Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

I тады гаспадар, які, відаць, пра ўсё здагадваўся, параіў ёй пайсці ў райцэнтр, да папа, i ахрысціць дзяцей. Поп іхні, кажуць, добры чалавек.

Апроч папа, у гарадку былі яшчэ два немцы i некалькі мясцовых паліцаяў, аднак выбару не было. Яна ўзяла малых, адно ка руку, другое за руку, пайшла.

Ужо вясна была, свяціла сонца i спявалі жаўранкі. Загаласіць хацелася, калі ніхто не ішоў насустрач, а з кожным сустрэчным віталася, нібы i весела:

— Добры дзянёк!

А то i пагаворыць, прыпыніўшыся…

— Дитя мое, ты по вере или безопасности ради?

Так спытаўся той поп, сам-насам у ягоным доме.

I яна адказала яму прастадушна:

— Безопасности… батюшка…

— Умница, — сказаў ён, пажылы ўжо, трохі пасівелы чалавек, у чорнай расе, з вялікім крыжам на грудзях. Такі далёкі i смешны, нават агідны ў яе… зусім яшчэ йедалёкім па часе, а так жа далёкім па горы, па вопыце школьным ды камсамольскім мінулым.

Ён ахрысціў яе дзяўчатак, i гэта дапамагло ёй адкрыта хавацца далей, пакуль не забралі ў лес партызаны. Той, з акружэнцаў, з кім яна спачатку пазнаёмілася, каму дапамагала як сувязная, а потым паверыла ў шчырасць яго, палюбіла i стала жонкай.

Гадоў з дванадцаць пасля вайны, калі ўжо дзяўчат i сына пакідалі дома адных, наехала з мужам у той гарадок i ў тую вёску, дзе ратавалася.

У гарадку якраз быў фэст, прастольнае свята Спас, у царкве званілі, а па вуліцы ішоў i тут ужо нешматлюдны хрэсны ход. Іконы, пратэсы, сякі-такі жаночы спеў. А спераду, ва ўсім бліскучым аблачэнні i з крыжам у руцэ ішоў той самы поп. Ужо зусім пасівеў i ссутуліўся. Асцярожна ступае па выбітым бруку i песню святую нібы вядзе.

Яна стаяла з мужам на тратуары. Абое ўжо таксама пажылыя i святочныя. Яна глядзела i дзівілася, што гэта ж ён яшчэ — той самы, што «дитя мое»…

I ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая i не ў вялікім страху. Ён, парушаючы важнасць моманту i сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, i павітаўся:

— Здравствуйте!

— Добры дзянёк! — па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.

Таксама з усмешкай. Але ж i вымаючы з сумкі ху стачку…

1981

ЭЛЕГІЯ

За шырокай градою гасцінца, які я перайшоў, за нявыкашаным раўком, у першых, нахіленых над высокай травою, жытніх сцяблінах, ніжэй калосся сціпла шарэла фанерная таблічка на кійку. З карандашным надпісам, які i мне паведамляў, як называецца наш калгас, які нумар участка, колькі тут гектараў жыта i які яго гатунак.

Правей, не вельмі далека ад месца, дзе я на момант спыніўся, i дзе даволі шырокая, травяная дарога з вёскі на могілкі, а лявей i бліжэй ад мяне — яшчэ i сцежка ў жыце. Таксама адзнака сучаснасці: поле народнае, нічыё, хадзі, тапчыся, дзе каму ўздумаецца…

A ўсё ж i я пайшоў па сцежцы. З узвышша ў даліну.

