Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

— Ад імя каго вы ўступаеце ва ўладанне гэтым сухазем’ем, капітан?

— Ад свайго ўласнага, спадар прафесар.

І з гэтымі словамі ён разгарнуў вялікі чорны сцяг з вышыванай на ім літарай «N» і, павярнуўшыся тварам да сонца, апошнія праменні якога яшчэ асвятлялі кругавід, усклікнуў:

— Бывай, сонца! Знікні, ззяючае свяціла! Апусціся ў гэта вольнае мора і пакрый на шэсць месяцаў начной цемраю маё новае ўладанне!

Раздзел пятнаццаты

Няшчасны выпадак, ці нязначнае здарэнне

На другі дзень, 22 сакавіка, а шостай гадзіне ўранні на «Наўтылусе» пачалі рыхтавацца да зваротнага пахода. Апошні водбліск змроку быў паглынуты начной цемрай. Холад быў даволі значны. Сузор’і надзвычай ярка блішчэлі на небе. У зеніце асляпляльна ззяў паўднёвы Крыж, адна з зорак якога адыгрывае ў паўднёвым паўшар’і ролю Палярнай зоркі.

Слупок у тэрмометры апусціўся да 12° ніжэй нуля. Свежы вецер калоў твар. Адкрытае мора каля берагу пакрывалася тонкімі ільдзінкамі, і можна было чакаць, што з гадзіны на гадзіну ўсё мора замерзне. Было відавочна, што на працягу шасцімесячнай ночы паўднёвы прыпалярны басейн зробіцца зусім недаступным. Што рабілі ў гэты час кіты? Хутчэй за ўсё яны адплывалі пад ільдамі ў незамярзаючыя моры на поўначы. Цюлені-ж і маржы, якія прызвычаены да вялікіх маразоў, заставаліся ў гэтых абледзянелых землях. Гэтыя жывёлы могуць рабіць палонкі ў ледзяных палях і не даюць ім пакрывацца лёдам. Праз гэтыя палонкі яны дыхаюць. Калі птушкі, выгнаныя халадамі, пералятаюць на поўнач, у больш цёплыя краі, маржы і цюлені застаюцца непадзельнымі гаспадарамі палярнага сухазем’я.

Тым часам «Наўтылус» напоўніў рэзервуары вадой і павольна пачаў апускацца ў ваду. На глыбіні ў тысячу футаў ён спыніў апусканне, вінт яго пачаў круціцца і карабель паплыў на поўнач з хуткасцю пятнаццаць міль у гадзіну. У вечары мы знаходзіліся ўжо пад нізка навіслым вялізнай таўшчыні пластом суцэльных ільдоў.

Вокны салона былі шчыльна зачынены акяніцамі, бо «Наўтылус» мог нечакана напароцца на якую-небудзь плывучую ільдзіну. Таму я прысвяціў гэты дзень прывядзенню ў парадак сваіх запісаў. Я ўвесь аддаўся ўспамінам аб полюсе.

Мы дасягнулі гэтага непрыступнейшага зямнога шара без стомленасці, з поўным камфортам, быццам наш плывучы вагон прайшоў туды па рэйках чыгункі.

Цяпер мы з тымі-жа выгодамі едзем назад. Ці чакалі нас на гэтай дарозе новыя цуды? Я быў амаль упэўнены ў гэтым, бо скарбніца мора невычарпальная!

На працягу пяці з паловай месяцаў, што мінулі з таго часу, як выпадак закінуў нас на борт падводнага судна, мы прайшлі чатырнаццаць тысяч лье, або пяцьдзесят шэсць тысяч кіламетраў, і колькі цудоўных, нечаканых і жудасных прыгод выпала на нашу долю на гэтым шляху, перавышаючым амаль у паўтара разы даўжыню зямнога экватара!

Усю ноч мяне непакоілі здані перажытага на борце «Наўтылуса», ні на секунду не даючы сплюшчыць вочы. Я ўспамінаў паляванне ў падводных лясах ля вострава Крэспо, вымушаную стаянку ў Торэсавай пратоцы, каралавы магільнік на дне акіяна, цэйлонскія перлавыя мяліны, Аравійскі тунэль, залатыя россыпы бухты Віго, Атлантыду, паўднёвы полюс…

А трэцяй гадзіне раніцы мае мары спыніў моцны штуршок. Я сеў на ложку і пачаў напружана прыслухоўвацца, як раптам рэзкі крэн «Наўтылуса» выкінуў мяне з ложка на падлогу, на сярэдзіну каюты.

