Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
…Чалавеку было тады толькі трынаццаць. У горадзе, прыгнечаным варожай акупацыяй, быў голад, i маці паслала яго ў вёску, да свае сястры. Кал i стралялі ўсіх, ён цудам уцалеў пад трупамі, толькі паранены. Потым гітлераўцы паехалі, а ён вылез з-пад забітых у цётчынай хаце і, акрываўлены, пайшоў — адзін на бязлюднай вуліцы.
Чалавеку сёння ўжо сорак чатыры. Сем год таму назад ён сведчыў на судзе супраць тых карнікаў, што не ўсе паўцякалі на Захад, доўга хаваліся на неабсяжных прасторах нашай краіны. Расказ чалавека запісаны ў пратаколе так:
«…Падлога ў доме была шчыльная, пафарбаваная, i калі я зайшоў у дом, то на падлозе было столькі крыві, што не было куды ступіць нагою. Забілі чалавек пятнаццаць-дваццаць у гэтым доме. У другі дом я не заходзіў, я толькі праз акно туды паглядзеў. Там, над трупамі на падлозе, яшчэ ўсё гайдалася калыска».
Я дадаю:
Калыска не пустая, хоць маўклівая. І калыхалася — як звон без языка.АКРАЕЦ І ЗБАНОК
Ноччу паехалі да сувязной.
Было крыху трывожна, бо ўчора нас там абстралялі. На гэты раз у вёску мы не ўязджалі, збочылі ўправа i спешыліся ў канцы поля, на пашы. Удвух з пяці, мы з Шурам пайшлі барознамі ў жыце, якое ўжо красавала.
Бліжэй да гумнаў, ходь так жа ціха было навокал, мы прыпыніліся i трошкі пашапталі. Далей трэба паўзці. Чаму паўзці? Я ўжо служыў у арміі, быў на фронце, i Шура, на шэсць гадоў маладзейшы, даверыўся мне, ці што… Дый не змаўляліся мы асабліва, а проста, відаць, па адчуванні ды прадчуванні, а то i ca страху нейкага не пайшлі, a папаўзлі да Валінага гумна. Дарогу загуменную перабеглі па адным, прыгнуўшыся, а тады, тулячыся да сцяны, пасля пад вішняком, зноў каля сцяны — дабраліся да хаты.
Шура спыніўся каля акна. Па маўкліваму праву на гэта, бо з Валяй у яго была не толькі сувязь партызанская. Я падышоў да брамкі i з-за шула яе, наставіўшы над нізкім плоцікам аўтамат, заціх у назіранні.
Шура падзюбаў чучкамі ў шыбу…
I іменна тады, нібы пачуўшы гэты асцярожны стук, у тым канцы вёскі, куды я глядзеў, чэркнула аўтамат ная чарга.
Мы шыбанулі назад.
За гумном, па полі, ужо не беглі, пайшлі барознамі, прыгнуўшыся на ўзровень жыта.
Стрэлаў больш не чуваць. Што за чорт?..
Задание было не вельмі пільнае, другі раз да Валі мы не пайшлі.
Едзем. Усход над лесам азорваецца хораша, пяшчотна. А на сэрцы яшчэ ўсё трывожна. Кожнаму па сабе.
А можа, гэта мне праз тое ўжо, што здарылася пазней, успамінаецца яна — тая звычайная зара?..
Мы гужам, моўчкі ехалі па дарозе, потым па выгане, пераплюхалі брод i апынуліся ў сваёй цвярдыні.
Адсюль, з гэтай надрэчнай, прылясной вёсачкі, у пушчу, да лагера нашай брыгады было кіламетраў з пятнаццаць. Тут мы стаялі, сем чалавек брыгаднай разведкі. Перад двума гарнізонамі. Да аднаго, калі па дарозе, шэсць кіламетраў, а да другога, што лявей, калі па лузе ды палямі, чатыры.
Нешырокая рэчка не была такім вадзяным рубяжом, а хата бабы Кастусіхі такім апорным пунктам, каб нам тут адчуваць сябе спакойна. Але мы адчувалі. Проста бяздумнасці больш, чым можна i трэба было. Наймаладзейшаму з нас, Шуру, было васемнаццаць, але ж камандзіру, Уладзіку Касачу, нядаўняму настаўніку, пад сорак. Ен быў добры i недурны, але найменш у нашай сямёрцы падобны на ваяку. За вочы мы называлі яго Паўлам Іванавічам, маючы на ўвазе душаньку Чычыкава з яго «ловкостью почти военного человека». Ён i ў пілотцы, i ў шынялі, i з аўтаматам, але ў сядле сядзіць, асабліва як ззаду паглядзіш, капа капою, нібы ў сярмязе едзе на начлег. Уладзік нам раз ці два разы гаварыў, спасылаючыся на камбрыга, што трэба было б i праўда ставіць каля хаты пост, устанавіць начное дзяжурства. Гаварыў — не загадваў, а мы былі такая вольніца, што так i не сабраліся паразумнець.