Жыта сёлета добрае. I прыгінацца, нават росламу, не вельмі трэба, каб люба, удзячна пайсці вачыма па каласістай паверхні, якая яшчэ i шчацініцца трохі вусікамі ўгару, а больш дык хіліцца долу пад цяжарам шчодра налітых, пакуль што не цвёрдых, салодкіх зярнят. Абапал сцежкі, у не зусім спалавелым саламяным гушчары, сям-там праглядвае рамонак, большыя сонейкі якога наіўна пнуцца ўгару, некаторыя нават даволі высока, а дробязь цвіце, адцвітае ды пахне понізу. Васількі стракацяць дружней, месцамі нават густа, — блакітная пяшчота, што таксама цяг нецца дастаць, дацягнуцца да каласоў. Для паўнаты дзіцячай памяці няма чамусьці ярка-ліловых званочкаў куколю. Затое трапляецца бярозка з грамафоннымі трубкамі белых i злёгку ружовых кветак, кволае плеціва вікі з дробненькай бурачковасцю цвету, а гледзячы на сонечна-хлебнае бязмежжа зверху, зрэдку бачыш, як над калоссем выкусціўся непераможна расквітнелы асот. На сцежцы — натапч сцяблін з пустым! ці поўнымі каласамі; яна шамаціць пад нагамі, злёгку блытае ix ды рвецца, калі адной наступіш, а другой на хаду шмарганеш. Ды такое — зусім ужо як між іншым, бо ты глядзіш наперад, час ад часу ўлева ці ўправа, табе, даўно ўжо гараджаніну, здаецца, што так вось ішоў бы ды ішоў,— далёка, можа, i бясконца…

А сцежка канчаецца.

Нашы старыя могілкі, i ў даўнім, у прыкрым сваім запусценні цяпер, у зеляніне ды ў сонцы нібы нават прыгожыя, сумна прыгожыя. Магутны, разложысты цёмна-зялёны дуб. Таксама, як i ён, спрадвечная, але ж змарнелая капліца. У шэрых лушпаях не да канца датлелай шалёўкі з блекла-ліловым купалам, які здалёк, у кудзерцы вышэйшых i ніжэйшых дрэў, бачыцца весялей. Тры сасны, як самотны дазор, прысланы сюды з далёкага лесу. I дзікі нізавы гушчар.

Нікога за яго не папракаючы, i самога сябе таксама, прывычна знаходжу ў бэзавай ды шыпшынавай, зноў ацвіцелай дзікасді два найраднейшыя помнікі. Надпіс на левым зацёрся больш, на правым менш. Пастаяўшы i адышоўшыся, я чамусьці вымаю блакнот i ледзь не з дзіцячай, тады, даўным-даўно адпаведнай узросту, сёння i трохі няёмкай, i гаркавата-шчымлівай пяшчотай запісваю па дзве даты з абодвух помнікаў. Як быццам не ведаю гэтага i ніколі не ведаў… А тады ўжо іду далей сярод рэдкіх, пахіла-шэрых драўляных крыжоў, абымшэ л а каменн ых старчакоў з загладжанымі часам надпісамі, сярод помнікаў навейшых, ужо ад большага пасляваеннага дастатку, i зусім новых, нядаўна дастаўленых удзячнымі гарадскімі нашчадкамі, стандартна бетонных стэлаў з таннай пазалотай надпісаў ды ў вастрапікіх агароджах, найчасцей блакітненькіх. Зноў здзіўляюся, якімі ж нестарымі памерлі той ці тая, якія ў маёй маладосці, не толькі ў маленстве, здаваліся дзядамі ды бабулямі. Заўважаю імёны тых, пра чый адыход пачуў з роднай мясціны сёлета, летась ці пазалетась…

I раптам — зусім нечаканае сутыкненне.

Я аж сумеўся ціха, ледзь не спалохаўся, спыніўшыся каля яшчэ цішэйшага. Адразу — толькі заўважыў светла-шэрую пляму на рагу прасторнай i змрочнай агароджы, a ў наступны момант — пазнаў у гэтай пляме жывую істоту.