Трымаючыся за сценкі, я дабраўся да салона. Уся мэбля ў ім зрушылася з месца і валялася на падлозе. На шчасце каштоўнейшыя вітрыны былі добра замацаваны і калекцыі не пацярпелі. Прывешаныя да штырбортавай сценкі карціны былі быццам прыклееныя да сцен, тады як на супрацьлеглым баку ніжні край іх на цэлы фут адставаў ад сцяны. «Наўтылус» нахіліўся на шырборт і ляжаў зусім нерухома.

У калідорах пачуліся крокі, гул галасоў. Але капітан Нэма не паказваўся. У тую хвіліну, калі я збіраўся ўжо выйсці з салона, у яго ўвайшлі Нэд Лэнд і Кансель.

— Што здарылася? — зараз-жа запытаўся я іх.

— Я прыйшоў запытацца аб гэтым у гаспадара, — адказаў Кансель.

— Тысячу чарцей! — крыкнуў канадзец. — Я ведаю, што здарылася! «Наўтылус» сеў на мель, і калі судзіць па яго крэну, грунтоўней, як у мінулы раз, у Торэсавай пратоцы. На гэты раз яму не так проста будзе зняцца!

— Вы не ведаеце, ці паспелі мы выбрацца на паверхню мора? — запытаўся Кансель.

— Не ведаю, — адказаў канадзец.

— У гэтым лёгка пераканацца, — сказаў я.

Я падышоў да манометра. На маё найвялікшае здзіўленне, стрэлка паказвала глыбіню трыста шэсцьдзясят метраў.

— Што гэта значыць? — ускрыкнуў я.

— Трэба спытаць капітана Нэма, — сказаў Кансель.

— Але дзе-ж яго знайсці? — адказаў Нэд Лэнд.

— Ідзіце за мной, — сказаў я сваім таварышам.

Мы вышлі з салона. У бібліятэцы не было нікога. На лесвіцы, што вядзе да люка, — таксама нікога. Я рашыў, што капітан Нэма знаходзіцца ў штурвальнай рубцы. Турбаваць яго там было неяк няёмка, таму мы ўсе звярнуліся ў салон.

Не буду пераказваць скарг і ляманту Нэда Лэнда. На гэты раз ён меў падставу злавацца. Я не перашкаджаў яму выказваць свой дрэнны настрой, але і не адказваў яму.

Гэтак мы прасядзелі хвілін дваццаць, прыслухоўваючыся да малейшага шуму ў калідорах «Наўтылуса», як раптам у салон увайшоў капітан Нэма.

Здавалася, ён не заўважыў нас. Яго звычайна спакойны твар на гэты раз выяўляў значнае хваляванне. Ён моўчкі падышоў да компаса, да манометра, нарэшце спыніўся перад картай і паставіў палец на нейкую кропку ў Паўднёвым палярным моры.

Я не хацеў перашкаджаць яго разважанням. Але, калі ён праз некалькі хвілін павярнуўся да мяне, я запытаў яго:

— Здарылася якая-небудзь нязначная падзея, капітан?

— Не, спадар прафесар, — адказаў ён, — на гэты раз няшчасны выпадак.

— Сур’ёзны?

— Магчыма.

— Небяспека пагражае нам безадкладна?

— Не.

— «Наўтылус» сеў на мель?

— Так.

— Як гэта здарылася?

— Нейкі незразумелы жарт прыроды, у якім не вінаваты мае людзі. Яны не зрабілі ніякай памылкі ў час кіравання «Наўтылусам»… Але мы не можам перашкодзіць закону раўнавагі выяўляць сваю дзейнасць… Можна грэбаваць законамі, якія ўстанавіў чалавек, але не прырода!

Капітан Нэма выбраў не зусім удалы момант для філасофстваванняў. Ды і нічога ён не сказаў мне сваім адказам.

— Ці можаце вы сказаць мне, капітан, — запытаўся я, — што з’явілася прычынай гэтага здарэння?

— Перакулілася вялізная ледзяная гара… Калі айсбергі падточваюцца ўнізе цёплымі цячэннямі, цэнтр цяжару іх перамяшчаецца, і яны пераварочваюцца. На «Наўтылус», які плыў пад вадой, навалілася такая ледзяная гара. Ніжняя частка яе падхапіла «Наўтылус» з сабою, падняла яго і перакуліла на бок.

Поделиться с друзьями: