80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
У салоне я першым чынам паглядзеў на компас. Стрэлка яго паказвала, што мы нязменна накіроўваемся на поўнач. Лаг паказваў сярэднюю хуткасць, манометр — глыбіню шэсцьдзесят, прыкладна, метраў. Умовы, такім чынам, складаліся як нельга лепей для ажыццяўлення плана Нэда Лэнда.
Я вярнуўся ў сваю каюту і цёпла апрануўся: нацягнуў высокія марскія боты, цёплую шапку, цёплую куртку, падбітую нэрпавай скураю. Цяпер я быў гатовы. Заставалася чакаць.
Глыбокую цішу, панаваўшую на «Наўтылусе», парушаў толькі шум вінта. Прыслухоўваючыся, я стаяў каля дзвярэй, баючыся пачуць раптоўны шум чалавечых галасоў, якія сведчылі-б, што Нэда Лэнда заспелі ў момант выканання яго «злачыннага» плана. Шалёная трывога ахапіла мяне… Дарэмна я імкнуўся вярнуць сабе спакой.
У дзевяць гадзін без некалькіх хвілін я прытуліў вуха да сценкі, што аддзяляла маю каюту ад капітанскай, і прыслухаўся. Ні гуку не чулася адтуль. Я выйшаў з каюты і зайшоў у салон. Ён быў крыху асветлены, але нікога там не было.
Я адчыніў дзверы ў бібліятэку. Там было таксама цёмна і пуста. Я пайшоў да дзвярэй, якія вядуць на лесвіцу, каб там дачакацца сігнала Нэда Лэнда.
У гэтую хвіліну шум вінта значна паменшыўся, а потым і зусім сціх. Чаму раптам «Наўтылус» спыніўся? Ці садзейнічала гэтая астаноўка ажыццяўленню плана Нэда Лэнда, альбо шкодзіла яму? Гэтага я не ведаў. Цяпер цішыня парушалася толькі напружаным туканнем майго сэрца.
Раптам адчуўся лёгкі штуршок. Я зразумеў, што «Наўтылус» апусціўся на дно акіяна. Я яшчэ больш усхваляваўся. Канадзец не падаваў сігнала. Мне хацелася пайсці да Нэда Лэнда і ўгаварыць яго адкласці ўцёкі. Я адчуваў, што ў гэты вечар наша плаванне праходзіць не ў звычайных умовах.
У гэты момант на парозе бібліятэкі з’явіўся капітан Нэма. Заўважыўшы мяне, ён, не вітаючыся, але вельмі ветлівым тонам сказаў.
— А, спадар прафесар, я вас шукаў. Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?
Каб ён запытаў мяне, ці ведаю я гісторыю сваёй радзімы, і то я ў цяперашнім сваім стане не мог-бы нічога адказаць яму.
— Вы чулі маё пытанне? — запытаў капітан Нэма. — Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?
— Вельмі дрэнна, — нарэшце знайшоў я ў сабе здольнасць адказаць.
— Ото-ж гэтыя мне вучоныя! — сказаў капітан. — Акрамя сваёй спецыяльнасці, нічога яны не ведаюць! Сядайце, — дадаў ён, — я раскажу вам адзін цікавы эпізод з гэтай гісторыі.
Капітан ёмка ўсеўся на канапу, я таксама сеў, выбраўшы куток пацямнейшы.
— Спадар прафесар, — пачаў ён, — слухайце-ж мяне ўважліва. Маё апавяданне зацікавіць вас, таму што яно крышку растлумачыць адно пытанне, якое вы безумоўна ставілі сабе і не маглі адказаць:
— Я слухаю вас, капітан, — адказаў я, устрывожаны гэтай прадмовай.
Я не ведаў да чаго вядзе сваю прамову капітан, і пытаў сябе, ці мае сувязь яго гісторыя з нашай няўдалай спробай уцячы.
— Калі дазволіце, спадар прафесар, — казаў капітан, — мы пачнём з 1702 года. Можа вы памятаеце, што ў тую эпоху французскі кароль Людовік шаснаццаты, думаўшы сабе, што даволі яму паварушыць пальцам, каб Пірэнеі праваліліся скрозь зямлю, пасадзіў на іспанскі прастол свайго ўнука, герцага Анжуйскага. Гэтаму ў дастатковай ступені бясталентнаму прынцу, панаваўшаму пад імем Філіпа пятага, прыйшлося сутыкнуцца з моцнымі вонкавымі ворагамі.
Сапраўды, годам раней, у 1701 годзе галандскі, аўстрыйскі і англійскі каралі заключылі ў Гаазе саюз, які ставіў сабе задачай сарваць іспанскую карону з галавы Філіпа пятага і ўзлажыць яе на галаву нейкага эрцгерцага, якога яны заўчасна называлі ўжо Карлам трэцім.
Іспанія павінна была змагацца супраць гэтай кааліцыі, але ў яе амаль не было ні салдат, ні матросаў. Аднак у грошах у яе недахвату не было, пры ўмове, вядома, што гружаныя амерыканскім золатам і срэбрам галіёны змогуць бесперашкодна ўвайсці ў яе парты. Акурат у канцы 1702 года Іспанія чакала багаты транспарт з Амерыкі, які канваіравала французская эскадра ў складзе дваццаці трох суднаў пад камандай адмірала Шато-Рэно. Гэты канвой быў неабходны, бо аб’яднаны флот ворагаў Іспаніі знаходзіўся ў Атлантычным акіяне.
Транспарт накіроўваўся ў Кадыкс, але адмірал даведаўся, што ў кадыкскіх водах крэйсіруе англійская эскадра, і вырашыў увайсці ў які-небудзь французскі порт.
Аднак іспанскія капітаны запратэставалі супраць гэтага рашэння. Яны патрабавалі даставіць іх толькі ў іспанскі порт і, паколькі ў Кадыкс нельга было прабрацца, прапанавалі ісці ў бухту Віго, якая не была блакавана ангельцамі.
Адмірал Шато-Рэно меў слабасць згадзіцца з гэтым патрабаваннем і галіёны ўвайшлі ў бухту Віго.
На жаль, гэтая бухта шырока адкрыта з боку мора і заступіць доступ у яе было немагчыма. Таму трэба было спяшацца з выгрузкай галіёнаў, пакуль не прыйшоў флот варожай кааліцыі; часу на гэта было зусім дастаткова, і ўсё абышлося-б добра, каб раптам не ўзнікла бязглуздая справа аб парушэнні прывілей…
— Вы ўважліва сочыце за маім апавяданнем? — раптам абарваў сябе капітан Нэма.
— Вельмі ўважліва, — сказаў я, ніяк не разумеючы, з якой мэтай ён чытае мне гэтую лекцыю па гісторыі.
— У такім разе я працягваю. Вось што здарылася. У кадыкскіх гандляроў была прывілея, згодна якой усе грузы, прыбываўшыя з Вест-Індыі, як тады называлі Амерыку, павінны былі разгружацца ў Кадыкса. Такім чынам, разгрузка галіёнаў з золатам у бухце Віго з’яўлялася парушэннем іхняй прывілеі. Яны паскардзіліся ў Мадрыд і дабіліся ад слабага воляй Філіпа пятага абяцання, што транспарт, не прыступаючы да разгрузкі, будзе секвестраваны [44] ў бухце Віго да таго часу, пакуль флот кааліцыі не зніме блакады з Кадыкса. Але пакуль гэтае рашэнне выносілася ў Мадрыдзе, дваццаць другога кастрычніка 1702 года англійскія судны ўвайшлі ў бухту Віго. Адмірал Шато-Рэно, не гледзячы на бясспрэчную перавагу сіл супраціўніка, мужна змагаўся. Але, убачыўшы, што залаты транспарт немінуча павінен трапіць у рукі ворагаў, ён падпаліў і патапіў галіёны, якія пайшлі на дно разам са сваім скарбам.
44
Секвестр — забарона, накладзеная на якую-небудзь маёмасць уладай.
Капітан Нэма змоўк. Прызнацца, я ўсё яшчэ не разумеў, чым мяне павінна была зацікавіць гэтая гісторыя.
— А далей? — запытаў я.
— Далей? Далей тое, што мы цяпер знаходзімся на дне гэтай самай бухты Віго, і толькі ад нас зале-жыць пранікнуць у яе таямніцы.
Капітан падняўся і запрасіў мяне ісці за ім. Я паспеў ужо авалодаць сабою і спакойна пайшоў за ім.
У салоне было цёмна; скрозь адчыненыя акяніцы віднелася іскрыстая марская вада. Я падышоў да акна.
Пражэктар ярка асвятляў ваду на паўмілі па радыусу. Святло яго было настолькі моцным, што можна было разгледзець кожную пясчынку.
Матросы з каманды «Наўтылуса», апранутыя ў скафандры, варушылі на дне паўзгнілыя бочкі, паламаныя скрынкі, выцягваючы іх з кучы іншых адломкаў. З гэтых скрынак і бочак бруілася золата, срэбра, каштоўныя каменні. Увесь пясок быў засыпаны імі. Узваліўшы на спіну скрыню альбо бочку, матросы ішлі да карабля, складалі свой каштоўны груз і вярталіся за новым запасам у гэтую невычарпальную скарбніцу.