Нейкая бабуля стаяла на каленях i, нікога, нічога не бачачы, не чуючы, уся занятая сваёй справай, фарбавала адзін з жалезных прутоў. Пруты былі яшчэ новыя, чорныя, аднак старая з няспешным, сказаў бы — з эпічным спакоем давала ім поўнае абнаўленне. Раз-поразу няспешна абмачала квачык у бляшанку i памаленьку, старанна квэцала чорным тоўсты прут, ад цэментавай падмуровачкі да ўзроўню сваіх вачэй. За гэтым прутам, — я моўчкі глядзеў,— пайшоў такі самы другі. Злева, пачаўшы ад рога агароджы, некалькі ix ужо тлуста чарнелася. Далей бабуля, вядома, падсунецца на каленях направа, будзе мазаць усю гэтую сценку спачатку знізу. Потым цяжка паднімецца, пагоніць даверху… А ix жа так многа, гэтых прутоў, агароджа зроблена з запасам, не на адзін толькі помнік, з разлікам i на сябе. А да вёскі ж няблізка, з даліны ўгару, на нямоглых нагах, настаяўшыся на каленях…

Ды вось пайшоў ужо i трэці прут пры мне. Памаленьку, спакойна, няспешна.

Яна кленчыла да мяне бокам, хустка нізка насунута ад гарачыні, i я не пазнаваў бабулі, a ў твар не заглянеш. Можна i не палохаць, не ўмешвацца ў яе малітвенна-ўрачыстую, грунтоўную работу. Але як жа i адысціся, не ўведаўшы, хто гэта?

Ступіўшы трохі наперад, я — з-над вострых прутоў — заглянуў за каменна-шырокія плечы помнікастэлы, прачытаў, па кім ён, i тады, здагадаўшыся, аказаўся:

— Добры дзень, цётка Аксеня!

Яна зірнула на мяне, узняўшы твар на голас зверху, неспалохана прыгледзелася i сказала:

— А я не ведаю, хто вы.

Я назваўся — i хто я, i чый — па-даросламу.

— А, гэта ты… — яна назвала мяне так, як гаварылася ў маім маленстве. — Тады здрастуй! Да таты, да мамы прыйшоў?

I ў імені маім, неадпаведна дзіцячым, i ў пытанні, да каго я прыйшоў, было штосьці адтуль жа, адкуль i мой запіс дзвюх па двойных дат з двух помнікаў. I на душы пацяплела. Нейкім сваяцтвам з бабуляй, ці што.

Пагаварылі мы няшмат. I як толькі я развітаўся — яна адразу ўзняла з бляшанкі свой нетаропкі квач i пачала, нібы навобмацак, паводзіць ім па пруце то ўніз, то ўверх, то ўкругаля. Быццам пайшла, патэпала ў бясконцы свет па лабірынце чорных сцежачакпрутоў…

А я пастаяў, паглядзеў, для яе ўжо нібы непрысутны.

З далечыні амаль шасці дзесяцігоддзяў сюды, у летнюю спёку сённяшняга дня, на мяне дыхнула адліжнай зімой, грымнула маршам (скрыпка, гармонік, бубен), затэленькала званочкамі з-пад дугаў, ажыло i цвярозым, дзіцячым, i хмельным, дарослым гоманам вясковае вяселле.

Кожнае з ix было падзеяй, а гэтае — тым больш. Цупронава Аксеня, дзеўка з багатай хаты, выходзіла за Лебяду, амаль за батрака. «Па любові», як гаварылася i ў чым была незвычайнасць падзеі.

Тады бабуля была маладою красуняй. З варотаў іхняга двара выязджалі, пазвоньвалі першыя санківазок — з маладою. I маладая — высокая, чарнявая, у фаце — стаяла ў вазку сама, ні за што не трымаючыся, i не плакала, a ўсміхалася, нават рукой з узмахам павяла. Вясельны звычай такі: маладая едзе стоячы — пажаданне сяброўкам яе не заседжвацца дзеўкамі.

Поделиться с друзьями: