса або Канарскіх.

Таму што за апошнія дні астранамічныя назіранні не адзначаліся на карце, — магчыма, што наўмысна, — я не ўяўляў сабе, дзе мы знаходзімся. Так ці іначай, але гэтая гранітная сцяна па-мойму азначала сабою канец сухазем’я атлантаў, толькі маленькую частку якога мы бачылі.

Я не спыняў сваіх назіранняў і ноччу. Кансель пайшоў спаць у сваю каюту, і я застаўся адзін у салоне. «Наўтылус» сцішыў свой бег і плыў над цмянымі масівамі, то ледзь не закранаючы іх, нібы збіраючыся спыніцца, то ўсплываючы на паверхню акіяна. У такія хвіліны я бачыў скрозь тонкі пласт вады некалькі яркіх сузор’яў і ў прыватнасці тыя пяць ці шэсць зорак, якія блішчаць у хвасце Арыёна.

Я-б правёў яшчэ доўгія гадзіны ля акна, цешачыся хараством мора і неба, каб акяніцы раптам не зачыніліся. У гэтую хвіліну «Наўтылус» акурат падыходзіў да стромкай сцяны. Як ён абміне гэтую перашкоду, я не мог сабе ўявіць. Прыйшлося вярнуцца ў сваю каюту. «Наўтылус» не рухаўся. Я заснуў з цвёрдым рашэннем устаць раней.

Але наступнай раніцай я прачнуўся толькі каля васьмі гадзін. Я зараз-жа пайшоў у салон. Манометр паказваў, што «Наўтылус» плыве на паверхні акіяна. Ды аб гэтым я мог здагадацца і па шуму крокаў на палубе. Але-ж ніякага гойдання, якое бывае пры плаванні на паверхні акіяна, не адчувалася.

Я прайшоў да люка. Ён быў адчынены. Але замест яркага дзённага святла, якое я чакаў убачыць, мяне абкружыла глыбокая цемрадзь. Дзе мы былі? Няўжо я праспаў цэлыя суткі і цяпер была ноч? Але не, ніводная зорка не блішчэла на небе, ды і наогул ноч ніколі яе бывае гэткай цёмнай. Я не ведаў, што і падумаць, як раптам з цемры мяне клікнуў голас:

— Гэта вы, спадар прафесар?

— А, капітан Нэма! Дзе мы знаходзімся?

— Пад зямлёю, спадар прафесар.

— Пад зямлёю? — ускрыкнуў я. — І «Наўтылус» плавае?

— Ён заўсёды плавае.

— Але… я нічога не разумею…

— Пацярпіце некалькі хвілін. Пражэктар зараз засвеціцца, і вы ўсё зразумееце.

Я сеў на вышку пражэктара і цярпліва стаў чакаць. Цемра была настолькі густой, што я не бачыў нават капітана Нэма. Але, падняўшы вочы ўверх, я ўбачыў акурат над сваёю галавою нейкае невыразнае мільганне, нейкае паўсвятло, якое пранікала праз круглую адтуліну. У гэтую хвіліну запаліўся пражэктар, і яго асляпляючае святло знішчыла гэтае няяснае мільганне.

Поделиться с друзьями: