80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Я па-ранейшаму маўчаў. Канадзец устаў і падышоў бліжэй да мяне.
— Сёння ў дзевяць гадзін! — сказаў ён. — Я папярэдзіў Канселя. У гэтую гадзіну капітан Нэма, мусіць, зачыніцца ў сваім пакоі, а можа ўжо ляжа спаць. Ні механік, ні матросы, не могуць убачыць нас. Кансель і я схаваемся пад лесвіцай, што вядзе на палубу. Вы, спадар прафесар, будзеце чакаць майго сігнала ў бібліятэцы. Вёслы, мачты, парус знаходзяцца ў шлюпцы. Мне ўдалося нават аднесці ў яе крыху харчоў. Я дастаў таксама англійскі ключ, каб адкруціць гайкі, якія трымаюць шлюпку на палубе «Наўтылуса». Такім чынам усё падрыхтавана. Бывайце, да вечара!
— Мора дужа бурнае, — сказаў я.
— Згодзен з вамі, — адказаў канадзец, — але прыйдзецца не звяртаць на гэта ўвагі. Воля каштуе невялікай небяспекі. Шлюпка «Наўтылуса» моцная, а прайсці некалькі міль пры спадарожным ветры нават у такое падвор’е — гэта проста глупства. Хто ведае, можа заўтра мы будзем ужо за сотню міль ад берага? Калі ўмовы складуцца спрыяльна для нас, дык між дзесяццю і адзінаццаццю гадзінамі вечара мы ўжо выберамся на сушу ў якім-небудзь пункце іспанскага ўзбярэжжа. Калі-ж не, то ў гэты час мы будзем мёртвымі. Значыцца, да вечара!
З гэтымі словамі канадзец выйшаў з каюты, пакінуўшы мяне ў поўнай трывозе. Я чамусьці думаў, што калі прыйдзе час для ўцёкаў, можна будзе ўсё дэталёва абмеркаваць і паспрачацца з Нэдам Лэндам. Але ўпарты канадзец не дазволіў мне нават і слова сказаць. Ды і што я яму мог адказаць? Нэд Лэнд тройчы меў рацыю. Гэта быў больш-менш зручны выпадак, і ён рашыў скарыстаць яго.
Ці меў я права адмовіцца ад свайго слова і ставіць з-за асабістых інтарэсаў на карту лёс сваіх таварышаў? Хіба заўтра капітан Нэма не мог зноў зацягнуць нас у водную пустыню, далёкую ад усякай зямлі?
У гэты час пачуўся моцны свіст. Я зразумеў, што Наўтылус напаўняе свае рэзервуары вадой і апускаецца ў глыб акіяна.
Я застаўся ў сваёй каюце, каб не сустракацца з капітанам Нэма, які мог заўважыць на маім твары апанаваўшае мяне хваляванне.
Які нудны дзень правёў я, хістаючыся паміж жаданнем зноў вярнуць сабе волю і шкадаваннем пакінуць цудоўны карабель, не скончыўшы сваіх падводных назіранняў!
Пакінуць так неспадзявана гэты акіян, «маю Атлантыку», як я казаў сабе, не вырваўшы ў яго таямніц, якія раскрыў перада мной Ціхі і Індыйскі акіяны. Прачытаць толькі адзін том гэтай чароўнейшай у свеце кнігі і добраахвотна адмовіцца ад чытання іншых тамоў!
Якія сумныя гадзіны правёў я ў сваёй каюце, то ўяўляючы сябе вольным, як паветра, на сушы, абкружаным таварышамі, альбо марачы аб тым, што якая-небудзь непрадбачаная акалічнасць пашкодзіць выкананню планаў Нэда Лэнда!
Два разы я выходзіў у салон. Я хацеў паглядзець на компас і высветліць, куды накіроўваецца «Наўтылус» — да сушы ці ад яе.
Але не! «Наўтылус» увесь час ішоў недалёка ад Партугаліі. Яго курс ляжаў прама на поўнач уздоўж яе берагоў.
Нічога не заставалася рабіць, трэба было рыхтавацца да ўцякання.
Мой багаж быў невялікі — ён складаўся толькі з запісак.
Я пытаў сябе, як паглядзіць на нашы ўцёкі капітан Нэма, якую трывогу, якую шкоду мы зробім яму, і як ён паступіць у выпадку ўдачы ці няўдачы гэтага ўцякання.
Безумоўна, я не меў падстаў скардзіцца на яго. Наадварот! Цяжка было сабе ўявіць гасціннасць больш поўную і больш ветлівую. Але, з другога боку, у яго не магло быць падстаў папракаць мяне за няўдзячнасць. Я не даваў яму ніякіх абяцанняў не спрабаваць уцякаць. Мы не былі палоннікамі, адпушчанымі на волю на чэснае слова; калі нас не трымалі пад замком па караблі, дык гэта тлумачылася толькі верай у тое, што з «Наўтылуса» нельга ўцячы. І, акрамя таго, неаднаразовыя заявы капітана, што мы ніколі ў жыцці не зможам пакінуць яго судна, апраўдвалі кожную нашу спробу.
Я не бачыў капітана з часу нашага прабывання каля берагоў вострава Сантарына. Няўжо выпадак сутыкне нас напярэдадні майго ўцякання? Я адначасова і жадаў і баяўся гэтага.
Я прыслухаўся, ці не крочыць ён па сваёй каюце, побач з маёй. Але ні малейшы шум не даходзіў з-за перагарожы. Мусіць, у каюце нікога не было.
Я стаў сябе пытаць, ці сапраўды гэты загадкавы чалавек знаходзіцца на борце «Наўтылуса»? З той памятнай ночы, калі шлюпка пакінула «Наўтылус», выконваючы нейкія таемныя даручэнні, я крышку змяніў свой погляд на капітана Нэма. Я пераканаўся, што, не гледзячы на ўсе яго сцвярджэнні, ён усё-ж захаваў нейкія сувязі з сушай. Ці сапраўды ён ніколі не пакідаў «Наўтылуса»? Было-ж, што я па цэлых тыднях не сустракаў яго. Што рабіў ён у гэты час? Раней я лічыў, што ў яго бываюць перыядычныя прыступы мізантропіі [42] цяпер-жа мне прыйшло ў галаву, што ў гэты час ён выконваў на сушы нейкую місію, аб характары якой я не мог мець нават ніякай здагадкі.
42
Мізантропія — нялюднасць, чалавеканенавісніцтва.
Гэтыя думкі і тысячы іншых апанавалі мяне, не даючы спакою. У тым дзіўным становішчы, у якім мы знаходзіліся, можна было будаваць безліч самых беспадстаўных здагадак. Я адчуваў нясцерпныя пакуты. Гэтае чаканне здавалася мне бясконцым. Гадзіннік адбіваў час з неймавернай маруднасцю.
Абед мне падалі, як заўсёды, у каюту. Заклапочаны будучымі падзеямі, я дрэнна еў. Я ўстаў з-за стала а сёмай гадзіне. Сто дваццаць хвілін — а я лічыў кожную секунду! — аддзялялі мяне ад таго часу, калі я павінен буду далучыцца да Нэда Лэнда. Маё хваляванне ўсё ўзрастала. Пульс у мяне стукаў надзвычай часта. Я не мог уседзець ні на адным месцы. Я хадзіў па пакою ўзад і ўперад, спадзяючыся хадой заспакоіць усхваляваныя нервы. Думка аб тым, што мы можам загінуць пры гэтай смелай спробе, менш за ўсё непакоіла мяне; але затое боязнь, што наш план будзе адкрыты раней, як мы пакінем «Наўтылус», што нам прыйдзецца з’явіцца перад ашалелым альбо, яшчэ горш, пакрыўджаным гэтай здрадай капітанам Нэма, прыгняталі мяне і прымушалі сэрца моцна калаціцца.
Мне захацелася ў апошні раз агледзець салон. Вузкім калідорам я прайшоў гэты выдатны музей, дзе правёў столькі прыемных і карысных гадзін. Я разглядаў сабраныя ў ім каштоўнасці, як чалавек, прысуджаны да вечнага выгнання і ведаючы, што хутка ён павінен будзе назаўсёды разлучыцца з гэтымі дзіўнымі творамі мастацтва — з гэтымі цудамі прыроды, сярод якіх праходзілі апошнія месяцы майго жыцця. Мне захацелася напаследак яшчэ раз зірнуць праз акно салона на воды Атлантычнага акіяна. Але акяніцы былі шчыльна зачынены, і жалезная абшыўка корпуса хавала ад мяне яго таямніцы.
Ходзячы па салону, я наблізіўся да дзвярэй, вядучых у пакой капітана Нэма. На маё найвялікшае здзіўленне, дзверы гэтыя былі амаль адчыненыя. Я шпарка падаўся назад; калі капітан Нэма быў у сваім пакоі, ён мог убачыць мяне. Аднак, не чуючы ані гука, я зноў падышоў. У пакоі нікога не было. Я расчыніў дзверы і зайшоў у сярэдзіну. У пакоі нішто не змянілася. Абсталяванне было такое-ж суровае.
Маю ўвагу прыцягнула некалькі афортаў, развешаных па сценах. У мінулае маё наведванне гэтага пакою я не заўважыў іх. Гэта былі партрэты барацьбіта за свабоду Польшчы Касцюшко, Бацарыса — Леаніда [43] сучаснай Грэцыі, о’Конэля — змагара за незалежную Ірландыю, Георга Вашынгтона — заснавальніка Паўночнаамерыканскага саюза, Лінкальна, загінуўшага ад кулі фанатыка-рабаўласніка, і нарэшце ахвяры барацьбы за вызваленне неграў ад нявольніцтва — Джона Броўна, усцягнутага на шыбеніцу, — жудасны і дзіўны малюнак алоўкам, зроблены рукою Віктара Гюго.
43
Леанід — спартанскі цар, на чале невялікага грэцкага атрада абараняў Фермапільскі праход ад вялікай арміі персаў і загінуў разам са ўсім сваім атрадам.
Чаму капітан Нэма павесіў гэтыя партрэты ў сваёй спальнай? Якая сувязь існавала паміж гэтымі героямі і ім? Можа гэты збор партрэтаў дапаможа мне рашыць загадку яго жыцця? Ці быў ён правадыром прыгнечанага народу, вызваленцам нявольнікаў? Ці прымаў ён удзел у якіх-небудзь палітычных ці сацыяльных рухах апошняга часу? Можа ён быў удзельнікам крывавай і навекі памятнай грамадзянскай вайны між паўночнымі і паўднёвымі штатамі?
Раптам гадзіннік прабіў восем удараў. Першы ж удар малаточка па звану абудзіў мяне ад мар. Я ўздрыгануўся, як быццам нябачнае вока пранікла ў таямніцы маіх думак, і паспешна выбег з пакою.