Баба Кастусіха жыла адна ў вялікай хаце на ўскраіне вёсачкі. У большым хляве мы парабілі канавязі, Красулю бабіну выселіўшы ў хлявок. У гумно прывозілі сена, саломы, нават аўса. А хату, пасля таго як з недалёкага фальварка ўцяклі ноччу ў бліжэйшы гарнізон апошнія ў нашай зоне паўпанкі, прыбралі трафеямі. Прывезлі з двара канапу, гітару i мандаліну, чатыры мяккія крэслы i люстра-трумо. Вясною ўкапалі перад хатай два слупы i нацягнулі трафейную валейбольную сетку. Разоў са два, у вольны час, паляпалі тым мячом, а тады ўжо яго пазычалі ў нас суседнія падшыванцы.
— Культурнікі, ё-маё, анархісты! Дачакаецеся, што вас калі-небудзь як міленькіх тут накрыюць. Дзе пост? Касач, загадваю ставіць пасты!
Так гаварыў нядаўна, заехаўшы да нас, новы кам брыг.
Але мы, пры такім камандзіры, як «Павел Іванавіч», лішне праймацца i не думалі.
Тады, на досвітку, вярнуўшыся з няўдалае разведкі, мы далучылі сваіх пяць коней да тых двух, што хадзілі па гюплаве за хатай, абцягнутым калючаю драцінай, a самі, толькі разуўшыся, палеглі ў хаце, дзе ўжо храплі Касач i Толя Грыб.
З таго свету на гэты мяне вярнула баба Кастусіха. Чамусьці іменна мяне яна катурхала i гаварыла:
— Хлопцы, зірніце ў акно!
Я ніяк не мог ушалопаць, чаго яна хоча.
— A хлопчыкі, a зірніце ж вы ў акно!..
Тут ужо я зірнуў i, убачыўшы тое, што ўбачыў, усхапіўся.
— Немцы!
Варожы ланцуг. Яшчэ далёка — за агародамі, за ракой, за выганам, каля жыта. Яны ішлі сюды. У шэрым, у чорным. Не страляючы.
Мы выбеглі да коней. Адразу пад кулі. Не ад таго ланцуга, а з могілак каля другое вёскі, збоку, з-за ракі. Біў станкач, адразаючы доступ да коней. Не разлічыўшы ў гарачцы, што ў лес нам бегчы лепш па суседнім двары, за будынкамі ды за плотам, мы кінулся напрасткі.
Шура бег задні. Я — перад ім. Ён дзіка закрычаў:
— Я ранены! Ран-не-ны!!
I я вярнуўся.
Ён бег, пакуль быў адзін, а абапёршыся на мае плячо, потым павіснуўшы на ім, пачаў слабець, асядаць. Я крыкнуў Касачу, які бег перад намі. Ён не пачуў, i я пусціў над ім чаргу. Тады ўжо ён азірнуўся, пад бег да нас, i з ім мы патралявалі Шуру далей. Ужо не пад кулямі — па загуменні, балотам, да лесу.
Шуру папала па нагах, пад каленьмі. Мы неслі яго на ягонай вінтоўцы, а ён вісеў рукамі на нашых плячах, то мацней, то слабей абдымаючы кожнага далонню за шыю. Подбегам, як адразу, мы ўжо ісці не маглі: паранены цяжкі, цяжэйшы сам за сябе. Ды ён i так быў здаровы хлапчына. А на балоце, хоць i не надта гразкім, — высокае куп'е.
Што гэта — проста напад ці пачатак новай блакады — мы, разумеепца, не ведалі. Toe ці іншае, але ж вось яно — пачалося. За намі, за нашай вёсачкай, у іншых вёсках, што за ракою, чуваць былі чэргі, вінтовачныя стрэлы, выбухі…
Мы накіраваліся да грэблі. I тут на ёй, з-за ўзлеску паказалася конніца на рысях. «Раманаўцы» ca сваёй «кацюшай»!
Чатырох нашых, што адступалі ўлегцы, былі ўжо з «раманаўцамі», з іхняй пяхотай.
Першым стрэлам саракапятка спалохала станкач на могілках. Потым людзі казалі, што той снарад упаў вельмі блізка ад кулямёта i бобікі як быццам нават закрычалі: «Раман!» Яго ўжо добра ведалі. Нібы сігнал трывогі, каманда адступаць. Раманаў кінуў сваю конніцу лявей, цераз раку, у абход. Правей, як нам неўзабаве стала вядома, націснулі нашы, i конны ўзвод, i «Трэці камсамольскі», які, на шчасце, быў блізка. Напад адбілі.